ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

“Кейс Алексіевіч”: ніхт ферштэйн

В фокусе

“С.Алексіевіч развіталася з беларускай культурай?” — пад такім загалоўкам на сайце “Радыё Свабода” ў мінулую суботу з’явілася нататка пра выказванне пісьменніцы наконт беларускай мовы ў інтэрв’ю “Франкфуртэр альгемайнэ цайтунг”. Выказванне з гледзішча абаронцаў беларушчыны — скандальнае: «Так, я пішу толькі па-руску і таксама лічу сябе прадстаўніцай рускай культуры. Беларуская мова вельмі вясковая і літаратурна няспелая».

Пазней тая самая гіперспасылка стала выводзіць на матэрыял з прынцыпова іншым загалоўкам: “Алексіевіч: ад беларускай культуры я не адмаўлялася!”.

 

Цяжкасці перакладу

Што да розніцы ў змесце, то фактычна першапачатковы варыянт дапоўнены трактоўкай самой пісьменніцы.

“Вядома ж, я такога не казала. Тут той выпадак, калі на тэкст і дух інтэрв’ю наклалася асоба чалавека, які яго рабіў. Са мной гаварыла маскоўская карэспандэнтка газеты, магчыма, яе расійская мова была недасканалая, магчыма, яна падала там нешта так, як бы сама хацела гэта пачуць”, — патлумачыла Алексіевіч, запэўніўшы, што ніколі не ўважала і не ўважае беларускую мову за адсталую ды няспелую.

Ладная частка расхваляванай публікі на форумах ды ў сацыяльных сетках не верыць у шчырасць гэтых запэўніванняў. Тым болей што і некаторыя ранейшыя выказванні рускамоўнай пісьменніцы тутэйшага паходжання былі не надта паважлівымі да беларушчыны з гледзішча тых, хто хварэе за яе душой.

Аднак прэзумпцыя ёсць прэзумпцыя. Тут трэба або ладзіць далейшае расследаванне, выцягваючы тлумачэнні ўжо з маскоўскай карэспандэнткі FAZ, або трымацца версіі, што Святлану Алексіевіч у нямецкім выданні працытавалі недакладна.

 

Бомба і рэабілітацыя

І можна было б закрыць тэму, калі б не часавы лаг між першым і другім варыянтамі тэксту на сайце “Свабоды”. На мой погляд, тут варта казаць пра калізію этычнага кшталту.

З аднаго боку, анлайн вымагае стрэліць сенсацыяй як мага хутчэй, апярэдзіць іншых. З іншага боку, у загаловак вынесена вострае пытанне, якое тычыцца іміджу публічнай асобы. Журналіст не можа не асэнсоўваць, што гэта бомба. Ці можа, акурат на тое і разлік?

У выніку да Алексіевіч датэлефанаваліся і пытанне нібыта знялі ў станоўчым для яе ключы. Але ж прайшоў час. І выказванне наконт “вясковай” мовы паспела спарадзіць у сацыяльных сетках шквал абурэння з ужываннем далёка не ласкавых эпітэтаў у дачыненні да знакамітай пісьменніцы.

Звыш таго, першапачатковую нататку з сайта “Свабоды” паспелі перадрукаваць іншыя рэсурсы. Іх чытачы могуць так і не даведацца пра “рэабілітацыю” Алексіевіч. І, строга кажучы, яе рэпутацыі хоцькі-няхоцькі нанесены ўрон.

 

Падвойная калізія анлайну

Такім чынам, традыцыйная этычная калізія журналістыкі (хутчэй ці болей грунтоўна, вычарпальна) абвастрылася спецыфікай анлайну. Калі б падобны матэрыял рыхтаваўся ў нумар афлайнавага выдання, то пэўна б стала часу адразу скампанаваць яго з каментаром гераіні. А ў іншым выпадку не было б апраўданняў: відавочны непрафесіяналізм. Калі ж інфармацыйная плынь ствараецца ў рэжыме рэальнага часу, то ў кожны момант перад журналістам дылема: замалаціць паведамленне найхутчэй або яшчэ трохі давесці да кандыцыі?

Па сабе ведаю, што ў анлайнавай журналістыцы хвіліна прамаруджвання можа страшэнна дэвальваваць матэрыял, ператварыць аўтара з першапраходца тэмы ў эпігона. Таму грызе спакуса паставіць тэкст на сайт, а потым ужо па дробязях дапоўніць ці працягнуць тэму. Разам з тым, прафесіянала ніхто не вызваляе ад класічных цэхавых патрабаванняў: спраўджваць інфармацыю (асабліва выбухную), выслухоўваць розныя бакі канфліктнага сюжэту і г.д.

Я б на месцы рэдактара “Свабоды” ўсё ж прытрымаў той пачатковы варыянт тэксту, пакуль не пачуты каментар з першых вуснаў. Зважаючы хаця б на маштаб асобы. А таксама беручы пад увагу тое, што ў сацыяльных сетках чалавека могуць размазаць па сценцы за 20 хвілін (прыкладаў за апошнія месяцы багата).

Канечне, інтэрв’ю ў FAZ“медычны факт”. Газета салідная. Што тут правяраць? Калі ўжо на тое, дык магчымыя недакладнасці — праблема самога выдання.

Але ж як па мне, дык тут вылазіць яшчэ і праблема чортавага копіпасту/рэрайтынгу, праклён “журналістыкі пры маніторы”. Дамінуе адлюстраванне адлюстравання: яны надрукавалі, а мы падхапілі ды падалі пад сваім соусам. Не адразу і не заўсёды цюкае ў галаву: ёсць жа жывы чалавек.

Маё перакананне: перш чым падпальваць кнот інфармацыйнай бомбы (у гэтым канкрэтным выпадку — запускаць гіпотэзу пра развітанне знакавай асобы з нацыянальнай культурай), не грэх усё ж перагутарыць з першакрыніцай.

 

Audiatur et altera pars

Што да “кейса Алексіевіч”, то там, ва ўсякім разе, відавочнае імкненне рэдакцыі расставіць кропкі над “і”. Даць канкрэтнаму чалавеку, калі хочаце, шанец на апраўданне, абарону свайго імя. Хаця, калі ўжо ўстаўляць свае тры грашы, то тлумачэнне Святланы Алексіевіч, у каторым яна нібыта абвергла скажэнне сваёй думкі, але пры гэтым звяла мову да замілавання вясковымі бабкамі, мяне засмуціла.

Зрэшты, строга кажучы, кропкі расстаўлены яшчэ не ўсе. А раптам закранутая за жывое нямецкая карэспандэнтка выкладзе свае доказы? Таму пакінем гэты сюжэт са шматкроп’ем.

Калі ж браць кейс “Еўцяхееў vs Бяспалаў”, што разбірала нядаўна камісія па этыцы БАЖ, то ў той гісторыі асобныя рэдакцыі нават не грузіліся старажытным правілам “Выслухай і іншы бок”, тупа вывальвалі на сайт кампрамат. А хто-кольвек даваў “кампрамат на кампрамат”, уважаючы гэта за трыумф плюралізму, справядлівасці ды прафесійнага падыходу. Хоць прафесійнасць там і не начавала.

Калі ўжо бярэшся за такі неадназначны сюжэт, дык ладзь сапраўднае расследаванне па ўсіх правілах жанру! Хаця найперш варта ўзважыць, наколькі ўвогуле варты медыйнага рэзанансу нейкі чарговы дробны канфлікт у так званым дэмлагеры, калі высокімі матэрыямі і не патыхае, затое кожны бок з асалодай трасе бруднай бязлізнай супастата.

Асабіста я цалкам салідарны з рэкамендацыяй камісіі медыям не ўцягвацца ў такога кшталту спрэчкі, “не накіраваныя на вырашэнне сур’ёзных праблемаў”.

А вось мова — гэта сапраўды балючая праблема нацыянальнага маштабу. Таму, кранаючы яе ў любым ракурсе, варта дзейнічаць з медычнай абачлівасцю.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: