ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Якасны кантэнт супраць вэб-папсы

В фокусе

Анлайнавыя медыі жаўцеюць, якаснага кантэнту ў іх вобмаль. Але ж добры матэрыял не высмакчаш з пальца. Ён каштуе грошай, і за яго варта плаціць. Пра гэта ішла гаворка на секцыі СМІ канферэнцыі “Дзелавы інтэрнэт” у Мінску.

Медыйная секцыя была адной з пляцовак маштабнага традыцыйнага мерапрыемства, што гэтым разам прайшло ў рэспектабельным Палацы рэспублікі 10–11 кастрычніка. Трапіўшы ў фае “саркафага”, я на нейкую хвіліну адчуў сябе дыназаўрам сярод гэтай айцішнай моладзі. Але потым, здаецца, мы знайшлі агульную мову.

Мне спадабалася задзірыстасць маладых людзей, што адчуваюць фальш шаблону і хочуць рабіць свежыя, крэатыўныя, эпатажныя праекты.

 

Зарабіць можна толькі на бульваршчыне?

“Інтэрнэт папсее” — гэта фраза Юрыя Зісера, заснавальніка TUT.BY, стала ўжо афарызмам. Нядаўна ён абмаляваў характэрны трэнд байнэту: “Апошнія тры гады мы назіраем актыўны рост карыстальнікаў інтэрнэту з сярэдняй адукацыяй. Зразумелая рэч, у гэтай аўдыторыі і іншыя інтарэсы”. Са слоў Зісера, гэта тая аўдыторыя, што стала меней глядзець тэлебачанне і болей карыстацца інтэрнэтам: “Таму і байнэт “апапсеў”.

Але тут, кладучы руку на сэрца, трэба прызнаць, што і журналісты прыклалі да гэтай бульварызацыі руку. Ну добра, хай сабе сацыяльныя сеткі — проста люстэрка нораваў, узроўню культуры ўладальнікаў акаўнтаў. Але ж вэб-рэсурсы мусяць мэтанакіравана праводзіць нейкую рэдакцыйную палітыку! І калі яны жаўцеюць, улягаюць у тэмы крыміналу, бабла, цыцак, культывуюць плёткі, жарты ніжэй за пояс, — то гэта азначае, што рэдакцыі падладжваюцца пад прымітыўнага, неразвітага карыстальніка.

А што зробіш, скажа рэдактар. Наведнікі — гэта клікі, ад папулярнасці сайта залежыць рэклама. А як іначай заробіш грошы ў сеціве?

Пажаўценне медыяў — сусветная праблема, але ў нас усё яшчэ болей складана. Беларуская бяда ў тым, што няма нармальнага рынку, у тым ліку і медыйнага. Стварыць прыстойны самаакупны праект пякельна цяжка. Дарэчы, падчас дыскусіі на “Дзелавым інтэрнэце” Юрый Зісер падкрэсліў, што TUT.BY акупляецца: “Мы прынцыпова не бярэм гранты”.

Але ж большасць медыяў сядзяць або на дзяржаўнай падтрымцы, або на грантах. І гэта збівае арыенціры, скажае матывацыю.

Ну нашто рэдактару дзяржаўнага выдання ўлягаць у раскрутку свайго сайта, генерацыю адмысловага кантэнту, развіццё інтэрактыву? Прэмію за гэта не дадуць, затое задзяўбешся вычышчаць крамолу з блогаў ды форумаў.

Гранты ж, з аднаго боку, дапамагаюць недзяржаўным медыям неяк вытрываць, не аддаць канцы ў жорсткім палітычным ды эканамічным клімаце, і гэта плюс. Аднак жа мінус у тым, што фармуецца залежнасць, як ад любога допінгу. І, зноў жа, аслабляецца стымул да пошуку працоўных бізнэс-мадэляў.

 

Піпл ідзе ў сеціва па дурніцу

Між тым такія мадэлі ёсць, што давяла ў сваім выступе на круглым стале “Анлайн-медыі: новыя выклікі і новыя магчымасці” Ірына Юзвак, сузаснавальніца і дырэктар інфармацыйна-аналітычнага агенцтва “Бизнес-новости”. Яна прыводзіла прыклады медыяў, што так ці іначай культывуюць на сваіх сайтах платны кантэнт: “Файнэншл таймс”, расійскія ПРАЙМ, “Ведомости”, тэлеканал “Дождь”. Плацяць за інфу ды аналітыку і карыстальнікі “Бизнес-новостей”.

Але і тут не ўсё проста. Так, дзелавы чалавек з салідным рахункам гатовы выкласці энную суму за звесткі, ад якіх залежыць ягоны бізнес. Але ж большасць інтэрнаўтаў адшпільваць свае крэўныя за кантэнт у сеціве не гатовыя — не столькі нават матэрыяльна, колькі псіхалагічна. Сеціва дасюль уяўляецца гэтакім філіялам камунізму, дзе ўсё ёсць і ўсё на дурніцу.

Толькі ж дурніца не можа быць якаснай. Возьмем байнэт: сайтаў да чорта, але арыгінальнага, эксклюзіўнага кантэнту — з камарову дзюбу. Прадукуюць яго ў прыстойнай колькасці лічаныя айчынныя вэб-СМІ. Астатнія — банальна перадзіраюць, з рознай доляй таленту маскуючы чужы прадукт пад свой. Самы просты варыянт — копіпаст з заменай загалоўка (пажадана на спекуляцыйны, крыклівы). Болей “вытанчаны” шлях — пералапачванне зыходнага матэрыялу.

Выступаючы на “Дзелавым інтэрнэце”, я шчыра прызнаўся: не разумею, што такое рэрайтынг. Дакладней, тэарэтычна разумею, але практычна за журналістыку гэты занятак не ўважаю. Колькі ні перастаўляй словы, колькі ні ўпрыгожвай бразготкамі зыходны тэкст, нічога прынцыпова новага не створыш.

Фактычна рэрайтынг, з майго гледзішча, — гэта такі прыхаваны, акультураны плагіят. СМІ маскуюць такім чынам тую акалічнасць, што сядзяць на запазычаннях. Журналістыка ж — гэта эксклюзіўная здабыча фактуры, меркаванняў, даследаванне праблемы, выцягванне шкілетаў з шафы, генерацыя ўласных высноў.

У падобным ключы выказаўся на круглым стале медыйны эксперт з Кіева Дзмітрый Сурнін: “Наіўна меркаваць, што з перажаванага матэрыялу мы можам згатаваць новую страву, колькі перцу ні дадавай”.

Сурнін перакананы, што “якасная інфармацыя, якасныя гісторыі з нічога не з’явяцца, усё адно некаму давядзецца за гэта заплаціць”.

 

Добры прадукт каштуе грошай

Падчас дыскусіі з аўдыторыі мне закінулі: вось CityDog, напрыклад, — гэта акурат тое, што патрэбна новаму пакаленню, хутка гэты рэсурс абставіць тыя ж Naviny.by, бо людзі сталі іншыя і для іх трэба пісаць іначай.

CityDogсапраўды цікавы свежы праект, прычым там — рэдкі выпадак — ствараецца выключна арыгінальны кантэнт.

Увогуле ж сэнс майго адказу быў такі: аўдыторыя розная. Ёсць моладзевы тусняк, якому найцікавей прачытаць, дзе можна адцягнуцца па поўнай праграме. Я сам падчас гарбачоўскай перабудовы рэдагаваў падлеткавы часопіс “Парус”, які шакаваў чыноўнікаў крамольным на той час зместам: рок, нефармальныя групоўкі, праблемы наркаманіі і г.д.

Але з тых, хто тусуецца, бабло на гулі многія пакуль што вытрасаюць з продкаў. Прыдзе час — і давядзецца зарабляць самім. Вось тады камусьці і спатрэбіцца, напрыклад, дзелавая інфа, за якую не грэх і адшпіліць.

Аднак бізнес-інфармацыя ці спецыялізаваная палітычная аналітыка — усё ж для адносна вузкага кола. Значна цяжэй раскруціць на грошы тых, хто чытае ў сеціве звычайныя журналісцкія гісторыі. Магчыма, пакуль што найболей рэалістычнай ёсць камбінаваная мадэль, калі частка кантэнту на нейкім рэсурсе — платная. Зрэшты, манетызацыя — асобная складаная тэма, і па вялікім рахунку не мая.

Я ж як журналіст, што сам піша, абедзьвюма рукамі за тое, каб у байнэце расцвіталі сто кветак. Хай будзе як мага болей рэсурсаў нестандартных і заточаных пад сваю аўдыторыю.

Аднак тут цяжка спадзявацца на цуд: вось зараз пачнуць вырастаць як грыбы. Так, могуць быць асобныя аматарскія феномены, але па вялікім рахунку якасныя праекты не робяцца на голым энтузіязме. Кандыцыйная, дыхтоўная журналістыка мусіць нармальна аплочвацца. Іначай праз нейкі час мы захлынемся ў вэб-папсе.

Выразнага, моцнага адказу на гэты выклік у байнэту пакуль што няма.

Оценить материал:
1
Средняя: 1 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: