Вы здесь

«Гніенне — генералізаваны працэс, у якім, на жаль, усе добрыя»

Интервью

 

Юрый Зісер адказаў на вострыя пытанні чытачоў NN.BY. Вычарпальна і з досціпам, у тым ліку на непрыемныя тэмы.

— Спадар Юрый, што дрэннага асабіста вам ці народу Беларусі зрабіла Наталля Радзіна?

— Ужо пісаў пра гэта падрабязна.

— На вашую думку, на якім этапе развіцця знаходзіцца Беларусь? Беларусь як дзяржава дэградуе або развіваецца? Якая роля СМІ ў дэмакратычнай і таталітарнай краіне? Якой вы б хацелі бачыць Беларусь, таталітарнай або дэмакратычнай?

— Безумоўна, нашыя дзяржава і грамадства развіваюцца. У дзяржаве прымаюцца новыя законы і ўдакладняюцца старыя. Развіваецца і расце эканоміка, нягледзячы на апакаліптычныя прагнозы пятнаццаці апошніх гадоў. Расце доля прыватнага бізнэсу.

Ды і грамадства сёння не тое, што было нават год таму. Возьмем нават такую дробязь: калі я год таму ў сваім асабістым блогу выказаўся супраць атаясамлення паняццяў «Беларусь» і «Лукашэнка» і асабліва супраць эканамічных санкцыяў, накіраваных супраць прыватнага бізнэсу, мяне ўсе дружна «асуджа-ам». Госпадзе, хто толькі ні адзначыўся!

Сёння ж з вядомых людзей за санкцыі засталіся толькі некалькі радыкалаў, якія як правіла, жывуць за межамі Беларусі. Астатнія разабраліся. Хоць для гэтага спатрэбіўся цэлы год. Так што прагрэс ёсць нават на ўзроўні асобных праблем, якія стаяць перад грамадствам.

Далей. СМІ ва ўсіх краінах адыгрываюць вялікую ролю, прычым няважна, дэмакратычная краіна ці таталітарная. Зразумела, я за дэмакратычную Беларусь — што за дзіўнае пытанне!

— На вашую думку, у Беларусі дыктатура або дэмакратыя?

— У Беларусі ні дыктатуры, ні дэмакратыі. У нас аўтарытарызм.

— Прыхільнікам якіх ідэй Вы з’яўляецеся (правых/левых/сацыялізм/кансерватызм і г.д. і да т.п.)?

— У профілі facebook у мяне напісана «капіталіст». Я сапраўды веру, што Беларусь выратуе капіталізм.

— Якіх законаў, на вашую думку, не хапае нашай краіне ў галіне інфармацыі, а якія непатрэбныя і/ці шкодныя?

— Законаў у нас хапае. Многія законы ўтрымліваюць нормы, якія можна лічыць абсурднымі і шкоднымі. Аднак наша галоўная праблема не ў законах, а ў іх выкананні, у трактоўцы.

— Раскажыце пра вашу асабістую сустрэчу з Лукашэнкам. Ці гэта чуткі? Жыве Беларусь!

— Такога не было. Вакол любога публічнага чалавека пастаянна ходзяць такія недарэчныя чуткі, што я ўжо перастаў здзіўляцца. То я прадаў бізнэс і пераехаў у Маскву, то ў ЗША. То я ў дэпутаты пайшоў, то, як вось цяпер высветлілася, з прэзідэнтам сустракаўся. То кірую холдынгам дзяржСМІ, то агент КДБ, то агент Масада, то асабіста мадэрую форумы, то санкцыяную з’яўленне на партале негатыву на чыноўніка або кампанію. То закрываю цэлыя напрамкі бізнэсу і пераследую супрацоўнікаў з нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыяй.

Усё гэта я не выдумаў. Пералічаныя рэальныя чуткі, якія дайшлі да мяне рознымі шляхамі.

— Шмат розгаласу выклікала інфармацыя пра мінулае былога карэспандэнта Тут.бай Уладзіміра Чудзянцова. Вы яго абаранялі ад шматлікіх нападак і крытыкі.

Але днямі ў ягоным Фэйсбуку я прачытала, як ён негатыўна адгукаецца пра Тут.бай, пра вашыя стажыроўкі за мяжой, пра тое, што партал праз рэкламу замоўчвае памылку дактароў «Экамедсэрвіса». Пазней у інтэрнэце з’явілася яго перапіска з палітуцекачом, дзе Чудзянцоў называе чытачоў Тут.бай быдлам, хамячкамі і г.д.

Скажыце, калі ласка, ці шкадуеце вы пра тое, што звольнілі такога журналіста? Ці сталі б вы пасля такога абараняць яго цяпер?

— З Чудзянцовым было шкада расставацца з прычыны яго прафесійных якасцяў. Але ён сам выбраў свой шлях, парушыўшы сваё абяцанне ўжо праз дзве гадзіны пасля таго, як яго даў, выдатна ведаючы, што яно было апошнім.

А што я заступаўся за яго да гэтага — не шкадую: гэта было шчыра. Што ж, ні адна добрая справа не застаецца беспакаранай.

— Ці ёсць у вас аўтарытэты ў прафесійнай сферы? Што б вы змянілі на інфармацыйным полі Беларусі?

— Так, ёсць. У першую чаргу гэта цяперашні дырэктар TUT.BY Аляксандр Чакан, які сапраўдны прафесіянал ва ўсім, да чаго дакранаецца.

А нашае інфармацыйнае поле мае вялікую патрэбу ў рэкламных грашах. Галоўная праблема многіх нашых СМІ — і прыватных, і дзяржаўных — адсутнасць грошай на развіццё: на годную аплату працы журналістаў, іх навучанне, стварэнне ўмоваў працы, распрацоўку і прасоўванне годных сайтаў і г.д.

Толькі не трэба ўсё валіць на ідэалогію: няўжо ў нас квітнеюць спартовыя выданні ці гарадскія часопісы? Ды не, усе зводзяць канцы з канцамі. Галоўная праблема нашых медыяў — эканамічная.

— Вас бачылі на канферэнцыі разам з начальнікам ААЦ Лукашэнкі, як вы разам стаялі і ўсміхаліся, нешта абмяркоўвалі з тым, хто адсочвае інфармацыю за «неблаганадзейнымi апазіцыянерамі».

— Так, на гэтым фота мы адначасова з Рабаволавым вывучаем змесціва кантэйнераў з ежай падчас урачыстага фуршэту ў АБСЕ.

— Цi праўда тое, што вы даяце інфармацыю (паролi i г.д.) ААЦ паштовых скрыняў tut.by?

— Праўда. Згодна з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, якое рэгламентуе дзейнасць праваахоўных органаў і суда па зборы і праверцы доказаў, любая арганізацыя, уключаючы нас, інтэрнэт-правайдараў і г.д., абавязаная, пры выкананні гэтымі органамі працэдуры патрабавання інфармацыі, падаваць яе па канкрэтных асобах (і ніяк інакш).

Напэўна, вы ў навінах нядаўна чыталі статыстыку запытаў праваахоўных органаў розных краін, уключаючы Беларусь, што да змесціва перапіскі Skype, Google і інш. Дык вось нам такіх запытаў прыходзіць прыкладна столькі ж, колькі паказана ў гэтым артыкуле — і гэта на два з лішнім мільёны рэгістрацый.

Так што казаць пра татальнае сачэнне за грамадзянамі праз TUT.BY не даводзіцца. Трэба таксама разумець, што аналагічны закон дзейнічае ва ўсіх краінах свету, уключаючы ЗША і краіны ЕС, мы тут далёка не наперадзе планеты ўсёй.

— Аператыўна-аналітычны аддзел пры прэзідэнце РБ перадаў вам (hoster.by — УП «Надзейныя праграмы») паўнамоцтвы па адміністраванні даменнай зоны BY. Як так атрымалася? Ці праводзіўся дзяржконкурс/тэндар сярод удзельнікаў ІТД? Калі так, то дзе было апублікаванае запрашэнне і хто ўзяў удзел? Калі не, то на якой падставе?

— Адміністратарам даменнай зоны BY быў і ёсць ААЦ. Мы толькі тэхнічныя адміністратары, гэта значыць, займаемся тэхнічнай падтрымкай сайта www.cctld.by і дапаможных сэрвісаў да яго.

Абавязкі тэхнічнага адміністратара апісаныя ў раздзеле 8 дакумента. Тамсама знаходзіцца інструкцыя аб парадку правядзення конкурсу. Каб стаць тэхнічнымі адміністратарамі, у 2010 годзе мы ўдзельнічалі ў абвешчаным конкурсе, які выйгралі, прапанаваўшы самую нізкую аптовую цану на дамен. Астатнія ўдзельнікі конкурсу («Адкрыты кантакт», «Экстмедыя», «Актыўныя тэхналогіі») прапанавалі нашмат вышэйшыя цэны.

— Як вы думаеце, ці ёсць у Беларусі сярод 9,5 млн насельніцтва хоць бы адзін, хто змог бы быць новым прэзідэнтам замест старога?

— Думаю, ёсць, хаця і не ведаю, хто б гэта мог быць.

— Ці ёсць у РБ карупцыя?

— Ёсць. Проста яна не на побытавым узроўні, яе не так лёгка ўбачыць. У той жа час лічыць яе сур’ёзнай праблемай Беларусі можа толькі чалавек, які ніколі не бываў у Азіі.

— Адкуль пачынае гніць рыба — ад хваста ці ад галавы?

— Гніенне — генералізаваны працэс, у якім, на жаль, усе добрыя.

— Ці лічыце вы сябе беларусам? І ці правільна лічыць беларусам кожнага, хто жыве на тэрыторыі Беларусі і мае беларускае грамадзянства?

— Трэба адрозніваць паняцці этнасу і нацыі. З этнічнага пункту гледжання беларус — той, хто лічыць сябе беларусам. Гэта называецца самаідэнтыфікацыя. Усе астатнія прыкметы (грамадзянства, тэрыторыя, мова, гісторыя, культура, выгляд), як паказалі навуковыя даследаванні апошніх дзесяцігоддзяў, другасныя. А вось калі мы гаворым пра нацыі, то грамадзяне Беларусі — толькі ўладальнікі сіняскурых пашпарцін.

— На вашую думку, як ідуць справы з палітычнай сітуацыяй у нашай краіне? Чаму апазіцыя па-ранейшаму ніяк не можа дамагчыся хоць бы прыстойных вынікаў на выбарах?

— Нельга дамагчыся вынікаў у тым, чаго няма. Тыя, хто хоча і прывык дамагацца вынікаў, у Беларусі не ідуць у палітыку, а, напрыклад, займаюцца бізнэсам.

— Ці глядзелі вы фільм «Жыве Беларусь»? На маю думку, гэта правакацыя супраць беларускай дэмакратычнай грамады. Ён толькі павялічвае колькасць зла ў свеце і нічога не дае ўзамен. Не дае надзеі. Што вы думаеце пра гэта?

— Я ніколі не глядзеў савецкія прапагандысцкія агіткі і не збіраюся глядзець антысавецкія: гэта, як казаў Даўлатаў, адно і тое ж.

— Які фільм на вашую думку, варта было б зрабіць пра сучасную Беларусь?

— У мастацтве важна не «пра што», а «як». Бяздарная прадукцыя не знойдзе свайго спажыўца, якой бы актуальнай тэма ні была і колькі грошай у яе ні закапай. А калі з’явіцца таленавітая праца — яе заўважаць і паглядзяць (прачытаюць, праслухаюць) незалежна ад тэмы, крыніцы і памеру інвестыцый.

— Чаму ваш партал надае так мала ўвагі навінам культуры? І не толькі навінам, але праектам у гэтай сферы. Зразумела, што гэта патрабуе большых намаганняў, чым агучыць палітычную, эканамічную або крымінальную навіну. Але ў вас жа вялікія рэсурсы, а спецыялістаў у Беларусі хапае.

Вы ж актыўна займаецеся, напрыклад, анонсамі дабрачынных акцый. Прывіваць любоў да культуры — не менш высакародна. Але няма рэцэнзій, няма віртуальных тэматычных выставаў (часам ёсць фота), мала дыскусій і толькі ў медыяфармаце. Чаму так? І ці ёсць нейкія планы, задумкі ў гэтай галіне?

— Гэта не так. Хіба вы не бачылі перадач з Кацяй Пытлевай? Або «Кругі на вадзе»? «Артэфакт»? А праграму «Джаз-пік», якую ўжо шмат гадоў вядзе былы галоўны рэдактар ўсесаюзнага часопіса «Джаз» Яўген Даўгіх?

Як чалавек, які захапляецца джазам і нават чытаў лекцыі па джазе, магу сцвярджаць, што Яўген — самы буйны эксперт па джазе ў краіне, а яго праграмы сапраўды вельмі добрыя на любым узроўні. Аднак іх глядзіць менш за тысячу чалавек. А праграмы пра беларускую музыку глядзіць яшчэ менш! Мы ж бачым статыстыку і дакладна можам палічыць колькасць адкрыццяў анонсу, колькасць адкрыццяў відэаматэрыялу і працягласць прагляду.

Так што ў пэўным сэнсе навін культуры ў нас на парадак больш, чым патрабуецца наведнікам. На жаль, калі «сацыялку» у нас чытае па 100 тысяч і больш наведнікаў, то культуру — літаральна 500–1500 чалавек. Дарэчы, рэцэнзіі ў нас ёсць, толькі яны не на тытульнай старонцы, а ў раздзеле «Афіша».

Акрамя віртуальнай у нас прадстаўленая і рэальная культура ў выглядзе пастаянна дзейнай Галерэі TUT.BY, якая знаходзіцца ў нас у офісе і адкрытая для любога з вуліцы. Там кожны месяц змяняецца экспазіцыя. Развіваць і падтрымліваць культуру будзем і далей.

— Якое вашае асабістае стаўленне да мовы і ці плануеце (пры станоўчым адказе) папулярызаваць мову?

— Маё асабістае стаўленне? Выключна станоўчае. Адзінае: я ўпэўнены, што мову нельга навязваць.

А папулярызацыяй мовы наш партал займаецца пастаянна. Проста калі людзі дрэнна чытаюць навіны на беларускай мове, навошта прымушаць іх чытаць больш? Хіба яны пачнуць ад гэтага больш гаварыць па-беларуску ці больш любіць мову? Патрэбныя іншыя метады.

Да прыкладу, сёлета на дзень роднай мовы мы размясцілі на партале плэер, напэўна, з найлепшымі за апошнія 20 гадоў песнямі на беларускай мове. Нам людзі потым пісалі, што гэта іх зарадзіла на ўвесь дзень. Я і сам слухаў амаль цэлы дзень.

— Ці падтрымліваеце вы размяшчэнне расійскай авіябазы ў Беларусі?

— Я не ведаю, чым кіравалася нашая дзяржава, таму не магу кампетэнтна меркаваць пра гэта. Тэарэтычна, адрываючыся ад рэалій, гэта крок убок ад палітыкі нейтралітэту і балансавання невялікай дзяржавы паміж больш буйнымі ўтварэннямі. Але даводзіцца ўлічваць, што Беларусь ніколі ў сваёй гісторыі не была незалежнай у ваенным плане дзяржавай, таму ўсё заканамерна.

— Якое вашае стаўленне да бел-чырвона-белага сцяга і герба «Пагоня»?

— Станоўчае. Толькі як чалавек, які мае дачыненне да маркетынгу і брэндынгу, я лічу, што ў будучыні Беларусь мае патрэбу ў новым сцягу і ў новым гербе, якія адрозніваюцца ад герба суседняй дзяржавы. Ну дзе вы бачылі дзве дзяржавы з аднолькавымі гербамі? Ці хтосьці ўсур’ёз думае, што можна адгаварыць Літву ад выкарыстання «Пагоні»?

А мая аргументацыя па сцягу тая ж, па якой новы сцяг увялі ў Грузіі. Вось вы з дзяцінства сцяг якой замежнай дзяржавы запомнілі першым? Правільна, японскі, як і ўсе цікаўныя падлеткі, таму што ён ні да якага іншага не падобны.

А цяпер паглядзіце на наш гістарычны сцяг, а потым зірніце на польскі і латвійскі. Ну які замежнік адрозніць гэтыя тры сцягі і запомніць, які ёсць які! Гэта значыць, наш гістарычны сцяг слаба выконвае сваю галоўную функцыю — ідэнтыфікацыйную, бо нераспазнавальна падобны да сцягоў суседзяў. Наш дзяржаўны сцяг, дарэчы, запамінаецца значна лепш дзякуючы ўнікальнаму нацыянальнаму ўзору каля тронка (а не спалучэнню чырвонага з зялёным, якога ў свеце гаць гаці пачынаючы з Партугаліі).

Гэта вялікая будучая праца, толькі не для гісторыкаў, а для маркетолагаў і дызайнераў. Я падыходжу да пытання не з хваравіта-гістарычнага пункту гледжання, а з функцыянальнага і разумею, што мой падыход выклікае крытыку.

— За якую сімволіку вы галасавалі на так званым «рэферэндуме» ў 1995 годзе?

— За гістарычную.

— За каго вы галасавалі ў 1994 годзе?

— У першым туры за Шушкевіча, у другім не ўдзельнічаў.

— Як вы думаеце, ці павінныя ўсе хлопцы служыць у войску? Ці павіннае ў Беларусі быць прафесійнае войска? Якое войска было б лепшае для рэжыму Лукашэнкі?

— Я за прафесійнае войска. Сёння нікому не патрэбнае гарматнае мяса. Персанал павінен быць кваліфікаваным, валодаць сучаснай зброяй і тактыкай, а для гэтага трэба мець мазгі, нельга прыцягваць усіх запар.

— Ці ахвяравалі Вы калі-небудзь грошы для Таварыства беларускай мовы?

— Не.

— Вашае стаўленне да таго, што ў Беларусі ёсць палітвязні.

— Адмоўнае.

— Ці маеце вы пазашлюбных дзяцей?

— Не маю не толькі пазашлюбных дзяцей, але нават пазашлюбных сувязяў.

— Колькі каштуе сумленне ў вашым выпадку?

— Не ведаю, збоку лепш відаць. Калі я зраблю нешта несумленнае і прыбытак ад гэтага можна будзе ацаніць у грашовых знаках, тады і палічым.

— Вы як шматгранная таленавітая асоба маеце магчымасць жыць і весці бізнэс у любой краіне свету. Але вы застаяцеся на Беларусі (што вельмі прыемна). Чаму?

— Тут галоўная справа майго жыцця — партал TUT.BY, з дапамогай якога я магу зрабіць свет крыху лепшым.

— Партал TUT.BY апублікаваў навіну аб тым, што ў Пружанах на месцы пліты «Невядомы салдат» пахавалі жонку «заслужанага гараджаніна», да гэтага пад гэтымі ж Пружанамі былі знесеныя казармы з цэглы Брэсцкай крэпасці. Дзякуй вашаму парталу, што падымаеце тэмы, журботныя для ветэранаў. Як вы лічыце, другая сусветная будзе таксама забытая пасля смерці апошняга ветэрана, як былі забытыя першая сусветная, расійска-французская вайна 1812 і іншыя?

— Баюся, што так. Чалавек не можа жыць толькі вайной. Людзі хочуць працаваць, кахаць, забаўляцца і г.д.

Урэшце, сёння мы сутыкаемся з адчужэннем і нават з такой пачварнай з’явай, як публічнае асуджэнне тых, хто павіншаваў адно аднаго з Днём перамогі! Лепш бы прамаўчалі. Ад таго, што нехта выкарыстоўвае Дзень перамогі над нацызмам для прапаганды, гэты дзень не можа страціць сваёй значнасці для чалавецтва.

Кароткая памяць — гэта дрэнна, таму што як толькі вырастае пакаленне, якое не ведала вайны, яно спараджае кіраўнікоў, якія вырашаюць, што вайна — просты спосаб вырашэння палітычных і эканамічных праблем, і пачынаецца новая вайна.

— Ці чулі вы што-небудзь пра жмудзінаў і аўкштотаў, іначай летувісаў, якія падшыліся пад літвінаў у 19 стагоддзі? І больш за тое, паспяхова ўцялілі сваю нацыяналістычную лухту ў сусветную гістарыяграфію. Што рабіць беларусам у такой сітуацыі? Пагадзіцца з тым, што літвіны — гэта ўжо не мы? Ці змагацца, каб сусветная супольнасць прызнала, што мы, беларусы, адначасова з’яўляемся спадкаберцамі гісторыі ВКЛ, іначай гістарычнымі літвінамі? Як бы вы сфармулявалі паняцце «гістарычны літвін», напрыклад, калі б пісалі кнігу па гісторыі Беларусі, па якой будуць вучыцца вашыя ўнукі?

— Пашкадуйце, я ўсё інтэрнэтчык, а не гісторык.

Вы ведаеце што абядноўвае Hugo Boss, Volkswagen, Bayer, Siemens, Coca-Cola, Ford? Усе гэтыя кампаніі супрацоўнічалі з нацыстамі. Ці ўхваляеце вы такія саюзы бізнэсу з фашыстамі, дыктатарамі, нацыстамі?

— Спіс лёгка пашырыць. Напрыклад, у Францыі за супрацоўніцтва з нацыстамі Renault адабралі ва ўладальнікаў, і кампанія стала дзяржаўнай.

Мне цяжка меркаваць, таму што я не ведаю, што ў кожным выпадку разумелася пад «саюзам з нацыстамі». Адна справа, калі кампанію прымушалі пастаўляць прадукцыю (або дзейнічалі «добраахвотна-прымусова»), іншая — калі гаспадары самі набіваліся, актыўна прапагандавалі і наўпрост фінансавалі нацызм. Пытанне і ў тым, што пастаўлялі калабарацыяністы — зброю ці духі і газіроўку.

Але я бачу ў выніку, што нацыстаў гэтае супрацоўніцтва не выратавала, а прадукцыя згаданых кампаній дагэтуль карыстаецца папулярнасцю. Працаваць у акупаванай краіне заўсёды цяжка, многія крокі вымушаныя, а ва ўмовах нацызму гэта было нават не пытанне бізнэсу, а пытанне фізічнага выжывання ўладальнікаў і мэнэджараў гэтых кампаній.

Актуальнае і пытанне «А суддзі хто?» Таму што ў многіх выпадках абвінавачанні ў калабарацыянізме ішлі ад канкурэнтаў, а на рашэнні ўладаў у любым выпадку ўплываў момант помсты.

Цяпер раздаюцца ўсё гучнейшыя галасы аб тым, што нават Нюрнбергскі працэс быў хутчэй актам адплаты, чым рэальным судовым разглядам, і многія немцы там атрымалі смяротны прысуд незалежна ад іх рэальнага ўкладу ў нацызм і вайну. Лес сякуць — трэскі ляцяць.

— У 2010 годзе Макей перадаў вам прапанову ад Лукашэнкі прызначыць вас чальцом Савета Рэспублікі. Чаму вы адмовіліся?

— О, пра мяне зноў расказваюць анекдоты! Мне ніхто ніколі не прапаноўваў заняць якую-небудзь дзяржаўную пасаду.

— Чаму ў байнэце так слаба развіты рэкламны рынак? Манетызацыя by-трафіку адбываецца ў асноўным праз адсэнс або дырэкт, а гэта некашэрна. Напрыклад, таварныя цізеркі нават для наяўнага становішча рынку цалкам маглі б сысці за рашэнне. Пытанне: ці не збіраецеся вы папрацаваць над дадзенай нішай?

— Рэкламны рынак слаба развіты ад таго, што ў краіне няма канкурэнцыі. Хлебазаводу нумар пяць рэклама не патрэбная. У краіне 70–75% дзяржаўнай эканомікі. 70% прадукцыі ідзе на экспарт. Нашы экспарцёры рэкламуюцца ў Расіі, але не ў Беларусі. Нават многія прыватнікі ўступаюць паміж сабой у цэнавыя змовы, каб пазбегнуць канкурэнцыі — дастаткова ўспомніць касмічныя цэны на кветкі, якія ў нас даражэйшыя, чым у Парыжы ці Нью-Ёрку.

Таму рэкламны рынак у нас існуе ў дэма-версіі. Узровень інтэрнэт-рэкламы на душу насельніцтва ў Беларусі ў 18,6 разу ніжэйшы, чым у Расіі.

Між тым TUT.BY зарабляе грошы за кошт медыйнай рэкламы і партнёрскіх праграм, і мы разлічваем, што рана ці позна структура эканомікі зменіцца, і рэкламны рынак падымецца. Дарэчы, Google. Adsense у нас наогул няма, а Яндэкс. Дырэкт — толькі ў выніку пошуку, рэалізаванага на рухавічку Яндэкса.

— Вы збіраецеся вылучаць сваю кандыдатуру на наступных прэзідэнцкіх выбарах?

— Ні ў якім выпадку. Ні на наступных, ні пасля, ні калі-небудзь яшчэ.

Як я ўжо казаў у тэлеверсіі, палітыка — не маё ў прынцыпе. Я — бізнэсмэн, інтэрнэтчык, ІТшнік, у нейкай меры аналітык па некаторых праблемах грамадства ў межах сваёй кампетэнцыі, але не палітык. Спрабую ўплываць на працэсы, якія адбываюцца ў меру сваёй кампетэнцыі і ступені ўплыву.

"Салідарнасць", фота "Наша Ніва"

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: