ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Журналіст не мусіць станавіцца “дэмшызой”

Шчыра кажучы, я думаў, што тэза пра адну лодку, у якой нібыта знаходзяцца недзяржаўная прэса ды апазіцыя, ужо неактуальная. Што палітычныя апаненты рэжыму такі падыход перараслі. Але перад самым Новым годам у маім акаўнце ў фэйсбуку разгарэлася нежартоўная дыскусія на гэты конт.

Дыскусія прынцыповая, таму я вырашыў вынесці свае выніковыя развагі за фармат сацыяльных сетак.

Дарэчы, спрэчка была справакавана нават не маім тэкстам, а тэзамі, што я выказаў у перадачы “Экспертыза Свабоды” на тэму “Чаму апазіцыя не стала чыннікам перамен?”.

Паколькі я выступаў там болей як эксперт, чым як журналіст, то атрымаў прачуханца за абодва цэхі, аналітычны ды медыйны: маўляў, займаецеся “тэатральнай крытыкай” замест таго, каб быць партнёрамі апазіцыі, у прыватнасці — прапаноўваць ёй нейкі талковы план дзеянняў.

Не буду тут адказваць за ўсю экспертную супольнасць, абмяжуюся развагамі пераважна пра журналісцкую місію ў несвабоднай краіне.

Адзін з апанентаў напісаў у фэйсбуку так: “Сітуацыя: гвалтаўнік напаў на жанчыну, а незалежныя аналітыкі і журналісты, стоўпіўшыся навокал, абмяркоўваюць тое, што адбываецца, у абсалютна нейтральным ключы і чакаюць запозненага вызваліцеля небаракі ад супастата... Журналістыка на вайне (а ў нас амаль што так) адрозніваецца ад журналістыкі ў якой-небудзь мірнай краіне з парламенцкімі “партыйнымі арэлямі”. Як і дзейнасць кім толькі не збэшчанай апазіцыі”.

Выснова: “Усе, хто хоча перамен, мусяць біць у адну кропку”.

 

А хіба апазіцыя б’е ў адну кропку?

І вось тут узнікае першае пытанне: а хіба палітычная апазіцыя ў Беларусі б’е ў адну кропку? Давайце шчыра: ды некаторыя яе прадстаўнікі ненавідзяць адзін аднаго болей, чым той “злачынны рэжым”!

І нават чыста канцэптуальна, ідэалагічна: “Справядлівы свет” Калякіна, напрыклад, — за інтэграцыю з Расіяй, а Партыя БНФ хоча бачыць Беларусь у НАТО. Гэта не тое што розныя — палярныя вектары.

Далей, дзве кааліцыі — “Народны рэферэндум” і “Талака” — знаходзяцца ў відавочна напружаных дачыненнях, прычым сакрэтам полішынеля ёсць тое, што разлад сілкуецца не столькі стратэгічнымі разыходжаннямі, колькі ўзаемнай непрыязнасцю на ўзроўні персаналій.

Тут які талковы план ні прапануй — як мінімум адзін з бакоў стане круціць носам. Самы талковы план першага ўзроўню — кансалідацыя, але ён не пракочвае, што ж казаць пра далейшае?

Нарэшце, для самай бескампраміснай часткі апазіцыі што “Народны рэферэндум”, што “Талака” — аднолькавыя імітатары, “псэўды”. Апошнія агрызаюцца: а вы — радыкалы, русафобы, сектанты.

Дык пад чыю дудку скакаць загадаеце? Калі журналіст, рэдакцыя падтрымае адных змагароў, то нарвецца на абвінавачванні ад іншых. І ў гэтым сэнсе аптымальная пазіцыя — па-над бойкай.

Што ж да тэзы: не трэба надта крытыкаваць тых, каго і так улада бэсціць, — то, па-першае, крытыка ў незалежных СМІ — гэта ўсё ж не мачылава па БТ; па-другое, на пакрыўджаных ваду возяць. Палітыкаў ва ўсім свеце дзяўбуць і ў хвост і ў грыву. А лекі заўжды горкія. Хвароб жа ў айчынных партыях ды рухах да чорта, і надта кепскіх.

І потым, паверце, прэса так засумавала па хоць бы адносных поспехах змагароў з рэжымам, што будзе трубіць пра гэта без дадатковага напамінку.

 

Толькі не кажыце, што вас мала піяраць!

Дарэчы, частка нашых суайчыннікаў — прычым гэта не абавязкова “тупыя застабілы” — ужывае слова “змагар” з’едліва. Маючы на ўвазе гэтакага істэроіднага персанажа, што да месца і не да месца крычыць “далоў!”, вінаваціць “злачынны рэжым” ва ўсіх жыццёвых праблемах ды вызнае як універсальны сродак іх вырашэння павярхоўны рэвалюцыйны радыкалізм.

Гэта, калі хочаце, такі сэнсавы аналаг расійскай “демшизы” (каторая як з’ява Расіяй, на жаль, не абмяжоўваецца).

Можна, канечне, з пагардай сказаць: маўляў, гэта погляд несвядомага, апалітычнага абываталя, які думае страўнікам, не дарос да высокіх дэмакратычных ідэалаў. Але болей карысна задумацца: ці тымі словамі і ці пра тое спрабуюць размаўляць палітычныя пасіянары са звычайнымі беларусамі?

Вось вы цвердзіце пра “амаль што вайну”, але мільёны суайчыннікаў зусім не ўспрымаюць сваё існаванне як змаганне з праклятым рэжымам. І для іх ён не такі ўжо і пракляты, і метафара пра гвалтаўніка ды ахвяру ім чужая. Гэтыя людзі проста пражываюць уласнае жыццё, ставячы на першае месца камфорт, простыя радасці.

Потым, людзі не сляпыя і бачаць: хто-кольвек з намінальных праціўнікаў рэжыму таксама някепска ўбудаваўся ў сённяшнюю сітуацыю (тут ці на сытым Захадзе), а змагарныя лозунгі проста цынічна эксплуатуе.

Давайце глядзець праўдзе ў вочы: палітычная апазіцыя здрабнела, растраціла маральны капітал. Так, тут пашчыраваў рэжым, але колькі сабак на яго ні вешай, факт тое, што большасць беларусаў не бачаць у традыцыйнай апазіцыі сапраўднай альтэрнатывы.

Толькі не кажыце: бо прэса мала піярыць. Як па мне, дык аж занадта — пра кожны чых піша. Звыш таго, апазіцыянерам даюць практычна неабмежаваную трыбуну ў шэрагу папулярных незалежных СМІ. Нарэшце, сёння, у эпоху інтэрнэту, кожны сам сабе СМІ: знайдзіце такія словы, каб на вашы сайты ламануліся!

Але дзеля падбору патрэбных слоў важна ўсвядоміць: марная рэч — намагацца звузіць жыццё соцыўму да памераў сваёй асабістай амбразуры.

Ва ўсякім разе, прафесійная прэса не хоча лезці ў акоп, адлюстроўваць рэчаіснасць скрозь проразь прыцэла. Яна мусіць арыентавацца на патрэбы шырокай аўдыторыі ці пэўных мэтавых груп, а не скочвацца на маргінэс. Урэшце, СМІ — гэта і бізнес. Карацей, з цэлага шэрагу прычын прэса не можа дазволіць сабе раскошы дысідэнцтва.

 

Ці ёсць узорам “майданныя” СМІ?

Апаненты ў фэйсбуку прывялі як аргументы сітуацыю з ГКЧП у 1991 годзе, калі і прэса мусіла выбіраць, на які бок барыкады станавіцца, а таксама цяперашні ўкраінскі прыклад “майданных” журналістаў.

Што да ГКЧП, то я паспытаў на ўласнай шкуры, які гэта мёд — падпісваць нумар з артыкулам супраць путчыстаў пры рэальнай перспектыве, што ўначы па цябе прыедуць. Сапраўды, у пераломныя моманты прэса (як і грамадзянская супольнасць) палярызуецца ды палітызуецца. Але вызнаваць барыкаднасць, лозунгавую журналістыку доўгі час — небяспечна. Я не пра фізічную рызыку, а пра тое, што гэта дэфармуе прафесіяналізм.

Сёння ж на Украіне “майданнымі” сталі нават цэлыя СМІ. Напэўна, патэтычныя тэксты грэюць сэрцы актывістам ды прыхільнікам Майдана. Але мне, напрыклад, для ўласных артыкулаў на ўкраінскую тэму важна мець як мага болей адэкватнае ўяўленне пра тамтэйшы расклад сіл, логіку і шанцы бакоў, перспектывы развіцця сітуацыі і г.д. Таму аддаю перавагу тым мясцовым медыям, на якіх няма такога адбітку ангажаванасці.

 

Не скочвацца ў прапагандос

Яшчэ кажуць: пры дыктатуры не можа быць прафесійнай журналістыкі. Так, нашая медыйная сфера дэфармаваная, як і палітычная сістэма. І любому СМІ можна накідаць прэтэнзій, што не цалкам датрымлівае каноны.

Але давайце гаварыць канкрэтна. Інфу ды аналітыку кампаніі БелаПАН, дзе я працую, выпісваюць менавіта таму, што хочуць атрымліваць прадукт, зроблены паводле прафесійных стандартаў, а не апазіцыйны прапагандос. Магу назваць і іншыя медыі з высокім, на мой погляд, узроўнем прафесіяналізму — “Белорусы и рынок”, Беларуская служба радыё “Свабода” (спіс можна доўжыць).

Ёсць між тым і выразна апазіцыйныя рэсурсы, заточаныя супраць рэжыму, як фінка; яны займаюць сваю нішу. Але хіба вы хочаце, каб усе сталі такімі? Каб у выніку наша даволі разнастайная сістэма недзяржаўных медыяў ператварылася ў аналаг рэжымнай прапаганды, толькі процілеглай скіраванасці?

Што ж да грамадзянскасці, недахоп якой закідаюць журналістам, то яна, на мой погляд, не ў тым, каб пракламаваць змагарную патэтыку. Крыкамі, што рэжым здыхае і заўтра мы будзем жыць у іншай краіне, лепшую будучыню не наблізіш, а толькі насмешыш разважную публіку.

Місія прэсы ў іншым. Возьмем нашых рэпарцёраў, гэту медыйную пяхоту. Ім таўкуць насы і аб’ектывы, але яны спраўна прыносяць у дзюбе інфу. Не належачы да партый і не педалюючы іх лозунгаў, незалежныя журналісты дзень за днём забяспечваюць права грамадзян на інфармацыю — тое права, якое ўлада спрабуе заціснуць. Для мяне гэта і ёсць прыкладам някідкай грамадзянскасці.

Цвярозы, неангажаваны аналіз сённяшніх рэалій таксама часта набывае рысы грамадзянскага ўчынку, бо тады ты благі і для ўлады, і для яе ворагаў. Прасцей выбраць групоўку, “зграю” і быць там сваім.

Разам з тым, супраца між рэдакцыямі незалежных СМІ і апазіцыйнымі структурамі — цалкам рэальная рэч. Дарэчы, плённасць кантактаў у значнай ступені залежыць ад прафесіяналізму партыйных прэс-службаў. Стварайце інфармацыйныя нагоды, авалодвайце механізмамі піяру — і вам у рэдакцыях заўжды будуць рады.

 

Профі павінен рабіць сваю справу

Тыя, хто мысліць у катэгорыях вайны з рэжымам, відавочна прадугледжваюць нейкі момант перамогі, пасля якога можна будзе прэсу “дэмабілізаваць”, “дазволіць” ёй быць проста прэсай. Я ж вельмі сумняваюся, што эпоху Лукашэнкі ў нас зменіць светлая эра трыўмфу дэмакратыі. Дзеля гэтага бракуе перадумоў.

Гледзячы на бальшавіцкія замашкі некаторых апазіцыйных лідараў, міжволі думаеш: прыдзі такі да ўлады — мо яшчэ і Лукашэнка падасца гнілым лібералам. Найхутчэй жа перамены ў Беларусі будуць вызначацца зусім іншымі фігурамі і сіламі, а маргіналы рызыкуюць так і застацца маргіналамі. І калі яны прысабечылі нейкую месіянскую ролю, а таму чакаюць ад прэсы абслугоўвання, — гэта іх асабістыя псіхалагічныя праблемы.

На мой погляд, пасля Лукашэнкі краіну можа чакаць даволі доўгі перыяд болей мяккай аўтакратыі з істотным перафарматаваннем палітычнага поля, новай канфігурацыяй апазіцыі. Да каго тады прывязвацца прэсе? Мо лепей апрыёры не прывязвацца, а імкнуцца прафесійна рабіць сваю справу пры любым палітычным надвор’і?

Так, гэта надзвычай няўдзячная задача, калі надвор’е анамальнае. Але трымацца прынцыпу “на вайне як на вайне” — гэта для прэсы ўвогуле шлях у тупік, да прафесійнай дэградацыі.

Таму мой адказ апанентам такі: рэч не ў тым, што журналістам бракуе грамадзянскасці, а ў тым, што яны пазбягаюць займацца прафанацыяй рамяства. Не хочуць станавіцца “дэмшызой”.

Ілюстрацыя: Сцюарт Майлз, Freedigitalphotos.net

Оценить материал:
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: