Вы здесь

Хто вінаваты і што рабіць?

Працяг. Пачатак тут

Mediakritika.by працягвае друкаваць цыкл рэкамендацый, зробленых па выніках маніторынгу стандартаў якасці беларускага медыйнага прадукту. Гэтым разам парады экспертаў тычацца працы анлайнавых рэсурсаў.

Інтэрнэт — гэта новы інструментарый, новая стылістыка. Сёння інтэрнэт-СМІ сталі заўважным сегментам беларускай медыйнай прасторы. Але анлайнавая эпоха спарадзіла новыя выклікі для журналістыкі. Пералічым асноўныя балючыя праблемы і дамо парады, як з імі змагацца.

Стандарты якасці, сфамуліраваныя ў сярэдзіне мінулага стагоддзя для традыцыйнай журналістыцы, эвалюцыйна перайшлі ў анлайн. У Сеціве, як і ў традыцыйных выданнях, працуюць базавыя стандарты, згодна з якімі вызначаецца якасць інфармацыйнага прадукта: аператыўнасць інфармацыі, дакладнасць інфармацыі, паўната інфармацыі, баланс думак, аддзяленне фактаў ад каментароў, зразумеласць інфармацыі.

І хоць часам гучаць меркаванні, што новыя медыя вымагаюць новых стандартаў, Mediakritika.by у сваім аналізе кантэнту навінавых анлайн-рэсурсаў на адпаведнасць стандартам якаснай журналістыкі, кіравалася гэтымі базавымі прынцыпамі, роўна як і этычнымі прынцыпамі беларускіх журналістаў, прапісанымі ў двух дакументах – Кодэксам журналістскай этыкі грамадскага аб’яднання “Беларуская асацыяцыя журналістаў” і Кодэксам прафесійнай этыкі журналіста грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз журналістаў” (двух буйнешых журналісцкіх арганізацый краіны). Яны не утрымліваюць адмысловых стандартаў для анлайн-журналістыкі, але  агаворваюць абавязковыя базавыя паняцці і прынцыпы журналісцкай дзейнасці, такія як сацыяльная адказнасць, незаангажаванасць, бесстароннасць і іншыя.

Ці адпавядае кантэнт анлайн-медыяў гэтам стандартам? Цягам апошніх васьмі месяцаў Mediakritika.by аналізавала тэндэнцыі і праблемы развіцця сеціўных навінавых рэсурсаў "Хартыя-97", "Беларускі партызан", "Салідарнасць", "Наша Ніва", "Еўрарадыё", "Радыё Свабода", "Народная воля", TUT.by  і зрабіла пэўныя высновы.

 

Рабіце сваё!

Першае, што кідаецца ў вочы: сайтаў усё болей, але арыгінальнага кантэнту мала. Многія перадрукоўваюць адно і тое ж, копіпасцяць. Зразумела, штаты малыя, супрацоўнікі грузнуць у канвеернай працы, ледзьве паспяваюць маніторыць іншыя вэб-крыніцы, няма калі адарвацца ад клавіятуры ды выйсці ў рэал.

Сёння ў модзе такі паліятыў, як рэрайтынг. Гэта, канечне, лепей, чым проста перадзіраць. Але ў многіх выпадках за гучным іншаземным слоўцам хаваецца ўбогая мінімальная пераробка чужога матэрыялу: замянілі загаловак, пераставілі пару слоў — і гатова.

Зразумела, што ўвогуле без перадрукаў не абысціся. Але разам з тым, без дастаткова моцнай плыні ўласнага кантэнту ваш сайт не можа ўважацца за паўнавартасны сродак масавай інфармацыі.

Нават пры мінімальным штаце лепей мець не капірайтэраў (ці, ва ўсякім разе, не толькі іх), а рэпарцёраў ды хоць аднаго аналітыка. Рэпарцёры мусяць штодня прыносіць у дзюбе нешта сваё. Ім варта быць шматстаночнікамі, карыстацца рознымі дэвайсамі, рабіць пры патрэбе фота і відэа, каб насычаць матэрыялы мультымедыйнасцю. Добры жа аналітык з сыравіны фактаў і меркаванняў можа сінтэзаваць арыгінальны твор нават не адыходзячы ад касы.

Скарыстоўвайце таксама моцных няштатнікаў, экспертаў. Многія з іх хочуць самарэалізавацца, раскруціць імя і гатовыя пісаць за самы сціплы ганарар, а то і так.

Сёння ў трэндзе інфаграфіка: зноў жа, з сухой фактуры, мёртвых, здавалася б, лічбаў можна стварыць выразны крэатыўны прадукт.

Калі сайт існуе пры традыцыйным друкаваным выданні, то варта ісці ў бок канвергентнай рэдакцыі, ствараць сімбіёз розных платформаў. Сайт мусіць быць не толькі месцам выстаўлення ўжо надрукаваных на паперы тэкстаў, а дастаткова аўтаномным праектам, які напоўніцу выкарыстоўвае перавагі анлайну, і найперш — аператыўнасць на ўзроўні імгненнасці.

Практыка паказвае, што многае залежыць ад кіраўніцтва рэдакцыі. Адна рэч, калі яно вучыць, як спрытна перадзіраць, і зусім іншае — калі стымулюе творчыя амбіцыі, самастойны пошук падзей, герояў, суразмоўцаў. Рабіце сваё! Гэта цяжка, але ўзнагароджваецца, у сваю чаргу, тым, што ўдалыя, моцныя матэрыялы становяцца хітамі ўсяго Байнэту, працуюць на папулярнасць, аўтарытэт вашага рэсурсу.

 

Правярайце звесткі

Інтэрнэт стаў асабліва спрыяльным асяроддзем для шалёнага размнажэння “качак”. Адзін рэсурс стрэліў дэзай ці лухтой — дзясяткі, павёўшыся на смажаніну, перадрукавалі без праверкі. Між тым у сеціве ніхто не здымае з журналістаў і рэдакцый кананічныя правілы спраўджвання інфармацыі, напрыклад правіла дзвюх крыніц.

Лепей патраціць трохі часу, зрабіць званок ці іншым чынам ўпэўніцца, што сенсацыя не ёсць “качкай”. Лепей не друкаваць тое, што выклікае сумнеў. Калі ж далі маху — то не здымаць хлусню цішком, а сумленна выправіцца.

Сёння каго-кольвек разбэшчвае партызанскі статус іх СМІ, арыентацыя на донараў, а не на рынак. Але надыдзе час, калі рэпутацыя праўдзівага СМІ будзе канвертавацца ў грошы. І, наадварот, праколы, ляпы будуць дорага каштаваць у літаральным сэнсе. Таму школіць сябе варта ўжо сёння.

 

Займайцеся журналістыкай, а не прапагандай

Ва ўмовах жорсткага палітычнага рэжыму Сеціва стала пляцоўкай свабоды, але некаторыя рэсурсы скарысталі гэта для прымітыўнага мачылава ўлады ў яе ж прапагандысцкім духу. Ці, дакладней сказаць, гэтыя рэсурсы часта скарыстоўваюцца пэўнымі сіламі і дзеячамі, упэўненымі, што клін клінам выбіваюць.

Між тым барыкадная журналістыка псуе прафесіяналізм. Так, журналіст застаецца грамадзянінам, мае права на пазіцыю, аднак важна не пераступіць тую мяжу, калі прафесійныя прынцыпы пачынаюць прыносіцца ў ахвяру ідэалагемам, медыі становяцца інструментам палітычнай барацьбы, а то і звядзення рахункаў.

Варта памятаць, што місія журналістыкі — інфармаваць, аналізаваць, даваць адэкватны зрэз меркаванняў. Не слухайце палітыкаў, што цвердзяць: мы ў адной лодцы. Дай ім волю — ператвораць нармальныя выданні ў рупары. Рабіце сваю справу, не баючыся, што хтосьці налепіць ярлык. Іншая рэч, што варта даваць слова і тым самым палітыкам, прычым пажадана — з розных структур і плыняў. Тады яны хутка пераконваюцца, што пісаць добрыя тэксты цяжэй, чым дзяўбці стандартныя лозунгі.

Душа сапраўднай журналістыкі — добры, густоўны стыль. Ваюйце з канцылярытам, штампамі. Вучыце рэдакцыйную моладзь не толькі хутка малаціць па клаве, але і пісаць чалавечай мовай.

Рана ці позна ў нас будзе нармальны медыйны рынак, і на ім утрымаюцца тыя, хто робіць якасны журналісцкі прадукт, а не гоніць казёншчыну, прапагандос.

 

Датрымлівайце аўтарскае права і этыку

Мы, дзякуй богу, пакрысе выкараскваемся з эпохі дзікага інтэрнэту, калі бязбожна кралі ўсё, што кепска ляжыць, а над прэтэнзіямі абураных аўтараў нахабна смяяліся. Але сёння квітнее прыхаваны крадзеж у духу блакітнага зладзюжкі Альхена. Найчасцей маскуюць (топяць) гіперспасылкі, выкідаюць прозвішчы аўтараў, лепяць пад чужым матэрыялам свой брэнд.

Сёння гэта яшчэ сыходзіць з рук, але ў агляднай перспектыве варта чакаць судовых працэсаў, якія многіх ацвярэзяць. Ну і проста сумленне мусіць быць.

На ўзроўні рэдакцый варта падумаць над выпрацоўкай правіл паводзін журналістаў ў сацыяльных сетках, як гэта робіцца на Захадзе, дзе прадстаўнікам карпарацыі і ў акаунтах не дазваляюць хаміць, навешваць ярлыкі, кідаючы такім чынам цень на рэпутацыю фірмы.

На ўзроўні журналісцкай супольнасці варта выпрацаваць механізмы этычнай самарэгуляцыі, зрабіць апгрэйд кодэксам прафесійнай этыкі з улікам спецыфікі анлайнавай эпохі, скласці канкрэтныя рэкамендацыі медыям, у прыватнасці што да працы з карыстальніцкім кантэнтам (форумы, блогі). Сваё слова тут мусіць сказаць БАЖ, і найперш ягоная камісія па этыцы.

 

Вучыцеся!

Інтэрнэт — гэта новы інструментарый, новая стылістыка. Кадрам афлайнавай эпохі трэба перавучвацца, рабіць сабе творчы апгрэйд. Моладзі, у сваю чаргу, варта засвойваць, у прыватнасці, што анлайн не скасоўвае старых добрых канонаў цэхавай маралі.

Карацей, трэба няспынна навучацца, каб не выпасці з працэсу, не страціць вартасць на прафесійным рынку. Не лянуйцеся ездзіць на семінары, трэнінгі, займацца самаадукацыяй. А рэдактарам парада: не шкадуйце адпускаць супрацоўніка на пару дзён дзеля вучобы. Гэта абавязкова акупіцца.

Ну і, вядома ж, трэба датрымліваць у анлайнавых тэкстах элементарную пісьменнасць. Не варта меркаваць, што хуткаплынны інтэрнэт усё спіша. Вылізвайце матэрыялы, як для звычайнай газеты. Мы ж профі і мусім трымаць марку ўсюды і ва ўсім.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: