ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Куды ні плюнь — “акупацыйная” прэса!

“…Калі ты гаворыш па-расейску, ты ў акупацыйным войску і страляеш у свой народ”. Мяркуючы па тым, як закіпеў фэйсбук, гэта фраза зачапіла шмат каго з маіх калег і добрых знаёмцаў.

Такім чынам выказаўся на жалобным мітынгу ў Курапатах 3 лістапада намеснік старшыні КХП — БНФ Юрась Беленькі.

Тэза абсалютна самазабойчая для палітычнай арганізацыі ў краіне з пераважна рускамоўным насельніцтвам. На гэтыя граблі наступіў на пачатку 90-х тады яшчэ адзіны БНФ Пазьняка.

Адэпты такога радыкальнага падыходу застануцца на маргінэсе і па перамозе рэальнай дэмакратыі ў Беларусі. Ваша, спадарства, права, канечне, вызнаваць такі падыход да сканчэння веку, але тады вы не палітыкі. Хто заўгодна: сектанты, утапісты, дысідэнты, рамантыкі — але не палітыкі.

Аднак гэта, у рэшце рэшт, праблемы асобнай вузкай групы (прычым, як было зазначана ў тым жа фэйсбуку, Беленькі — не ўся КХП). Мяне ж у гэтым канкрэтным выпадку цікавіць медыйны аспект праблемы.

У большасці айчынных недзяржаўных выданняў таксама пераважае руская мова. Дык што, гэта ўсё акупацыйная прэса?

 

Пуга — не той сродак

Сам я гавару пераважна па-беларуску. Гэта мова для мяне сапраўды матчына, таму — болей натуральная, камфортная. Але я выразна ўсведамляю, што для мноства маіх суайчыннікаў, сяброў першая мова — руская. І таму таксама — болей звыклая, асвоеная, зручная.

Чаму так склалася — асобнае пытанне, але гэта не падстава распачынаць супраць носьбітаў рускай мовы маральны тэрор, хай сабе і пад сцягам змагання за святую справу. Наадварот: такім чынам можна толькі дыскрэдытаваць той сцяг.

Прыдзе час, калі зменіцца рэжым і беларуская мова атрымае належную дзяржаўную падтрымку. Людзям на службе хоцькі-няхоцькі давядзецца валодаць гэтай мовай у патрэбных межах. Але будзьма рэалістамі: і тады не ўсе загавораць у побыце па-беларуску. І будзе глупствам ляскаць пры гэтым адміністрацыйнай пугай.

Увогуле адзіны шлях, сапраўды спрыяльны для беларушчыны — мяккая, разумная прамоцыя. Я пішу выключна па-беларуску для Mediakritika.by, некаторых іншых СМІ, часта даю на беларускай мове каментары для медыяў. Але калі мяне цытуюць па-руску — не лезу ў пляшку, разумею: гэта палітыка рэсурсу. Не трэба адразу абвяшчаць такую рэдакцыю правадніком акупацыйнай палітыкі ці гняздом манкуртаў.

Дарэчы, калі так клеймаваць, то і сам я напалову манкурт, бо на Naviny.by пішу артыкулы па-руску. Дык што — абвяшчаць вайну самому сабе і паспяхова пераходзіць у катэгорыю шызафрэнікаў?

 

Добра быць максімалістам, калі нічога не робіш

Калі ж сур’ёзна, то важна разумець: любы медыйны праект — гэта ў значнай ступені бізнес. Аўдыторыя ў Беларусі пераважна рускамоўная. Праклятыя царызм ды бальшавізм, якія прывялі да русіфікацыі, змушана выносім за дужкі: гэта добра для палымянай публіцыстыкі, але не дапасуецца да бізнес-плана.

Натуральна, калі мова рэсурсу пераважна руская, то гэта працуе на шырэйшы ахоп аўдыторыі і, адпаведна, прыцягвае болей падпісчыкаў (для платнага выдання), а галоўнае — болей рэкламы.

Іншым разам чуеш: бач, якія меркантыльныя, а як жа духоўнасць! Тады я прапаную: у чым праблема, вам карты ў рукі, пераплюньце сваім звышдухоўным рафінаваным рэсурсам тыя ж Naviny.by, якія ствараліся з нуля без аніякай дзяржаўнай падтрымкі 11 гадоў таму.

Тэарэтычна ў любой групы грамадзян Беларусі абсалютна такія ж стартавыя магчымасці. Але калі брацца за справу практычна, то ўпрэшся ў пытанне, як зарабляць грошы на выданне.

Аказваецца, прасцей за ўсё быць звышпрынцыповым максімалістам, калі сядзіш на глыбокім маргінэсе ды круціш адну і тую ж кружэлку для вузкага кола аднадумцаў, марачы аб прышэсці расы нейкіх ідэальных беларусаў (хіба што з іншай галактыкі).

Сайты, што падтрымліваюцца такімі маргіналамі-максімалістамі, я ў разлік не бяру: яны малапапулярныя, не цягнуць на СМІ. А галоўнае, многія публікацыі пырскаюць такой зласлівасцю, што іншым разам міжволі думаю: мо і добра, што бадлівай карове бог рог не дае. Калі барацьба за нібыта святую справу грунтуецца найперш на нянавісці, то мне асабіста такіх перамен не хочацца. Бо прыдуць новыя бальшавікі.

 

Толькі мяккая, густоўная прамоцыя

Што да моўнай палітыкі, то варта вылучыць такія медыі, як “Наша Ніва”, беларуская служба “Радыё Свабода”, у якіх паводле азначэння асаблівая місія. З мясцовай прэсы ўнікальны прыклад — маладзечанская “Рэгіянальная газета” Алеся Манцэвіча.

Хаця і ў сайта першай беларускай газеты nn.by на пэўным этапе з’явілася ды добра раскручваецца рускамоўная версія. Многія прыходзяць на сайт менавіта праз рускамоўныя пошукавікі.

Дык што: радавацца росту наведвання ці клеймаваць за здраду канону? Здагадваюся, які адказ будзе ў моўных фундаменталістаў, але мне здаецца, што калі болей рускамоўных прачытае нейкі таленавіты артыкул на адраджэнскую тэматыку, хай сабе і ў перакладзе, то гэта на карысць беларускай справе.

“Свабодзе”, як і “Белсату”, натуральна, значна палягчае жыццё ў сэнсе моўнай палітыкі і адкрытае замежнае фінансаванне.

Але разам з тым мы бачым, што на чале пераважнай большасці недзяржаўных СМІ ў нас стаяць людзі, якім зусім не па барабане лёс беларускай мовы. І яны робяць што могуць з улікам спецыфікі нашай моўнай сітуацыі.

Так, “Народная воля” — выданне двухмоўнае. Шэраг матэрыялаў перакладае “Хартыя” (хоць якасць перакладу і кульгае). Частка публікацый адразу ствараецца па-беларуску на TUT.BY, тых жа Naviny.by. Пераважнана культурніцкую тэматыку ці ў тых выпадках, калі галоўны герой — тыповы носьбіт мовы. Вось і “Салідарнасць” гутарку з Паўлам Севярынцам у межах спецпраекта “Кампанія-2015” дала па-беларуску.

І не трэба кідаць камянямі, што мала. Зрабіце болей, калі такія разумныя, а не дыктуйце іншым.

Я ўпэўнены, што ў нашай сітуацыі мае плён толькі гнуткі падыход да моўнага пытання. Людзі не любяць любога гвалту, у тым ліку і спроб змушэння да беларушчыны. Непаслядоўныя з гледзішча максімалістаў СМІ з часткай кантэнту па-беларуску насамрэч штодзень робяць рэальную справу праз тактоўную, спакойную і, я б падкрэсліў, густоўную, прыгожую, эстэтычную, светлую прамоцыю беларускасці. Без пырскання слінай ды напінання галасавых звязак.

Увогуле прынцыповы носьбіт беларускай мовы, калі хоча абуджаць сімпатыі да яе, мусіць быць, паводле майго глыбокага пераканання, і прыкладам талератнасці. Іначай чым ён адрозніваецца ад ідэолагаў рэжыму, для якіх усе нязгодныя — здраднікі, ворагі?

Урэшце, трэба быць трошкі псіхолагам. Свядомаму беларусу найлепей выконваць сваю місію добразычліва, з усмешкай, дасціпным гумарам, а не са скрыгатам зубоўным ды пенай на вуснах.

 

Годзе бальшавізму!

Большасць калег, якіх я ведаю, нават калі іх побытавая мова — руская, лёгка пераходзяць на беларускую, без праблем працуюць з адпаведнымі тэкстамі. Для іх беларуская мова — другая працоўная, і ставяцца да яе зусім не грэбліва, як да неабходнасці апранаць спецадзенне, а з пашанай.

Тое ж можна сказаць і пра многіх навукоўцаў, творчых людзей, іншых прадстаўнікоў адукаванага класа. Ды і так званыя простыя людзі амаль што заўсёды прыхільна рэагуюць на беларускую мову, калі ты ёй не колеш вочы, а карыстаешся, я б сказаў так — элегантна.

Яшчэ болей, у мяне, чалавека ў прынцыпе беларускамоўнага, з многімі рускамоўнымі знаёмцамі, таварышамі нашмат болей агульнага ў духоўным плане, чым з некаторымі вузкалобымі адэптамі беларушчыны, для якіх адзнака адданасці касце — гэта, напрыклад, плюнуць у Алексіевіч.

Запісвайце мяне ў здраднікі, але я не хачу страчваць багацце дачыненняў з сябрамі-“акупантамі” і прысвячаць рэшту жыцця чытанню мануалаў па стварэнні ідэальнай Беларусі з-за акіяна.

І не трэба даводзіць пра рускі царызм ды бальшавізм. Маўляў, тыя перагіналі, дык і нам трэба.

Камуністы спрабавалі сфармаваць “савецкага чалавека” без буржуазных перажыткаў. Што атрымалася на выхадзе? Правільна, убогі савок.

Калі пераймаць бальшавіцкі фанатызм, гатовасць дзеля дактрыны ламаць людзей праз калена, фармуючы нейкую ідэальную расу, дык толькі нашкодзіш той справе, якую ўважаеш за святую.

А ў нас, нягледзячы на неспрыяльны палітычны рэжым, усё ж спакваля фармуецца грамадзянская нацыя, выкрышталізоўваецца павага да нацыянальных каштоўнасцяў.

Працэс ідзе пакутліва, зусім не паводле ідэалістычных схемаў, але гэта жыццё. У ім ніколі нічога не адбываецца па схемах. І адны застаюцца ў палоне мёртвых догмаў, а іншыя — і у тым ліку, падкрэслю, шмат хто з побытавых носьбітаў рускай мовы — без тэатральнага пафасу робяць для Беларусі тое, што могуць тут і цяпер.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: