ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Ці патрэбен медыям закон пра “ёпрст”?

У братняй Расіі выхоўваць медыі ўзяўся Раскамнагляд, якому даручана сачыць за выкананнем свежага закона аб забароне нецэнзуршчыны ў СМІ. На думку тамтэйшай творчай публікі, ад дубовага нарматыўнага акта болей шкоды, чым карысці. А ці актуальная для Беларусі праблема абсцэннай лексікі ў медыях?

Якой-якой лексікі, пытаецеся вы. Не палохайцеся: абсцэнныя словы — так навукоўцы называюць мат. Дык вось: ці патрэбен нам падобны закон? І што будзе, калі тутэйшыя ўлады, якія шмат у чым малпуюць Маскву (адно завісанне ў летнім часе чаго вартае!), пойдуць на такі крок?

 

Чыноўніку толькі развяжы рукі

Свежая навіна: Раскамнагляд забараніў тры публікацыі “Ленты.Ру”. Выкапалі ж! Хаця праз даўніну адшукаць іх можна было толькі адмыслова ў архіве, прычым у адным выпадку вялося пра гутарку з філолагам аб паходжанні рускага мату, у другім — пра відэа з месца падзення чалябінскага метэарыта, у трэцім — пра публікацыю аб пратэстнай акцыі пад дэвізам Ідзіце на *** са сваёй рэгістрацыяй.

Усе кейсы як мінімум спрэчныя. Ведаючы ж звычку беларускіх улад любую навацыю заточваць супраць “нячэсных”, можна прагназаваць, што калі ў нас дадумаюцца прыняць аналагічны дакумент, то правапрымяненне найхутчэй што акажацца цалкам рэпрэсіўным.

Аднак жа не заплюшчыш вочы на тое, што, ва ўсякім разе, у байнэце, калі браць карыстальніцкі кантэнт (форумы, блогі), плынь хамства, абразаў са шчодрым ужываннем брыдкаслоўя аж зашкальвае. Нават фільтры-аўтаматы не ўратоўваюць (дарэчы, на расійскіх форумах сцябаюцца, што тупыя машыны баняць словы кшталту “щебет”). Пры жаданні моцны выраз няцяжка трошкі закамуфляваць. Некаторыя ж медыі змесцівам карыстальніцкага кантэнту зусім не пераймаюцца. Абы наведванне расло.

І ўсё ж, на думку медыйнага эксперта Паўлюка Быкоўскага, у нас пільнай патрэбы ў нарматыўным акце супраць мату ў медыях няма. У Беларусі сам закон аб СМІ ды практыка яго прымянення дастаткова дысцыплінуюць рэдакцыі, журналістаў, зазначыў аналітык у каментары для Mediakritika.by. Акрамя таго, “не вельмі распаўсюджаны жывы эфір, пры наўпроставых трансляцыях дапускаецца мала тэлефанаванняў, часцей зачытваюць эсэмэскі”, адзначае суразмоўца. То бок зводзіцца да мінімуму сама імавернасць лаянкі ў рэжыме рэальнага часу. Перадачы ж, што ідуць у запісу, старанна рэдагуюцца.

Ну а што рабіць, калі нехта мацюкаецца на выстаўленым у інтэрнэт-СМІ відэа з месца здарэння? У такіх выпадках рэдакцыі мусяць прымаць рашэнне, беручы пад увагу грамадскую значнасць падзеі, мяркуе аналітык. Увогуле, на ягоную думку, вялікае значэнне мае пачуццё меры, густ тых, хто стварае рэсурс. Асабліва ў звязку з тым, што існуе плынь андэграунднай культуры, прадстаўнікі якой могуць ужываць і далёка не парламенцкую лексіку.

Па вялікім жа рахунку, рэзюмуе Быкоўскі, для інтэрнэту не трэба выдумляць асаблівых законаў, бо на яго распаўсюджваецца дзеянне адміністрацыйнага ды крымінальнага кодэксаў, паводле якіх можна прыцягнуць да адказнасці, напрыклад, за абразу. Тым болей што рыхтуецца закон, які дасць магчымасць заверыць скрыншот у натарыуса.

 

“Не медыі караць, а людзей адукоўваць”

Беларусі закон супраць лаянкі у медыях не патрэбны, перакананы блогер, журналіст і пісьменнік Віктар Марціновіч, чый новы раман “Сфагнум” перасыпаны табуяванымі выразамі персанажаў.

У каментары для Mediakritika.by Марціновіч зазначыў, што быў вельмі здзіўлены моцнай крытыкай “Сфагнума” за тое, што ягоныя героі, маўляў, зашмат мацюкаюцца — “гэта пры тым, што яны паходзяць з сацыяльнага нізу і на мове Шэкспіра ну ніяк размаўляць не маглі”.

“Беларускае грамадства і так ужо занадта цнатлівае, што тычыцца моўнай чысціні, — мяркуе суразмоўца. — Здаецца, нам трэба пераадольваць моўную цнатлівасць, набліжаць пісаную мову да мовы жыцця”.

Ну добра, белетрыстыка — гэта асаблівая рэч, добрыя кніжкі з разняволенай мовай асэнсавана купляе адносна вузкі слой прасунутай публікі. А як быць са СМІ, напрыклад тэлебачаннем, інтэрнэт-рэсурсамі? У гэтым выпадку і дзеці могуць як двойчы два пачуць, прачытаць непрыстойнасці.

Віктар Марціновіч і тут праблемы не бачыць. Ён адначае, што на беларускім ТБ гавораць цалкам “канвенцыйнай мовай”, праблема ж у іншым — у невысокай культуры, шэрасці вядоўцаў, журналістаў ды шмат каго з іх суразмоўцаў. Марціновіч шкадуе, што ў нашых медыях практычна няма неардынарных асоб з разняволеным стылем выказвання кшталту Умберта Эка ды Славоя Жыжака.

Не падзяляе суразмоўца Mediakritika.by і прынцып адказнасці інтэрнэт-медыяў за карыстальніцкі кантэнт. “У сеціве мы маем тую мову, на якой размаўляе большасць, — мяркуе Марціновіч. — Трэба не медыі караць, а людзей адукоўваць”. Жорсткая ж мадэрацыя, на думку блогера, прывядзе толькі да таго, што карыстальнікі будуць сыходзіць на тыя форумы, да якіх не дапяла цэнзура.

Я таксама не аматар карных захадаў. Аднак хацеў бы ўваткнуць тры грашы пра магчымасці медыйнага самарэгулявання. Дарэчы, у развітых дэмакратыях, якія мы прывыклі падаваць раем для свабоды выказвання, самарэгуляцыя медыяў працуе значна мацней, чым у нас.

Так, фінская Рада ў пытаннях СМІ у адмысловай інструкцыі распісала па пунктах, як супрацоўнікам вэб-рэдакцый працаваць з карыстальніцкім кантэнтам. Падобныя рэгламенты распрацаваны і ў іншых краінах. Сэнс у тым, што інтэрнэт-медыі ўсё ж мусяць, хай сабе і мякка, “фільтраваць базар”, беручы пад увагу закон ды грамадскую мараль.

Самарэгуляцыя, уключна з памяркоўнай мадэрацыяй, на мой погляд, акурат і здольная быць адным са сродкаў адукавання грамады, што сёння ламанулася ў нэт, не пазбавіўшыся ў значнай сваёй частцы калгасных замашак. Хамская вербальная расперазанасць — гэта зусім не свабода выказвання. І лепей, каб сеціўную культуру прасоўвалі мы самі, чым прыдзе з тупой сякерай чыноўнік.

 

Дык каго “нахіляць”?

Дарэчы, і смех і грэх: пераліку “кепскіх” слоў расійскія ўлады не далі (бо іначай, калі разабрацца, самі падпалі б пад свае астранамічныя штрафы). Разам з тым, у рэкамендацыях Раскамнагляду фігуруюць красамоўныя скароты “х..., п..., е..., б...”, а таксама  зазначаецца, што, у дадатак да чатырох “мацерных каранёў” ды іх вытворных, медыям забаронена ўжываць груба-прастамоўныя словы і выразы, што фармальна не ёсць нецэнзурнымі.

Вось тут ужо, дакладу я вам, поўная свабода рук для чыноўнікаў, што наглядаюць за СМІ! І крый божа, каб такое палажэнне ўвялі ў нас. Бо тады можна браць за жэбры тых прадстаўнікоў аўтарскай журналістыкі, якія не шкадуюць сакавітай экспрэсіі, крытыкуючы ўладу.

Вось і я нядаўна напісаў у артыкуле на Naviny.by, што праявы вулічнай актыўнасці адразу выклікаюць у кіроўнай вярхоўкі мандраж. Дай волю цэрберам пры пасадах — яны прысцябаюцца фармальна не за крытыку, што чапляе начальства насамрэч, а за гэты фрывольны “мандраж”.

Між тым для мяне відавочна: грубасць, бескультур’е, неадукаванасць, што так і пруць з тутэйшых уладных дзеячаў, часта вымагаюць менавіта зніжанага, сцёбнага стылю, хвосткіх сатырычных характарыстык. Нашы функцыянеры — не святарныя каровы. Іх любімыя леніны-сталіны, між іншым, у дачыненні да царызму і сусветнага імперыялізму выразаў не выбіралі.

Самае ж смешнае, што вульгарызмамі, крымінальным сленгам (хрэстаматыўнае “нахіліць” патыхае зонай) прасякнуты пасажы самі-ведаеце-каго. Так што скончым артыкул гумарыстычна-аптымістычным прагнозам: айчыннай медыйнай сферы закон аб забароне лаянкі наўрад ці пагражае, бо тады давядзецца баніць ледзь ці не ўвесь афіцыёз.

Оценить материал:
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: