ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Усе медыі мусяць стаць новымі, іначай капец

В фокусе

Ідучы днямі на дыскусію пра ўплыў новых медыяў на традыцыйныя, я згадаў, як суворыя палітычныя чыннікі ў свой час парадаксальна паспрыялі экспансіі ў інтэрнэт легендарнага брэнда “Нашай Нівы”. Але тая ж палітычная спецыфіка стрымлівае развіццё медыйнай канкурэнцыі, медыйнага рынку. І таму айчынная медыясфера распадаецца на пераважна дзяржаўны афлайн і пераважна недзяржаўны анлайн.

Дыскусія, што адбылася 25 верасня ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры, прайшла на дзіва карэктна, аднак выявіла, на мой погляд, розную філасофію ўспрымання новых медыяў.

І хоць няма жадання лішні раз дзяліць прэсу на лагеры, але дыялог у Клубе журналістаў ММАЦ засведчыў: калі ў дзяржСМІ застаецца моцным уяўленне, што новыя медыі — нешта вонкавае і шмат у чым чужое, то для незалежнай журналістыкі гэта ў значнай ступені ўжо форма існавання.

Дарэчы, характэрны штрых: справаздача пра мерапрыемства з’явілася на сайце Беларускай асацыяцыі журналістаў, аднак падобнага матэрыялу на сайце Беларускага саюза журналістаў, які аб’ядноўвае пераважна супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ, я не знайшоў.

 

Без паперкі ты кузурка?

Падчас дыскусіі гучалі (каюся, і з маіх вуснаў) модныя слоўцы: канвергентная журналістыка, мультымедыйныя рэдакцыі. Камусьці, пэўна, здавалася, што гэта выкалупана з Вікіпедыі ці заходніх кніжак, каб бліснуць вучонасцю. Аднак жа, калі добра агледзецца, і мы не лыкам шытыя.

БелаПАН, “Наша Ніва”, “Радыё Свабода”, TUT.BY — гэта і ёсць айчынныя прыклады канвергентнай журналістыкі, калі адна каманда размяркоўвае кантэнт па розных платформах, заточваючы яго з улікам спецыфікі таго ці іншага носьбіта. Так, пад дахам БелаПАН працуюць інфармацыйнае агенцтва, інтэрнэт-газета Naviny.by, відэаслужба ды іншыя сервісы. У TUT.BY маецца нават сваё інтэрнэт-тэлебачанне. “Свабоду” маладая публіка ўжо не слухае праз старыя траскучыя прыймачы, а чытае ды глядзіць на сайце. Там жа масцітыя аглядальнікі адпальваюць у якасці блогераў. Анлайнавыя СМІ шчыльна знітаваныя з сацыяльнымі сеткамі.

Іначай кажучы, тэхналогіі новых медыяў арганічна інтэграваныя ў цэлы шэраг праектаў, якія дэ-факта ёсць на сёння паўнавартаснымі СМІ у традыцыйным значэнні гэтага слова, то бок аўтарытэтнымі крыніцамі прафесійна пададзенай інфармацыі ды аналітыкі.

Спробы ж некаторых удзельнікаў дыскусіі правесці мяжу між СМІ і неСМІ паводле прыкметы рэгістрацыі ды наяўнасці у супрацоўнікаў пасведчанняў выглядаюць няслушнымі. Чаму TUT.BY з 600 тысячамі ўнікальных наведнікаў толькі першай старонкі штодзень (такую лічбу назвала падчас дыскусіі галоўны рэдактар партала Марына Золатава) і дастаткова якасным, плюралістычным кантэнтам нельга ўважаць за СМІ, але можна аўтаматам даваць такі тытул нейкаму дубоваму казённаму аркушыку з мізэрным накладам, забяспечаным адміністрацыйна?

 

Бурная эвалюцыя, калі прыпячэ

Калі Naviny.by, TUT.BY, Оnliner.by ад пачатку развіваліся ў віртуальным асяроддзі (паказальна, што ўсе значныя праекты такога кшталту створаны ў недзяржаўнай сферы), то брэнд “Нашай Нівы” за некалькі гадоў перажыў бурную эвалюцыю з трансфармацыяй. Кажу пра брэнд, бо сёння ўжо многія успрымаюць НН найперш як раскручаны беларускамоўны сайт, нашпігаваны мультымедыйнасцю ды інтэрактывам. Ягонае сутачнае наведванне значна перавышае наклад тыднёвіка з той жа назвай.

А яшчэ ж добра помніцца час, калі nn.by быў толькі люстэркам папяровай версіі, гэтакім электронным складам ужо надрукаваных у афлайне матэрыялаў. Прыпякло на мяжы 2006-га, калі на рэдакцыю сур’ёзна наехалі ўлады. Напярэдадні чарговых прэзідэнцкіх выбараў выданне выкінулі з падпіскі і шапікаў, змусілі перайсці на саматужны распаўсюд. А потым і ўвогуле стала свяціць закрыццё, прычым з экзатычнай матывацыяй: не дамо юрыдычнага адраса, бо галоўны рэдактар адседзеў 15 сутак за Плошчу-2006.

Вось тады і ўляглі нашаніўцы ў стварэнне запаснога аэрадрома. Аўтару гэтых радкоў, дарэчы, прапанавалі весці на сайце блог, што і рабілася пры любым надвор’і блізу чатырох гадоў. Сёння nn.by — самы папулярны беларускамоўны рэсурс байнэту.

Рэдакцыі ж дзяржаўных газет хоць і займелі ў свой час сайты, на што быў загад, аднак і па сёння пераважна выстаўляюць туды пастфактум матэрыялы са зробленых ужо нумароў. Блогі, каменты — гэта толькі другасная аздоба, і тое не ва ўсіх. Так, асобныя сайты, напрыклад “Советской Белоруссии”, маюць даволі вялікае наведванне (на што звярнуў увагу рэдактар аддзела інтэрнэт-праектаў выдання Дзмітрый Партон), аднак, асмелюся меркаваць, туды ідуць найперш праз тое, што можна бясплатна пачытаць артыкулы свежага нумара прэзідэнцкай газеты.

Зрэшты, цяжка кідаць камень у кіраўнікоў дзяржСМІ, якія не надта разумеюць, нашто ім тыя сайты (і такое прызнанне прагучала на пасяджэнні клуба). Пакуль, з аднаго боку, забяспечваецца падпіска, асігнуюцца такія-сякія бюджэтныя грошы на патрэбы выдання, а з іншага — няма працоўных схем манетызацыі вэб-кантэнту, нашто ускладняць сабе жыццё?

На тле іншых дзяржаўных медыяў большым дынамізмам што да засваення правіл гульні ў вэбе вылучаюцца тэлеканалы, БЕЛТА. У апошнім выпадку працуе, у прыватнасці, чыннік міжнароднай канкурэнцыі. Таму, напрыклад, і загалоўкі — ужо спрэс па сеціўных правілах, нават на банальную аграрную тэму: “Подъем зяби ведут все районы Витебской области”, а не “Восеньскія клопаты земляробаў”, як дасюль даюць многія раёнкі.

Увогуле ж аб нармальнай канкурэнцыі, рынкавых правілах у беларускай медыйнай сферы пакуль што можна толькі марыць. Магчымасці зарабляць грошы ў інтэрнэце абмежаваныя, мізэрныя нават у параўнанні з Расіяй.

Але некалі сітуацыя зменіцца і ў нас. І тыя, хто спіць, могуць праспаць усё. Ужо сёння нашумелае і балючае для многіх стварэнне медыйнага холдынгу — са скарачэннем штатаў, а ў перспектыве, відавочна, і выданняў — ёсць ускосным прызнаннем неэфектыўнасці застылай сістэмы дзяржаўнай прэсы.

 

Не заціск гаек, а самарэгуляванне

На гэтым тле для шэрагу аглядальнікаў стала ўжо штампам канстатаваць трыумфальную перамогу незалежнай журналістыкі ў байнэце. Я б не раіў улягаць у эйфарыю. Па-першае, рэсурсаў, што генеруюць моцны арыгінальны кантэнт — кот наплакаў, астатнія перабіваюцца збольшага копіпастам. Па-другое, рубам стаіць пытанне якасці матэрыялаў, у прыватнасці — спраўджвання інфы. Няма выразных крытэраў працы з карыстальніцкім кантэнтам.

З аднаго боку, як бачым, не вытрымлівае крытыкі стэрэатып, што журналісты з пасведчаннямі, зарэгістраваныя медыі — гэта сінонім адказнай журналістыкі, а вось розныя там блогеры (з якімі найперш асацыююцца ў афлайнавай публікі новыя медыі) — ненадзейны народзец, ім схлусіць — як раз плюнуць.

Мы бачым, што на сайтах дзяржаўных СМІ персоны з пасведчаннямі запачаткоўваюць блогерскія калонкі. Значыць, пасведчанне — яшчэ не ўсё. Блогерства — гэта сінонім разняволенасці, свабоднай думкі. І хочацца калі не быць, то хаця б выглядаць болей свабодным.

Рэгістрацыя не ўратоўвае пэўныя выданні ад шэрасці, функцыі прымітыўных прапагандысцкіх рупараў. З іншага боку, ёсць рэсурсы з умоўнай катэгорыі незалежных, якія пад маркай свабоды слова апускаюцца да распаўсюду лухты і банальнага хамства.

Праблема ёсць, але як яе вырашаць? Заціскам гаек? У нас яны і так закручаны па самае не магу. Заганяць інтэрнэт-рэсурсы ў падполле азначае толькі радыкалізаваць іх. У развітых жа дэмакратыях медыйная сфера, у тым ліку і сеціўны сегмент, кіруецца найперш прынцыпам самарэгулявання. Што ж да абавязковага ліцэнзавання, то недарэчна ўводзіць яго для інтэрнэт-СМІ ў той час, калі ў цывілізаваным свеце тэндэнцыя адваротная: нават рэгістрацыя папяровых медыяў становіцца анахранізмам.

На жаль, тэма самарэгулявання, як ні шчыраваў аўтар гэтых радкоў, розгаласу на пасяджэнні клуба не атрымала.

Між тым пры канцы дыскусіі першы намеснік старшыні БСЖ Вадзім Гігін паведаміў, што арганізацыя мае намер падрыхтаваць прапановы аб зменах у закон аб СМІ. Некаторых сяброў БАЖ гэтыя намеры напружылі: маўляў, ці не будуць прапановы неспрыяльнымі акурат у дачыненні да новых медыяў?

Адказны сакратар БСЖ Сяргей Сверкуноў, да якога я звярнуўся па каментар, паведаміў, што на сённяшні дзень сярод сяброў саюза ідзе толькі агульнае абмеркаванне, якім чынам варта ўдасканаліць закон, каб журналіст мог лепей выконваць свае прафесійныя абавязкі. Ніякіх афіцыйна аформленых ідэй няма, у тым ліку не вядзецца пра абавязковую рэгістрацыю інтэрнэт-СМІ.

* * *

Зазначу, што калі БСЖ толькі акумулюе прапановы, то БАЖ ужо прапаноўваў парламенту свой пакет, разлічаны, у прыватнасці, і на болей спрыяльныя ўмовы для тых, хто працуе ў рэчышчы новых медыяў. Аднак у Палаце прадстаўнікоў зрабілі выснову, што закон і так добры, чапаць не варта.

У спецыфічных айчынных умовах мо і сапраўды лепей, каб не чапалі. Калі дзяржава ўлазіць з дручком у рэгуляванне медыйнай сферы, то дабра для свабоды слова не чакай. Але свабода — рэч няпростая, двухбакованебяспечная, і таму (я ўсё дзяўбу сваё!) прафесійнаму цэху варта дбаць пра самарэгуляванне, каб журналістыка новых медыяў была якаснай.

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: