ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Заткніце за пояс дурных журналюгаў!

В фокусе

Нядаўна давялося ўдзельнічаць у адной вялікай дыскусіі ў пытаннях грамадзянскай супольнасці. Закраналіся там і медыйныя аспекты працы трэцяга сектара. Мяне чаплянуў некалькі разоў ужыты выраз “выкарыстоўваць прэсу дзеля сваіх мэтаў”. Ну хто любіць, калі яго спрабуюць выкарыстаць? Журналісты не выключэнне.

Некалі кіроўныя камуністы глядзелі на медыі як на органы. Цяпер такая парадыгма раз-пораз вылазіць і з нашых дэмакратаў. Каму-кольвек так і хочацца пашыхтаваць пісакаў-здымакаў, паставіць задачы, каб наперад ды з песнямі.

 

Зноў “мы ў адной лодцы”?

Пра ўзаемадачыненні СМІ з палітыкамі сказана нямала. Я нават цэлую кніжку напісаў пра тое, што тэза “мы ў адной лодцы”, якой любяць казыраць некаторыя апазіцыйныя дзеячы, хібная. У прэсы — свая місія. Канечне, нармальныя журналісты таксама за дэмакратыю і ўсё такое — бо тады лепей стане працаваць. Але соль іх працы аднолькавая пры розных рэжымах — даваць інфармацыю, каментары, палітру меркаванняў. А соль палітыкі — барацьба за ўладу. Таму мы ў розных лодках — і кропка.

Аднак выглядае, што прымітыўны інструментальны падыход — “выкарыстоўваць СМІ” — характэрны і для часткі прадстаўнікоў трэцяга сектара. Калі ж не шэнціць выкарыстаць, то крыўдзяцца. Адзін з удзельнікаў дыскусіі, пра якую я згадаў напачатку, наракаў, што журналісты не рвуцца пісаць пра малыя справы суполак (кшталту: лаву недзе ўсталявалі), а шукаюць толькі смажанае.

Дык вось што я вам скажу, сябры мае. Можна колькі заўгодна наракаць на журналістаў (і ёсць за што), але ў вас няма бізуна, каб прымусіць іх пісаць тое, што цікава вам, а не ім (і, адпаведна, іх мэтавай аўдыторыі). Не кажучы ўжо пра тое, што з-пад бізуна ўвогуле шэдэўры не ствараюцца.

Праядаць плех рознымі маралітэ кшталту “вы павінны…” — таксама занятак малаэфектыўны. А чаму, уласна кажучы, павінны? Дзеля светлай будучыні? А хто сказаў, што менавіта вы яе ўвасабляеце? Вунь дзеячы іншай суполкі, з якой вы точыце халівары, кажуць тое ж самае: мы — самыя-самыя, а вось тыя і тыя — мыльныя бурбалкі.

Карацей, маралітэ не коціць. Таму выйсце адно: трэба вучыцца будаваць з прэсай партнёрскія дачыненні.

 

БАЖ — гэта не ідэалагічная ўправа незалежнай прэсы

Але ж у нас з савецкіх часоў любяць даваць грамадскія нагрузкі. Дарэчы, Беларуская асацыяцыя журналістаў — таксама грамадская арганізацыя. І ў кагосьці, бадай, ёсць спакуса разважаць так: калі БАЖ уваходзіць у Нацыянальную платформу Форуму грамадзянскай супольнасці, то чаму б і не нагрузіць бажаўцаў задачай прапагандаваць дзейнасць трэцяга сектара?

Але тут важна зразумець як мінімум тры надзвычай важныя моманты. Па-першае, працаўнікі медыйнага цэха маюць свае прафесійныя стандарты і прынцыпы. Сярод іх — неангажаванасць, бесстароннасць (наколькі гэта у нас магчыма). Рэпутацыя салідных выданняў грунтуецца менавіта на такіх рэчах.

Па-другое, кожны журналіст — гэта творчая асоба, якая не будзе браць пад казырок толькі таму, што мае білет сябра БАЖ. Пры тым што і ў кіраўніцтва суполкі, паверце, стае розуму, каб не спрабаваць аддаваць загады рэдакцыям ці журналістам. Не трэба мяшаць боб з гарохам — грамадзянскую пазіцыю з грамадскай нагрузкай.

Па-трэцяе, медыйная справа — гэта бізнэс. Іншая рэч, што ў нашай краіне любы бізнэс дэфармаваны палітычнай спецыфікай. І ўсё ж! Хіба звяз прадпрымальнікаў дыктуе сваім сябрам, як ім гаспадарыць на іх уласных прадпрыемствах? Дык чаму, напрыклад, уладальнік прыватнай газеты ці агенцыі мусіць займацца прамоцыяй нейкіх арганізацый, праектаў, ідэй, хай сабе і самых прагрэсіўных? Ён будуе працу паводле законаў медыйнага бізнэсу, думае, як прадаць медыйны прадукт. А тут нехта прыстаканьваецца пад лозунгам “Мы ў адной лодцы”!

 

Пісакаў трэба раскатурхваць

Пры гэтым я далёкі ад цэхавай фанабэрыі, сам напісаў на Mediakritika.by дзясяткі артыкулаў пра хібы нашай прэсы, у выніку чаго стаў для некаторых калег кепскім хлопцам. Яшчэ раз паўтару, што многія журналісты трапна характарызуюцца словамі Пушкіна: “Мы ленивы и нелюбопытны”. Нашага брата трэба раскатурхваць, адрываць ад кампоў і цягнуць у рэал. Але пры гэтым трэба мець што паказаць. Прэсе варта прад’яўляць рэальныя справы, моцныя хады, а не прастарэкванне, якія мы прагрэсіўныя.

Часам і ёсць што паказаць, але ў арганізацыях не ўмеюць гэта паднесці ў прэзентабельным выглядзе. Прэс-службам трэцяга сектара бракуе прафесіяналізму. Калі ваш прэс-рэліз праігнаравалі, дык мо ён проста дубова напісаны? Мо вы слаба ведаеце, што і якім медыям прапаноўваць? Мо вы паленаваліся вывучыць структуру рэдакцыі, наладзіць асабісты кантакт з журналістам, які адказны за адпаведную тэматыку? І яшчэ можна пальцы загінаць.

 

Сёння кожны сам сабе СМІ

Дарэчы, калі на тое, дык развагі пра доступ да мэдыяў, гэтая мантра часткі “пятай калоны”, сёння выглядаюць анахранізмам. Цяпер, у анлайнавую эпоху, кожны сам сабе СМІ. Лічы, ва ўсіх арганізацый — свае сайты, у кожнага дзеяча — акаунты ў сацыяльных сетках. Хто вам перашкаджае заткнуць за пояс дурных журналістаў, што пішуць не пра тое і не так? Ужо дзе-дзе, а на сваёй пляцоўцы той ці іншы лідар можа фігураваць у шалёных дозах, даваць інтэрв’ю хоць дзесяць разоў на дзень, паўставаць на фотах у розных ракурсах, як поп-зорка.

Але на тыя асабістыя ці карпаратыўныя сайты народ не прэ як шалёны. Чаму ж публіка не вядзецца, калі ваша дзейнасць настолькі цікавая, вашы ідэі настолькі суперскія, як вы запэўніваеце? Можа, усё ж маюць рацыю тыя змрочныя, цынічныя, непрыступныя рэдактары, што цвердзяць: самасправаздачы нікому не цікавыя, дайце сюжэт, гісторыю, трэба выкладаць прасцей і жывей, рабіць цукерачкі. Карацей, працаваць паводле законаў медыйнага рамяства.

І — увага! — каб прагучаць болей рэзанансна, палітычныя, грамадскія дзеячы ўтаймоўваюць гонар ды шчэмяцца на раскручаныя медыйныя пляцоўкі, што падтрымліваюцца прафесіяналамі.

Удумайцеся: што ў палітыкаў ды грамадскіх дзеячаў, што ў журналістаў — такія самыя з тэхнічнага гледзішча сайты. У чым розніца? Відаць, фішка ў тым, што ў другім выпадку рэсурс ствараецца менавіта паводле прафесійных канонаў. Журналісты ведаюць, як трымаць фармат і баланс. Тое, што СМІ не выконвае ролю рупара, органа, акурат і ёсць ягоным моцным бокам, складнікам папулярнасці.

Так што не трэба схіляць прэсу да ролі абслугі, не трэба імкнуцца яе “выкарыстаць”. Лепей вучыцца пісьменна з ёй узаемадзейнічаць. У грамадскіх арганізацый мусяць быць медыйныя стратэгіі, а лідарам, актывістам, прэс-службам варта авалодваць мастацтвам піяру.

 

Чатыры парады, як спадабацца медыям

І на заканчэнне — некалькі простых парад тым, хто хоча плённа ўзаемадзейнічаць са СМІ.

1. Загадзя інфармуйце рэдакцыі аб меркаваных падзеях. Давайце арыенціры, каардынаты. Рабіце папярэднія прэс-рэлізы.

2. Не вучыце журналістаў, як пісаць, не патрабуйце, каб менавіта ваш пункт погляду ў матэрыяле дамінаваў, бо нармальны прафесіянал заточаны на тое, каб датрымліваць баланс меркаванняў і законы жанру. І не перажывайце, калі нешта супраць шэрсці: нават крытычны піяр — гэта таксама піяр.

3. Не настойвайце, каб з вамі ўзгаднялі інтэрв’ю, цытаванне. Гэта тармозіць працу журналіста, і наступным разам ён проста да вас не звернецца, аддасць перавагу меншаму нудніку. Калі журналіст у нечым не ўпэўнены, ён сам перапытае, пакажа тэкст. Урэшце, дробныя памылкі ў медыях непазбежныя, да іх варта ставіцца па-філасофску. Хіба вы самі ніколі не памыляецеся?

4. Прапануйце сапраўды моцныя інфармацыйныя нагоды, а не тыя, што дзеля птушачкі. Журналістам патрэбна калі не смажанае, то ва ўсякім разе смачнае, сакавітае — не сухамятка. Станьце героем у рэале — і медыі самі пачнуць ганяцца за вамі.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: