ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Як мы спрытна выкрываем Януковіча

“Януковіч здаў Украіну Маскве”, — абвесціла ў мінулую суботу “ЕўраБеларусь”. А менавіта: падпісаў стратэгічнае пагадненне з Расіяй, якое ўтрымлівае абавязак далучыцца да Мытнага звязу, тлумачыць лід матэрыялу.

Падпісана публікацыя службай інфармацыі “ЕўраБеларусі”. Трэба зняць перад ёй капялюш. Увечары выхаднога дня раскапаць такі выкрывальны эксклюзіў сусветнага маштабу!

 

Лукас ведае усё

Праўда, пры болей уважлівым вывучэнні матэрыялу высвятляецца, што гэта не такі ўжо і эксклюзіў. Дакладней, зусім не эксклюзіў, а фактычна перадрук з “Українськай правды”, спасылка на якую акуратна прыхавана ў сярэдзіну тэксту.

Дык а дзе ж першакрыніца сенсацыйных звестак пра патаемную здраду Януковіча ў Сочы падчас сустрэчы з Пуціным?

Аказваецца, усё грунтуецца на допісе ў твітары, што зрабіў рэдактар брытанскага тыднёвіка The Economist Эдвард Лукас.

Цяжка паверыць, што Пуцін з Януковічам чамусьці вырашылі зліць брытанцу сакрэт свайго міжсабойчыка. Куды болей імаверна, што далёкі іншаземец атрымаў звесткі ад некага з праціўнікаў альянсу Кіева з Крамлём. І дзе гарантыя, што гэта не правакацыйны ўкід? Ва ўсякім разе, у такой падачы — вельмі нагадвае жанр “чуў звон”.

Я б не стаў марнаваць час на разбор другаснага куртатага тэксту, калі б за такімі публікацыямі не стаяла прыкрая тэндэнцыя айчыннай вэб-журналістыкі. Зліў Лукаса пад падобнымі безапеляцыйнымі загалоўкамі разнеслі шмат якія вэб-рэсурсы.

Што да самой “Українськай правды”, то дастаткова хуткага позірку на сайт, каб пераканацца, што гэта выданне выразна ангажаванае, прычым выступае зусім не на баку Януковіча. Але ж беларускім журналістам не грэх сваю галаву на плячах мець. І улічваць, што цяперашняе супрацьстаянне на самой Украіне і вакол яе набыло, звыш усяго, рысы інфармацыйнай вайны.

Аднак асвятленне цяперашніх украінскіх падзей незалежнымі айчыннымі медыямі відавочна грашыць ухілам у рамантызацыю еўрарэвалюцыі ды дэманізацыю тамтэйшай кіроўнай вярхоўкі. Іначай кажучы, ідзе гульня ў адны вароты, падзеі падаюцца ды трактуюцца толькі з аднаго гледзішча.

Калі браць шырэй, то цэлы шэраг нашых вэб-рэсурсаў фактычна адмовіўся ад залатога правіла дзвюх крыніц, якое тычыцца спраўджвання інфармацыі, асабліва падазронай і выбухованебяспечнай.

 

На правіла дзвюх крыніц стала напляваць

Ага, ты вялікі разумнік, скажуць мне. Паспрабуй дазваніся, напрыклад, у Крэмль. Ды і дзе гарантыя, што там скажуць праўду?

На гэта ў мяне ёсць некалькі пярэчанняў.

Па-першае, грукайцеся — і вам адчыняць. Не заўсёды, канечне, але гэта зусім не глухі нумар. Напрыклад, БелаПАН, дзе я працую, нярэдка элементарна атрымлівае каментары з афіцыйных крыніц, у той час як некаторыя рэсурсы абмяжоўваюцца аднабокімі заметкамі “супраць рэжыму”.

Мо загваздка акурат у тым, што для каго-кольвек гэтае “супраць рэжыму” стала самамэтай, а фраза “нам не даюць інфы” — зручнай адмазкай, прыкрыццём “прапаганды наадварот”?

Па-другое, афіцыйныя асобы і ў Крамлі, і ў Кіеве самі паспяшаліся абвергнуць Лукаса. Так што іншым разам дастаткова проста вытрымаць разумную паўзу.

Тут зноў прадбачу пярэчанне: гэта ж інтэрнэт, тут кожная секунда на вагу золата! Згода. Але хто ў такіх выпадках перашкаджае дадаць рэмарку, што пацвярджэннем ці зняпраўджаннем версіі Лукаса (Пупкіна, Бендэра-Задунайскага — патрэбнае падкрэсліць) з іншага боку ці з незалежных крыніц рэдакцыя на гэты момант не валодае?

Па-трэцяе, каб не сядаць у лужыну, варта ўстрымлівацца ад безапеляцыйных крыклівых загалоўкаў з поўным ігнараваннем прэзумпцыі невінаватасці. (Праўда, шэраг рэсурсаў “элегантна” вырашае праблему, прыклейваючы да скандальнага загалоўка пытальнік. Тады атрымліваецца нешта кшталту “Януковіч здаў Украіну Маскве?”, што выглядае ненашмат лепей, але хоць меней адыёзна.)

Па-чацвертае, варта рабіць элементарны крытычны аналіз любой сенсацыйнай інфы — і свае мазгі ўключаць, і да экспертаў звяртацца. Аналітык, які хоць трохі ў тэме, адразу патлумачыць, што за тыдзень у Мытны звяз не ўступіш.

Вунь нават Ерэвану ды Бішкеку, якія туды адкрыта рвуцца, выставілі няпростыя ўмовы. Як мінімум, трэба адаптаваць масіў нарматыўных актаў. І падпісаць пагадненне аб уступленні Украіны ў Мытны звяз 17 снежня, як напрарочылі некаторыя рэсурсы, Януковічу не пад сілу хоць ты трэсні. На “прэлюдыю” тут патрэбны нават не месяцы, а гады.

Акрамя таго, нават калі не браць пад увагу фармальныя перашкоды, Януковічу болей выгадна не ўлазіць адразу ў крамлёўскую пастку, а манеўраваць як мага даўжэй. І ў выніку зусім не выключана, што Украіна падпіша тое пагадненне з Еўразвязам, але вытаргаваўшы тое-сёе дадаткова.

Вось у блоку з падобнымі развагамі экспертаў можна даваць любога Лукаса як версію. Прычым я зусім не выключаю, што ў рваным твіце брытанца былі і зярняты слушнай інфы. Аднак сур’ёзная прэса не мае права падаваць навіну як бясспрэчную ісціну са спасылкай выключна на твіт, тым болей калі відавочна, што гэта звесткі не з першых рук.

Пакуль жа з вартых даверу крыніц вядома, што Януковіч ды Пуцін сапраўды маюць сустрэцца ў Маскве 17 снежня ў звязку з пасяджэннем двухбаковай міждзяржаўнай камісіі. Анансуецца і магчымы пералік пытанняў: цана на газ і г.д.

Не выключана, што будзе абмяркоўвацца і дамова аб стратэгічным партнёрстве, але гэта зусім не раўназначна ўступленню ў Мытны звяз. У афіцыйнага Мінска, напрыклад, каго толькі няма ў стратэгічных партнёрах!

 

Рэакцыя на ўзроўні немаўляці

Карацей, ёсць сапраўды цікавыя зачэпкі, аднак капаць тэму глыбей майстрам копіпасту не хочацца, няма часу і стымулу. А мо і страшнавата. Нядаўна вось вэб-рэсурсы дружна паведамілі пра арышт старога Лукашэнкавага сябра Канаплёва (зноў жа, заўважце, са спасылкай толькі на адну крыніцу), потым далі з ягоных вуснаў абвяржэнне, а назаўтра цалкам забыліся пра гэты сюжэт, хоць нітачкі можна было знайсці інтрыгоўныя. Так і не зразумеў чытач: ці ён кажух украў, ці ў яго ўкралі.

Такіх прыкладаў павярхоўнасці, прымітыўна-люстэркавага рэагавання СМІ на вострую тэму — процьма. Свядомасць журналістаў вэб-эпохі становіцца мазаічнай, кліпавай. Медыі пачынаюць нагадваць немаўля, што цягнецца толькі да той цацкі, якая перад вачыма. Прымі яе ўбок — і малы адразу забывае.

Такой прэсай лёгка маніпуляваць, каб у выніку чытач збіваўся з панталыку, заглытваў прынаду. Што і робяць не без поспеху майстры чорнага піяру, спецслужбы, адмыслоўцы інфармацыйных войнаў.

Фота Reuters.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: