ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Бедныя нашы зацкаваныя палітыкі!

Увогуле кашу заварыў Анатоль Лябедзька. Хітра выставіў напаказ у фэйсбуку адмову TUT.BY надрукаваць ягоны тэкст з адлупам маладому журналісту БелаПАНа Арцёму Шрайбману. І пайшло-паехала.

У сацыяльнай сетцы разгарэўся халівар, БелаПАНу закінулі і непрафесіяналізм, і адсутнасць аб’ектыўнасці, і непавагу да беларушчыны, і нават цкаваньне палітыкаў. Апошні закід належыць Сяргею Навумчыку, які і стаў галоўным крытыкам БелаПАНа ды Шрайбмана персанальна.

Адразу папярэджваю, што ў гэтай публікацыі я не прэтэндую на аб’ектывізм, бо сам працую ў БелаПАНе. Аднак, дазволіўшы сабе некалькі эмацыйных рэплік у фэйсбуку, пастфактум адчуваю патрэбу болей грунтоўна расставіць пэўныя акцэнты менавіта ў фармаце артыкула.

 

Як Лябедзька дэманізаваў Шрайбмана

Шматвопытны старшыня АГП своечасова сышоў ад халівару і нават зазначыў, што прэтэнзій да Шрайбмана ў яго 0,00. Але ж калі разблытваць клубок, то выбухны сюжэт пачаўся з закіду сп. Лябедзькі на адрас маладога журналіста, што той “вступился за чиновников, отплясывающих на Конституции, и упрекнул руководство Объединенной гражданской партии в “разжигании ненависти” (а загаловак яшчэ болей хвосткі: “Зачем отбеливать негодяев?”).

Уважліва перачытаўшы артыкул Шрайбмана, я так і не знайшоў фразаў, дзе б ён заступаўся за чыноўнікаў, што скачуць па канстытуцыі, а тым болей адбельваў нягоднікаў. Ды і папрокамі развагі аўтара назваць цяжка — гэта проста аналіз магчымых наступстваў адной з апазіцыйных ініцыятыў.

Такім чынам, сп. Лябедзька ўжывае тыпова маніпуляцыйны прыём: сказіць пазіцыю апанента, акарыкатурыць яго. У выніку палітык робіць з маладога журналіста баксёрскую грушу і пачынае яе малаціць, каб лішні раз падкрэсліць, які ён сам прынцыповы змагар супраць чыноўнікаў-злачынцаў.

Дарэчы, цікава: гэтыя чорныя спісы чыноўнікаў будуць стварацца на ўзроўні АГП? Ці ўсёй “Талакой”? Ці ў кожнай партыі будзе свой чорны спіс? Ці мо дзеля гэтага апазіцыя аб’яднаецца? Ну-ну!

Карацей, для мяне відавочна, што аўтары ініцыятывы не з таго канца пачынаюць. Зрэшты, гэта іх праблемы, не буду тут улазіць у чыста палітычны аналіз (хаця зрабіў бы яго болей бязлітасным, чым Шрайбман). А хачу падкрэсліць вось што: сам адлуп Шрайбману — штучны, высмактаны з пальца, дэмагагічны. Сэнс жа разваг журналіста не ў тым, каб абяліць прадстаўнікоў рэжыму, а ў тым, каб звярнуць увагу, што чарговая ідэя апазіцыянераў можа бумерангам ударыць па іх саміх.

І калі кіраўнік партыі не прасек гэтую фішку, то з палітычным пачуццём у яго нешта не тое. Я мяркую, што біты воўк Лябедзька ўсё прасек, але, мусіць, вырашыў дадаць сабе палітычнага капіталу за кошт рэпутацыі маладога журналіста. Гэта называецца стаць у позу.

Зазначу, што, нягледзячы на ўсе мае цяперашнія жорсткія рэмаркі, тэкст-адказ кіраўніка АГП надрукавалі Naviny.by — рэсурс таго ж БелаПАНа. Так што прынцып плюралізму быў вытрыманы.

 

Давайце без святарных кароў!

Са свайго боку, Сяргей Навумчык робіць у фэйсбуку выснову: у БелаПАНе “фактычна вітаецца цкаваньне грамадзкіх дзеячоў нацыянальна-дэмакратычнага накірунку”. Таксама выказана шмат папрокаў за моўную палітыку (тут асобныя каментатары пайшлі значна далей за сп. Навумчыка).

Давайце разбярэмся па парадку. Якіх гэта дзеячаў цкуе БелаПАН? На белапанаўскім рэсурсе Naviny.by друкаваліся, напрыклад, раздзелы з кнігі Зянона Пазьняка і Сяргея Навумчыка “Дэпутаты Адраджэньня”.

Скажаце, даўнавата было? Дык вось, нядаўна сам я, хоць далёка не апалагет Пазьняка, напісаў на тых жа Naviny.by у звязку з юбілейнай датай артыкул “25 гадоў БНФ: Пазьняк і яго паплечнікі зрабілі сваю справу”, у якім аддаю належнае заслугам Фронту і яго лідараў.

Але менавіта прынцыпы непрадузятасці, плюралізму, узважанасці змушаюць аўтараў БелаПАНа пісаць і пра памылкі, пралікі, крызісны стан апазіцыйных сіл. Калі нехта ўздымае сцяг святых ідэалаў, гэта яшчэ не азначае, што сам ён святы. І калі прэса пачне выводзіць з-пад крытыкі нейкіх асоб ці партыі за асаблівыя гістарычныя заслугі, то гэта ўжо будзе не прэса.

Што ж да вызначэння “радыкальныя”, то не трэба заракацца. Паволе іроніі лёсу, ахвярай радыкалізму падчас сечы ў фэйсбуку стала нават радыё “Свабода”, дзе працуе сп. Навумчык: за недастатковую, з гледзішча асобных пасіянараў, адданасць нацыянальнай справе і гнілы плюралізм.

Дарэчы, БелаПАН нават у крытычных публікацыях і блізка не дазваляе сабе той вербальнай адвязанасці, агрэсіі, як некаторыя дзеячы, што прылічваюць сябе да найвышэйшай касты нацыянальна свядомых.

Вось з боку гэтых абсалютна нецярпімых да іншадумства змагароў (нярэдка яны мужна хаваюцца пад псеўданімамі) ідзе сапраўднае цкаванне ўсіх, хто не пад нос (а ворагаў у іх — куды ні плюнь). Нават са “Свабодай” (“Свабодкай”, паводле іх грэблівага выразу) пагражаюць разабрацца “пасьля перамогі Беларускай рэвалюцыі”. А вы кажаце — няма радыкалаў.

 

Дэмакраты з бальшавіцкай нецярпімасцю

Увогуле ж БелаПАН з яго трыма (беларуская, руская, англійская) версіямі стужкі навін найменей заслугоўвае папроку ў грэбаванні мовай тытульнай нацыі.

Што да Naviny.by (там таксама прысутнічае беларуская мова, але ў меншай прапорцыі), дык гэта аўтаномны медыйны праект, які мае ў тым ліку і бізнес-складнік. Ідэйнасць ідэйнасцю, але беларусізацыя, між іншым, таксама патрабуе выдаткаў. Хто з крытыкаў гатовы ўкласціся?

Дарэчы, хачу падкрэсліць простую рэч: БелаПАН, TUT.BY (якому робяць падобныя закіды) — гэта прыватныя фірмы. Іх уладальнікі маюць поўнае права самастойна вызначаць выдавецкую палітыку. Медыі арыентуюцца на запыты мэтавай аўдыторыі, кліентаў (у выпадку платнай падпіскі на навіны, аналітыку), рэсурсавыя магчымасці. Гэта медыйны бізнес.

Не падабаецца — не чытайце, не выпісвайце. Мала беларускай мовы? Зрабіце болей круты медыйны бізнес выключна па-беларуску, заткніце такім чынам за пояс, пакажыце, як трэба. Вы ж ідэйныя, таленавітыя, пасіянарныя — у вас абавязкова атрымаецца!

Нарэшце, наконт тэрміну “нацыянальна-дэмакратычны кірунак”. Вось тут скажу без дыпламатыі: з некаторых яго прадстаўнікоў дэмакраты — як з сабачага хваста сіта. Свае погляды яны імкнуцца накідаць з бальшавіцкай нецярпімасцю.

Аднак беларусізацыю не зробіш так, як Сталін некалі рабіў калектывізацыю (ды і тая плёну не дала). Нельга з апломбам звышчалавекаў браць на сябе місію падзяляць суайчыннікаў на катэгорыі паводле ступені нацыянальнай свядомасці. Нельга клеймаваць рускамоўных другім гатункам. Нельга манапалізаваць погляд на будучыню Беларусі. Так мы ніколі не пабудуем нармальнае плюралістычнае грамадства.

Што ж да беларушчыны, то я перакананы: яна мае шанец на развіццё толькі пры мяккай, густоўнай прамоцыі. Некаторыя ж “прамоўтары” выклікаюць адно што раздражненне сваім таталітарным па сутнасці мысленнем.

 

“Попал под лошадь”

Сяргей Навумчык, сам моцны і дасведчаны журналіст, пачаў дыскусію з важных пытанняў: пра журналісцкую непрадузятасць, якасць тэкстаў, прафесіяналізм. Але потым у ім загаварыў палітык — і вось ужо непрадузятасць адпачывае.

Для мяне гэта чарговая ілюстрацыя таго, што журналісту найлепей быць па-над ідэалогіямі.

Што ж да прафесійнага аспекту спрэчкі, то зазначу, што журналістыка — з’ява вельмі шматаблічная. Ёсць журналістыка фактаў (стужка БелаПАН) і ёсць журналістыка меркаванняў (гэтая плынь шырока рэпрэзентуецца на Naviny.by).

На мой погляд, не бывае дыстылявана аб’ектыўнай аналітыкі, у ёй так ці іначай прысутнічае аўтарская пазіцыя, і пытанне мусіць палягаць у тым, наколькі яна аргументаваная, а не колькі гадоў аўтару Шрайбману і ці ёсць у яго рэгаліі.

Зрэшты, давайце дыскутаваць. Але дыскутаваць выключна ў прафесійнай плашчыні. Без пыхі, апломбу, пазёрства, казырання тытуламі, ідэалагізацыі ды спекулявання на сакральнасці.

А скончыць артыкул дзеля разрадкі напружанасці хачу ўрыўкам з “Дванадцаці крэслаў”.

— Тут, товарищ редактор, на меня помещена форменная клевета, — сказал Бендер. (…)

Редактор прочел указанную Остапом заметку.

— В чем же вы, товарищ, видите клевету?

— Как же! А вот это: «Пострадавший отделался легким испугом».

— Не понимаю.

Остап ласково смотрел на редактора и на стул.

— Стану я пугаться какого-то там извозчика. Опозорили перед всем миром. Опровержение нужно.

— Вот что, гражданин, — сказал редактор, — никто вас не позорил, и по таким пустяковым вопросам мы опровержений не даем.

— Ну, все равно, я так этого дела не оставлю, — говорил Остап, покидая кабинет.

Ніхто сябе не пазнаў? Ну і добра.

Фота: “Кавказский Узел”.

Оценить материал:
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: