Вы здесь

Тыднёвая паездка ў Славакію для журналістаў

Грамадская арганізацыя «Чалавек у небяспецы» (Славакія) пры інфармацыйнай падтрымцы ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» абвяшчаюць конкурс на тыднёвую паездку ў Славакію для беларускіх журналістаў.

Вынікам паездкі павінная стаць серыя публікацый у беларускіх СМІ пра розныя аспекты жыцця ў Славакіі.

Удзельнікі рабочай паездкі атрымаюць магчымасць на працягу тыдня знаходзіцца ў Славакіі для падрыхтоўкі журналісцкіх матэрыялаў. Тэмы, якія будуць распрацоўваць журналісты, могуць тычыцца палітыкі, эканомікі, сацыяльнай сферы, пытанняў развіцця культуры, еўрапейскага выбару, гістарычных і сучасных паралеляў паміж Беларуссю і Славакіяй.

Арганізатары цалкам аплачваюць праезд, харчаванне, пражыванне і дарожныя выдаткі журналістаў падчас знаходжання ў Славакіі, аказваюць падтрымку пры афармленні віз, а таксама забяспечваюць удзельнікаў мясцовымі перакладчыкамі.

Удзельнікі абавязваюцца стварыць серыю журналісцкіх матэрыялаў для сваіх СМІ.

Паездка прыпадае на лістапад 2013 года (дакладныя даты паведамяць дадаткова).

Кандыдаты на ўдзел у паездцы мусяць:

– Быць сябрамі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» ;
– Не пазней за 17 кастрычніка 2013 года прадставіць кароткую інфармацыю пра сябе і пра СМІ, у якіх плануецца апублікаваць матэрыялы; план канкрэтных тэм, якія яны хацелі б асвятліць падчас тыднёвай паездкі ў Славакію, з кароткім абгрунтаваннем іх актуальнасці і патэнцыйнай цікавасці з боку аўдыторыі іх СМІ ў Беларусі (папярэдняя прапрацоўка тэм з указаннем канкрэтных месцаў для наведвання і магчымых інтэрв'ю дае такому заяўніку перавагу пры адборы);
– Мець дзеючы пашпарт.

Валоданне замежнымі мовамі і наяўнасць Шэнгенскай візы вітаюцца, аднак не з'яўляюцца неабходнымі крытэрамі пры адборы кандыдатаў.
Заяўкі на ўдзел у праграме прымаюцца да 17 КАСТРЫЧНІКА 2013 г. на адрас электроннай пошты baj@baj.by (тэма ліста – «Славакія»).

Прэс-служба ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў"

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: