ОБ АВТОРЕ

Нарадзіўся ў 1986 годзе ў Мінску.

Аспірант Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры. Вывучае малыя жанры беларускага фальклору.

ЕЩЕ МАТЕРИАЛЫ ЭТОГО АВТОРА

    Материалы отсутствуют

Вы здесь

Ці патрэбны нам імунітэт да серыялаў?

“Кожнае нованароджанае дзіця да шасці месяцаў у сваёй крыві ўтрымлівае антыцелы сваёй маці” – вучыў мяне выкладчык “асноваў медыцынскіх ведаў”. У першыя паўгода жыцця немаўля мае імунітэт дарослага чалавека. А пасля мама мусіць рыхтавацца да першай хвалі верагодных дзіцячых хвароб.

Насамрэч, у кожнага дзіцёнка, думаецца мне, ёсць яшчэ адзін імунітэт, які страчваецца толькі ў падлеткавым узросце. Няцяжка здагадацца, што ён не фізічны, а маральны. І падштурхнуў мяне да такой думкі апублікаваны  не tut.by артыкул Веры Сігаравай пра папулярныя ў 90-я гады лаціна- і паўночнаамерыканскія серыялы. “Як такія бязглуздыя і прымітыўныя сюжэты маглі падабацца”? – спытаюць сучасныя маладыя людзі. Але не будзем забываць: гэта быў галодна-дэфіцытны час пасля перабудовы, а серыялы давалі магчымасць датыкнуцца да прыгожага жыцця.

Безумоўна, было і гэта, але назваць адзінай прычынай беднасць я бы перасцярогся. Азнаёміўшыся з цыклам Нортанаўскіх лекцый Умбэрта Эка, прысвечаным ролі чытача ў суаўтарстве літаратурнага твора, пачаў разважаць у нечаканым для сабе накірунку.

“Дапусцім, адзін і той жа мастацкі твор у прачытанні двух розных людзей – гэта два розныя творы. Можа, і крытэрый мастацкай вартасці твора тады робіцца ў нечым адносным? Вось такія мастацкія творы, як “Маленькі прынц”, “Уладар пярсцёнкаў” і асабліва “Майстар і Маргарыта” для мяне – класіка. Але сустракаюцца прадстаўнікі цэлых фанацкіх субкультур, паразмаўляўшы з якімі, спачатку проста засумуеш, а потым прыйдзеш да парадаксальнай высновы: гэтыя творы толькі ў чыстым выглядзе добрыя, а ў суаўтарстве з дрэннымі чытачамі – … Не вельмі добрыя!

Паназірайце за тым, як дзеці “перажываюць” прачытаныя кнігі, прагледжаныя фільмы. Як пераводзяць іх у свае ролевыя гульні, самі не заўважна працягваюць сюжэт. Прасцей кажучы, з усіх гледачоў / чытачоў / слухачоў менавіта дзеці з’яўляюцца суаўтарамі ў найвышэйшай ступені. І каб абараніць іх ад пошласці, якой перапоўнены сучасны “кантэнт”, прырода дае ім імунітэт. Самы тупы і пляската зроблены мультсерыял, самую ванітоўную папсовую песеньку творчы патэнцыял дзіцяці здольны ператварыць у шэдэўр. І гэтым шэдэўрам будзе магчымасць падзяліцца толькі да наступлення пераходнага ўзросту і толькі з равеснікам.

Праўда, пасля імунітэт нечакана страчваецца, як нечакана прыгожыя і донжуаністыя мужчыны з любоўных раманаў раніцай бачаць у люстэрцы пажылых напаўлысых таўстуноў. Твой заплечнік цалкам складаецца з такога эрзацу, і ўжо няма ні сіл, ні ахвоты, бо рабіць ранішнюю зарадку і загартоўвацца ты сябе не прывучыў.

Як казала дырэктарка школы з аднаго савецкага серыяла з не самым праўдападобным сюжэтам: “Дарослыя – яны як дзеці, толькі паляць больш”. І на пачатку новай тэлевізійнай эры значная частка дарослых праявіла сябе дзецьмі, якія запознена даведаліся пра некаторыя таямніцы светабудовы.

Яшчэ памятаю тыя часы, калі дарослыя і дзеці разам глядзелі тэлевізар, рэкламныя ролікі абмяркоўвалі ўсур’ёз, як мастацкія творы. Палова рэкламных дэвізаў стала здабыткам расейскай фразеалогіі. Я ўжо не кажу пра шматлікія інтэлектуальныя і спартыўныя гульні для ўсёй сям’і, якіх сёння на тэлебачанні сапраўды істотна паменела. Большая частка ўсяго гэтага захавалася, выкладзена ў інтэрнэт. А сучаснае тэлевізійнае кіраўніцтва толькі і стараецца не пускаць на экран перадачы старога фармату, каб толькі множыліся дурні.

Думаю, што большая частка “старога прадукту” не лепшая, проста мы зрабілі яе лепшай у сваіх уяўленнях. Лепшым у нашым дзяцінстве было толькі тое, што перадачы “для ўсёй сям’і спрыялі наладжванню кантакту, узаемаразуменню паміж мужам і жонкай, бацькамі і дзецьмі, дзядамі і ўнукамі”.

Калі народ насыціўся першай хваляй медыйнага прадукту, прыцягнуць увагу стала цяжэй. Як старажытнае сінкрэтычнае мастацтва падзялілася на віды, з’явіліся перадачы для дзяцей, для бацькоў, для мужчын, для жанчын. Усё няблага, толькі часам гэта пазіцыянуецца як “лекі ад дэпрэсіі”, сродак адгарадзіцца ад праблем, крыніцай якіх з’яўляюцца ўсе, апрача цябе самога. І аднаму Богу вядома, у якой колькасці сем’яў разгараюцца скандалы ад папрокаў: “Я тут загібаюся на працы, пакуль ты толькі сядзіш і глядзіш свае дурацкія…”.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: