ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Няма Плошчы, дык хоць Еўрамайдан!

В фокусе

Калі казаць з доляй прафесійнага цынізму, то Еўрамайдан стаў падарункам беларускім недзяржаўным медыям. Як зазначыў у інтэрв’ю “Свабодзе” галоўны рэдактар часопіса “Беларуская думка” Вадзім Гігін, “з’явілася пра што пісаць, інакш пісалі б пра навагоднія цацкі”.

Ну, калі і не пра цацкі-ёлкі-цыклоны-антыцыклоны, то гадалі б на кафейнай гушчы наконт выбараў-2015: ці будзе адзіны кандыдат, ці пойдзе хто за малапапулярнай апазіцыяй на чарговую Плошчу і да т.п. А так — вось вам, хай сабе не тут, але побач, у суседняй пастсавецкай краіне — такія пратуберанцы народных пратэстаў, такая пастаноўка ўладных вярхоў на вушы, што пасіянарную частку беларусаў толькі зайздрасць бярэ.

Зноў жа даводзіцца канстатаваць, што беларускія дзяржаўныя СМІ, як звычайна бывае ў такіх неадназначных сітуацыях, збольшага тармозяць, стараюцца або заплюшчыць вочы на Еўрамайдан, або даць інфы па мінімуме.

Зрэшты, як адзначыў у каментары для Mediakritika.by медыйны аналітык Паўлюк Быкоўскі, БЕЛТА, напрыклад, дае хоць і мала, “але ў параўнанні з расійскімі СМІ досыць аб’ектыўна”.

Звярнуў на сябе ўвагу і даволі ўзважаны рэдакцыйны артыкул у “СБ” ад 3 снежня. Ва ўсякім разе, рэмарка, што разгон Майдана стаў памылкай тамтэйшых уладаў, і пэўны піетэт перад вулічным волевыяўленнем украінцаў — рэчы для прэзідэнцкай газеты нязвыклыя.

 

Эйфарыю змяняе цвярозасць

Увогуле ж, паводле ацэнкі Быкоўскага, беларускія СМІ падзеямі на Украіне цікавяцца досыць моцна. “Але значная частка матэрыялаў абапіраецца на другасныя крыніцы, вельмі мала сваіх карэспандэнтаў у Кіеве ці Львове”, — дадае аналітык.

Тым болей варта адзначыць рэсурсы, што не абмежаваліся завочным асвятленнем пратэстаў, а накіравалі журналістаў на месца падзей.

Моцную плынь мультымедыйнай інфармацыі з Майдана і пра Майдан арганізавала беларуская служба радыё “Свабода”. Такую ж насычаную мультымедыйную хроніку ў рэжыме анлайн прапануе сайт “Нашай нівы”. З месца падзей перадае матэрыялы для “Еўрарадыё” Алесь Пілецкі.

Дарэчы, свежы ягоны рэпартаж з украінскай сталіцы характэрны цвярозай, стрыманай ноткай. Ён выстаўлены на сайце пад загалоўкам “Карнавал замест рэвалюцыі: Майдан ператвараецца ў забаву”. У прыватнасці, аўтар зазначае: “У паспяховасць дзеянняў апазіцыі не асабліва верыцца… Калі лідары не прапануюць нешта новае і цікавае — пратэсты заціхнуць самі па сабе, без удзелу “Беркута” і іншых сілавых структур. Танцы ля напалову разабранай навагодняй ёлкі на Майдане людзям здольныя надакучваць”.

У папярэднія дні шэраг беларускіх рэсурсаў, трэба сказаць, перагінаў з рэвалюцыйнай эйфарыяй. Можна, канечне, зразумець настрой: калі ў Беларусі глуха, то хай хоць у суседзяў атрымаецца трыумф вулічнай дэмакратыі. Але не ўсё так проста.

 

Цяга да маніхейства

Каб чытач/глядач/слухач атрымаў болей глыбокае, адэкватнае, шматграннае ўяўленне пра сутнасць ды спружыны відовішчных падзей, варта дапаўняць інфармацыйную, рэпартажную плынь аператыўнай аналітыкай. Вось з гэтым у беларускіх медыях традыцыйна цяжэй.

Зноў жа варта адзначыць радыё “Свабода”, і найперш у асобе Валера Карбалевіча, які і фірмавую “Экспертызу” на гэту тэму зладзіў (“Як украінская «еўрарэвалюцыя» ўплывае на Беларусь?”), і ў блогу хаду падзей у паўднёвых суседзяў паспрабаваў асэнсаваць (“Кіеўскі Майдан: прамежкавыя высновы”).  На “Свабодзе” ж аператыўна зрабіў таксама свой фірмавы “Праскі акцэнт” на гарачую тэму (параўнанне Еўрамайдана з беларускай Плошчай-2010) Юрый Дракахруст. TUT.BY на ўласным тэлебачанні прапанаваў 4 снежня адмысловы выпуск дыскусійнай праграмы “Амплітуда”.

Увогуле ж голас аналітыкаў не надта чутны: болей эмацыйных каментатараў. У прыватнасці, ажывіліся апазіцыйныя палітыкі, дэмакратычныя заўзятары. Іх рэакцыю можна зразумець, хаця ёсць у гэтым нешта ад сублімацыі.

“Беларуская апазіцыя і тыя, хто ёй спачуваюць, відаць, рэагуюць на праявы вулічнай дэмакратыі, на тое, што на Майдане шмат людзей. Але якія гэта можа мець наступствы для Украіны ці для Беларусі — пра гэта пішуць вельмі мала і без спасылак на украінскіх экспертаў”, — гаворыць Быкоўскі.

Бяда палітыкаў ды палітызаванай публікі з форумаў, сацыялак — у тым, што збольшага яны грашаць спрошчанымі схемамі. І, у прыватнасці, малююць украінскую калізію ў маніхейскім духу: сілы абсалютнага дабра супраць сілаў абсалютнага зла.

 

Ламаць стэрэатыпы — занятак дыскамфортны

Хоць насамрэч усё значна болей складана. І каб адлюстраваць шматслойнасць, супярэчліваць гэтага вострага моманту ў жыцці суседняй краіны, трэба браць пад увагу мноства аспектаў — ад наяўнасці правакатараў у шэрагах пратэстоўцаў, рызыкоўнага палітыканства асобных лідараў да эканамічнай подбіўкі ашаламляльнага рашэння ўкраінскага кіраўніцтва прытармазіць падпісанне дамовы аб асацыяцыі з Еўразвязам.

Артыкул Тацяны Каліноўскай “Па беларускім сцэнары” ў тыднёвіку “Белорусы и рынок” — рэдкі прыклад стараннага аналізу менавіта эканамічных аспектаў гэтага “аблому”. Аўтарка робіць выснову, адрозную ад той стэрэатыпнай, што фігуруе ў большасці публікацый на ўкраінскую тэму: маўляў, Януковічу выкруціла рукі Масква.

Не без гэтага, але ж, піша Каліноўская, “ціск з боку Расіі стаў не адзінай прычынай згортвання курсу на еўраінтэграцыю. Унутраныя праблемы ўкраінскай эканомікі і нежаданне ўладаў Украіны працягваць структурныя рэформы дзеля дасягнення еўрапейскіх стандартаў ёсць значна болей важкім аргументам пры прыняцці гэтага рашэння”.

Яшчэ адзін стэрэатып: украінцы вось могуць, а беларусы не такія — імкнецца разбурыць у сваім блогу на “Свабодзе” Севярын Квяткоўскі. Ён раіць “беланыцікам” не “забівацца аб сценку”.

У фэйсбуку ж правакатыўны пост кінуў на абмеркаванне палітолаг Сяргей Богдан. У прыватнасці, на яго думку, “адмова ад падпісаньня пагадненьня ў Вільні цалкам магчыма дазволіла б Януковічу атрымаць выгаднейшае пагадненьне з ЭЗ у далейшым (ды і з Расеяй можна было яшчэ пагандлявацца). А так радыкалы фактычна пазбаўляюць украінскае кіраўніцтва ўсякага манэўру ў дачыненьнях з ЭЗ і Расеяй”.

Аднак у незалежных СМІ такіх экспертных каментароў “супраць шэрсці” практычна няма. Мо таму, што яршыстыя, некан’юнктурныя каментатары ствараюць дыскамфорт для журналістаў, ламаюць іх павярхоўную, стэрэатыпную падачу (дэмакраты-праеўрапейцы ў белых рызах супраць бязмозглых уладных цемрашалаў)?

 

* * *

Увогуле ж Еўрамайдан лішні раз нагадаў, што ў Беларусі фактычна няма палітыкі. Лукашэнка сам некалі абвесціў, што палітык ў краіне адзін. Так яно сёння і выглядае. Парламент — скрозь шэрыя, невыразныя, коснаязыкія постаці. Апазіцыя пераважна сышла ў фэйсбукі і там точыць войны між сабой.

Няма палітыкі — няма і слою грунтоўных палітычных аналітыкаў, пераважаюць папулісты-спекулянты.

У выніку СМІ пішуць на палітычную тэму павярхоўна і схематычна, збольшага абсмоктваюць цытаты правадыра ды шукаюць ў яго экспромтах патаемныя сэнсы. І так — да наступнага Майдана ў суседзяў?

Фота: nn.by

Оценить материал:
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: