ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Беларускае войска ваюе з берберамі, натаўцы — з марсіянамі

В фокусе

Часта сцябаюцца з нібыта паталагічнай тупасці людзей у пагонах. Але журналістам варта паглядзець на саміх сябе. Нашы медыі асвятляюць вайсковую тэму збольшага тупа. Свежы прыклад — беларуска-расійскія манеўры “Захад-2013”.

Дзяржаўная прэса з гэтае нагоды традыцыйна тыражуе афіцыйныя рэляцыі, мова якіх не змянілася з савецкіх часоў. Там проста воку няма за што зачапіцца.

Што ж да недзяржаўных СМІ, то ладная іх частка аддае перавагу перадрукам страшылак з вуснаў палітыкаў суседніх краін НАТО. У духу “рускія ідуць”. Напрыклад, цытуюць латвійскага міністра абароны Артыса Пабрыкса, які, палохаючы ўсходняй пагрозай, заяўляе, што “на тэрыторыі Беларусі, непадалёк ад літоўскай мяжы, Расія размясціла новую базу знішчальнікаў”.

Не, я не супраць — калі ласка, цытуйце сабе і таго Пабрыкса! Але ж варта і сваю галаву на плячах мець. Ведаць кантэкст. Па-першае, расійскіх знішчальнікаў ў Лідзе яшчэ няма, гэта толькі планы. Па-другое, там мяркуецца размясціць авіяполк, то бок 20-25 машын. Між тым значна раней былі агучаны планы перакінуць у Польшчу з Італіі блізу 40 амерыканскіх F-16. Плюс Варшава закупіла 48 такіх машын.

Згадзіцеся, калі разглядаць расклад сіл ды манеўры бакоў вось так, у комплексе, то карціна зусім не адназначная.

 

У палітыкаў свае манеўры

Што да сцэнару манеўраў “Захад-2013”, які так палохае некаторых аглядальнікаў у Варшаве ды сталіцах краін Балтыі, то беларускія і расійскія генералы падкрэсліваюць яго абарончы характар.

Гэта, канечне, рытуальныя заявы. Тое ж самае цвердзяць і натаўцы, якія на пачатку лістапада ладзяць на радзіме спадара Пабрыкса ды ў Польшчы буйныя манеўры “Стойкі джаз — 2013”. Паводле задумы, сілы НАТО маюць выбіць замежнага захопніка. Прычым іх генералы запэўніваюць, што гаворка не ідзе пра імавернае расійскае ўварванне. Напэўна, будуць адбіваць атаку марсіянаў.

Карацей, дзядзькі ў пагонах гуляюць у свае гульні, палітыкі — у свае. Штучны ажыятаж вакол расійска-беларускіх манеўраў, што ўздымаецца ў суседніх краінах, тлумачыцца найперш прагматычнымі мэтамі палітычных сіл ды мілітарнага лобі: паказаць электарату клопат пра нацыянальную бяспеку, пазбегнуць скарачэння вайсковага бюджэту, раскруціць багаценькіх бурацінаў-амерыканцаў на дадатковыя выдаткі дзеля ўмацавання ўсходніх фарпостаў Паўночнаатлантычнага альянсу…

 

Стаўленне да рэжыму пераносіцца на армію

Такім чынам, тут абое рабое. Па адзін бок раздзімаюць “рускую пагрозу”, па другі — малююць драпежных заходніх імперыялістаў. Згадайце, як беларускі афіцыйны лідар заяўляў, што палякі хочуць адхапіць палову Беларусі і нават мапы ў іх адмысловыя. А сцэнар “Захаду-2013” — увага! — прадугледжвае барацьбу супраць незаконных узброеных фармаванняў.

Пачухаем рэпу: ну няўжо мадэлюецца сітуацыя, калі беларусы возьмуцца за зброю, пакрыўдзіўшыся, напрыклад, на знішчэнне свіней у межах барацьбы з АЧС? Смеху варта! Якія ж тады фармаванні?

“Кажуць, што сцэнар навеяны падзеямі ў Паўночнай Афрыцы, але ж бербераў у нас няма”, — смяецца мінскі вайсковы эксперт Аляксандр Алесін. Хто не ў курсе: берберы, лівійская этнічная меншасць, добра спрычыніліся да скідання Кадафі. Што ж да сцэнару “Захаду-2013”, то незалежныя аналітыкі упэўнены: мадэлюецца паўстанне польскай меншасці, на дапамогу якой прыходзіць гістарычная радзіма, — і панеслася…

Вось у такім шырокім, шматслойным кантэксце і варта разважаць пра напластаванне палітычных, гістарычных стэрэатыпаў, замшэласць мыслення як стратэгаў у пагонах, так і цывільных дзеячаў. Прычым з абодвух бакоў — і ўсходняга, і заходняга. Разважаць — а не тыражаваць лямант, што зараз расійцы з беларусамі скінуць атамную бомбу на Варшаву.

Увогуле ж нашым недзяржаўным медыям, на мой погляд, варта адысці ад механічнай экстрапаляцыі рэзка негатыўнага стаўлення да рэжыму на айчыннае войска. У прыватнасці, няслушна ставіць на адну роўніцу ўсе сілавыя структуры. Армейцы — не карнікі. Так, у сённяшнім беларускім войску багата кепскага, яно мае вострую патрэбу ў мадэрнізацыі, рэформах. Але ці вінаваты ў гэтым асобна ўзяты лейтэнанцік-узводны, які сумленна цягне сваю лямку? У прынцыпе ж узброеныя сілы — гэта той інстытут, што шануецца ў любой дзяржаве, уключна з самымі дэмакратычнымі.

 

Генералы баяцца публічнасці

Аднак разумныя, узважаныя, глыбокія публікацыі пра манеўры “Захад-2013” (як, зрэшты, і ўвогуле на вайсковую тэматыку) у беларускіх медыях на пальцах пералічыць можна. З экспертаў фігуруюць літаральна дзве-тры персоны: той самы Алесін, кіраўнік адносна новага праекта Belarus Seсurity Blog Андрэй Паротнікаў, былы міністр абароны Павел Казлоўскі. Большасць жа выданняў закрывае тэматыку за кошт перадрукаў, часта аднабокіх.

Чаму так слаба? Алесін у каментары для Mediakritika.by адзначыў некалькі прычын. Па-першае, бракуе прафесіяналізму, у рэдакцыях мала людзей, што стала займаюцца гэтай тэматыкай. Па-другое, мяркуе суразмоўца, журналісты недзяржаўных медыяў іншым разам засцерагаюцца, што пры болей збалансаваным падыходзе да вайсковай тэмы іх абвінавацяць у падгульванні рэжыму.

Нарэшце, кажа эксперт, уплывае і правінцыйнасць мыслення. У Расіі значна болей дыскутуюць аб праблемах войска, абаронкі, прычым такога публічнага абмеркавання не цураюцца і аналітыкі, за плячыма якіх вялікі вайсковы стаж, высокія пасады. У Беларусі ж генералы баяцца, што за адкрытасць, за дыскусіі іх пакараюць, мяркуе Алесін. Праблема закрытасці вайсковага ведамства, на яго думку, абвастрылася, калі з пасады міністра сышоў Леанід Мальцаў: той “усё ж пазіцыянаваў сябе як вайсковы тэарэтык”  і меў патрэбу ў пэўнай публічнасці.

 

Спекуляцый вагон, аналітыкі з камарову дзюбу

Між тым у грамадстве цікавасць да вайсковай тэматыкі немалая, упэўнены Алесін. Ён спасылаецца на статыстыку наведвання сайта свайго выдання — тыднёвіка “Белорусы и рынок”: нечакана для многіх у рэдакцыі топавымі аказаліся менавіта “мілітарысцкія” матэрыялы.

Дарэчы, сам Алесін — не прафесійны вайсковец, а хутчэй энтузіяст, калі хочаце — дылетант, які праз шматгадовую журналісцкую спецыялізацыю стаў адным з нямногіх айчынных публічных аўтарытэтаў у гэтай сферы. Ён не вядзецца на кан’юнктуру, не баіцца, што нехта закіне “праўладныя настроі”. Грунтуецца на фактуры. І ў адных выпадках адзначае поспехі айчыннага абаронна-прамысловага комплексу, у іншых — жорстка крытыкуе адсталасць узбраення, матэрыяльнай базы нашага войска, кажа пра небяспеку залішняй прывязкі да Масквы. Карацей, усё раскладае па палічках, працуе як профі.

Гэта нялёгкі хлеб. І трапіць пад раздачу — як двойчы два. Алесіна за непрыемныя вярхам ды вайсковаму лобі публікацыі не аднойчы цягалі ў “органы”. Не застаўся незаўважаным і дэбют Андрэя Паротнікава на Naviny.by: на яго тут жа накінуўся з пустой прапагандысцкай лаянкай афіцыёз вайсковага ведамства. Што, зрэшты, сведчыць: эксперт патрапіў у самы яблычак.

Фота ІТАР-ТАСС

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: