ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Журналісцкі стыль: пяць тыповых грахоў

Ремесло

Даволі часта журналісты банальна не ўмеюць пісаць. Ведаю некалькіх ужо даволі сталага веку калег, якія распавядаюць пра розныя, асабліва закулісныя, нюансы сваёй кароннай тэматыкі так, што заслухаешся. Са смакам, гумарам, гаваркімі дэталямі. Але варта такому майстру размоўнага жанру сесці за клаву, як пачынаюць выскокваць дубовыя шаблонныя фразы, сюжэт адразу страчвае шарм.

Гэта метамарфоза адбываецца, калі чалавек убіў сабе ў галаву, што для газеты трэба пісаць “салідна”, без жарцікаў, іроніі ды іншай гульні слоў, фігуральна зашпіліўшыся на ўсе гузікі. У выніку — набор мёртвых, як мухі ўзімку, слоў. І такога закаснелага аўтара, за рэдкім выключэннем, ужо не перавучыш — прасцей адрэдагаваць, хоць трохі расчысціць завалы ўбогай лексікі.

Але яшчэ болей сумна, што жахлівай мёртвай мовай пішуць многія маладыя журналісты. І калі паспелі нахапацца гэтых штампаў, ад якіх хочацца скрыгатаць зубамі? Прычым часта сутыкаешся з тым, што аўтару стыль глыбока фіялетавы, чалавек нават не разумее, якія да яго прэтэнзіі: усе ж словы ў патрэбных склонах, нічога не пераблытана.

Зрэшты, праз вечны цэйтнот збіваюцца на шаблон ды лепяць моўныя памылкі нават тыя калегі, што імкнуцца працаваць насуперак амаральнай філасофіі халтуры. Для іх і пішу гэты тэкст.

 

Канцылярыт

Канечне, суцяшае, што, паводле БЕЛТА, “імавернасць нападу баброў на чалавека па меры стабілізацыі паводкавай сітуацыі зніжаецца”, але хіба нельга сфармуляваць неяк па-людску?

Ці вось вам звыклая, замыленая фармулёўка: “Міністр энергетыкі Аляксандр Азярэц вызвалены ад займанай пасады”. А што не так? — здзівіцца хтосьці. А ўсё не так. Правільна будзе: Азярэц вызвалены ад пасады міністра. Бо калі вызвалены, то ўжо не міністр, а пасада — не займаная.

Фішка ў тым, што ў адпаведным указе ўсё было правільна: “вызваліць ад займанай пасады”, — бо на той момант Азярэц у крэсле яшчэ сядзеў. А журналісты, якія пастфактум механічна скапіявалі фармулёўку дакумента, схібілі, не ўключылі мазгі.

Памятаю, і сам у маладосці грашыў канцылярытам, пакуль не здабыў дэфіцытную на той час кнігу Норы Галь “Слова жывое і мёртвае”. Яна проста перавярнула мазгі. І сёння стала толькі болей актуальнай. На ўсіх трэнінгах дзяўбу: абавязкова прачытайце, будзе прышчэпка ад казёншчыны на ўсё жыццё!

Яшчэ парада: уявіце, што распавядаеце пра падзею, праблему блізкаму чалавеку. Вы ж не скажаце: “Уяўляецца неабходным зазначыць, што ва ўмовах павышэння важнасці значэння…”. А калі скажаце, то пачуеце спагадлівае: ты часам блёкату не аб’еўся? Ну дык нашто вы такой жахлівай мовай тэрарызуеце чытача? Пішыце, як гаворыце!

 

Штампы, дубовы “ажыўляж”

“Цяпер яго галоўная задача — апраўдаць аказаны давер. І першым вялікім выпрабаваннем на новай пасадзе стала пасяўная кампанія. Наперадзе ж — падрыхтоўка да касавіцы, жніва, а гэта значыць, давядзенне да ладу сенаўборачнай і зернеўборачнай тэхнікі”. Такім наборам штампаў піша пра маладога інжынера аўтарка валожынскай раёнкі “Працоўная слава”.

Замест жывога чалавека — плакатны персанаж а-ля савецкі будаўнік камунізму. Пра дах над галавой, дзяўчат, кайф пад класны музон пэўна ж не думае: станоўчаму герою дзяржаўнай прэсы такія глупствы не пасуюць.

Зрэшты, не будзем так ужо сцябацца з дзяржаўных СМІ — у недзяржаўных таксама з каптуром штампаў, толькі іншага кшталту. Тая ж грубая плакатнасць: суцэльныя палымяныя змагары, якія перманентна нешта гнеўна выкрываюць… І чым болей штампаванага пафасу, тым меней верыцца.

Большасць жа штампаў — не з прычыны ідэалагічнай ангажаванасці, а ад элементарнай моўнай глухаты ды ляноты. Часта штампы яшчэ і сэнсоўна недакладныя, карыкатурныя. Я, напрыклад, проста ненавіджу ідыёцкае слова “агучыў” замест “сказаў”, “заявіў”.

Выдранае са спецыфічнай кіношнай мовы, яно, бы пустазелле, запаланіла тэксты самай рознай тэматыкі. І цалкам разумных людзей, што не счытваюць з паперкі, а сваімі словамі выказваюць уласныя думкі, гэтае “агучыў” выстаўляе нейкімі крэцінамі, арганчыкамі кшталту героя Салтыкова-Шчадрына.

 

Плеаназмы, шматслоўе

“Магілёўцаў і жыхароў вобласці стала меней на 3 900 чалавек”, — вынес у загаловак мясцовы рэсурс. Якое слова лішняе? Правільна, апошняе. Адсекчы яго плюс зрабіць інверсію: “…стала на 3 900 меней” — і загаловак не толькі болей сціслы, але і элегантны, пісьменны.

Некаторыя аўтары грашаць лішнімі эпітэтамі кшталту “жорсткага збіцця” — як быццам бывае мяккае. Нашто ўсе гэтыя зялёныя шумлівыя дрэвы ды звонкія дзіцячыя галасы? Эпітэт мусіць ужывацца толькі там, дзе нясе эксклюзіўную сэнсавую нагрузку, грае ролю красамоўнай дэталі тэксту. Вось калі дрэва пакалечанае, а дзіця з пракураным голасам — гэта ўжо гаваркія дэталі.

Увогуле любы тэкст перад публікацыяй варта прабягаць з таго гледзішча, што можна выкрасліць. Выкідайце ўсё, што магчыма, не будзьце вербальным Плюшкіным! Гэта як змаганне з лішняй вагой. Хай будзе тэкст-алень, а не тэкст-бегемот.

 

Непісьменнасць

Пра гэта я ўжо столькі раз пісаў, што болей размазваць не буду. Шчыра кажучы, за “по прибытию” ды “паўгады” проста забіваў бы з рагаткі. Але баюся, рэдакцыі апусцеюць.

Калі ж сур’ёзна, то і сам часта зазіраю ў слоўнікі. У гэтым і сакрэт. Хаця карэктары ведаюць: калі ні выпраўляй, газета ўсё адно выйдзе з памылкай. Проста іх трэба мінімізаваць. Брутальную ж, нахабную непісьменнасць — выпальваць гарачым жалезам на ўзроўні індывідуумаў, што пішуць тэксты.

 

Варварызмы і слэнг

“Ва Уруччы Kawasaki сутыкнуўся з Ford...”, — піша TUT.BY. Што гэта за бітва экзатычных монстраў? Канцэнтрацыя варварызмаў на многіх рэсурсах ва ўмовах дамінавання заходніх тэхналогій ды замежных брэндаў зашкальвае. Хутка лацініцы ў публікацыях будзе болей, чым кірыліцы. Застаецца кітайскі тавар пачаць іерогліфамі пісаць.

Я яшчэ разумею, калі гэта рэклама, тэкст, разлічаны на продаж пэўных марак. Там важныя нюансы мадэлі. Але калі ў інфе пра здарэнне чытаеш “кіроўца Mazda”, міжволі думаеш: гэта што, мянушка вадзілы-рызыканта? Бо наша мова, як і суседнія славянскія,  вымагае скланяць слова: кіроўца “Мазды”. Нават Астап Бендэр скланяў: “Ідзіце да д’яблавай маці са сваім “Студэбекерам”!”. І, зірніце, неба на зямлю не падае, немцы не выкочваюць прад’явы, калі рэсурс, не вырабляючыся, піша: “Пад Мазыром “Опель” уехаў у дрэва”.

Хтосьці, каб бліснуць эрудыцыяй, насычае тэксты рознымі “энвайронментамі” (якімі-якімі варонамі?), “палісімейкерамі”, “дэсіжнмейкерамі”. Па-першае, язык зломіш, па-другое, хіба не вядома, што палісімейкер у нас толькі адзін?

Псуе тэксты і безгустоўнае ўжыванне слэнгу, у тым ліку крымінальнага. У сур’ёзных выданнях пішуць, што ў горадзе ці на заводзе “навялі марафет”, нават не падазраючы, што гэта — з мовы злодзеяў.

Хаця ўсё вырашае кантэкст, тон. Калі слэнгавае, жаргоннае слова — у жылу, я сам з асалодай яго скарыстоўваю. Можаце перачытаць гэты тэкст і пераканацца.

Увогуле, добры стыль — гэта густоўнае, элегантнае парушэнне канонаў, маленькае хуліганства сэнсаў. Падсякаеце фішку?

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: