Вы здесь

Цэнзура і парушэнне стандартаў журналістыкі на ўсіх каналах

Дэталёвы разбор закрануў 152 матэрыялы трох беларускіх каналаў: двух дзяржаўных («Беларусь 1» і ОНТ) і аднаго недзяржаўнага («Белсат»).

Метадалогія маніторынгу вечаровых навінаў

 

Агульная характарыстыка парушэнняў прафесійных стандартаў у выпусках навінаў на тэлеканалах ОНТ, «Беларусь 1» і «Белсат»

Для ўсіх трох каналаў былі характэрныя парушэнні прафесійных стандартаў: балансу думак, паўнаты, аддзялення фактаў ад меркаванняў, верагоднасці, дакладнасці і аператыўнасці. У значнай частцы матэрыялаў «Белсата» (38 %) і ў большасці сюжэтаў каналаў «Беларусь 1» (65 %) і ОНТ (62 %) зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры.

Абодва дзяржаўныя каналы не ўзгадалі ніводнага разу апазіцыю і амаль палову свайго эфіру аддалі пазітыўным матэрыялам пра кіраўніка краіны і дзейнасць дзяржаўных структур. І ОНТ, і «Беларусь 1» інфармацыю пра кіраўніка дзяржавы, як правіла, падавалі з адной крыніцы — ад уласна прэзідэнта альбо яго прэсавай службы.

На дзяржаўных каналах у разгляданы перыяд часу не было месца для меркаванняў недзяржаўных экспертаў, звязаных з апазіцыйнымі ці каляапазіцыйнымі структурамі. І ў той жа час часта слова давалася недзяржаўным экспертам з камерцыйных структур дзеля імітацыі балансу думак.

Журналісты дзяржаўных каналаў, асабліва ў матэрыялах на палітычныя тэмы, дазвалялі сабе каментары без падмацавання і пацвярджэння крыніцамі. У сюжэтах зафіксаваныя спасылкі на невядомыя сацыялагічныя даследаванні: «об этом говорят почти все жители Солигорска», «в кулуарах стало известно», «предположительно», «здесь часто говорят», «не надо быть специалистом, чтобы посчитать», «твердят ведущие политики и эксперты», «эксперты надеются», «организаторы уверены», «как показывает практика», «лучше всего говорит статистика», — што з’яўляецца парушэннем стандарту верагоднасці.

Апроч замоўных палітычных сюжэтаў, якія ў пераважнай большасці тычыліся дзейнасці кіраўніка дзяржавы, зафіксаваныя так званыя «паркетныя» матэрыялы, дзе ў пазітыўным святле паказвалася дзейнасць розных дзяржаўных інстытутаў. У гэткім рэчышчы разглядаліся прыбыццё вайскоўцаў з Расіі на вучэнні ў Беларусь (ОНТ, 10.09.2013), адкрыццё футбольнай пляцоўкі ў Гомелі (ОНТ, 10.09.2013), падрыхтоўка ў Жлобіне да «Дажынак» (ОНТ, 10.09.2013), гадавіна заснавання Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь («Беларусь 1», 12.09.2013).

У эфіры дзяржаўных каналаў прайшлі матэрыялы з элементамі рэкламы, самарэкламы, або карпаратыўнай замовы. Гэтую хібу мелі сюжэты пра прэзентацыю новага айфона («Беларусь 1», 10.09.2013), серыйную вытворчасць верталётаў у Оршы (ОНТ, 11.09.2013), святкаванне юбілею праграмы «Мэры Попінс» на беларускім радыё («Беларусь 1», 12.09.2013), ток-шоу «Хачу ў “ВІА ГРУ”» (ОНТ, 13.09.2013), узнагароду ОНТ за дакументальны фільм (ОНТ, 13.09.2013).

Значную частку матэрыялаў «Белсата» можна назваць навінамі толькі з вялікай доляй умоўнасці — гэта сюжэты без падзеі, без выразнай інфармацыйнай нагоды. Нягледзячы на тое што часта яны асвятлялі гучныя, грамадска-палітычныя і сацыяльна значныя тэмы.

Напрыклад, першы сюжэт выпуску навінаў «Градус не зніжаецца» ад 09.09.2013, прысвечаны калійнаму канфлікту. Не зразумела, што сталася нагодай для матэрыялу. Ці: «У 2015 годзе Лукашэнка не будзе кіраваць Беларуссю. З гэткім загалоўкам выйшла расейская газета “Аргументы и факты”», ці: «Сёння да “калійнай вайны” далучыліся і іншыя расейскія выданні», ці: «Градус у “калійнай вайне” не зніжаецца. У гэтым сёння прызнаўся нават кіраўнік краіны».

Першы сюжэт «На калійным фронце без зменаў» у навінавым выпуску ад 10.09.2013 прысвячаўся зноў жа «гарачай» тэме калійнага канфлікту: «Ці здае Менск пазіцыі? Аляксандр Лукашэнка ўжо не супраць аднавіць супрацу з “Уралкаліем”. Масква ж падае іншыя сігналы. Сёння ў беларуска-расейскім калійным канфлікце з’явіўся каўбасны прысмак. Санітарныя службы Расеі знайшлі ў беларускіх мясных вырабах сляды бактэрыяў афрыканскай чумы свіней. Як чумы цяпер баяцца і расейскія бізнесоўцы наведваць нашую краіну». Засталося не зразумелым, у чым інфармацыйная нагода гэтага матэрыялу.

Інфармацыйнай нагодай для другога сюжэта дня «Пытанне авіябазы — у Канстытуцыйны Суд» ад 13.09.2013 сталася не падзея, а толькі намер групы палітыкаў падаць заяву ў суд, што пакуль не падмацоўвалася нейкай дзейнасцю, апрача выказванняў для прэсы: «Яшчэ адна праблема саюзнікаў — расійская авіябаза ў Беларусі. Яе размяшчэнне супярэчыць галоўнаму закону краіны, упэўненыя беларускія палітыкі, якія збіраюцца развязаць пытанне праз суд. Ініцыятарамі выступілі былыя старшыні Вярхоўнага Савета Станіслаў Шушкевіч і Мечыслаў Грыб ды старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька».

Сюжэт «У чаканні падзення» ад 10.09.2013 прысвячаўся дылеме, «будзе ці не будзе дэвальвацыя»: «Нягледзячы на рапартаванне пра выбітныя поспехі ў эканоміцы, у незалежных медыях узнялася чарговая хваля размоваў пра паслабленне рубля. Пытання не стаіць, будзе дэвальвацыя ці не, мяркуюць эксперты. Пытанне ў тым, КАЛІ яна адбудзецца». Што тут з’яўляецца інфармацыйнай нагодай?

Журналісты «Белсата» ў адрозненне ад калегаў з дзяржаўных каналаў актыўна выкарыстоўваюць меркаванні апазіцыйных палітыкаў, грамадскіх дзеячаў, недзяржаўных экспертаў. Аднак часта гэтыя каментары толькі імітуюць баланс думак: альбо выказванне эксперта не звязанае з тэмай інфармацыйнай нагоды, альбо яно вырванае з кантэксту. А часам «эксперт» у прынцыпе не з’яўляецца экспертам у дадзенай тэме.

Адзін з прыкладаў. У сюжэце ад 10.09.2013, у якім распавядалася пра сустрэчу прадстаўнікоў апазіцыі з міністрам замежных справаў Польшчы, прагучаў наступны тэкст журналіста: «Пытанне вызвалення палітвязняў усцяж прыярытэтнае і для беларускіх дэмакратаў, і для Еўропы. Ад гэтага і будзе залежаць узровень удзелу ў саміце нашай краіны». Пасля чаго ідзе каментар Аляксандра Мілінкевіча (лідара Руху «За Свабоду»): «У Беларусі жыве не толькі ўлада, не толькі Лукашэнка. Тут ёсць яшчэ і людзі, праеўрапейскія настроі, якія ўзрастаюць апошнім часам. Мы б хацелі, каб на гэтым саміце безумоўна была падпісаная дамова з Украінаю…»

Яшчэ адзін прыклад падобнай імітацыі балансу думак (і, магчыма, верагоднасці, калі б удалося даказаць, што «эксперт» наогул выказваўся не на тэму інфармацыйнай нагоды ). У сюжэце ад 12.09.2013, які тычыўся калійнага канфлікту, журналіст падае наступны тэкст: «Душэўнасць сустрэчы, прынамсі, здзіўляе на тле яшчэ нядаўніх нацягнутых асабістых стасункаў Сечына і Лукашэнкі. А таксама ўлічваючы заклік віцэ-прэм’ера нашай краіны Пятра Пракаповіча да айчынных прадпрымальнікаў, каб тыя замест расейскіх тавараў набывалі... кітайскія». Пасля гэтага ішоў каментар маскоўскага палітолага Андрэя Суздальцава: «Ды калі ласка! Хай ляцяць! Хай Пракаповіч перахрысціцца і ляціць! Але гэта сведчыць пра тое, што ўлада сама не ведае, адкуль людзі грошы зарабляюць, не разумее, чым людзі жывуць, чым народ жыве. А народ жыве цяжка! Зарабляе капейку, ашчаджае. А яны папросту фантазіямі займаюцца!»

Аўтары і рэдактары інфармацыйных выпускаў незалежнага канала «Белсат» часцей за сваіх калег з дзяржаўных каналаў парушаюць стандарт паўнаты інфармацыі (ключавыя факты, адказы на шэсць пытанняў, развіццё падзей, бэкграўнд тэмы). Прыкметы парушэння гэтага стандарту адзначаныя ў 64 % сюжэтаў, якія з’явіліся ў навінах «Белсата», супраць 43 % — на тэлеканале «Беларусь 1» і 34 % — на ОНТ.

У вышэйзгаданым сюжэце ад 10.09.2013, у якім распавядалася пра сустрэчу прадстаўнікоў апазіцыі з міністрам замежных справаў Польшчы, аўтар і рэдактар уставілі ў адзін матэрыял адразу дзве тэмы. У дадатак да галоўнай яны яшчэ распавялі і пра «…канферэнцыю прыхільнікаў новай кааліцыі, якая згуртавала Аб’яднаную грамадзянскую партыю, партыю “Справядлівы свет”, Беларускі рух ды іншыя арганізацыі. Робяць стаўку на працу з народам».

У выніку ніводная з тэмаў не атрымала асвятлення адпаведна стандартам паўнаты. Больш за тое, сам сюжэт таксама можна прылічыць да катэгорыі замоўных, бо журналіст дазволіў сабе суб’ектыўнае выказванне: «Робяць стаўку на працу з народам», — чым супрацьпаставіў дзве групы апазіцыі.

У матэрыяле ад 13.09.2013, якія тычыўся дачыненняў Арменіі і Мытнага саюза, быў парушаны стандарт дакладнасці, іначай кажучы, прагучала няпраўда, зманіпуляваная інфармацыя: «Мытны саюз сёння пашырыўся на Арменію. На гэтым Масква не спыняецца і спадзяецца на ўдзел Ерэвана ў стварэнні Еўразійскага саюза». Калі б аўтар матэрыялу і рэдактар спраўдзілі гэтую інфармацыю, дык даведаліся б, што на пачатку верасня прэзідэнт Арменіі толькі агучыў намер краіны ўступіць у Мытны саюз. «Белсат», наогул, парушаў стандарт дакладнасці ў 38 % сваіх матэрыялаў, ОНТ — у 10 %, «Беларусь 1» — у 27 %.

Журналісты незалежнага канала традыцыйна рэгулярна парушаюць стандарт аддзялення фактаў ад думак. Уласныя меркаванні, каментары з’яўляюцца ў большасці матэрыялаў навінаў «Белсата» — 61 % супраць 52 % і 41 % тэлеканалаў «Беларусь 1» і ОНТ адпаведна. Гэта самае частае парушэнне ў навінах незалежнага канала. Можна зрабіць выснову, што аўтары і рэдактары навінаў «Белсата» замяняюць сваімі меркаваннямі звычайную журналісцкую працу: пошук інфармацыі, яе спраўджванне, зварот да разнастайных крыніц.

Прывядзём некаторыя прыклады парушэння гэтага прафесійнага стандарту на тэлеканале «Белсат»: «“Беларускі цуд”, аднак, можна патлумачыць — хай і не паспяховымі рэформамі, а толькі зместам прынятага спажывецкага кошыка, значную частку якога ў нашай краіне складае ежа…» (10.09.2013); «Аднак цуд наўрад ці будзе працяглы…» (10.09.2013); «А таму інфляцыя, вядома ж, патрэбная. Вось толькі б хацелася б, каб яна была ніжэйшая…» (10.09.2013); «Пытанне вызвалення палітвязняў усцяж прыярытэтнае і для беларускіх дэмакратаў, і для Еўропы. Ад гэтага і будзе залежаць узровень удзелу ў саміце нашай краіны…» (10.09.2013); «Магілёву тэрмінова патрэбны гіпермаркет!» (10.09.2013); «Дэпутаты прапаноўваюць Еўракамісіі пашырыць выдаванне бясплатных візаў для беларусаў. На тле стодоларавага мыта за выезд за мяжу гэта можа быць найлепшым адказам з боку Бруселя...» (11.09.2013); «Душэўнасць сустрэчы, прынамсі, здзіўляе на тле яшчэ нядаўніх нацягнутых асабістых стасункаў Сечына і Лукашэнкі…» (12.09.2013); «Ува ўсім гэтым асартыменце меркаванняў ёсць адно агульнае: умешвацца палітычна ці вайскова ў грамадзянскую вайну трэба было раней…» (12.09.2013); «І чым цяжэй жывуць беларусы, тым гучней робіцца менавіта смех, а не слёзы…» (13.09.2013).

 

Парушэнне стандартаў на прыкладзе асвятлення ў выпусках навінаў тэлеканалаў ОНТ, «Беларусь 1» і «Белсат» тэмы калійнага канфлікту

У 62 % сюжэтаў у навінах на ОНТ і ў 65 % на тэлеканале «Беларусь 1» у параўнанні з 38 % матэрыялаў на «Белсаце» былі зафіксаваныя прыкметы замоўленасці і цэнзуры. Па гэтым паказчыку дзяржаўныя каналы выглядаюць значна горш за недзяржаўны «Белсат».

Значная частка гэтых сюжэтаў тычылася калійнага канфлікту, які каналы ОНТ і «Беларусь 1» асвятлялі з пункту гледжання беларускай дзяржавы: дэманстравалася, што ў Беларусі не ўзнікла праблем у сувязі з канфліктам, акцэнтавалася ўвага на даверы працоўных «Беларуськалію» да кіраўніцтва канцэрна і дзяржавы і на віне кіраўніцтва «Уралкалію». Матэрыялы ОНТ і «Беларусь 1» на гэту тэму рабіліся з парушэннем стандарту балансу думак: адсутнічала выразная пазіцыя «Уралкалію», не было экспертаў, якія б выказвалі сумненні ў слушнасці пункту гледжання беларускага боку. Журналісты дзяржаўных каналаў спасылаліся на чуткі, выказвалі свае суб’ектыўныя меркаванні, давалі ацэнкі, высоўвалі абвінавачанні: «Кстати, беспокоиться о будущем не стоит — добывать белорусский калий, говорят эксперты, еще можно более 100 лет.. (ОНТ, 09.09.2013); «Валентина Куделевич, оператор цеха погрузки предприятия “Беларуськалий”: “Все у нас хорошо, зарплата не упала, все нормально, ничего страшного. Все будет хорошо”. Ее слова — ответ злым языкам, которые, подхватив “калийный разрыв” между “Уралкалием” и “Беларуськалием“, заговорили по углам, что в Солигорске якобы закрывают рудники...» (ОНТ, 09.09.2013); «Вместо честной конкуренции и модернизации владельцы “Уралкалия” решились на аферу мирового масштаба.. (ОНТ, 09.09.2013); «Как полагают аналитики, в России созрело понимание того, что интересы государства и народа не тождественны интересам олигархов» («Беларусь 1», 12.09.2013). Свае меркаванні аўтары падмацоўвалі ўласнымі ацэнкамі кшталту: «калийный заговор» («Беларусь 1», 09.09.2013); «без Керимова, а значит без криминала» (ОНТ, 10.09.2013); «керимовцы», «горе-бизнесмены» (ОНТ, 12.09.2013).

Матэрыялы на тэму калійнага канфлікту ў большасці выпускаў навінаў не мелі інфармацыйнай нагоды.

«Белсат», у сваю чаргу, інфармуючы гледача пра калійны канфлікт, парушаў стандарты верагоднасці і дакладнасці. Сюжэты рыхтаваліся на матэрыялах іншых СМІ, пераважна расійскіх, на тэму канфлікту («Коммерсантъ», «Forbes»): «У 2015 годзе Лукашэнка не будзе кіраваць Беларуссю. З гэткім загалоўкам выйшла расейская газета “Аргументы и факты”. Менавіта такім на думку выдання можа быць вынік спробаў канфрантацыі з Крамлём...» (09.09.2013).

Журналісты «Белсата» таксама дапускалі ў матэрыялах на тэму канфлікту свае суб’ектыўныя меркаванні і спасылаліся на ананімных экспертаў: «І калі канфлікт распачынаўся як калійны, то цяпер ён ужо нафтавы, мясны і малочны. Паводле падлікаў экспертаў, праз гэта бюджэт краіны да канца года ўжо можа недалічыцца амаль аднаго мільярда долараў…» (09.09.2013) — спасылка на невядомых экспертаў; «Як чумы цяпер баяцца і расейскія бізнесоўцы наведваць нашую краіну…» (10.09.2013); «У выніку іншыя расейскія бізнесоўцы таксама не спяшаюцца наведваць нашую краіну. Гэтак, гендырэктар КамАЗа Сяргей Кагогін распавёў журналістам, што не рызыкуе прыязджаць у Менск, хоць умовы стварэння холдынгу “Расбелаўта” ўзгодненыя…» (10.09.2013) — без пазначэння, каму, дзе і калі гэта распавёў герой; «Ці вырытая яміна для “калійнай сякеры” чарговай беларуска-расейскай вайны?» (12.09.2013).

 

Зводная табліца парушэння стандартаў у выпусках навінаў на тэлеканалах ОНТ, «Беларусь 1» і «Белсат»

Парушэнне стандартаў

ОНТ

«Беларусь 1»

«Белсат»

Заўвагі

1. Матэрыялы з прыкметамі замоўленасці альбо цэнзуры

 

 

31 (з 50) — 62 %

 

41 (з 63) — 65 %

 

15 (з 39) — 38 %

Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах

1.1. Матэрыялы з прыкметамі палітычнай замоўленасці (альбо цэнзуры)

23

26

13

Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры

1.1.1. Негатыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую ўладу

0

0

14

Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры

1.1.2. Пазітыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую ўладу

 

21

26

0

Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры

1.1.3. Негатыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую апазіцыю

 

0

0

0

Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры

1.1.4. Пазітыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую апазіцыю

 

0

0

3

Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры

1.2. Матэрыялы з прыкметамі карпаратыўнай замоўленасці, ці рэкламы

6

9

0

Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры

2. Матэрыялы з парушэннямі стандарту балансу думак

 

28 (з 50) — 56 %

48 (з 63) — 76 %

22 (з 39) — 56 %

Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах

3. Матэрыялы з парушэннямі стандарту паўнаты інфармацыі

 

17 (з 50) — 34 %

27 (з 63) — 43 %

25 (з 39) — 64 %

Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах

4. Матэрыялы з парушэннямі стандарту аддзялення фактаў ад думак

22 (з 50) — 44 %

33 (з 63) — 52 %

24 (з 39) — 61 %

Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах

5. Матэрыялы з парушэннямі стандарту верагоднасці інфармацыі

11 (з 50) — 22 %

19 (з 63) — 30 %

19 (з 39) — 48 %

Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах

6. Матэрыялы з парушэннямі стандарту дакладнасці падачы інфармацыі

 

5 (з 50) — 10 %

17 (з 63) — 27 %

15 (з 39) — 38 %

Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах

7. Матэрыялы з парушэннямі стандарту аператыўнасці інфармацыі

18 (з 50) — 36 %

23 (з 63) — 36,5 %

23 (з 39) — 59 %

Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах

 

Ключавыя грамадска-палітычныя тэмы, пададзеныя каналамі ў матэрыялах з прыкметамі замоўленасці (цэнзуры)

09.09, панядзелак

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і генеральнага сакратара Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы Мікалая Бардзюжы стала тэмай сюжэтаў, якія адкрывалі выпускі навінаў на тэлеканалах ОНТ і «Беларусь 1». Матэрыялы відавочна мелі на мэце паказаць, што супрацоўніцтва Беларусі з АДКБ (Расіяй) развіваецца, нягледзячы на калійны канфлікт. На абодвух каналах цытаваліся толькі ўдзельнікі сустрэчы, не падаваліся меркаванні экспертаў і адмыслоўцаў у вайсковай галіне, хаця ў сюжэце закраналася падрыхтоўка да вайсковых вучэнняў «Захад-2013».

На «Белсаце» першай тэмай панядзелка стаў працяг калійнага канфлікту. Матэрыял не меў выразнай інфармацыйнай нагоды і будаваўся фактычна на матэрыялах расійскай прэсы. У сюжэце былі дапушчаныя суб’ектыўнае меркаванне аўтара і спасылкі на ананімных экспертаў.

10.09, аўторак

Першымі сюжэтамі на абодвух дзяржканалах сталіся матэрыялы пра кадравыя прызначэнні Аляксандра Лукашэнкі, сустрэчу кіраўніка краіны з міністрам замежных справаў Уладзімірам Макеем. У гэтых матэрыялах на ОНТ пераважала доўгае цытаванне Аляксандра Лукашэнкі і не падавалася меркаванняў незалежных экспертаў. Як, зрэшты, і ў сюжэтах на тэлеканале «Беларусь 1». Гэта былі матэрыялы з выразнымі прыкметамі палітычнай замовы.

Першай тэмай гэтага дня на «Белсаце» стаўся працяг калійнага канфлікту. Нельга адназначна назваць інфармацыйную нагоду сюжэта, які да таго ж характарызаваўся імітацыяй балансу думак, парушэннем стандарту паўнаты, выкарыстаннем уласных думак аўтара («Як чумы цяпер баяцца і расейскія бізнесоўцы наведваць нашую краіну…»), недатрыманнем стандарту верагоднасці (спасылкі на словы, невядома дзе, калі і каму дакладна сказаныя).

11.09, серада

Першай тэмай і на ОНТ, і на тэлеканале «Беларусь 1» стала сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам «Раснафты» Ігарам Сечыным. На абодвух дзяржканалах сюжэты прайшлі з парушэннем балансу думак, стандарту паўнаты, аўтары дазволілі сабе выказванне ўласнага меркавання.

На «Белсаце» першым матэрыялам выпуску стаў сюжэт з нагоды абяцанняў віцэ-прэм’ера Пятра Пракаповіча праз месяц-паўтара абавязаць беларусаў плаціць 100 долараў за выезд за мяжу. У матэрыяле парушаныя стандарты паўнаты і верагоднасці (незразумела, дзе і каму паабяцаў распачаць вышэйзгаданыя захады Пётр Пракаповіч). У сюжэце таксама зафіксаваная імітацыя балансу думак.

12.09, чацвер

Амаль аднолькавыя сюжэты прайшлі на абодвух дзяржаўных каналах пра візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Мінскі цэнтр алімпійскага рэзерву па тэнісе. У сюжэтах не было незалежнага экспертнага меркавання, аўтары выказвалі ўласныя думкі.

Трэцім сюжэтам у выпуску навінаў на «Белсаце» стаў матэрыял пра працяг калійнага канфлікту. Аўтар парушыў стандарты аддзялення фактаў ад меркаванняў, паўнаты і балансу думак.

13.09, пятніца

Першыя тэмы на дзяржаўных каналах былі аднолькавыя: сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком Газпрома Аляксеем Мілерам і старшынёй праўлення Ашчадбанка Расіі Германам Грэфам. Сюжэты вылучаліся адсутнасцю меркаванняў незалежных экспертаў, парушэннем стандарту аддзялення фактаў ад думак, акцэнтаваннем увагі на добрых стасунках Беларусі і Расіі, нягледзячы на калійны канфлікт.

«Белсат» свой першы сюжэт зноўку прысвяціў калійнаму канфлікту, а менавіта адмове Менскага гарадскога суда ў задавальненні скаргі аб змене меры стрымання Уладзіславу Баўмгентнеру. Аўтар спасылаўся на іншыя СМІ, парушаў стандарт аддзялення фактаў ад думак.

 

Замоўчаная тэлеканаламі грамадска важная інфармацыя

Выбар замоўчаных тэмаў рабіўся на падставе аналізу стужкі навінаў двух галоўных інфармагенцтваў Беларусі: БелаПАН і БелТА.

Каналы

Верасень 2013

(09.09–13.09)

Колькасць

«Белсат»

 

12

«Беларусь 1»

 

20

ОНТ

 

20

 

09.09, панядзелак

Ветэраны Афганскай вайны заклікалі ўрад аднавіць для іх ільготы — не было на ніводным з каналаў.

Рассельгаснагляд выявіў парушэнні пры ўвозе мяса-малочнай прадукцыі з Беларусі ў Расію — не было на тэлеканалах «Беларусь 1» і ОНТ.

Чатыры раварысты загінулі ў Беларусі ў выходныя — не было на ніводным з каналаў.

Пакінуць Сірыю пажадалі толькі 13 беларусаў — не было на ніводным з каналаў, хаця сітуацыя ў гэтай краіне асвятлялася.

У Беларусі павялічваюцца тарыфы на паслугі паштовай сувязі — не было на ніводным з каналаў.

10.09, аўторак

Кадравыя прызначэнні АляксандраЛукашэнкі — не было на «Белсаце».

Сустрэча апазіцыі з міністрам замежных справаў Польшчы — не было на тэлеканалах «Беларусь 1» і ОНТ.

У Беларусі плануецца прышчапіць ад грыпу 36 % насельніцтва — не было на ніводным з каналаў.

11.09, серада

У Мінску ў 2014 годзе будзе пабудавана не менш за 1 млн м2 жылля — не было на ніводным з каналаў.

З 1 лістапада ў Беларусі пры тэхаглядзе таксі асаблівую ўвагу будуць звяртаць на знешні выгляд і салон — не было на ніводным з каналаў.

Інтэрпол не абвяшчаў Керымава ў міжнародны вышук — не было на ніводным з каналаў.

Беларускія банкі рэзка падвышаюць стаўкі па рублёвых укладах для насельніцтва — не было на ніводным з каналаў.

12.09, чацвер

Справа арышту святара Уладзіслава Лазара — не было на тэлеканалах «Беларусь 1» і ОНТ.

Справа Мірзоева — не было на тэлеканалах «Беларусь 1» і ОНТ.

Акцыя Аб’яднанай грамадзянскай партыі «Пайшлі на…» — не было на тэлеканалах «Беларусь 1» і ОНТ.

Еўрапарламент ухваліў даклад Палецкіса пра сітуацыю ў Беларусі — не было на тэлеканалах «Беларусь 1» і ОНТ.

Жахлівае забойства ў цэнтры Оршы — не было на ніводным з каналаў, на ОНТ інфармацыю падалі на наступны дзень.

13.09, пятніца

На будынку па вуліцы Каліноўскага аднавілі памятную шыльду ў гонар К. Каліноўскага — не было на ніводным з каналаў.

Лукашэнку ўзнагародзілі Шнобелеўскай прэміяй — не было на тэлеканалах «Беларусь 1» і ОНТ.

Беларускія палітзняволеныя вылучаныя на прэмію імя Андрэя Сахарава Еўрапейскага парламента — не было на тэлеканалах «Беларусь 1» і ОНТ.

Суд не задаволіў скаргу аб змяненні меры стрымання для У. Баўмгентнера — не было на тэлеканалах «Беларусь 1» і ОНТ.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: