ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Цытаванне: як рэзаць, каб не зарэзаць

Ремесло

Далёка не заўжды журналісту даводзіцца мець справу з Цыцэронамі. Нават калі суразмоўца кеміць у прадмеце, то часта выказвае думкі коснаязыка. І калі рэдактар усклікае: ну што за трызненне! — аўтар разводзіць рукамі: дык ён жа так сказаў!

Ад гэтага “ён так сказаў” рэдактару хочацца выць ваўком. З іншага боку, перайначваць простую мову — таксама не камільфо. Якое выйсце?

 

Скарачайце і пераказвайце, але з галавой

Увогуле падчас трэнінгаў я пераканаўся, што для маладых калег цытаванне суразмоўцаў — няпростая праблема.

З аднаго боку, законы жанру вымагаюць простай мовы, меркаванняў герояў, відавочцаў, знаўцаў тэмы, афіцыйных асоб і г.д. Цытаванне надае тэксту імавернасці, доказнасці, паліфаніі. З іншага боку, паліфанія можа стаць какафоніяй, перабор цытавання пагражае заглушыць аўтарскі пачатак, зламаць фармат.

У прыватнасці, журналіст рызыкуе апынуцца ў палоне дыктафона. Гэтая прылада нібыта і аблегчыла прафесійнае жыццё (у гады маёй маладосці пра такі цуд тэхнікі і не марылі), але разам з тым выявіла падступны нораў. Многія марнуюць багата часу, каб “зняць тэкст”, а потым шкада гэты здабытак рэзаць.

У выніку матэрыял ператвараецца ў нарэзку кіламетровых цытат, сшытых між сабой белымі ніткамі ўбогіх пераходаў кшталту “пры гэтым ён адзначыў”, “акрамя таго, ён падкрэсліў”.

Журналісту так прасцей: не трэба ўключаць мазгі. Але празмернае цытаванне вядзе да таго, што ў матэрыле адлюстроўваюцца ўсе хібы жывой гаворкі экспромтам: паўторы, недакладныя выразы, агаворкі… Нарэшце, доўгую кішку, асабліва ў інтэрнэце, мала хто хоча чытаць.

Іншая крайнасць — гэта калі з разваг каментатара выдзіраюць толькі тое, што кладзецца ў журналісцкую канцэпцыю.

Звычайна аналітык стараецца раскласці пытанне па палічках, назваць плюсы і мінусы нейкай з’явы, акрэсліць дыялектычную супярэчлівасць праблемы. А ў выніку высморгваюць палову фразы пра кепскі рэжым — і такім чынам выстаўляюць эксперта нейкай убогай дэмшызой. Сам трапляў у такія сітуацыі: распінаешся, абмалёўваеш нюансы — а потым высвятляецца, што цябе груба выкарыстоўваюць “на падтанцоўцы”.

Натуральна, жаданне зноў даваць каментар такому аўтару згасае. Іншая рэч, што лепей, калі журналіст патлумачыць суразмоўцу, у якім фармаце мяркуецца ўжыць ягоныя словы, каб той адразу ўсведамляў, што дадуць не разгорнутае інтэрв’ю, а дзве-тры тэзы, і потым не крыўдзіўся за сцісласць. Напрыклад, прамаўляючы для навіновага сюжэту “Белсата”, я ведаю, што сінхрон — 16 секундаў. Тут міжволі становішся Цыцэронам, стараешся не расцякацца думкай.

 

Вучыце матчастку

Што ж да тэкставых матэрыялаў, то найлепшы падыход — камбінаванне цытат з пераказам. Тут дапамагае нататнік. Занатоўвайце галоўныя тэзы суразмоўцы, нават калі працуе дыктафон. Па-першае, паскудная тэхніка ў любы момант можа даць сбой. Па-другое, накіды ў блакноце — гатовы канспект, квінтэсэнцыя сказанага.

Пераказ дазваляе сціскаць тэкст, трымаць фармат. Аднак пераказ вымагае, па-першае, кампетэнтнасці, па-другое, этычнасці.

Таму святы запавет: вучыце матчастку. Схапіць сутнасць заяў ньюсмейкера, разваг эксперта і ўпэўнена пераказаць іх сваімі словамі гранічна сцісла можна тады, калі сам петрыш у тэме.

Этычны ж момант палягае ў тым, каб пры пераказе не пакінуць ад першакрыніцы рожкі ды ножкі. Пераказ — гэта заўжды пэўнае рэдагаванне, і тут важна не дэфармаваць тэзы таго ці іншага персанажа, кладучы іх у рэчышча сваёй канцэпцыі матэрыялу.

 

Бярыце адказнасць на сябе

Маладых аўтараў часта мучыць пытанне, ці трэба ўзгадняць цытаванне. У прынцыпе, на мой погляд, не варта, асабліва калі ў вас ёсць дыктафонны запіс і лёгка адбіць папрок, што “мае словы перакруцілі”. Ды і часу на ўсе гэтыя ўзгадненні хранічна бракуе.

А некаторыя ж пастфактум пачынаюць яшчэ і “паляпшаць” тэкст, прыгладжваць фразы, зразаць вострыя вуглы і г.д. Карацей, журналісту застаецца толькі ціха ўжываць непарламенцкія выразы. Так што лепей на візаванне тэксты не даваць.

Паказальна, што летась “Нью-Йорк таймс” увогуле скасавала практыку ўзгаднення цытат ды інтэрв’ю з ньюсмейкерамі, бо іначай, паводле выканаўчага рэдактара Джыл Абрамсан, у чытачоў можа стварацца ўражанне, што крыніцы інфармацыі атрымліваюць празмерны кантроль над зместам матэрыялаў. Такі ж падыход у “Рэйтар”, шэрагу іншых аўтарытэтных медыйных кампаній.

Зрэшты, тут я пазбягаў бы катэгарычнасці. Усё ж у асобных выпадках варта зачытаць вашаму суразмоўцу адпаведны фрагмент тэксту па тэлефоне, скінуць поштай ці праз скайп, каб прабег вачыма. Я так раблю, напрыклад, калі тэма вузкаспецыяльная і сам магу ў нейкія нюансы не ўехаць. Ну, ці калі чалавек папрасіў паказаць, бо з нейкіх прычын пераймаецца, перастрахоўваецца. Іншая рэч, што варта падумаць, ці трэба надалей мець справу з вялікім перастрахоўшчыкам.

Увогуле ж мне блізкі падыход, калі журналіст бярэ ўсю адказнасць за цытаванне на сябе. Безумоўна, тут трэба трымаць планку: працуй акуратна, не скажай, не падстаўляй таго, хто дапамагае табе раскрываць тэму.

Што ж у сухой астачы? У большасці выпадкаў рэзаць ды пераказваць развагі суразмоўцы варта, каб трымаць фармат, але рабіць гэта трэба так, каб не зарэзаць чалавека без нажа.

 

Меркаванне эксперта

Генадзь Кеснер, журналіст “Новага часу”:

— Найперш я ўважліва праслухоўваю усё, што запісаў. На гэта не варта шкадаваць часу, бо здараецца, што не адразу схопліваеш сэнс.

Важна таксама максімальна захаваць стыль суразмоўцы, не сказіць думку, калі даеш нейкія меркаванні ў пераказе. Натуральна, дзеля гэтага журналіст мусіць сам быць у тэме. Асэнсаванне дапамагае абагуліць меркаванні, зрабіць паміж імі звязкі, плаўныя пераходы.

Яшчэ адзін прыём палягае ў тым, што ты не цытуеш абзацамі, але аздабляеш пераказ заключанымі ў двукоссі асобнымі смачнымі, трапнымі слоўцамі ды выразамі суразмоўцы. Увогуле не трэба баяцца двукоссяў.

Што да ўзгадненння цытат, то я раблю гэта толькі ў асобных выпадках, калі тэма асабліва важная ці ёсць сумневы, што правільна зразумеў. Увогуле ж ты мусіш быць прафесіяналам і браць на сябе адказнасць за матэрыял. Калі ператэлефаноўваць суразмоўцам раз-пораз, то хтосьці можа падумаць: гэты журналіст — што, ідыёт?

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: