ОБ АВТОРЕ

Скончыла філалагічны факультэт па спецыяльнасці "Выкладчык беларускай мовы, літаратуры і рыторыкі” ГрДУ імя Янкі Купалы ў 2009 годзе.

Асновы журналістыкі засвойвала на курсе нефармальнай адукацыі “Школа маладога журналіста-10”, якую арганізуе ГА “Цэнтр інфармацыйнай падтрымкі грамадскіх ініцыятыў “Трэці Сектар”.

Ад 2009 году супрацоўнічае з шэрагам беларускіх СМІ ("Газета Слонімская", "Наша Ніва", "Еўрапейскае радыё для Беларусі", радыё "Свабода",  “Белсат”).

Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў. 

Вы здесь

“Навінавы” лад жыцця

Интервью

Журналіст-навіншчык, як спартовец: не мусіш кожны дзень займаць першыя месцы на спаборніцтвах, але заўжды маеш трымаць сябе ў форме. З якіх СМІ пачынаецца рабочы дзень ў рэдактара інфармацыйнага сайта? З дапамогай якіх падпісак у “Twitter” журналісты трымаюць руку на пульсе падзей? Ці ўдаецца выключыцца з інфармацыйнага шуму пад час адпачынку?

Пра гэта Mediakritika.by паразмаўляла з журналістамі і рэдактарамі беларускіх СМІ. І нашая першая гутарка адбылася з галоўным рэдактарам «Еўрапейскага радыё для Беларусі» Віталём Зыблюком:

“Мой працоўны дзень пачынаецца недзе а 7-й раніцы. Першае, што я раблю, уключаю тэлевізар і гляджу выпускі навін на Euronews і на расійскім канале “Вести 24”. Абавязкова ўключаю беларускія каналы: спачатку “ОНТ” (там кароткі ранішні выпуск), пасля пераключаю на “БТ”, перамотваю ранішні выпуск (у мяне тэлебачанне “Zala”), гляджу, затым вяртаюся на расійскія каналы.

Пакуль гатуецца ежа, ці то з кампутара, ці то з тэлефона, прабягаюся па асноўных падзеях у інтэрнэце. Я гляджу, ці не здарылася чаго гарачага, каб наш дзяжурны гэтага не прапусціў.

На жаль, на многіх беларускіх сайтах, хіба, апроч агенцтваў, а 7-й раніцы цяжка знайсці новы кантэнт (дарэчы, сайт “Еўрарадыё” абнаўляецца з 6-й гадзіны).

У офіс дабіраюся на аўто ці іду пехам. Калі не за рулём, то працягваю сёрфіць з тэлефона. Па дарозе заўсёды слухаю “Еўрарадыё” – з тэлефона ці ў машыне. А 9-й гадзіне, ведаючы, што ў гэты час ідуць інфармацыйныя перадачы на беларускіх FM-станцыях, я уключаю радыё. Праўда, там мала інфармацыі, абмежаваныя крыніцы. Наколькі я ведаю, некаторыя радыёстанцыі не могуць нават БелаПАНам карыстацца.

Адзначу, што ў нашай рэдакцыі працуе каманда. Кожны мае сваю сферу адказнасці: хтосьці маніторыць Белстат, сайты МУС, чыноўнікаў, МНС і гэтак далей. Каля 09.30 я ўжо маю поўную зводку галоўных навін, інфармацыйных нагод, запрашэнняў на прэс-канферэнцыі - фактычна rss-стужка, складзеная нашымі журналістамі.

Мае асноўныя інфармацыйныя агенцтвы – БЕЛТА, БелаПАН, “Інтэрфакс”. Замежныя – BBC, lenta.ru, «РИА Новости», «Коммерсантъ».

Таксама часта праглядаю сайты-лічыльнікі: статыстыку, наведвальнасць, топавыя матэрыялы, папулярныя тэмы.

Нейкімі адмысловымі сэрвісамі ў інтэрнэце не карыстаюся: больш люблю шукаць сам.

У мяне ёсць акаўнты ў Twitter, Facebook, ВКОНТАКТЕ, Google+, Одноклассники. У нас стандарт: кожны журналіст мусіць быць па максімуму ў сацыяльных сетках. Хоць сам я туды пішу мала, больш карыстаюся імі як крыніцай інфармацыі.

Апошні раз я афармляў падпіску на газету “Свободные новости+” у 1990-х гадах. З пачатку 2000-х атрымліваю інфармацыю з інтэрнэта. Купляем на рэдакцыю «Прессбол»: калі нешта адбываецца, там заўжды поўныя выкладкі, табліцы, статысттыка – гэта зручна, каб не лазіць кожны раз у інтэрнэт. Ведаючы, што выходзіць нешта цікавае, перыядычна купляю «Белгазету». Уласна яе і трымаў у руках апошні раз.

Увечары ўключаю кампутар (з-за чаго дома бываюць «скандалы») ці з тэлефона (так менш заўважна) і зноў іду па сайтах. Тады аналізую больш са «спажывецкага» пунтку гледжання: што больш, што менш чыталася, чаму той матэрыял не спрацаваў, чаму спрацаваў матэрыял «Камсамольскай праўды ў Беларусі» ці naviny.by і гэтак далей.

Таксама, калі не паспеў прачытаць штосьці цягам дня, пакідаю гэта на вечар. На працы заўжды цякучка, нейкія аператыўныя пытанні – немагчыма атрымаць асалоду ад добрага тэксту, у якім будзе схавана шмат іншых цікавых тэм. Ну, і пачынаю выбудоўваць для сябе карціну наступнага дня.

У адпачынку я таксама штодзень чытаю ўсе свае крыніцы інфармацыі, хоць не так інтэнсіўна: толькі з раніцы і ў вечары.

Я – сава, і жыццёвая энергія пачынае з мяне ісці пад вечар. Гэта не значыць, што ўдзень я нічога не раблю. У момант, калі я ўжо мушу стаміцца ад інфармацыі, у мяне наадварот адкрываецца другое дыханне. Таму я і з працы сыходжу даволі позна.

Некаторыя сябры з мяне жартуюць: «Мы табе не зайздросцім. Мы можам выбіраць, што чытаць і ці чытаць увогуле. Ты мусіш кожны дзень чытаць усё». Як у кожнага журналіста і рэдактара, у мяне сапраўды няма выбару: трэба ведаць і разумець усё.

Усё роўна людзей цікавіць інфармацыя. Нават калі сустракаешся з сябрамі з мэтай расслабіцца, пачынаецца: «А я там прачытаў тое, а я прачытаў тое». З іншага боку, мой сябар не можа выключыцца і перастаць вадзіць цягнікі ці спяваць у рэстаране: гэта яго праца, а гэта мая праца.

Кніжка добра дапамагае. Зараз акурат запрашалі Марціновіча да нас у студыю – чытаў ягоны «Сфагнум».

Чытайце наступным разам, дзе шукае інфармацыю намеснік галоўнага рэдактара "Нашай Нівы" Зміцер Панкавец.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: