ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Заступлюся за рэдактараў-кансерватараў

В фокусе

Пакуль Руслан Мірзоеў парыцца на нарах, ягоны феномен разбіраюць па костачках медыйныя ды грамадскія аўтарытэты.

Пакаранне тыднёвым арыштам аўтара нашумелых жорсткіх ролікаў пра будні МАЗа ды спальнага раёна Мінска апрыёры выклікала хвалю спагады з боку прагрэсіўнай інтэрнэт-публікі. Гэтакая ж натуральная і трывога за лёс адносна вольнай пакуль што пляцоўкі для выказвання — байнэту. Калі ўлады, асабліва “органы”, і надалей будуць займацца “санацыяй” сеціва з такім імпэтам, як апошнім часам, то многім пазатыкаюць раты.

Аднак гэты сюжэт падштурхоўвае, у прыватнасці, і да дыскусіі аб прафесійных крытэрах медыйнай працы.

 

У вышуку грамадзянін Маякоўскі…

Відавочна, што Мірзоеў — хлопец таленавіты, смелы, наступіў на мазоль начальнікам, і на яго банальна “наехалі”. Здаецца, упершыню праваахоўнікі і дзяржаўныя медыі нават не ўтойвалі, што артыкул за лаянку ў грамадскім месцы аўтару скандальных ролікаў прышылі белымі ніткамі. Насамрэч гэта ўрок, каб іншым выкрывальнікам-аматарам непанадна было выносіць смецце з хаты, псаваць прапагандысцкую карцінку квітнеючай Беларусі.

Менавіта такую выснову робіць, у прыватнасці, Зміцер Галко ў артыкуле “Справа Мірзоева: дзяржава ў барацьбе за “прывабнае абліча” на Mediakritika.by. Разам з тым, аўтар, сам вядомы блогер, трактуе ролікі Мірзоева як адзін з нешматлікіх узораў грамадзянскай журналістыкі, з выкарыстаннем якой “не клеіцца” у рэдактараў айчынных недзяржаўных медыяў.

“User-generated content (карыстальніцкі кантэнт) складае мізэрную долю матэрыялаў, што друкуюцца, — зазначае Зміцер Галко. — Не бяруся меркаваць, што таму больш віной, — кансерватызм рэдактараў ці чытацкай аўдыторыі, але як ёсць, так ёсць”.

І вось тут хочацца разабрацца болей грунтоўна.

Па-першае, некарэктна атаясамліваць карыстальніцкі кантэнт з грамадзянскай журналістыкай. Бо хвасты каментаў пад некаторымі артыкуламі значна даўжэйшыя за самі тэксты і нярэдка іх проста забіваюць (ва ўсіх сэнсах), так што казаць пра мізэрную долю не выпадае. Але ж там і не патыхае грамадзянскай журналістыкай, а пануюць тролінг ды хамства.

Па-другое, што такое ўвогуле грамадзянская журналістыка? Ці можна прылічваць да яе любы выстаўлены ў публічны доступ твор аматара-нонканфарміста?

Медыйны аналітык Паўлюк Быкоўскі ў каментары для Mediakritika.by выказаў сумнеў у тым, што ролікі Мірзоева можна назваць грамадзянскай журналістыкай, — у прыватнасці, праз прысутнасць у іх элементаў маніпуляцыі, у выніку чаго цяжка адрозніць рэальнае ад інсцэніраванага.

“Гэта можа нагадваць прыклады прапагандысцкіх матэрыялаў, якія ёсць на тэлебачанні”, — кажа эксперт. І згадвае, у прыватнасці, папулярную некалі праграму “600 секундаў” расійскага праўладнага тэлевізійніка Аляксандра Няўзорава.

Хтосьці схільны разглядаць ролікі Мірзоева хутчэй як творы нонканфармісцкай, андэграунднай культуры (ці контркультуры?). Тады болей лагічна праводзіць паралель з творчасцю груп кшталту “Ляпіса Трубецкога”. Гэта асобная з’ява, і ў мастацтве, дарэчы, табуяваную лексіку варта ацэньваць па іншых канонах, чым у побыце ды СМІ. Іначай праваахоўнікі хутка будуць лавіць грамадзяніна Маякоўскага за радок “Я лучше в баре бл…м буду подавать ананасную воду”: дыскрэдытацыя грамадскага харчавання і барацьбы з прастытуцыяй!

 

Ці можа быць грамадзянская хірургія?

Далей я абстрагуюся ад справы Мірзоева і буду разважаць пра грамадзянскую журналістыку як такую. Сёння модна пра яе гаварыць, пры тым што роскід саміх ўяўленняў аб прадмеце неймаверны. Некаторыя ўвогуле сумняюцца, што яна існуе. Іншыя разглядаюць яе як розум, гонар і сумленне нашай эпохі.

Некалькі гадоў таму была эйфарыя з нагоды з’яўлення гэтага феномену. Мяркую, тых, хто пляскаў ў ладкі, проста дастала банальнасць, стэрэатыпнасць падыходаў ды стылю многіх традыцыйных СМІ.

Аднак прагноз, што таленавітыя аматары, гэтыя галодныя ваўкі-адзіночкі, заткнуць за пояс загрузлых у ляноце ды канфармізме профі-журналюгаў, не спраўджваецца і, я ўпэўнены, не спраўдзіцца.

Па-першае, новая канкурэнцыя добра дала па мазгах паўсонным газетным рамеснікам. Яны заварушыліся, сталі шукаць інфармацыйныя нагоды, сюжэты, калізіі ў блогах ды сацыяльных сетках, пераймаць разняволеную манеру пісьма, дадалі драйву ў свае тэксты. Па-другое, грамадзянская журналістыка паказала і свае хібы, сваю абмежаванасць.

Некаторыя профі саркастычна пытаюць: а ці можа быць грамадзянская стаматалогія, грамадзянская хірургія?

Ва ўсякім разе, калі і ёсць ніша для грамадзянскай журналістыкі, то яна даволі сціплая. Паўнавартасных, самадастатковых твораў у гэтым жанры — кот наплакаў. Астатняе — сыравіна. Не ўсюды можа дапяць прафесійны рэпарцёр. І таму, напрыклад, аўтарытэтныя тэлеканалы выкарыстоўваюць відэа з мабільнікаў, зробленае асобамі, блізкімі да антыўрадавых сіл у Сірыі, але з агаворкай: паведамленні пра змест сюжэтаў не спраўджаны з незалежных крыніц. І сапраўды, такія саматужныя мультымедыйныя матэрыялы — той выпадак, калі цяжка разабрацца, ці ён кажух украў, ці ў яго ўкралі.

 

Калі можна ўсё, то пра якасць лепей не заікацца

Выразна бачна, што беларускія анлайнавыя рэсурсы падзяліліся ў падыходзе да карыстальніцкага кантэнту. “Салідарнасць”, напрыклад, прынцыпова абыходзіцца без форумаў, блогерскіх рубрык. Шэраг інтэрнэт-СМІ відавочна мадэруюць такі кантэнт. На некаторых жа пляцоўках можа стаць блогерам і жук і жаба.

Пасля чыткі асобных опусаў, асабліва пад нікамі, хочацца двойчы вымыць рукі з мылам. Паліванне нечыстотамі, асабліва распаўсюджанае ў палітызаванай сеціўнай тусоўцы, — гэта і ёсць грамадзянская журналістыка? І кіраўнікі рэсурсаў, ад якіх нясе водарам сапсаванай каналізацыі, сур’ёзна ўважаюць сябе за падзвіжнікаў свабоды слова?

На гэтым тле хочацца абараніць рэдактараў-“кансерватараў”, што вельмі асцярожна ставяцца да аматарскага кантэнту і наўрад ці разгоняцца ставіць на свае сайты, у прыватнасці, матэрыялы з табуяванай лексікай, няспраўджанай фактурай і здымкамі асоб без іх згоды.

І не толькі таму, што можна трапіць пад суд. Проста ёсць прафесійныя патрабаванні да імавернасці, каноны журналісцкай этыкі. І калі гаворка ідзе пра адказныя медыі, то гэтыя прынцыпы мусяць распаўсюджвацца на ўсю рэдакцыйную палітыку.

Дарэчы, моцныя блогеры нярэдка атрымліваюць прапановы аб сталай працы ці супрацы ад СМІ і пачынаюць так ці іначай дзейнічаць у рэчышчы іх рэдакцыйнай палітыкі. Пра што сведчыць досвед самога Змітра Галка. Мірзоева нібыта хацелі паглядзець на ролю вядоўцы нейкага шоў на расійскім канале. Калі дойдзе да справы, то людзі з канала пэўна ж патлумачаць, што можна, а што не вітаецца. І гэта нармальна. Тым прафесійныя СМІ і адрозніваюцца, скажам, ад сацыяльных сетак, дзе нібыта можна ўсё, але пра якасць змесціва лепей не заікацца.

Пры гэтым сёння, у эпоху вэбу 2.0, анлайнавыя СМІ не могуць абысціся без карыстальніцкага кантэнту, адзначыў у каментары для Mediakritika.by намеснік старшыні БАЖ юрыст Андрэй Бастунец. Аднак, мяркуе ён, і датычна такога кантэнту рэдактары мусяць датрымліваць аўтарскае права, патрабаванні прафесійных этычных кодэксаў.

Суразмоўца нагадаў выснову камісіі па этыцы БАЖ датычна кейса “Кузняцоў супраць Пазьняка”. Яе сутнасць такая: усе матэрыялы на старонках СМІ мусяць адпавядаць патрабаванням заканадаўства і прынцыпам журналісцкай этыкі, нават калі гаворка ідзе, у прыватнасці, пра блогерскія допісы.

 

Стандарт — і вораг, і козыр СМІ

Такім чынам, праца з карыстальніцкім кантэнтам — гэта выклік для медыяў. Бо калі слабаватыя творы маладога рэдакцыйнага супрацоўніка мэтры іншым разам разрабляюць як бог чарапаху, то неяк недарэчна выпраўляць тэксты блогераў, лезці з нажніцамі ў ролікі аўтараў-аматараў. Перакрэсліваецца ўвесь шарм моднага феномену. Але і глядзець скрозь пальцы на пэўныя рэчы за мяжою фолу рэдакцыя, што шануе сваю рэпутацыю, не можа сабе дазволіць.

З аднаго боку, адзначае Паўлюк Быкоўскі, прафесійным медыям цяжка адмовіцца ад таго кантэнту, што ствараюць нежурналісты, бо цяпер існуе наўпроставая канкурэнцыя — у сацыяльных сетках, на іншых рэсурсах. З іншага боку — “якасць журналісцкіх матэрыялаў моцна адрознівае іх ад аматарскіх”, бо аматары часта не ведаюць адмысловага “журналісцкага штукарства”.

У выніку, напрыклад, буйныя парталы мэтанакіравана “правакуюць публіку выказвацца, прапаноўваць свой кантэнт”, але разам з тым — зведваюць цяжкасці, каб “адабраць тое, што ёсць праўдзівым і насамрэч цікавым”, кажа эксперт.

Ён адзначае, што з беларускіх парталаў актыўна выкарыстоўвае карыстальніцкі кантэнт TUT.BY, але разам з тым гэта робяць там “з вялікай перасцярогай, пераправяраюць”. На думку Быкоўскага, ў гэтым кірунку варта рухацца і іншым рэдакцыям.

Андрэй Бастунец, у сваю чаргу, падкрэслівае: калі мы маем на ўвазе адказныя медыі, то ім варта хутчэй адмяжоўвацца ад жаўцізны, чым пераймаць у аўтараў-аматараў прыёмы, што знаходзяцца па-за межамі этычных стандартаў.

Сапраўды, прафесійная журналістыка, з аднаго боку, пакутуе ад стандартызаванасці, але з іншага, як ні парадаксальна, акурат і моцная, каштоўная датрыманнем шэрагу стандартаў. Яшчэ болей, менавіта ў гэтым яе шанец на выжыванне, яе перспектыва.

Чым болей будзе ў кожнага магчымасцяў запосціць нешта адным пальцам на сусветную аўдыторыю, чым мацней будуць віраваць плыні нерэдагаванага кантэнту, уключна з лухтой, дэзай, паклёпамі, — тым болей будуць цаніцца аўтарытэтныя рэсурсы з выразнай рэдакцыйнай палітыкай, што прапануюць якасны кантэнт.

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: