ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Мускулатура тэксту. Як выпрацоўваць моцны стыль

Ремесло

Журналістыка стала каравая. Моладзь навучаюць выдумляць хвосткія (атрымліваюцца жоўтыя) загалоўкі, агрэсіўна выціскаць інфу і г.д. Але проста добра пісаць амаль што ніхто не навучае.

Не толькі сярод рэпарцёраў, але і сярод рэдактараў заўважна паменела тых, хто адчувае стыль. Калі звяртаеш увагу на стылёвыя хібы, дубовую мову, часта бачыш непаразуменне: а што я не так сфармуляваў?

Чалавек не ўязджае, што канструкцыя кшталту “у святле неабходнасці павышэння патрабаванняў да ўзроўню навучання вучняў” у журналісцкім тэксце недапушчальная, калі толькі ты не цытуеш нейкую карыкатурную чарнільную душу.

Рэгрэс відавочны нават у параўнанні з савецкім часам, калі жорсткія ідэалагічныя абмежаванні аўтары стараліся кампенсаваць дыхтоўным стылем, ставіліся да матэрыялу як да сапраўнага твора, літаратурнай з’явы. З гледзішча моўнага майстэрства і сёння атрымліваеш кайф, перачытваючы, напрыклад, класіка савецкай журналістыкі Анатоля Аграноўскага.

Цяпер жа нават папулярныя аўтары часта бяруць толькі вастрынёй, хвосткасцю, але пры гэтым малоцяць не надта пісьменнай сеціўнай скорагаворкай, дазваляюць сабе лексічную неахайнасць, што не смяротна, але раздражняе, як пах поту.

Парады, якія вы зараз прачытаеце, не прэтэндуюць на ўсеабдымнасць. Зазначу таксама, што стыль залежыць ад жанру, мэтавай аўдыторыі. Але выкананне наступных пунктаў дакладна ваш твор не сапсуе.

 

Асэнсуйце, што хочаце сказаць

“Хто ясна мысліць — ясна выкладае”, — сказаў нехта з вялікіх. Што да аўтара, то версіі разыходзяцца: Пратагор, Буало, Шапенгаўэр, — але сказаў як у сук уляпіў. Сапраўды, кепскі стыль часта ідзе ад кашы ў галаве. Туманныя пасажы накручваюць тыя, хто плавае ў тэме. Таму найперш трэба ведаць прадмет, пра які пішаце. Вучыце матчастку!

Часта дапамагае план матэрыялу. Такая шпаргалка дысцыплінуе думку, адсякае непатрэбныя адгалінаванні, паўторы. І наадварот, падкажа, як прыгожа закальцаваць тэкст.

 

Пішыце проста

Пісаць проста акурат няпроста. Дзеля гэтага, як ужо адзначана, трэба найперш адбудаваць думкі. Потым — адкінуць недарэчнае ўяўленне, што для газеты, часопіса і г.д. належыць пісаць неяк адмыслова пакручаста, іначай — несалідна.

Не думайце, што чытач толькі і марыць акунуцца ў мудрагелістыя пасажы. Наадварот, сучасны спажывец кантэнту, гэты сціснуты цэйтнотам сэрфінгіст па старонках і сайтах, любіць тых, хто адразу бярэ быка за рогі, раскладае па палічках — коратка і ясна.

Заўжды раю на трэнінгах: пішыце так, як распавядалі б пра гэта сябру, блізкаму чалавеку. Пазбягайце штучных фраз, ад якіх у яго адвісне сківіца, а ў вачах з’явіцца пытанне: ты не захварэў?

Канечне, я спрашчаю: усё ж пісьмовая мова адрозніваецца ад вуснай. Але не захапляйцеся доўгімі фразамі, лепей разбіваць іх на дзве-тры. Просты прыём: усюды, дзе можна, стаўце замест косак кропкі. Эпітэты ўжывайце толькі там, дзе яны сапраўды патрэбныя.

І яшчэ: проста не азначае прымітыўна. Хай словам будзе цесна, а думкам — прасторна.

 

Выпальвайце канцылярыт

Як ні пільнуйся, канцылярызмы праточваюцца, лезуць у тэкст пішчом. Вазьміце за правіла метадычна чысціць матэрыялы ад гэтай заразы на апошняй стадыі перад здачай. Перарабляйце, калі ў вас пяць слоў ў адным склоне (кшталту “пастаноўкі пытання фінансавання мерапрыемства арганізацыі”), замяняйце аддзеяслоўныя назоўнікі дзеясловамі (замест “неабходнасць паляпшэння” — “трэба палепшыць”). Выкараняйце іншае слоўнае пустазелле, напрыклад варварызмы (і найперш агрэсіўныя англіцызмы).

Навала канцылярыту ідзе, у прыватнасці, ад таго, што журналістыка стала паркетнай, офіснай. Фактычна рэтранслюецца тое, што пішуць у сваіх паперах чыноўнікі, заяўляюць на брыфінгах розныя замшэлыя асобы, выкладаюць у дубовых прэс-рэлізах ведамствы.

Шукайце жывыя сюжэты, часцей адрывайце мяккае месца ад крэсла пры кампутары — і мова вашых матэрыялаў ажыве сама па сабе. Рэпартаж, як ты скакаў з парашутам, наўрад ці атрымаецца сухім, бляклым.

 

Забудзьце пра чорнае золата

Зрэшты, і гісторыю пра скачок з парашутам можна сапсаваць, калі ажыўляж будзе забяспечвацца штампаваным наборам: “пяты акіян”, “бяздонны блакіт неба”, “залатыя промні пырснулі праз шэрань хмараў”, “вытрымаць выпрабаванне з годнасцю”.

Чым ужываць зашмальцаваныя “жывінкі”, ужо лепей выкладаць сюжэт лапідарным стылем буквара: “Мама мыла раму”. Лепей напісаць “нафтавікі”, чым “здабытчыкі чорнага золата”. І лепей двойчы згадаць у фразе піва, чым замяняць яго на “бурштынавы напой”. Штампы — мавэтон, прыкмета правінцыйнасці.

 

Рэжце!

Не імкніцеся ўтоўпіць у артыкул усё, што ў блакноце. Не ператварайцеся ў вербальнага Плюшкіна.

Дзеля сцісласці тэксту важна не станавіцца рабом дыктафона. Цытуйце выступоўцаў, герояў, экспертаў дазавана. Часцей скарыстоўвайце пераказ (але без скажэння).

Пастфактум прайдзіцеся па матэрыяле і выкрасліце тое, што можна выкрасліць. Змагайцеся з лішнім аб’ёмам, як прыгажуні змагаюцца за талію. Тэкст мусіць быць пругкі, без тлушчавых адкладанняў.

 

Гуляйце вобразамі

Скупасць стылю нельга даводзіць да ідыятызму. Густоўная, свежая метафара заўжды дарэчы. Ідыёмы, выслоўі дапамогуць абмаляваць нейкую з’яву фенаменальна сцісла ды хвостка. Напрыклад, калі назіраю палітычныя халівары змагароў у фэйсбуках, то круціцца на языку: б’юцца за пусты мех. А калі казаць пра калійную вайну, то — абое рабое.

 

Рабіце дынамічны сюжэт

Статычная падача робіць матэрыял сумным. Сюжэт па магчымасці трэба падаваць у развіцці, драматызаваць. Добра, калі ў журналісцкім творы, як і ў літаратурным, разгортваецца дзеянне, маецца інтрыга. Усё гэта надае энергіі мове. Насычайце тэкст дзеясловамі — гэта робіць яго мускулістым. Рассыпайце па ім цікавосткі, закідайце кручкі, каб змушаць чытача ісці далей.

 

Зараджайце тэкст экспрэсіяй

Канечне, нататка на стужку інфармацыйнага агенцтва — не той жанр, каб вырабляцца, дэманстраваць аўтарскае “я”. А вось рэпартаж, каментар, артыкул толькі выйграюць ад умела скарыстанай, дазаванай экспрэсіі. Я ўжо не кажу пра палемічны жанр, фельетон, нарыс — яны акурат і трымаюцца на выразна афарбаванай лексіцы.

Не варта цурацца зніжанага стылю, жаргону, слэнгу, калі гэтыя моўныя сродкі да месца, апраўданыя кантэкстам. Аднак сцеражыцеся вульгарнасці, пашляціны.

Іронія — гэта ваша вербальная шпага, сарказм — магутная зброя для палемічнага бою. Фішка любога твору — густоўны гумар. Таленавіты аўтар — звычайна трохі блазан, троль. Гуляйце словамі, сэнсамі! Не імкніцеся выглядаць у сваіх артыкулах каменна-сур’ёзнымі, як правадыры на парадах. Перафразуючы “таго самага Мюнхгаўзена”, можна сказаць, што ўсе глупствы на зямлі пішуцца менавіта з гэтым выразам твару.

 

Меркаванне эксперта

Віктар Марціновіч, журналіст і пісьменнік:

— Каб выпрацаваць моцны стыль, найперш трэба арыентавацца на тых аўтараў, якіх ты лічыш ідэалам. Разам з тым, нікога не трэба пераймаць, варта быць самім сабой.

Важна таксама прытрымлівацца лексічных правілаў таго ці іншага жанру. Напрыклад, у рэпартажы мусіць быць багата дзеясловаў.

Наогул жа трэба як мага болей чытаць. Забыцца на фільмы, інтэрнэт, а ўлягаць у добрыя кнігі.

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: