ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Як першым зрабіць артыкул пра канец свету

Ремесло

Не шукайце тут дурніцу: сакрэтаў, што дазвалялі б мець прафесійны поспех, робячы справу левай нагой, не існуе. Халтуршчык застанецца халтуршчыкам. Усе паспяховыя аўтары, каторых я ведаю, працуюць як коні. Але ёсць яшчэ і адмысловыя складнікі эфектыўнасці.

Яны ў кожнага свае, ды і ўвогуле эфектыўнасць журналісцкай працы можна разумець вельмі шырока, таму не прэтэндую на ўніверсальнасць. Аднак парады (з акцэнтам на аналітычную журналістыку) дакладна не зашкодзяць нікому.

 

Будзьце ў тэме

Каб хутка ды трапна стрэліць моцным тэкстам на гарачую тэму, трэба выразна ўяўляць сабе прадмет. Таму варта пастаянна маніторыць тую праблематыку, на якой вы спецыялізуецеся, папаўняць, асвяжаць слой адмысловых ведаў. Кожны дзень проста тупа начытвайцеся па ключавых для вас пытаннях, рэзервуйце на такі занятак хаця б гадзіну.

Гэтае дасье ў галаве спружынай спрацуе ў час “Ч”, дасць вам перавагу над тымі калегамі, што пачынаюць вывучаць прадмет практычна з нуля, калі выбухне нейкая тэрмаядзерная інфармацыйная нагода. Так, цяжка асэнсаваць шматслойную подбіўку калійнай вайны таму аўтару, што не сачыў хаця б перыферыйным зрокам за гісторыяй БКК, пакутлівай эпапеяй са стварэннем “Саюзкалію”, раскладам расійскіх бізнес-кланаў і г.д.

Спецыялізацыя — важная перавага, але не завужвайце кола інтарэсаў. Каб парадаксальна закруціць сюжэт, выйсці на абагульненні, зрабіць моцныя высновы, трэба мець шырокі кругагляд. Таму ахвяруйце час і на факультатыўную тэматыку, займайцеся сэрфінгам па сайтах для душы.

У прынцыпе, львіная доля фактуры па любой тэме — у адкрытым доступе. Праблема ў тым, каб асэнсаваць сувязі паміж падзеямі, з’явамі. Вузкі спец становіцца закладнікам сваёй нішы, патанае ў тэрміналогіі і прыватных момантах. Эрудыт лунае над фактурай, як матылёк, вымалёўвае сюжэт стэрэаскапічна, яскрава, папулярна.

 

Папаўняйце банк ідэй

Моцны аўтар стараецца ўвесь час генераваць ідэі матэрыялаў на перспектыву. Калі ёсць задума, “плённая дэбютная ідэя”, як казаў Астап Бендэр, то працэс саспявання тэмы ідзе спакваля, нават падсвядома. Пакрысе яна акрэсліваецца усё болей выразна, абрастае дэталямі. Добраму журналісту часта патрэбна толькі яскравая інфармацыйная нагода, каб амаль што вынашаны сюжэт за пару гадзін стаў творам майстра, у якім ўсё падагнана, раскладзена па палічках.

Чым болей тэмаў паралельна даспявае ў вашых мазгах, як таматы на падваконні, тым прасцей вам пры любым павароце падзей.

 

Напрацоўвайце кола экспертаў

Ніякім маніторынгам сайтаў не заменіш каштоўнасць жывых кантактаў са знаўцамі тэматыкі. Скарыстоўвайце кожную нагоду пазнаёміцца, пасябраваць з экспертамі, не шкадуйце часу на пашырэнне ды ўпарадкаванне сваёй базы кантактных звестак (тэлефоны, скайп, фэйсбук, мэйл і г.д.).

Добра, калі ўсталёўваюцца давяральныя чалавечыя дачыненні. Яны фармуюцца ды падтрымліваюцца вашай карэктнасцю, акуратнай падачай слоў суразмоўцы. Калі эксперт давярае, бачыць у вас зацікаўленага даследчыка, а не цынічнага паляўнічага на гаваркія галовы, то ахвотна адгукаецца, ахвяруе часам, каб дапамагчы ў працы над тэрміновай публікацыяй, не патрабуе візавання. А то і набярэ ўласны камент у скайпе, пакуль вы апытваеце наступнага адмыслоўца. Застаецца скапіяваць ды ўставіць у артыкул.

 

Выкарыстоўваце прынцып Парэта

Залаты прынцып 20/80 (20% высілкаў даюць 80% выніку, астатнія 80% высілкаў даюць 20% выніку) цалкам працуе і ў нашым рамястве. Таму найлепей як мага хутчэй стварыць каркас матэрыялу, а потым ужо шліфаваць дэталі.

Не тармазіце на фразе, якая ўпарта не выпісваецца. Сфармулюйце груба, потым вернецеся і надасце шарму. У крайнім выпадку, і так пойдзе, не катастрофа. (Зрэшты, прызнаюся: сам я перфекцыяніст і іншым разам трачу лішні час на вылізванне тэксту. Але ж і стыль — складнік поспеху!)

Найперш жа выцісніце максімум з экспертаў, яны зарыентуюць, прачысцяць мазгі (пазбягайце псеўдазнаўцаў-блытанікаў, што, наадварот, затлумяць), наштурхнуць на высновы. Меней будзеце пакутаваць над канцэпцыяй публікацыі, застанецца збольшага толькі дадаць гарніру.

 

Умейце канцэнтравацца

Калі тэма цяжкая, няўдзячная, ёсць спакуса адсунуць яе, выдумаўшы сабе нейкі дробязны занятак. Вучыцеся прымушаць сябе — так, набраўшы паветра, акунаюцца ў халодную ваду. Не варта хапацца за некалькі спраў адразу, бо ў выніку можаце заваліць усе.

Лепей, канечне, пісаць у цішыні, камфорце, і па магчымасці стварайце сабе такі працоўны куток. Але нават з мэтай трэніроўкі час ад часу варта рабіць матэрыялы ў экстрэмальных умовах, на калене, у нейкім бедламе. Тады вы псіхалагічна гатовы зрабіць рэпартаж ці артыкул нават пра канец свету.

 

Плануйце час з рэзервам

Калі спланаваць дзень упрытык, то ўсё можа пайсці наперакасяк. Дзе тонка, там і рвецца. 20-30% часу варта рэзерваваць на непрадбачаныя акалічнасці, каб не ўрывацца на мерапрыемства ў мыле, з вырачанымі вачыма і тысячай выбачэнняў, а потым яшчэ паўгадзіны прыходзіць у сябе.

Заўважце: акурат эфектыўныя калегі зазвычай выглядаюць болей вальяжна. А мітуслівыя нярэдка падводзяць рэдактараў, правальваюць заданні. І памылак робяць болей.

 

Будзьце трохі тэхнаром

Большасць журналістаў — гуманітары, і многія не надта сябруюць з аргтэхнікай, ведаюць комп толькі ў агульных рысах, не сочаць за навінкамі софту, якія здольны шалёна эканоміць час. Напрыклад, ведучы трэнінгі, я пераконваўся, што для шэрагу калег існаванне RSS-рыдараў — вялікае адкрыццё.

Значную перавагу мае той аўтар, які сам можа выставіць матэрыял на сайт, падабраць ілюстрацыю, уставіць мультымедыйныя элементы, валодае асновамі SEO, тэхналогіямі раскруткі сваёй творчасці ў сацыяльных сетках.

Адно што не падсядайце на іх. І не марнуйце час на бясплённыя халівары, кармленне троляў. Хай між сабой грызуцца як павукі ў слоіку.

 

Рабіце сабе апгрэйд

Выдатны адмысловец у пытаннях асабістай эфектыўнасці Стывен Кові раіў: “Заточвайце пілу!”. Сэнс такі: знаходзьце час аднаўляць і прымнажаць свой патэнцыял, авалодваць новым інструментарыем. Бо іначай будзеце нагадваць лесаруба з тупой пілой.

Журналіст спісваецца, дэградуе, становіцца халодным рамеснікам, калі не атрымлівае новых доз адукацыі і проста эмацыйнай падзарадкі.

Па магчымасці запісвайцеся на трэнінгі, семінары па сваёй тэматыцы. Чытайце добрыя кнігі, глядзіце добрае кіно. Гэта дапамагае выпрацоўваць густоўны стыль, дорыць нечаканыя асацыяцыі, падказвае свежыя метафары.

Хаця сам грашу працагалізмам, аднак пераканаўся: трэба на пэўнай стадыі тармазіць, пераключацца на іншыя заняткі ці проста адпачываць.

Не цешце сябе ілюзіямі, што віно дасць натхненне, а тытунь абудзіць мозг. Допінгі ў рэшце рэшт знясільваюць, пахмелле горкае. Я з усіх наркотыкаў пакінуў сабе толькі моцную ранішнюю каву. Не шкадую часу на фізкультуру, лазню з басейнам.

Свежая галава, мускульны тонус, станоўчы настрой, апрыёрная добразычлівасць у дачыненнях з людзьмі робяць і матэрыялы вашы лёгкімі, пругкімі, пазітыўнымі.

Эфектыўны журналіст, аўтар-энерджайзер пазбягае працы на знос. Ён своечасова падзараджае свае фізічныя і духоўныя акумулятары, не знясільвае сябе, а — развівае.

 

Меркаванне эксперта

Паўлюк Быкоўскі, палітычны аглядальнік тыднёвіка “Белорусы и рынок”, медыйны аналітык:

— Эфектыўнасць працы журналіста — панятак шырокі. Скажу некалькі слоў пра тайм-менеджмент.

Я заўсёды планую сваю дзейнасць — на тыдзень, месяц і нават на працягу года. Дзеля гэтага апошнім часам выкарыстоўваю Google-каляндар, а раней выкарыстоўваў папяровыя арганайзеры.

Цяпер Google праз SMS нагадвае мне пра сустрэчы і важныя перыяды працы. На планшэце да гэтага дадаецца функцыя лагістыкі, бо часам варта вызначыць, колькі часу зойме паездка да месца сустрэчы і дзе яно, ўласна кажучы, знаходзіцца. Апошняе асабліва карысна ў незнаёмых гарадах. Праўда, час паездкі вызначаецца ўмоўна, без уліку праблем трафіку.

Таксама электронны арганайзер дапамагае мне самому зарыентавацца, калі я вольны, калі заняты, якія мэты і задачы ёсць больш прыярытэтнымі паводле значэння, а якія — паводле часу, у тым ліку часу падрыхтоўкі.

Перад камандзіроўкамі заўсёды прапрацоўваю маршрут з улікам альтэрнатыўных варыянтаў паводле часу, транспарту, кошту. Вось, прынамсі, нядаўна распрацаваў сямейную паездку ў Варшаву на цягніку за 15 еўра.

Акрамя таго, Google-каляндар дазваляе ўзгадняць час і месца сустрэчы з суразмоўцамі (якія, натуральна, гатовы гэта рабіць праз кампутар). Гэта таксама дазваляе не марнаваць час на лішнія размовы наконт лагістыкі сустрэчы, яе магчымага пераносу.

Актыўна карыстаюся RSS-стужкамі для пошуку навінаў і не страчваю час на наведванне сайтаў ды праверку, ці з’явілася там нешта новае.

У значнай ступені сацыяльныя сувязі я падтрымліваю праз сацыяльныя сеткі, але не марную там вольны час, а хутчэй выкарыстоўваю як інструмент пошуку важных тэмаў. Сёння Facebook паказвае карыстальніку не ўсё, што выкладваюць у сетку вашы фрэнды, а толькі тое, да чаго вы раней выказвалі цікаўнасць, то бок працуе як фільтр.

Заўсёды планую напісанне матэрыялаў: на чым будзе фокус, якія звесткі спатрэбяцца, збіраю інфармацыю, якая “ёсць пад нагамі”, і толькі потым “выходжу на паляванне”.

У выніку вельмі рэдка даводзіцца вяртацца “на паляванне” і зноў пачынаць збор інфармацыі ўжо падчас напісання матэрыялу або яго рэдагавання.

Матэрыялы звычайна пішу запланаванага памеру і ў адпаведнасці з правіламі таго або іншага жанру, таму надта не траціцца час на іх даводку для публікацыі.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: