ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Каралі копіпасту праміргалі “каралеву цырка”

В фокусе

“Крымінальная справа ўзбуджана ў дачыненні да былога дырэктара Белдзяржцырка” — такой сенсацыйнай інфой стрэліла падвечар 7 чэрвеня ўрадавае агенцтва БЕЛТА. Але сенсацыю трэба было разгледзець ды раскруціць, бо тут фішка не ў пасадзе, а ў персоне.

Аднак паколькі прозвішча ў заметцы не згадвалася, то шмат якія рэсурсы абмежаваліся тым, што банальна скопіпасцілі інфу як шараговы ў прынцыпе крымінал: ці мала ў нас бяруць за жэбры розных дырэктараў? Толькі і розніцы, што адны перадрукавалі тэкст БЕЛТА, іншыя — падобнае паведамленне “Інтэрфакса”.

 

Фішка не ў пасадзе, а ў персоне

Лічаныя інтэрнэт-медыі ўзяліся раскручваць сюжэт самастойна. Так, сайт “Радыё Свабода” хутка персаналізаваў фігурантку, звярнуўшы ўвагу на фразу прадстаўніцы Следчага камітэта: “Мера стрымання да падазронай не ўжывалася”. То бок гаворка пра жанчыну.

Узняўшы спіс дырэктараў мінскага цырка з 1939 года, свабодаўцы пераканаліся, што адзінай жанчынай на чале гэтай ўстановы была Тацяна Бандарчук — асоба каларытная, харызматычная і з багатым неадназначным бэкграундам. У матэрыяле падкрэслены гаваркі штрых: яна, маўляў, кіравала нядаўняй маштабнай рэканструкцыяй цырка. Будоўля ж з яе каштарысамі, як вядома, рэч у крымінальным сэнсе вой якая слізкая.

Бліскуча спрацаваў Зміцер Панкавец з “Нашай нівы”: у ноч на 8 чэрвеня на nn.by з’явіўся матэрыял “Пяць фактаў пра “каралеву цырка” Таццяну Бандарчук”. Аўтар згадвае, у прыватнасці, інтрыгоўную гісторыю 2000 года, калі Бандарчук ужо арыштоўвалі паводле падазрэння ў атрыманні хабару, але нечакана выпусцілі, а неўзабаве галоўны сведка па справе быў жорстка збіты, імаверна, асобамі з “эскадрона смерці”.

Раскіданы па тэксце і іншыя пікантныя моманты, моцныя семантычныя кручкі — ад згадкі аб прастытутках да эпізоду са Службай бяспекі прэзідэнта. Прыводзяцца факты, якія сведчаць пра тое, што да Бандарчук прыхільна ставіўся кіраўнік дзяржавы.

Сама яна ў кароткім тэлефонным каментары парталу TUT.BY таксама падкрэсліла, што “калі Дзяржкантроль вырашыў адкрыць крымінальную справу і мяне проста забіць, дык разбярэцца кіраўнік дзяржавы — ён аб’ектыўны чалавек. Я думаю, што ён проста не ўсё ведае”.

 

Адны цягаюць каштаны з агню, іншыя здымаюць вяршкі з чужога

Вось гэта ўжо, згадзіцеся, інтрыга! Але смачныя дэталі падарылі чытачу па гарачых слядах толькі некалькі рэсурсаў. Іх рэдакцыі выявілі элементарны прафесіяналізм, паварушыліся, здагадаліся (ці проста не паленаваліся) зрабіць шэраг не такіх ужо і складаных хадоў: прааналізаваць спіс дырэктараў, набраць нумар імавернай фігуранткі, нагугліць красамоўнай фактуры пра яе…

Дадамо ў гэты спіс і Naviny.by, дзе 8 чэрвеня з’явіўся тэкст “Прынцэса” беларускага цырка зноў пад следствам”. Сталы аўтар інтэрнэт-газеты Віктар Федаровіч, які спецыялізуецца на крымінале, тонка ўплёў у сюжэт шэраг інтрыгоўных дэталяў — пра тое, аб чым шапталіся ў горадзе падчас першага арышту гераіні (ці антыгераіні?); як ёй раптам перакваліфікавалі абвінавачанне (“хабар” быў ды сплыў); як цвердзілі, што да яе вызвалення спрычыніўся Самі-Ведаеце-Хто…

Матэрыял Федаровіча хутка злізала “Хартыя”. Толькі яе чытачы не даведаюцца, чый твор “запазычаны”: прозвішча аўтара бесцырымонна, насуперак закону і этыцы выкінута, а спасылка на першакрыніцу (прычым некарэктная, бо вядзе на галоўную старонку Naviny.by, а не саму публікацыю) утоплена ў другі абзац перадруку. Фірмавы, аднак, стыль!

Цікава, а што перашкаджала “Хартыі” зрабіць раней за Федаровіча свой арыгінальны матэрыял? І нават болей хвосткі. Тут жа столькі зачэпак, каб дзеўбануць ненавісны рэжым. Вы ж кажаце, што ў Беларусі прэса зацугляная спецслужбамі ды самацэнзурай. Дык а дзе вашы расцугляныя самастойныя расследаванні? Дайце дыхту, пакажыце прыклад, а не перадзірайце ў “падцэнзурных”! А калі ўжо перадзіраеце, то хаця б датрымлівайце правілы, паважайце імёны тых, хто вам цягае каштаны з агню.

 

Няма на вас рынкавай пугі!

У тусоўцы “нячэсных” журналістаў стала мантрай: рэжым не дае доступу да інфармацыі. І сапраўды, ў Беларусі для прэсы створаны беспрэцэдэнтныя для еўрапейскага кантынента ўмовы працы”, адзначыў у каментары для Mediakritika.by медыйны эксперт Юрась Карманаў. На яго думку, многія журналісты “стамляюцца змагацца за доступ да інфармацыі”.

Але ж і ў Беларусі ніхто не скасоўваў прафесійныя стандарты. І нават калі табе адмовілі ў інфармацыі 25 разоў, трэба стукацца і 26-ы, і 27-ы раз, упэўнены суразмоўца.

Іншая рэч, што некаторыя анлайнавыя рэсурсы “затачылі сябе пад агрэгатары”, не прадукуюць ці амаль што не прадукуюць уласных матэрыялаў, бо і так маюць дывідэнды, зазначыў Карманаў. У выніку калі з’яўляюцца патэнцыйна сенсацыйныя тэмы, то ў рэдакцыях сайтаў-агрэгатараў, на думку эксперта, проста не могуць асэнсаваць сюжэт.

У многіх выпадках, каб здабыць інфармацыю, “трэба проста не паленавацца”, адзначыў, у сваю чаргу, у каментары для Mediakritika.by аналітык Паўлюк Быкоўскі. Іншая рэч, дадае ён, што якасны падыход да стварэння кантэнту мала запатрабаваны. У айчыннай медыйнай прасторы бракуе канкурэнцыі, не працуюць рынкавыя механізмы, адзначае суразмоўца, і гэта многіх размагнічвае: “Што б ні зрабілі, гэта будзе спажыта”.

У выніку — сайтаў у байнэце сёння да халеры, а рэальных журналісцкіх вырабаў на іх — кот наплакаў. Рэй вядзе цынічны, прымітыўны копіпаст.

Зрэшты, новы сюжэт вакол “каралевы цырка” толькі закручваецца — і ва ўсіх СМІ ёсць шанцы паказаць прафесійны клас.

Оценить материал:
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: