Вы здесь

Хто вінаваты і што рабіць?

Цягам дзесяці апошніх месяцаў Mediakritika.by вяла маніторынг выканання прафесійных стандартаў якаснай журналістыкі беларускімі друкаванымі, электроннымі і анлайн-СМІ. Надыйшоў час падсумаваць вынікі, зрабіць высновы і пашукаць магчымыя варыянты вырашэння праблемаў.

Развіццё сучасных камунікацыйных тэхналогій аказвае сур’ёзны ўплыў на розныя сферы жыццядзейнасці грамадства. Са з’яўленнем Інтэрнэту цягам апошніх двух дзесяцігоддзяў змянілася эканамічнае, палітычнае, культурнае, сацыяльнае жыццё людзей. Не засталася па-за гэтымі тэндэнцыямі і медыйная сфера: патэнцыял Сусветнай павуціны ў галіне збору і распаўсюду інфармацыі аказаўся настолькі бязмежным, што ўжо сёння перамог патэнцыял традыцыйных медыяў.

Яшчэ якіх 10-15 год таму традыцыйныя СМІ (папяровая прэса, радыё і тэлебачанне) гулялі па сваіх правілах і нават не маглі сабе ўявіць, што з’явіцца моцны канкурэнт, за якім прыйдзецца літаральна бегчы. Традыцыйна самым папулярным сродкам перадачы інфармацыі былі СМІ, а самым папулярным сродкам захоўвання і перадачы дадзеных – кнігі.

Пераход да новага інфармацыйнага грамадства значна павялічыў каштоўнасць інфармацыі для чалавека і ён жа прымусіў чалавецтва шукаць новыя спосабы яе атрымання, захавання і распаўсюду. Галоўная асаблівасць Інтэрнэта ў тым, што ўсё гэта (і збор, і захаванне, і распаўсюд інфармацыі) можа знаходзіцца ў адным месцы.

І хоць традыцыі старых медыяў складаліся стагоддзямі, і людзі маюць да карыстання іх пэўную звычку, прыйшоў час, калі класічная журналістыка актыўна пачала шукаць свае нішы ў Інтэрнэт-прасторы, рэагаваць на трэнды, якія ёй дыктуюць тэхналогіі і юзэры.

У 2005 годзе медыямагнат Рупэрт Мэрдак, які валодае адной з найбуйнейшых медыякарпарацый у свеце News Corporation, назваў сітуацыю ў медыяпрасторы “рэвалюцыяй у спосабе атрымання навінаў”. “Маладыя людзі хочуць атрымліваць інфармацыю па затрабаванню, – каб  яна працавала на іх. Яны хочуць самі кантраляваць СМІ, а не знаходзіцца пад іхнім кантролем…”, – заявіў Мэрдак у сваім выступе перад Амерыканскім аб’яднаннем рэдактараў газет.

Зразумела, што такі стан рэчаў прадугледжвае інтэрактыўнасць – актыўны ўдзел аўдыторыі ў абмеркаванні тэкстаў і нават планаванні кантэнту на будучыню. Менавіта таму традыцыйныя медыі хоцькі-няхоцькі прыкладаюць максімум высілкаў, каб, з аднаго боку, застацца традыцыйнымі, з іншага – знайсці свою нішу ў новых інфармацыйных умовах. Часам у іх гэта атрымліваецца добра, часам – як у той камедыі пра двух зайцоў.

Між тым, рэагуючы на пэўныя трэнды, спяшаючыся выдаць здабытыя ў рэале, ці ў тым жа Сеціве, навіны ў эфір першымі і традыцыйныя, і анлайн-медыі ўсё часцей адыходзяць ад стандартаў якаснай журналістыкі. Перш за ўсё, гэты тычыцца праблемы праверкі інфармацыі на праўдзівасць (бо на такую праверку трэба адводзіць час, якога няма), умешвання ў прыватную сферу карыстальнікаў сацыяльных сетак (бо самая актуальная інфармацыя зараз знаходзіцца там), грэбавання аўтарскімі правамі (бо свой унікальны кантэнт вымагае таго ж часу, а таксама інтэлектуальных і фізічных высілкаў) і г.д.

Між тым, патрабаванні да журналісцкай працы з боку як самой медыйнай супольнасці, так і аўдыторыі, застаюцца старымі. Аўдыторыя да сёння чакае (хоць часам амаль не спадзяецца) ад медыяў якаснай прафесійнай працы.

Пад якаснай журналістыкай (а яшчэ ніхто з медыяпрафесіналаў ці чытачоў, слухачоў, гледачоў не заявіў, што будучыня за нізкаякасным прадуктам) да сёння разумеецца журналістыка, якая адпавядае паняццям аб’ектыўнасці, незаангажаванасці, праўдзівасці, аператыўнасці і адсутнасці цэнзуры.

Гэты і іншыя стандарты журналісцкай прафесіі прапісаныя ў сотнях этычных кодэксах. Існуюць такія кодэксы і беларускіх журналістаў. У нас іх нават два: адзін расправацала грамадскае аб’яднанне “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, другі – грамадскае аб’яднанне “Беларускі саюз журналістаў”. Кодэксы вельмі падобныя адзін да аднаго. І хоць фармальна ў іх няма ўзгадак пра анлайн-медыі, асноўныя “правілы гульні” там прапісаныя вельмі дакладна.

Абапіраючыся на гэтыя кодэксы, Medikritika.by правяла свой маніторынг выканання прафесійных журналісцкіх стандартаў у друкаваных, электронных і анлайнавых медыя . І выпрацавала шэраг рэкамендацый для іх.

 

Тэлебачанне: як ёсць і як павінна быць?

Цягам дзесяці месяцаў (са жніўня 2012 па сакавік 2013 года) Mediakritika.by вяла маніторынг выпускаў вечаровых навінаў на тэлеканалах “Беларусь 1”, “ОНТ” і “Белсат”. Штомесяц метадам выпадковай выбаркі абіраўся адзін тыдзень, цягам якога праводзіўся маніторынг. Маніторынг складаўся з трох частак: маніторынг матэрыялаў, што маюць прыкметы замоўленасьці, цэнзуры, альбо прапаганды; маніторынг замоўчаных тэмаў у навінных выпусках; маніторынг адпаведнасці стандартам інфармацыйнай журналістыкі.

Першая частка маніторынгу мела на мэце фіксацыю тэмаў, фактаў і меркаванняў, якія падаюцца  ў пэўным ракурсе характэрным для замоўленых альбо цэнзураваных матэрыялаў. Да такіх матэрыялаў адносіліся матэрыялы , якія асвятляюць важныя для грамадства тэмы, але падаюць іх з грубым парушэннем аднаго ці большай колькасці стандартаў інфармацыйнай журналістыкі, у выніку чаго інфармацыя “працуе” на карысць аднаго з бакоў канфліктнай сітуацыі.

З дапамогай падобных парушэнняў ствараецца пазітыўны імідж ці, наадварот, негатыўны вобраз, канкрэтных палітычных сілаў ці канкрэтных палітыкаў, устаноў, чыноўнікаў, бізнэсу і бізнесоўцаў і г.д..  Такія скажэнні інфармацыі на карысць якога-небудзь аднаго з бакоў ёсць вынікам наўмыснага парушэння такіх стандартаў інфармацыйнай журналістыкі, як баланс думак, аддзяленне фактаў ад меркаванняў, дакладнасць і даставернасць інфармацыі.

У лік такіх матэрыялаў траплялі:

- пазітыўныя матэрыялы пра дзейнасць дзяржаўных установаў ці канкрэтных службоўцаў, калі ў гэтых матэрыялах парушаны баланс думак;

- так званыя “паркетныя” матэрыялы, якія складаліся з вуснага паведамлення (альбо вуснага паведамлення з відэашэрагам) і сінхрону высокага службоўца ці палітыка, які выступаў з пераважна дэкларатыўнымі заявамі, у якіх выкарыстоўвалася  “пратакольная” лексіка;

- паведамленні пра поспехі сілавых структураў у выкрыцці злачынцаў, у якіх адсутнічаў баланс думак;

- матэрыялы, якія асвятлялі складаныя працэсы прыняцця рашэнняў, не тлумачачы сутнасці аргументаў і контраргументаў апануючых бакоў;

- матэрыялы, у якіх незбалансавана і з пазітыўнымі ацэнкамі асвятлялася дзейнасць якой-небудзь кампаніі альбо распавядалась пра дабрачыннасць якога-небудзь бізнесмэна ці структуры.

Для моніторынга не было важна, якія абставіны (прычыны) прывялі да згаданых парушэнняў у выпусках тэлевізыйных навінаў. Ці гэта была цэнзура з боку ўладаў, ці самацэнзура журналістаў, ці нізкі прафэсійны ўзровень. Сутнасць праблемы палягае ў тым, што глядач атрымліваў перадузятую інфармацыю, то бок створаную на карысць аднаго з бакоў. Да таго ж, яго пазбаўляюць адэкватнага разумення падзеяў і працэсаў, што адбываюцца ў краіне.

Другая частка маніторынгу надаваў увагу  замоўчаным тэмам у навінавых выпусках. Гэта тэмы, факты і меркаванні, якія закраналі ці маглі закрануць інтарэсы розных (вялікіх альбо невялікіх) сацыяльных груповак. Такія тэмы выяўляліся шляхам параўнання інфармацыйных выпускаў, што перадавалі каналы, са стужкамі інфармацыйных агенцый – БЕЛТА і БелаПАН.

У фокусе трэцяй частцы маніторынгу была адпаведнасць выпускаў вечаровых тэлевізійных навінаў стандартам інфармацыйнай журналістыкі. У гэтай частцы маніторынгу браліся пад увагу рэпартажы пра асноўныя грамадска-палітычныя падзеі, якія складалі інфармацыйную карціну дня, арыгінальныя журналісцкія расследванні ды расповед (нарыс) пра тыповую чалавечую гісторыю.  Кожны з гэтых матэрыялаў ацэньваўся з пункту гледжання адпаведнасці аднаму з шасьці стандартаў інфармацыйнай журналістыкі:  баланс думак,  аператыўнасць, даставернасць, аддзеленасць фактаў ад меркаванняў, дакладнасць і паўната падачы інфармацыі. Матэрыялы ацэньваліся ў комплеке (падводка+сюжэт+адводка для гэтай часткі маніторынга разглядаліся як адзін матэрыял).

 

Высновы і рэкамендацыі Mediakritika.by

 

Хто робіць навіны?

Хто ж фармуе навінавую карціну дня, якую ў вечаровых інфармацыйных выпусках падаюць беларускія тэлеканалы? Самі інфармацыйныя службы тэлеканалаў, адсочваючы падзеі ды падаючы найбольш важныя ды цікавыя? Не. Змест вечаровых навінаў усіх трох тэлеканалаў залежыць ад спраўнасці прэс-службаў дзяржаўных установаў ды арганізацый.

“Інфармацыйным апакаліпсісам” для навінавых службаў дзяржканалаў, пэўна, стаў бы дзень, калі міністэрствы ды адміністрацыі раптам не правялі ніводнай прэс-канферэнцыі, нарады ці выставы, ды не выпусцілі ніводнага прэс-рэлізу ці зводкі здарэнняў. Інфармацыйныя нагоды падобнай прыроды складаюць каля двух трацінаў эфіру навінавых выпускаў на “Беларусь 1” ды ОНТ. На “Белсаце” доля такіх інфармацыйных нагодаў за апошнія месяцы таксама расла, і займае ўжо каля траціны выпуску.

Уласны кантэнт займае на ўсіх трох каналах маргінальна малое месца. На “Белсаце” ды  “Беларусь 1” – каля 3-10% у розны час. Троху лепей выглядаюць толькі навіны ОНТ, дзе ўласная інфармацыя дасягае нават 25% ад колькасці навінаў выпуску.

Парада Mediakritika.by

Усе тры тэлеканалы маюць досыць разгорнутую карэспандэнцкую сетку ў Мінску ды рэгіёнах – і стварэнне ўласнага кантэнту цалкам пад сілу ўсім тром інфармацыйным службам.

Якім чынам гэта можна ажыццявіць арганізацыйна? Праз стварэнне зваротнай сувязі з гледачом (т.з. “гарачы тэлефон”), ці праз увядзенне галіновай ці рэгіянальнай спецыялізацыі для рэдактараў і карэспандэнтаў, ці нават праз такі экстрэмальны метад, як увядзенне мінімальнага ліміту на эксклюзіў у выпуску – гэта вырашаць кіраўнікам інфармацыйных службаў.

Але прынцып, каторага павінныя трымацца каманды навінаў, – выкарыстоўваць карэспандэнтаў здымачных груп не толькі, як падстаўкі пад мікрафон. Трэба, каб яны прапаноўвалі ды распрацоўвалі тэмы, былі журналістамі.

Акрамя таго, тэлеканалам трэба шырэй выкарыстоўваць магчымасці сучасных інфармацыйных тэхналогій. Ва ўмовах, калі спрытны блогер ці карыстальнік сацыяльных метак распаўсюджвае інфармацыю (у тым ліку і відэа) нашмат хутчэй за прафесійныя тэлеканалы, прыцягненне вялікай колькасці пазаштатных карэспандэнтаў і відэааматараў да шчыльнай працы з тэлебачаннем робіцца пякуча актуальнай задачай.

 

Дысбаланс думак

Сюжэт з адным сінхронам – самы часты жанр у навінах дзяржаўных тэлеканалаў. Фактычна гэта “войсоўвер” з сінхронам. Чый адзіны сінхрон выкарыстоўваецца ў такім матэрыяле найчасцей? Звычайна кіраўніка ці прадстаўніка той службы ці ўстановы, якая дала інфармацыйную нагоду. Мытнікі злапалі кантрабанду – у сінхроне кіраўнік мытнай службы. Камунальшчыкі правялі суботнік – выказваецца кіраўнік камунальных службаў. Міністэрства арганізавала выставу – справаздачыцца прадстаўнік міністэрства.

Ад такіх навінаў усім добра: прэсавай службе плюсік – за стварэнне пазітыўнага вобразу установы ў медыях, рэдакцыі – за запоўнены час эфіру, здымачнай групе –  няцяжка зароблены ганарар. Ну, а глядачу, часцяком, чым глядзець такія навіны, прадуктыўней пераключыць канал ці заняцца сваімі справамі.

Таксама дзяржаўныя тэлеканалы парушаюць баланс думак, ствараючы паркетныя сюжэты – жанр, з дапамогай якога асвятляецца праца самага высокага начальства: Лукашэнкі, кіраўнікоў дзяржведамстваў ды міністэрстваў. Выступы, нарады, паездкі, прыёмы, сустрэчы з насельніцтвам. Галоўная адметнасць такіх матэрыялаў: не праблема ці падзея, а асоба з’яўляецца інфармацыйнай нагодай.

У паркетных сюжэтах заўседы ёсць галоўны герой, кіраўнік ведамства, і матэрыял прасвечаны ягоным дзеянням, выказванням ды перасоўванням, незалежна ад рэальнай грамадскай вартасці ды значнасці ўсіх гэтых рухаў. Будуецца паркетны сюжэт ў асноўным на сінхронах галоўнага героя, ягоныя словы цытуе аўтар за кадрам. У сюжэце часам з’яўляюцца і іншыя персанажы, але іхняе месца ў сюжэце фонавае.

Парада Mediakritika.by для дзяржканалаў

Наўрад ці такія матэрыялы на дзяржканалах выходзяць з-за таго што аўтары ды рэдактары ня ведаюць пра прынцып балансу думак у навінах. І наўрад ці гэтае парушэнне  можна спыніць парадай “не рабіце паркетных матэрыялаў”. Аднак прынамсі ёсць сэнс нагадаць аўтарам ды рэдактарам пра прынцып балансу думак. І калі не дасягаць балансу то набліжацца да яго, яны могуць: будуючы сюжэт не вакол асобы чарговага начальніка, а вакол падзеі ці праблемы; даючы слова тым, каго непасрэдна тычыцца праблема ці падзея; звяртаючыся па каментар да экспертаў галіны. 

Парада Mediakritika.by для незалежнага канала

На “Белсаце” парушэнні балансу думак у навінавых матэрыялах часткова звязаныя з юрыдычным статусам самога каналу і ягоных супрацоўнікаў для беларускіх уладаў. Атрымаць на відэа каментар прадстаўнікоў уладаў для журналістаў незалежнага тэлеканалу істотна цяжэй, чым для аўтараў дзяржканалаў.  Таму часцяком сюжэты, асабліва на палітычную ці эканамічную тэматыку будуюцца на сінхронах толькі незалежных экспертаў, але выкарыстоўваюцца тыя іхнія выказванні, якія даюць негатыўную ацэнку ўладаў, а не тлумачэнне праблемы ці падзеі.

Няма магчымасці зрабіць відэакаментар чыноўніка, можна зрабіць каментар тэлефонны, таксама можна з дапамогай графікі пазнаёміць гледача з пазіцыяй прадстаўніка ўладаў, агучанай у іншых медыях. Прафесійны мінімум – запытацца каментар і, атрымаўшы адмову, паведаміць у сюжэце пра такую спробу.

 

“Не магу маўчаць…”

Замест спраўджаных фактаў  – “адсябяціна”, замест ацэнкі экспертаў – хлёсткія лозунгі, замест аналітыкі – маніпуляцыя. Падмена журналістыкі прапагандай –  гэтым грашаць навасныя службы ўсіх трох каналаў.

Парушэнне стандарту аддзялення фактаў ад думак – гэта, бадай, адна з самых вострых праблемаў беларускіх навінаў. Найлепшая сітуацыя ў інфармацыйных выпусках ОНТ, дзе апошнімі месяцамі заўважна знізілася публікацыя аўтарскіх каментароў ды ацэнак у навінавых матэрыялах (з 60% да 20% матэрыялаў). Пакуль сумнае лідарства ў парушэнні стандарту трымае служба навінаў “Беларусь 1”. Але вельмі нязначна ёй саступаюць у гэтым навіны незалежнага тэлеканала “Белсат”. Колькасць такіх матэрыялаў у эфіры  і “Панарамы”, і “Аб’ектыва” застаецца на ўзроўні да 35%. Варта адзначыць што і тут апошнімі месяцамі адбылося зніжэнне, бо раней колькасць дасягала нават 50%.

“Ударнікі” публікацыі аўтарскага меркавання ў навінах – Максім Кароткі ды Паліна Іванча на “Беларусь 1”, Марцін Ярскі на “Белсаце”.

Варта адзначыць, што на “Белсаце” публікацыя ўласнага меркавання часцяком спалучаецца ў матэрыялах з парушэннем стандарту паўнаты. Тобок трапляюцца сюжэты, збудаваныя ды напоўненыя, як бог на душу пакладзе, а не як таго патрабуе жанр: бракуе неабходнай інфармацыі (адказу на класічныя шэсць пытанняў), парушаная структура навіны (інфармацыйная нагода прыцягнутая штучна, сутнасць падзеі выкладаецца ў канцы матэрыяла), адсутнічае бэкграўнд.

Парада Mediakritika.by

Базавы прынцып працы з навінамі – аддзяленне фактаў ад думак. І грэбаванне гэтым прынцыпам можа адбывацца хіба толькі ў двух выпадках: альбо гэта дылетанцтва, слабое валоданне прафесіяй (прычым як аўтараў, так і рэдактараў), альбо прамое ігнараванне ў рамках інфармацыйнай палітыкі канала.

Таму для выпраўлення сітуацыі тут варта спалучаць два метады. У першую чаргу, навучанне супрацоўнікаў навінавых службаў асновам працы з навінамі. Па-другое, варта перагледзець інфармацыйныя палітыкі навінавых службаў, ды строга пільнаваць выкананне прафесійных стандартаў у штодзённай працы.

Журналістам трэба больш пільна і не так павярхоўна падыходзіць да распрацоўкі матэрыялаў, абапірацца на саму сутнасць фактаў і іх аб'ектыўны змест, а не ўласнае «асэнсаванне» фактаў.

Усім тром тэлеканалам патрабуецца прынцыповая змена алгарытму пошуку і распрацоўкі навін. Канцэптуальна: ўлада не павінна быць адзіным нюсмейкерам ў інфармацыйнай прасторы. А ў асобныя дні, можа і ўвогуле не прысутнічаць на тэлеэкране. Тэхналагічна: трэба ўмацоўваць стасункі са сталічнымі і рэгіянальнымі крыніцамі інфармацыі, наладжваць трывалыя каналы паступлення эксклюзіўнай і актуальнай інфармацыі  ў службы навін усіх трох тэлеканалаў.

 

Рэклама

Калі нехта думае, што дзяржаўныя каналы ў Беларусі рэалізуюць выключна палітычную замову, дык не. Маніторынг паказаў, што камерцыйна-карпаратыўная замова займае ў эфіры “Беларусь 1” ды ОНТ заўважна болей месца за палітычную. А часцяком у аўтараў атрымліваецца рэалізаваць у адным матэрыяле абедзьве мэты.

У выпусках “Панарамы” ды “Контураў” рэклама ў розных увасабленнях (схаваная камерцыйная рэклама, карпаратыўная замова, прамоцыя ўласных праектаў) можа займаць нават да траціны эфірнага часу асобных выпускаў.

Рэкламныя сюжэты заўсёды афармляюцца, як звычайныя навіны, то бок з’яўляюцца крыптарэкламай. У відэашэрагу абільна выкарыстоўваюцца лагатыпы “рэкламадаўцы” – камерцыйнага прадпрыемства, у сінхронах выказваюцца толькі прадстаўнікі кампаніі ды, часам, шчаслівыя спажыўцы ягоных паслугаў, а інфармацыйная нагода з’яўляецца кампліментарнай для “рэкламадаўцы”. Сюжэты з карпаратыўнай замовай будуюцца падобным чынам, але пазітыўна ды аднабакова асвятляюць дзейнасць дзяржаўнага ведамства ці прадпрыемства.

Для “Белсата” матэрыялы з карпаратыўнай замовай  ці рэкламай – досыць рэдкая з’ява. Часцей за ўсё такія сюжэты атрымліваюцца ў тэмах, прысвечаных грамадскім ці палітычным акцыям, калі аўтары сюжэта ды рэдактары будуюць іх на матэрыяле з адной крыніцы, не падаюць  бэкграўнда падзеі ды меркаванняў незалежных экспертаў.

Парада Mediaktika.by

Рэклама і навіны – несумяшчальныя рэчы. Патрабуецца змена інфармацыйнай палітыкі службаў навінаў дзяржканалаў ды ўвядзенне строгай забароны на размяшчэнне крыптарэкламы ці карпаратыўнай замовы ў навінавых выпусках. Што тычыцца прамоцыі ўласных праектаў – для гэтага існуе шмат міжпраграмнай прасторы ды рэкламных блокаў, дзе прадстаўленне новага фільма ці праграмы можна ажыццявіць і эфектней, і эфектыўней.

У дачыненні да рэкламы трэба больш пільна выконваць папраўкі ў беларускі закон аб рэкламе. А таксама звяртаць увагу на тое, што дзяржаўныя тэлевяшчальныя арганізацыі сістэматычна парушаюць нормы і стандарты рэкламнай дзейнасці ў эфіры (выкарыстанне вядучых навін і дзяцей у якасці персанажаў рэкламных ролікаў, адсутнасць адмысловых адбівак перад рэкламнымі блокамі, перавышэнне аб'ёмаў рэкламы ў параўнанні з еўрапейскімі стандартамі). Усе гэта – парушэнне патрабаванняў Еўрапейскага вяшчальнага саюзу (EBU), сябрам якога з'яўляецца Беларусь.

Працяг будзе…

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: