ОБ АВТОРЕ

Нарадзіўся ў 1986 годзе ў Менску. Скончыў Беларускі гуманітарны ліцэй імя Я.Коласа, Беларускі калегіюм, журфак БДУ.

Сябар Беларускай асацыяцыі журналістаў (2002), Саюзу беларускіх пісьменнікаў (2006), Беларускага ПЭН-цэнтру (2008).

Працуе журналістам ад 2000 года. 2004-2008 –  "Камсамольская праўда" ў Беларусі", 2009-2011 – "Звязда".

Цяпер – фрылансер, выкладчык Школы маладога журналіста, блогер (labadzenka.by)

Фота Джона Кунстадтэра

Вы здесь

Як “калега” развёў мяне на 600 кіламетраў

Рыхтуючыся да чарговай экспедыцыі “У пошуках Цмока”, збіраў інфармацыю пра крэмневыя штольні (шахты) пад Ваўкавыскам. Іх наяўнасць – вядомы факт. Шахты неаднойчы даследвалі археолагі, знайшлі там шмат артэфактаў, а самі штольні надзейна закаркавалі для будучых даследчыкаў ці турыстаў.

Найбольш мяне цікавіла пытанне: ці можна ўсунуць нос туды ўсярэдзіну? Натуральна, адкаркоўваць гісторыка-культурную каштоўнасць мы не збіраліся – аднак у “гатовую” дзірку ўлезці былі гатовыя. Прагугліўшы – знаходжу падарунак лёсу! Аказваецца, дарожку мне туды ўжо праклаў калега-журналіст адной вядомай газеты (з этычных меркаванняў абмяжуюся такой фармулёўкай). У артыкуле – інфармацыя пра шахты. А вось – і фоткі з-пад зямлі! Фоткі, ад якіх можна закачацца: шахты там такія, што хоць на джыпах катайся. Каня! У дарогу!..

Праз рэдактара той газеты стаў шукаць аўтара артыкула, каб высветліць, дзе там канкрэтна ўваход. Выявілася, што чалавек у іх ужо не працуе, але кантакт ягоны далі.

Набіраю. Калега, назавем яго Дзяніс Т., спачатку крыху бянтэжыцца, а потым тлумачыць: яго туды вадзіў мясцовы жыхар, у якога хобі – археалогія. Але той жыхар укаціў на заробкі ў Венесуэлу, а самому яму проста памяць адняло, дзе той уваход.

Але, пераконвае мяне Дзяніс Т., калі я прыеду на месца, то не ўбачыць уваход будзе проста немагчыма. Паслухаем самога Дзяніса Т. Голас моцна зменены намі.

Цікаўлюся акалічнасцямі: які там уваход, ці небяспечна спускацца, што трэба мець пры сабе? Дзяніс Т. пачынае мяне палохаць, што без належнай амуніцыі рызыкую проста звярнуць сабе шыю!

Пры канцы размовы “калега” зноў ушчувае мяне, каб без альпінісцкага рыштунку я і не думаў туды савацца!

Што ж! Мэты звярнуць шыю “дезля некалькіх радкоў у газеце” няма. Тэлефаную знанаму спелеолагу і фатографу Віталю Раковічу. Пра шахты Віталь ведае, але ні ён, ні ягоныя паплечнікі там не былі. І Віталь ніколі не чуў, каб туды можна было спусціцца.

Ну, думаю, сенсацыя на носе! Нават спелеолагаў, стрэляных перцаў, здзівім рэпартажам! Кіруюся на іншы канец горада да спадара Раковіча, які ласкава пагадзіўся пазычыць рыштунак.

…Трос 20 метраў на 2 тоны, 6 французскіх карабінаў, каска, яшчэ адзін трос… Цяпер я умею вязаць вузел васьмёркай і ведаю, як аднаму чалавеку страхаваць другога пры спусканні пад зямлю… Карацей, да бою гатовы!..

…Да Ваўкавыска 270 кіламетраў, да шахтаў яшчэ добрых 25. Першы званочак пра няладнае зазвінеў, як толькі мы выйшлі на запаветную паляну. Яна была парослая кустамі і маладымі дрэвамі. А на здымку Дзяніса Т. за “кастрычнік 2012 года” палянка глядзелася чыстай як дупка немаўляці. Наш экскурсавод, мясцовы гісторык, выказаў меркаванне, што здымкі могуць адносіцца да 2008 года, калі тут праводзіў талаку знаны археолаг Міхась Чарняўскі. Пасля той талакі палянка сапраўды глядзелася як поле для гольфа.

Упяцёх мы шукалі ўваход з гадзіну. Марна! Нарэшце вырашаю набраць Дзянісу Т. па кансультацыю. Размова нашая была кароткай: у мяне сустрэча, не турбуйце! Зрэшты, паслухайце самі.

Карацей, уваходу пад зямлю мы не тое, што не знайшлі, але магу на 95% сцвярджаць, што яго няма. Што матэрыял той – выдумка, містыфікацыя, “фальшыўка, сфабрыкованая ў Польшчы”! Навошта? Немаведама.

Усё гэта пацвердзілася па прыездзе дахаты. Калі я, негадуючы ад непатраплення ў шахты, узяў першую лепшую фотку з таго артыкула Дзяніса Т. і ўвёў у пошук Гугла па здымках. Першая ж спасылка – на сайт, адкуль Дзяніс Т. “пазычыў” гэтыя здымкі. Высвятляецца, што ўсе да адной выявы “з шахтаў” – даволі вядомыя фота блогера mishainik з закінутых руднікоў Урала. То бок, шаноўны фальсіфікатар нават не скампіляваў свой “фотарэпартаж” з некалькіх крыніц, а цалкам скраў з аднаго сайта, унахабную абрэзаўшы тэгі са здымкаў!

Паведамляю пра гэта шаноўнаму рэдактару той газеты, дзе размясціў сваю фальшыўку Дзяніс Т. Чую ў адказ: “Значыцца, правільна зрабіў, што не пакінуў яго ў рэдакцыі. З кадрамі цяпер не вельмі ў Беларусі...” Матэрыял быў тут жа прыбраны з сайта.

Якія высновы з гэтай павучальнай гісторыі і чаму я, як альпійскае цялятка, папаўся на вуду гэтага манюкі?

1.     І ў думках не было, што “калега” зможа вось так нахабна падмануць пры асабістай размове! Варыянтаў выкруціцца было тысячу! Ну, сказаў бы, што гэта не твае фоткі і ўвогуле сам ты там не быў, а напісаў са словаў іншага, каб ганарар атрымаць!..

2.     Іншая выснова – наколькі неабароненыя рэдактары і СМІ ад такіх вось нядобрасумленных людзей! Праверыць гэтую інфармацыю і “адлавіць” падман было нялёгка! Бо ўсе краязнаўцы, фатографы, мясцовыя жыхары і спелеолагі, з якімі я гутарыў, казалі: “Гэта глядзіцца неверагодна! Няўжо там сапраўды такое ёсць?! Як гэта мы не былі і не бачылі?!” То бок, кожны дапускаў верагоднасць, што нейкі спрытны піянер сапраўды ўлез у тыя шахты. І толькі археолаг, які валодаў тэмай, сказаў, што дыяметр нашых шахтаў – супастаўны з чалавечым ростам. А на фота – хоць ты на майбаху ганяй!

З размовы з Дзянісам Т. я зразумеў, што цяпер ён не працуе па прафесіі, а сышоў на нейкае прадпрыемства. Але колькі такіх дзянісаў дагэтуль круцяцца вакол рэдакцый, ставячы пад удар, а магчыма і пад суд, рэпутацыю шаноўных рэдактараў і СМІ?..

На галоўным фота: Мог бы наплесці вам, што зрабіў гэтую фотку ў шахтах пад Ваўкавыскам. Але прызнаюся: знята ў адзінай у Беларусі пячоры на возеры Гінькава пад Глыбокім. Фота Аляксандра Ждановіча. 

Фота ў тэксце: Паколькі гугл захаваў кэш таго артыкула са скрадзенымі фота, мы пастараліся максімальна "замаскаваць" скрыншоты, каб не кідаць цень на калегаў, якія самі аказаліся пацярпелымі.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: