ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Крывавы рэжым наехаў на пухнатых расійскіх алігархаў?

В фокусе

Рускія ў такіх выпадках кажуць: “Кому война, а кому мать родна”. Новы этап беларуска-расійскай калійнай вайны, распачаты арыштам у Мінску гендырэктара “Уралкалія” Уладзіслава Баўмгертнера, даў журналістам багатую інфармацыйную спажыву, асабліва каштоўную падчас жнівеньскага падзейнага штылю.

Як жа скарысталіся айчынныя медыі такім, цынічна кажучы, падарункам? Пазначу характэрныя моманты, не прэтэндуючы на вычарпальны агляд.

 

Дзяржаўная прапаганда забуксавала на другі дзень

Натуральна, адразу ж акрэсліўся водападзел між дзяржаўнымі ды недзяржаўнымі СМІ. Першыя былі проста аўтаматычна ўлучаныя ў піяраўскае забеспячэнне гэтага дзёрзкага ходу Мінска ў калійным супрацьстаянні. Тэлеканалы і тыя газеты, што месцяцца ў сталічным Доме прэсы, залпам стрэлілі па прагных ды падступных расійскіх алігархах, у “лепшых” традыцыях назвалі злачынцаў да суда. На вайне як на вайне: іншых трактовак канфлікту, акрамя афіцыйнай, дзяржаўныя медыі проста не дапускаюць.

Зрэшты, “матэрыялы беларускай прапаганды аказаліся болей зубастымі і аргументаванымі, чым звычайна”, адзначыў у каментары для Mediakritika.by медыйны эксперт Паўлюк Быкоўскі. Ён тлумачыць гэта неабходнасцю пераканаць і замежную аўдыторыю. Аднак тое, напрыклад, што арыштаванага Баўмгертнера апрыёры выставілі злачынцам, — “відавочны пракол”, мяркуе суразмоўца, бо замежнікі шануюць прэзумпцыю невінаватасці. Ды і ўвогуле ўжо на другі дзень беларуская прапагандысцкая машына, на думку Быкоўскага, пачала прайграваць праз няўменне гнутка рэагаваць на сітуацыю.

Калі гэты канфлікт будзе хутка пагашаны, то, зыходзячы з досведу папярэдніх інфармацыйных войнаў, можна прагназаваць, што скіраваную на ўсход прапагандысцкую зброю імгненна зачэхляць. Зробяць выгляд, што нічога не было, а крытыкаў сумнеўных хаўрусаў з расійскім бокам зноў стануць клеймаваць за падкопы пад непарушную дружбу і братнюю інтэграцыю.

 

Нагода кінуць лішні камень у рэжым. І толькі?

Што ж да недзяржаўных медыяў, то акрэслілася некалькі падыходаў да асвятлення калійнага канфлікту.

Так, рэсурсы, місія якіх палягае ў апрыёрнай радыкальнай крытыцы беларускіх уладаў, міжволі апынуліся тут на прарасійскіх пазіцыях. Ахвотна даецца трыбуна прадстаўнікам “Уралкалія”, расійскага ўраду, асобным блізкім да Крамля палітолагам — карацей, усім, хто найперш вінаваціць у калійным канфлікце Лукашэнку ды прадракае яму вялікія непрыемнасці. Іншыя пункты погляду амаль што не прэзентуюцца.

“Для тых, хто стала крытыкуе кіроўны рэжым у Беларусі, гэтая сітуацыя — магчымасць кінуць камень у бок рэжыму”, — кажа Быкоўскі. Пры гэтым, на яго думку, спрацоўваюць “старыя формулы”.

У выніку — фантасмагарычная карціна: белыя і пухнатыя расійскія алігархі пацярпелі ад крывавага рэжыму. Хаця нават не надта абазнаны абываталь нутром адчувае: у гэтай калійнай вайне абое рабое.

Варта дадаць, што і развіццё канфлікту зусім не прадвызначанае. Мы былі сведкамі цэлай чарады войнаў Мінска з Масквой, калі гучалі прадказанні, што Лукашэнку скруцяць у бараноў рог, але ў выніку Крэмль так ці іначай ішоў на кампраміс, зыходячы з вядомага меркавання пра “свайго сукінага сына”.

Слаба выглядаюць у кантэксце калійнай вайны і тыя недзяржаўныя СМІ, што прызвычаіліся разлічваць на перадрукі. Уся плынь інфы ды каментароў на тэму арышту Баўмгертнера, варыянтаў развіцця падзей у такіх медыях выглядае другаснай. Спадарожная бяда — мазаічнасць асвятлення неадназначнай, шматслойнай тэмы. Няма аналітыкі, асэнсавання, сінтэзу.

 

Моцная плынь “Свабоды”

На гэтым тле шэраг выданняў заслугоўвае добрай адзнакі. Можна вылучыць, у прыватнасці, беларускую службу “Радыё Свабода”, якая ад пачатку зладзіла інтэнсіўную плынь эксклюзіўнага кантэнту, што аператыўна выстаўляўся на сайт ды кідка падаваўся. У прыватнасці, арышт расійскага топ-менеджара па гарачых слядах пракаментавалі назіральнікі самых розных поглядаў — ад вядомага дзяржаўніцкай пазіцыяй расійскага палітолага Андрэя Суздальцава да беларускай публіцысткі Святланы Калінкінай.

Гэту плынь у першы дзень яднала і адразу ж дапамагала асэнсоўваць шапка “Контрнаступ Мінска ў “калійнай вайне”. На другі дзень развіццё сюжэту падалі пад шапкай “Калійная вайна”: напружанасць расце”. Нібыта элементарны прыём кампаноўкі матэрыялаў, але ім, на жаль, не карыстаюцца многія нашы вэб-рэсурсы, у выніку чаго наведнік мусіць выкалупваць інфу на гарачую тэму з розных куткоў сайта, вывуджваць з яго глыбіняў.

Як заўжды, “Радыё Свабода” вызначылася і аператыўнай аналітыкай. У прыватнасці, Валер Карбалевіч зладзіў на гэту тэму фірмавую “Экспертызу Свабоды”.

З іншых рэсурсаў варта вылучыць “Салідарнасць”, Naviny.by. А вось “Еўрарадыё”, якое ў канфліктных сітуацыях звычайна вызначаецца моцным эксклюзівам, гэтым разам пакуль што не бліснула. У далікатнай сітуацыі апынулася “Комсомольская правда” в Белоруcсии”. У выніку на сайце з’явіўся фотарэпартаж пад бадзёрым загалоўкам “Арышт Баўмгертнера не спыніў працу Беларускай калійнай кампаніі” з не меней аптымістычным падзагалоўкам “А гендырэктар прыязджае на працу ў добрым настроі”.

 

Бракуе “нармальнай экспертызы”

На мой погляд, лепшыя беларускія рэсурсы ў асвятленні калійнай вайны выглядаюць усё ж болей збалансавана, чым маскоўская прэса. Тая збольшага рэтранслюе пазіцыю расійскага істэблішмэнту. Неяк спрабуюць дыстанцыявацца, паводле Паўлюка Быкоўскага, асобныя выданні, разлічаныя на бізнес-аўдыторыю, — “Ведомости”“Коммерсант”.

Іншая рэч, што патрабаванні плюралізму, рознабаковага аналізу датрымліваюцца часам толькі фармальна. На думку Быкоўскага, нават тым беларускім і расійскім медыям, што стараюцца прыўзняцца над бойкай, бракуе “нармальнай экспертызы.

У прыватнасці, на “Свабодзе” выступалі збольшага публіцысты, калумністы ці такія выразна ангажаваныя асобы, як Суздальцаў, адзначае суразмоўца. Не стае ж, на яго думку, голасу адмыслоўцаў, здольных кампетэнтна, без залішняй палітызацыі, прааналізаваць такі важны аспект калізіі, як спрэчка гаспадарчых суб’ектаў.

Дадам, што тым часам сюжэт, аднак, усё болей палітызуецца. Так што пісьменная растаноўка акцэнтаў у ім становіцца для СМІ яшчэ болей складанай справай.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: