ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Журналісты перайшлі на сінтэтычны корм

Нядаўняе пасяджэнне Клуба журналістаў пры Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры паказала: на чыноўнікаў ды кіраўнікоў прэс-службаў, што адмаўляюць у інфе, мае зуб як недзяржаўная, так і дзяржаўная прэса.

Прадстаўнікі апошняй адкінулі стэрэатып, што з імі чыноўнікі так ужо ахвотна дзеляцца звесткамі. Яшчэ болей, сцвярджалася, што іншым разам прадстаўнікі ведамстваў, напрыклад МУС, болей ахвотна зліваюць інфу акурат недзяржаўным рэсурсам.

Тут я трохі паспрачаўся: гледзячы якую. Канечне, калі можна прапіярыцца, якія мы крутыя дэтэктывы, гэта адно. А вось звесткамі пра хібы ў сваёй канторы сілавікі наўрад ці разгоняцца дзяліцца з публікай.

 

Піяршчыкі падсоўваюць ілюзорную рэальнасць

Увогуле ж даць выспятка чыноўніку — святая рэч. Тут у прадстаўнікоў дзяржаўных і недзяржаўных медыяў з’яўляецца глеба для пэўнай салідарнасці. Мы, шукальнікі інфы — добрыя, яны, цэрберы — кепскія.

Ёсць, аднак, і іншы бок праблемы, пра які гавораць значна меней. Ці так ужо вылузваюцца са скуры нашы журналісты, здабываючы інфу?

Між іншым, дзеля гэтага трэба пакруціцца не толькі ў нас, але і на дэмакратычным Захадзе.

Так, там значна вышэйшая палітычная культура, адзначалі ўдзельнікі дыскусіі ў Клубе журналістаў, заканадаўства змушае ведамствы працаваць болей празрыста, але выдрапаць інфу ўсё адно бывае няпроста.

Марцін Шон-Чанішвілі, кіраўнік Школы журналістыкі ММАЦ, спасылаючыся на свой досвед журналісцкай працы ў Германіі, зазначыў, што там, напрыклад, чыноўнік з МЗС дае камент толькі па ўзгадненні з ведамаснай прэс-службай. І яшчэ момант: часта міністэрствы, канторы, фірмы перайграюць прэсу за кошт сваіх спрактыкаваных піяршчыкаў, у тым ліку былых журналістаў. У выніку медыямі спрытна маніпулююць, падкрэсліў Шон-Чанішвілі.

Піяршчыкі бяруць тым, што падносяць на сподачку практычна гатовы прадукт. Але ён — ненатуральны, сінтэтычны. Калі СМІ вядуцца на гэтую прынаду, то чытачу ўцюхваецца адрэтушаваная, ілюзорная рэчаіснасць — і ад улад, і ад карпарацый, і ад палітыкаў. Рэкламныя белыя зубы, ідэальныя фігуры, якіх у жыцці не бывае. Квітнеючая Беларусь. Магутнае змаганне з рэжымам. Патрэбнае падкрэсліць.

 

Усё адно перакруцяць!

Паводле юрыста Андрэя Бастунца, намесніка старшыні БАЖ, закон аб СМІ 2008 года пагоршыў ўмовы атрымання інфармацыі для журналістаў, бо, у прыватнасці, ураўнаваў іх у гэтым плане са звычайнымі грамадзянамі. Фільтрам супраць непажаданых пісакаў ды здымакаў ёсць і цяперашні парадак акрэдытацыі, прычым адмову ў ёй немагчыма абскардзіць.

Канечне, дэмакратычны закон значыць шмат. Але пры любым законе ў чыноўнікаў (а тым болей прадстаўнікоў карпарацый, грамадска-палітычных структур) застаецца пэўны люфт, калі дылема даць/не даць інфу вырашаецца суб’ектыўным чынам і залежыць ад асабістага стаўлення да канкрэтнай персоны ці медыйнага брэнда.

І тут на адмову працуе негатыўны бэкграўнд дачыненняў. Ставала выпадкаў, калі здымачныя групы дзяржаўнага ТБ не пускалі на мерапрыемствы трэцяга сектара, апазіцыі: усё адно, маўляў, перакруцяць, абальюць брудам! З такім жа перакананнем нейкі вертыкальнік адсякае шлях на афіцыйныя мерапрыемствы “нячэснай” прэсе.

Варта пагадзіцца, што прыклады тэндэнцыйнай, скажонай, маніпуляцыйнай падачы інфармацыі можна без цяжкасці знайсці як у дзяржаўных, так і недзяржаўных медыях. Яшчэ болей, для некаторых рэсурсаў гэта стала проста фірмавым стылем.

 

Ведаць падыход

І тут мы зноў выходзім на праблему прафесіяналізму, у тым ліку датрымання этыкі. Паводле маіх назіранняў, тыя інстытуцыі, што рыхтуюць кадры для айчыннай журналістыкі, не надаюць належнай увагі тэхналогіям здабычы інфы.

Навічкоў, у тым ліку з дыпломамі, даводзіцца вучыць у рэдакцыях азам. Напрыклад, што трэба старанна весці, папаўняць дасье крыніц інфармацыі — чыноўнікаў, прэс-сакратароў, экспертаў і г.д. Што варта выразна тлумачыць суразмоўцу, дзеля чаго вы яму патэлефанавалі, якім чынам збіраецеся выкарыстоўваць ягоныя выказванні, папярэджваць пра аўдыёзапіс. Што важна карэктна цытаваць, пераказваць, інтэрпрэтаваць нечую гаворку.

Любога можна падлавіць на слове, выставіць дурнем. Часцяком бывае, што выказванні нейкай дзейнай асобы выкарыстоўваюцца спекуляцыйна: з іх высморгваецца толькі тое, што пасуе канцэпцыі аўтара сюжэту. Абвяргаць вас найхутчэй што не стануць, але наступным разам могуць мягка адфутболіць.

І насупраць, ёсць прыклады, калі рэпарцёры, аглядальнікі недзяржаўных выданняў, маючы рэпутацыю профі, карыстаюцца плёнам добрых дачыненняў з прадстаўнікамі ведамстваў, карпарацый, палітычных ды грамадскіх структур, атрымліваючы ад іх важныя звесткі, у тым ліку на ананімнай падставе, дзеля бэкграўнду.

 

Нашто напружвацца, калі ёсць Ctrl+C?

Іншае пытанне, наколькі запатрабавана сёння ў нас якасная журналістыка. Рэдактары дзяржаўных медыяў пастаўлены ў такія ўмовы, што дэ-факта найважней бездакорна рэтрансляваць генеральную лінію, а гэта вядзе да казёншчыны, гульні ў адны вароты. З іншага боку, тая ж устаноўка на гульню ў адны (толькі супрацьлеглыя) вароты звужвае месца для сапраўднай журналістыкі на шэрагу недзяржаўных рэсурсаў.

Нарэшце, мацнее плынь гламуру ды бульваршчыны. Як зазначае заснавальнік TUT.BY Юрый Зісер, “інтэрнэт папсее”, сёння ў сеціва пайшоў учарашні масавы тэлеглядач, чалавек з сярэдняй адукацыяй. Натуральна, гэтая маса цягне за сабой адпаведныя густы, запыты. І на шэрагу рэсурсаў усё болей псеўдажурналістыкі ў духу глянцавых часопісаў, паўаголенай натуры, прымітыўнага крыміналу.

Для вытворчасці матэрыялаў такога кшталту ў большасці выпадкаў не трэба выходзіць за межы клубных тусовак, міліцэйскіх зводак. А часцяком выручае банальны копіпаст: выдраць з замежнага сайта чарговыя “Дзесяць сакрэтаў зграбнай фігуры”, напісаць у лідзе пра любоў беларусаў да сала і бульбы, што замінае датрымліваць талію, — і вось вам гатовы выраб з лакалізацыяй.

“Мы ленивы и нелюбопытны” — гэта пушкінская рэмарка цалкам адлюстроўвае адну з бед сённяшняй журналістыкі. Для ладнай часткі калег галоўнымі крыніцамі здабычы сыравіны для матэрыялаў сталі прэс-рэлізы ды чужыя сайты. Няма жадання і стымулаў рваць жылы дзеля здабычы эксклюзіву.

 

Займаная фактура ды ўбогі стыль

Пра тое, што палітычная рамка ў нас для прэсы некамфортная, сказана шмат, таму я проста не хачу ў гэтым артыкуле дзяўбці лішні раз відавочнае. А хачу падкрэсліць вось што: тэза “нам не даюць інфы” шмат для каго становіцца зручнай адмазкай.

Вешаем усіх сабак на кепскіх чыноўнікаў, закрытую сістэму — і высмоктваем матэрыялы з пальца, перажоўваем прэс-рэлізы, абыходзімся паслугамі псеўдаэкспертаў-папулістаў, заўжды гатовых сказаць тое, на што ёсць запыт. Журналістыка падмяняецца прапагандосам. Амаль што вымерла журналістыка расследавання, усё радзей стрэнеш нармальны артыкул, ды што там артыкул — паўнакроўны рэпартаж, кшталту “Трох стагодзяў без мяжы…” Сяргея Гудзіліна на nn.by.

З’явіўся цэлы пласт супрацоўнікаў рэдакцый, якія выдаюць на-гара прадукт, не адрываючыся ад кампа, не выходзячы з офіса. Я, напрыклад, на дух не прымаю такі новамодны феномен, як рэрайтынг, калі спецыяльнасцю становіцца перайначванне чужых тэкстаў.

Як слушна зазначыў на пасяджэнні Клуба журналістаў кіраўнік камісіі па этыцы БАЖ Анатоль Гуляеў, “журналістыка — гэта, уласна кажучы, пошук інфармацыі, а не напісанне прыгожых фраз”.

Дадам: каб яшчэ ўмелі хоць пісаць прыгожа! А так — займаная фактура плюс каравы, убогі, пластмасавы стыль. Журналістыка на сінтэтычным корме заканамерна дэградуе.

Ілюстрацыя з FreeDigitalPhotos.net

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: