ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Які журналіст правільны: аб’ектыўны ці суб’ектыўны?

В фокусе

Чарговы раз пачуў безапеляцыйнае: журналістыка мусіць быць аб’ектыўнай. У такіх выпадках я пытаюся: а вы ўяўляеце сабе аб’ектыўны фельетон, памфлет?

Ну добра, хай сабе яны цяпер сустракаюцца гады ў рады. Але ж артыкул, каментар — даволі папулярныя жанры, у якіх аўтар таксама мае права на пазіцыю. Любая публіцыстыка, любая аўтарская калонка суб’ектыўная — іначай на чорта яе заводзіць?

Так што варта разабрацца з гэтым жупелам аб’ектыўнасці, якім хто-кольвек любіць размахваць і дзе трэба, і дзе не трэба. Прычым найчасцей пра аб’ектыўнасць цвердзяць вялікія начальнікі, хаця падначаленыя ім медыі акурат і гуляюць у адны вароты. Цвердзяць выкладчыкі, якія не былі ў скуры журналістаў-практыкаў. Цвердзяць пакрыўджаныя палітыкі, пры тым што самі мочаць апанентаў будзь здароў.

 

Рэпарцёры і калумністы: мастацтва балансу

Калі на трэнінгу хтосьці з маладых збянтэжана кажа мне, што вось не атрымліваецца пісаць аб’ектыўна, то я правакацыйна заяўляю, што аб’ектыўнасць — па вялікім рахунку міф.

І сапраўды, нават у пашыранай заметцы абавязкова будзе нейкі элемент суб’ектывізму. Любое выданне — гэта суб’ектыўны падбор матэрыялаў. Увогуле журналістыка — вельмі розная. Хаця па вялікім рахунку яе можна падзяліць на дзве плыні — журналістыка фактаў і журналістыка меркаванняў.

Калі такі падзел прымаецца, то ўсё нібыта становіцца на свае месцы: мухі асобна, катлеты асобна. Выбірай сабе від журналістыкі — і малаці паводле яго канонаў.

Але прыгожа гэта выглядае толькі ў тэорыі. Бо на практыцы крытычна важна, па-першае, каб аўтары датрымлівалі чысціню жанру, а па-другое — каб дасягаўся баланс між фактамі і меркаваннямі на ўзроўні рэдакцыйнай палітыкі. Перакосы псуюць выданне.

Мне пашчасціла рэдагаваць газету “Знамя юности” ў 1988–91 гадах, калі перабудова дала магчымасць пісаць болей разняволена (хоць далёка не ўсе выданні і калегі гэтым скарысталіся, бо трэба было і рызыкаваць). Аднак ліберальная рэдактарская палітыка неўпрыкмет прывяла да таго, што ледзь ці не ўсе журналісты “Знамёнки” займелі персанальныя рубрыкі, і ў выніку газета на нейкім этапе стала нагадваць набор блогаў (хоць слова такога мы тады не ведалі).

Давялося адміністрацыйным чынам аднаўляць баланс між рэпарцёрствам, задача якога — даваць навіновую плынь, і прадукаваннем публіцыстыкі. Бо чытачу найперш трэба ведаць, што адбываецца ў краіне, а не тое, які набор палітычных поглядаў у супрацоўнікаў рэдакцыі. Пры тым што лепшыя пёры засталіся і калумністамі.

Інфу трэба здабываць і з-пад зямлі. Кузбас, 1980 год, пасля пад’ёму з шахты. Аўтар гэтых радкоў — крайні справа.

Шмат пазней я прачытаў дакладнае выказванне расійскага медыйнага эксперта Аляксандра Амзіна: “Журналістыка мусіць развіваць грамадскую дыскусію. Адной журналістыкай фактаў гэтага не зрабіць. З іншага боку, без фактаў журналістыка меркавання можа хутка ператварыцца ў прапаганду”.

 

Па лініі найменшага супраціву

Між тым журналістыка меркаванняў спакушальная. “Калумніст вельмі лёгка можа стаць зоркай”, — падкрэсліў у каментары для Mediakritika.by медыйны эксперт Паўлюк Быкоўскі. Асабліва калі аўтар “становіцца на бок той ці іншай сілы, а не выступае са сваім меркаваннем”. У гэтым выпадку за публіцыстам стаяць прадстаўнікі адпаведнай сілы, “і жыццё становіцца больш лёгкім”, мяркуе суразмоўца.

Што ж тычыцца журналістыкі фактаў, то яе праблемы, на думку Быкоўскага, звязаны не толькі з цяжкасцямі доступу да інфармацыі, але і з тым, што “ў грамадстве няма вялікай зацікаўленасці, каб тыя ці іншыя з’явы былі названыя сваімі імёнамі”. Таму эківокі, эзопаву мову шмат хто ўважае нават за прыкметы вытанчанай журналістыкі, адзначае эксперт.

“Таксама ёсць праблема з фактамі, якія непажадана або небяспечна называць”, — дадае аналітык. Таму ў нас сёння фактычна адсутнічае журналісцкае расследаванне. Замест яго мы назіраем злівы, але за імі заўжды стаіць жаданне маніпуляваць.

Часта журналіст апрыёры становіцца на бок пакрыўджанага, і гэта таксама “болей простая пазіцыя, чым сабраць факты з абодвух бакоў”, кажа Быкоўскі. На яго думку, нярэдка ў нашых медыях “замест фактаў гаворыць журналіст” і “мы ведаем толькі меркаванні аб фактах”.

Але парадокс у тым, што суб’ектыўныя матэрыялы маюць большы попыт, і асабліва гэта заўважна ў анлайне, калі трафік забяспечваюць менавіта правакацыйныя публікацыі, адзначае эксперт.

 

Ні фактуры, ні фігуры

Такім чынам, у цэлым шэрагу медыяў мы не бачым як прафесійна пададзенай рэпарцёрамі эксклюзіўнай фактуры, так і добрай, густоўнай плыні аўтарскіх матэрыялаў.

І рэч не ў тым, што ўсе бездары. Проста займацца як чарнавой рэпарцёрскай працай, так і якасным даследаваннем праблем, глыбокім капаннем, пошукам шкілетаў у шафах сёння па вялікім рахунку нявыгадна. Напрыклад, БелаПАН, дзе я працую, цягае каштаны з агню, рэпарцёры лезуць ва ўсе дзіркі, здабываючы інфу (і нажываючы іншым разам непрыемнасці), а дзясяткі рэсурсаў проста копіпасцяць тыя навіны, прычым нярэдка па-пірацку, — і здымаюць тлустыя вяршкі.

З камарову дзюбу ў нашай прэсе і цвярозай, узважанай аналітыкі. Сумленны даследчык праблемы, які імкнецца паказаць яе з розных бакоў, рызыкуе яшчэ і зарабіць папрок ад сеціўнай тусоўкі, што не мае пазіцыі ці ўвогуле падгульвае рэжыму, бо малюе яго прадстаўнікоў без рог і капытоў.

Галоўнае ж — трэба ўгрызацца ў прадмет, траціць процьму часу на кантакты з экспертамі, раз за разам праслухоўваць запісы іх развагаў, каб выбраць для аргументацыі самае-самае ды не сказіць думку… На чорта яно здалося, калі можна проста кагосьці/штосьці заклеймаваць і сарваць воплескі сваёй тусоўкі? Ці перайсці на ўвогуле бяспечныя бульварныя тэмы.

За дыхтоўную журналістыку, як правіла, не плацяць болей, чым за шырспажыў, ды і ці многім, калі разабрацца, яна патрэбна? Тут ужо гаворка пра спецыфіку палітычнай сістэмы і стан расколатага, сапсаванага нянавісцю ды нецярпімасцю грамадства.

Паўлюк Быкоўскі мяркуе, што попыт на якасную журналістыку будзе вузкі да таго часу, “пакуль у Беларусі шмат-шмат людзей не стануць акцыянерамі, не пачнуць цікавіцца лёсам сваіх акцый, а праз гэта і палітыкай, і ў выніку будзе запатрабавана інфармацыя менавіта канкрэтная і аб’ектыўная”.

Сёння ж даводзіцца з сумам канстатаваць, што ў нас амаль што няма як нармальнай журналістыкі фактаў, так і прыстойнай журналістыкі меркаванняў.

Оценить материал:
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: