Вы здесь

Маніторынг выпускаў навінаў тэлеканалаў «Беларусь 1», ОНТ, «Белсат»

Дэталёвы разбор закрануў 146 матэрыялаў, якія выйшлі ў эфір выніковых вечаровых выпускаў навінаў у будзённыя дні з панядзелка па пятніцу на трох беларускіх каналах: двух дзяржаўных («Беларусь 1» і ОНТ) і адным недзяржаўным («Белсат»).

Нагадваем, што аб’ектамі маніторынгу з’яўляюцца выніковыя выпускі навінаў на тэлеканалах «Беларусь 1», ОНТ і «Белсат». Штомесяц метадам выпадковай выбаркі прызначаецца адзін тыдзень, цягам якога будзе праводзіцца маніторынг.

Маніторынг складаецца з трох частак: 1) маніторынгу матэрыялаў, што маюць прыкметы замоўленасці, цэнзуры альбо прапаганды; 2) маніторынгу замоўчаных тэмаў у выпусках навінаў; 3) маніторынгу адпаведнасці стандартам інфармацыйнай журналістыкі.

Для маніторынгу няважна, якія абставіны (прычыны) прывялі да згаданых парушэнняў у выпусках тэлевізійных навінаў: ці гэта цэнзура з боку ўладаў, ці самацэнзура журналістаў, ці нізкі прафесійны ўзровень. Сутнасць праблемы палягае ў тым, што глядач атрымлівае перадузятую інфармацыю, то бок створаную на карысць аднаго з бакоў. Да таго ж яго пазбаўляюць адэкватнага разумення падзеяў і працэсаў, што адбываюцца ў краіне.

Падрабязная метадалогія маніторынгу вечаровых навінаў

 

Агульная характарыстыка парушэнняў прафесійных стандартаў у выпусках навінаў на тэлеканалах ОНТ, «Беларусь 1» і «Белсат»

У тыдзень маніторынгу для ўсіх трох каналаў былі характэрныя парушэнні прафесійных стандартаў балансу думак, паўнаты, аддзялення фактаў ад меркаванняў, верагоднасці, дакладнасці і аператыўнасці.

Маштаб парушэнняў прафесійных стандартаў у выпусках навінаў на дзяржканалах ОНТ і «Беларусь 1» на тыдні маніторынгу выяўляецца не столькі ў колькасці сюжэтаў з прыкметамі палітычнай замовы ці цэнзуры, колькі ў аб’ёме эфірнага часу, аддадзенага на матэрыялы такога кшталту.

Так, з 14 па 18 кастрычніка ў галоўных выпусках навінаў на ОНТ Аляксандру Лукашэнку было аддадзена больш за 70 хвілінаў эфірнага часу, на тэлеканале «Беларусь 1» — больш за 85 хвілінаў. Трэба нагадаць, што «Наши новости» на ОНТ доўжацца ў сярэднім каля 30 хвілінаў (без уліку спартовых навінаў), а «Панорама» на канале «Беларусь 1» —каля 40 хвілінаў. 17 кастрычніка візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Магілёўскі дзяржуніверсітэт канал ОНТ прысвяціў увесь выпуск навінаў «Наши новости». Сюжэты навінаў на дзяржканалах, якія тычыліся кіраўніка дзяржавы, былі амаль цалкам пабудаваныя на яго сінхронах.

Агулам у выпусках навінаў на ОНТ у тыдзень маніторынгу было зафіксавана 57,5 % матэрыялаў з прыкметамі палітычнай замовы ці цэнзуры, а на тэлеканале «Беларусь 1» — 71 %. На гэтым тле «Белсат» выглядаў у разы лепей — 26 % матэрыялаў гэтага канала мелі прыкметы палітычнай замовы ці цэнзуры.

Аўтары і рэдактары навінаў на «Белсаце» з 14 па 18 кастрычніка выпусцілі ў эфір болей у параўнанні з калегамі з дзяржаўных каналаў матэрыялаў з парушэннямі стандарту паўнаты інфармацыі (ОНТ — 27,5 %, «Беларусь 1» — 53 %, «Белсат» — 58 %), дакладнасці (ОНТ — 22,5 %, «Беларусь 1» — 46 %, «Белсат» — 50 %).

Матэрыялаў з парушэннямі стандарту верагоднасці інфармацыі ў тыдзень маніторынгу зафіксавана на ОНТ — 37,5 %, на канале «Беларусь 1» — 50 %, на «Белсаце» — 61 %.

Журналісты дзяржканалаў часцей за ўсё спасылаліся на ананімныя крыніцы: «милиция уверена, что…», «по статистике», «эксперты уже подсчитали», «в Национальном банке сообщили», «по самым скромным подсчетам правоохранителей», «выпускники понимают», «эксперты утверждают» і г. д.

Падобныя спасылкі характэрны былі і для «Белсата»: «кажуць астраномы», «арганізатары мяркуюць», «у Міністэрстве фінансаў кажуць», «паводле прагнозаў эканамістаў», «былыя працаўнікі спецслужбаў гавораць», «У сваю чаргу, у адміністрацыі прадпрыемства прастой руднікоў тлумачаць выключна тэхнічнымі прычынамі: маўляў, неўзабаве скончыцца планавы рамонт, і руднікі запрацуюць. Рабочыя ж цяжкое становішча прадпрыемства звязваюць з ануляваннем шэрагу кантрактаў на экспарт пасля канфлікту з расейскім “Уралкаліем”, а таксама з падзеннем сусветных коштаў на ўгнаенні. Апроч таго, паводле працаўнікоў, ніякага рамонту на прадпрыемстве не адбываецца: здабываць калійную соль можна на ўсіх чатырох рудніках, вось толькі прадаваць такую колькасць няма каму» і г. д.

Усе каналы без выключэння парушалі стандарт аддзялення фактаў ад думак. На ОНТ недатрыманне гэтага стандарту зафіксаванае ў 52,5 % матэрыялаў, на канале «Беларусь 1» — у 74 %, на «Белсаце» — у 58 %.

На дзяржканалах парушэнне гэтага стандарту часцей за ўсё сустракалася ў матэрыялах з прыкметамі палітычнай замовы ці цэнзуры: «Наша страна, подтверждая статус локомотива интеграционных процессов, выдвигает целый ряд важнейших инициатив» («Беларусь 1», 14.10.2013); «В белорусской столице ритмично бьется сердце СНГ...» («Беларусь 1», 14.10.2013); «Репортеры подметили: Беларусь — самая спокойная страна как минимум в СНГ. В чем же секрет грамотной миграционной политики?..» (ОНТ, 14.10.2013); «В библиотеке Академии управления в Минске разговоры только о Могилевском госуниверситете. Вчера Президент был там. А благодарят его студенты всей страны. И завидуют кулешовцам белой завистью. Вот так запросто с Президентом чуть ли не за одной партой — дорогого стоит...» («Беларусь 1», 18.10.2013); «“Белая Русь” — самое многочисленное и самое активное общественное объединение нашей страны, и где, как не в недрах ее, обсуждать такие важные темы. Национальная идея — не что иное, как душа общества. То, что нас всех объединяет, делает единой нацией. Сформулировать и адаптировать это понятие к реалиям Беларуси — сверхзадача, которая активно решается сегодня на самых разных уровнях. Лучший способ докопаться до истины — общественное обсуждение. Тема сложная, но интересная, а потому в актовом зале борисовской гимназии сегодня нет пустых мест и нет равнодушных людей. И это тот самый случай, когда количество просто обязано было перерасти в качество. Масса идей, масса предложений, каждое из которых достойно отдельного обсуждения...» («Беларусь 1», 18.10.2013); «Движение вперед во всех сферах невозможно без новых идей, и подобные мероприятия просто бесценны. Ведь где еще может родиться истина, если не в деловом, обстоятельном и разумном споре...» («Беларусь 1», 18.10.2013); «Встретить своих университетских товарищей, узнать, как у них дела, — об этом мечтает каждый. Не исключение и Александр Лукашенко...» (ОНТ, 17.10.2013); «Словом, если найти белорусский синоним для латинского “коллоквиума”, то получится, что это была встреча близких людей и земляков, которым есть что обсудить и вспомнить...» (ОНТ, 17.10.2013).

У матэрыялах «Белсата» найчасцей аўтары ды рэдактары дазвалялі сабе ўласныя высновы ў фінальнай частцы сюжэта, часам выкарыстоўваючы недапушчальныя для навінаў эпітэты: «Адны апаненты ўлады (з канспіратыўных прычынаў) не кажуць, якія мерапрыемствы плануюць на травень. Іншыя — толькі плануюць планаваць. Як сказаў сёння галоўны хакеіст, “час яшчэ ёсць, каб нешта дапрацаваць і паправіць”...» (15.10.2013); «Тых, каго сёння больш за дзяржаву хвалююць пытанні, якія дзяржава магла б развязваць шляхам перамоваў. Візавы рэжым з самымі дарагімі ў рэгіёне візамі, малы памежны рух, праблемы з экалогіяй ды адсутнасцю інфраструктуры. І самае невыноснае для ўладаў — права чалавека на свабоду...» (16.10.2013); «І, нарэшце, свабодны творца піша перадусім пра тое, што турбуе яго. Праблемы ж айчыннай прамысловасці — адсутнасць попыту з розных прычынаў, у ліку якіх і кепская якасць. Старая песня пра галоўнае? Але ж гэта зусім розныя песні...» (16.10.2013); «Але гэтаю цаною дало ўсяму свету і своеасаблівы ўрок дэмакратыі. Калі амерыканская дзяржава аказалася ў крызісе, рэзкія фінансавыя скарачэнні яна пачала са сваіх жа дзяржаўных інстытутаў...» (17.10.2013); «Будаваць Палац незалежнасці пачалі ў 2011-м. Напачатку ўлады наагул адмаўляліся казаць, навошта гэтая будыніна ў Менску. Цяпер Лукашэнка заяўляе, што хоча там і ў піянеры прымаць, і нават выстаўляць падарункі прэзідэнту. З іншага боку, ёсць і больш прагматычная мэта новай будоўлі. Былыя працаўнікі спецслужбаў гавораць, што рэзідэнцыя адмыслова вынесеная з самага цэнтра, і ў выпадку масавых пратэстаў сілавікам будзе нашмат прасцей абараняць будынак...» (18.10.2013).

Толькі ў адным эпізодзе сюжэта, які прайшоў на «Белсаце» 17.10.2013 і тычыўся росту колькасці валютных укладаў у беларускіх банках, аўтар матэрыялу і рэдактар выпуску навінаў дапусцілі парушэнне адразу трох прафесійных стандартаў: аддзялення фактаў ад думак, верагоднасці і дакладнасці: «А таму гэтым разам улады хочуць кароткатэрміновыя ўнёскі ўвогуле забараніць. Пакуль тое яшчэ чуткі, а не афіцыйная пастанова, але відавочна, што глеба для гэткіх непапулярных захадаў актыўна рыхтуецца».

Аўтар прыводзіць як факт няспраўджаныя, не падмацаваныя ніякімі крыніцамі, папросту непраўдзівыя звесткі, чым парушае стандарты верагоднасці і дакладнасці. А потым яшчэ і прызнаецца, што агучаны ім факт насамрэч з’яўляецца чуткай. Тут мы маем справу з маніпуляцыяй фактамі і думкамі.

У навінах тэлеканалаў ОНТ і «Беларусь 1» традыцыйна не знайшлося месца для меркаванняў недзяржаўных экспертаў, звязаных з апазіцыйнымі ці каляапазіцыйнымі структурамі. А пункт погляду недзяржаўных экспертаў, звязаных з камерцыйнымі структурамі, часта выкарыстоўваўся дзеля імітацыі балансу думак. 67,5 % матэрыялаў на ОНТ прайшлі з парушэннямі стандарту балансу думак, у навінах на тэлеканале «Беларусь 1» працэнт недатрымання гэтага прафесійнага стандарту яшчэ вышэйшы — 81 % (для параўнання на «Белсаце» выйшла ў эфір 50 % матэрыялаў з падобнымі парушэннямі).

Пераважная большасць выпадкаў парушэння стандарту балансу думак на каналах ОНТ і «Беларусь 1» у тыдзень маніторынгу была зафіксаваная ў сюжэтах, прысвечаных дзейнасці кіраўніка дзяржавы, інстытутаў улады. У такіх матэрыялах іх аўтары і рэдактары выпускаў навінаў цытавалі пераважна Аляксандра Лукашэнку і радзей дзяржаўных чыноўнікаў.

Парушэнне стандарту балансу думак было ў матэрыяле «Аб’ектыва» на тэлеканале «Белсат» ад 16.10.2013 пра ціск на палітзняволенага Змітра Дашкевіча з боку супрацоўнікаў Першамайскага РУУС г. Мінска. Адзінай крыніцай інфармацыі для сюжэта выступіў сам Зміцер Дашкевіч. Засталося незразумелым, ці зрабіў аўтар матэрыялу спробы атрымаць інфармацыю з іншых крыніцаў: ад праваабаронцаў, у Першамайскім раённым упраўленні міліцыі, ад сям’і палітвязня.

Дзейнасць апазіцыі ў тыдзень маніторынгу ў навінах трох каналаў практычна не асвятлялася. Адзіным матэрыялам, ньюсмейкерам якога была апазіцыйная палітычная структура, быў сюжэт пра пададзеную Кансерватыўна-хрысціянскай партыяй — БНФ заяўку на акцыю «Дзяды» («Белсат», 16.10.2013). Таксама беларуская апазіцыя згадвалася двойчы ў пазітыўным ключы ў матэрыялах «Белсата» і ў негатыўным — на тэлеканале «Беларусь 1» у матэрыялах ад 17.10.2013 пра візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт.

Зводная табліца парушэнняў стандартаў у выпусках навінаў

на тэлеканалах ОНТ, «Беларусь 1» і «Белсат»

Парушэнне стандартаў

ОНТ

«Беларусь 1»

«Белсат»

Заўвагі

1. Матэрыялы з прыкметамі замоўленасці альбо цэнзуры

 

 

23 (з 40) — 57,5 %

 

48 (з 68) — 71 %

 

10 (з 38) — 26 %

Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах

1.1. Матэрыялы з прыкметамі палітычнай замоўленасці (альбо цэнзуры)

13

26

9

Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры

1.1.1. Негатыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую ўладу

0

0

7

Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры

1.1.2. Пазітыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую ўладу

 

13

25

0

Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры

1.1.3. Негатыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую апазіцыю

 

0

1

0

Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры

1.1.4. Пазітыўныя, без балансу думак матэрыялы пра беларускую апазіцыю

 

0

0

2

Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры

1.2. Матэрыялы з прыкметамі карпаратыўнай замоўленасці, ці рэкламы

4

12

0

Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры

1.3. Замоўныя матэрыялы на тэмы замежжа

0

1

1

Вылічваецца з матэрыялаў, у якіх зафіксаваныя прыкметы замоўленасці альбо цэнзуры

2. Матэрыялы з парушэннямі стандарту балансу думак

 

27 (з 40) — 67,5 %

55 (з 68) — 81 %

19 (з 38) — 50 %

Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах

3. Матэрыялы з парушэннямі стандарту паўнаты інфармацыі

 

11 (з 40) — 27,5 %

36 (з 68) — 53 %

22 (з 38) — 58 %

Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах

4. Матэрыялы з парушэннямі стандарту аддзялення фактаў ад думак

21 (з 40) — 52,5 %

50 (з 68) — 74 %

22 (з 38) — 58 %

Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах

5. Матэрыялы з парушэннямі стандарту верагоднасці інфармацыі

15 (з 40) — 37,5 %

34 (з 68) — 50 %

23 (з 38) — 61 %

Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах

6. Матэрыялы з парушэннямі стандарту дакладнасці падачы інфармацыі

 

9 (з 40) — 22,5 %

31 (з 68) — 46 %

19 (з 38) — 50 %

Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах

7. Матэрыялы з парушэннямі стандарту аператыўнасці інфармацыі

21 (з 40) — 52,5 %

28 (з 68) — 41 %

15 (з 38) — 39 %

Вылічваецца з усіх матэрыялаў выпускаў навінаў на каналах

 

Ключавыя грамадска-палітычныя тэмы, пададзеныя каналамі ў матэрыялах з прыкметамі замоўленасці (цэнзуры)

14.10, панядзелак

Падрыхтоўка да саміту СНД, які мае адбыцца ў Мінску, сталася тэмай сюжэтаў, якія распачыналі выпускі навінаў на тэлеканалах ОНТ і «Беларусь 1». Гэта былі традыцыйныя паркетныя матэрыялы-справаздачы з прыкметамі палітычнай замовы ці цэнзуры. Будаваліся гэтыя сюжэты на сінхронах Лукашэнкі, не змяшчалі пункту погляду экспертаў, аздабляліся ўласнымі меркаваннямі аўтараў.

На «Белсаце» адным з галоўных матэрыялаў дня быў сюжэт пра холдынг «КамАЗ-МАЗ». Сюжэт выйшаў у свет з парушэннямі стандартаў аператыўнасці, балансу думак, паўнаты, верагоднасці. Аўтар спасылаўся на інфармацыю, змешчаную ў выданні «Коммерсантъ», не спраўджваючы яе.

15.10, аўторак

Галоўнымі тэмамі выпускаў на тэлеканалах ОНТ і «Беларусь 1» сталіся кадравыя прызначэнні, ажыццёўленыя Аляксандрам Лукашэнкам, і праведзеная ім жа нарада па падрыхтоўцы да чэмпіянату свету па хакеі 2014. Матэрыялы, што асвятлялі гэтыя пытанні, занялі значную частку эфірнага часу навінаў на дзяржаўных каналах і будаваліся з парушэннем стандартаў балансу думак, верагоднасці, аддзялення фактаў ад меркаванняў. Аўтары дазвалялі сабе выказваць уласны пункт погляду.

Першай тэмай гэтага дня на «Белсаце» таксама сталася падрыхтоўка ўладаў да вышэйзгаданага чэмпіянату. Сюжэт характарызаваўся парушэннем стандарту верагоднасці (паведамленне факта без спасылкі на крыніцу). Таксама аўтар выказаў уласнае меркаванне, чым парушыў стандарт аддзялення фактаў ад думак.

16.10, серада

На тэлеканалах ОНТ і «Беларусь 1» у гэты дзень не было выразных галоўных тэмаў дня. Інфармацыйны выпуск ОНТ пачаўся з сюжэта пра навучэнцаў аўташколы, якая збанкрутавала. А першым матэрыялам на тэлеканале «Беларусь 1» стаў сюжэт пра 100-годдзе Магілёўскага дзяржуніверсітэта, які ў свой час скончыў Аляксандр Лукашэнка.

Першай тэмай на «Белсаце» стала атрыманне беларускімі ўладамі запрашэння на саміт ЕС. У матэрыяле згадваецца «Усходняе партнёрства», але абсалютна не тлумачыцца, што гэта такое. У выніку парушаецца стандарт паўнаты інфармацыі: глядач, які не ведае што такое «Усходняе партнёрства», не ў стане зразумець значнасць падзеі. У фінальнай частцы матэрыялу аўтар таксама дапускае выказванне ўласнага меркавання, чым парушае стандарт аддзялення фактаў ад думак.

17.10, чацвер

Выпуск навінаў на ОНТ у гэты дзень складаўся з аднаго 30-хвіліннага сюжэта, які быў прысвечаны візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Магілёўскі дзяржуніверсітэт. У сюжэце неаднаразова парушаўся стандарт аддзялення фактаў ад думак. Гэтая ж тэма заняла практычна ўвесь выпуск і на тэлеканале «Беларусь 1», дзе таксама парушаўся той жа стандарт.

Галоўнымі тэмамі на «Белсаце» сталіся адтэрміноўка дэфолту ў ЗША і павелічэнне валютных унёскаў у Беларусі. У сюжэтах парушаліся стандарты паўнаты інфармацыі, аддзялення фактаў ад думак і верагоднасці.

18.10, пятніца

Галоўная тэма дня на тэлеканалах ОНТ і «Беларусь 1» — рабочы візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Гомельскую вобласць. Сюжэты выйшлі ў эфір з парушэннем стандартаў балансу думак, аддзялення фактаў ад меркаванняў. Гэтая тэма заняла на дзяржканалах значную частку эфірнага часу.

На «Белсаце» першым сюжэтам выпуску навінаў стаў матэрыял пра новую рэзідэнцыю Аляксандра Лукашэнкі. Аўтар дапусціў выказванне ўласнага меркавання, падмацоўваў інфармацыю ананімнымі крыніцамі альбо ўвогуле падаваў звесткі без спасылак.

 

Замоўчаная тэлеканаламі грамадска важная інфармацыя

Выбар замоўчаных тэмаў рабіўся на падставе аналізу стужкі навінаў двух галоўных інфармагенцтваў Беларусі: БелаПАН і БелТА.

Каналы

Кастрычнік 2013

(14.10–18.10)

Колькасць

«Белсат»

 

9

«Беларусь 1»

 

10

ОНТ

 

10

 

14.10, панядзелак

У Расіі распачатая крымінальная справа ў дачыненні да Уладзіслава Баўмгертнера — не было на «Белсаце».

Галадоўка лідараў Беларускага незалежнага прафсаюза (БНП) Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода — не было на тэлеканалах «Беларусь 1» і ОНТ.

15.10, аўторак

Кадравыя прызначэнні, ажыццёўленыя Аляксандрам Лукашэнкам, — не было на «Белсаце».

Беларусь атрымала запрашэнне на саміт «Усходняга партнёрства» — не было на тэлеканалах ОНТ і «Беларусь 1», на «Белсаце» інфармацыю падалі на наступны дзень.

16.10, серада

У IV квартале скароцяцца пастаўкі расійскай нафты ў Беларусь — не было на ніводным з каналаў.

Улады збіраюць прыбыткі высокарэнтабельных прадпрыемстваў у фонд нацыянальнага развіцця — не было на тэлеканалах «Беларусь 1» і ОНТ.

У 2013 годзе ў Беларусі будзе пабудавана менш жытла, чым запланавана, — не было на ніводным з каналаў.

17.10, чацвер

Беларусь забараніла пастаўкі свініны з шэрагу рэгіёнаў Расіі — не было на ніводным з каналаў.

Velcom павышае тарыфы з 1 лістапада — не было на ніводным з каналаў.

18.10, пятніца

«Беларуськалій» скараціў вытворчасць калію на 44,5 % — не было на ніводным з каналаў.

Аляксандр Лукашэнка папярэджвае чыноўнікаў і кіраўнікоў пра адказнасць за невяртанне крэдытаў — не было на «Белсаце».

Агенцтва Standard & Poor’s пагоршыла прагноз па рэйтынгу Беларусі — не было на тэлеканалах «Беларусь 1» і ОНТ.

Рада БНР заклікае пашырыць спіс неўязных у ЕС і ЗША — не было на ніводным з каналаў.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: