ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Журналіст мусіць быць “кепскім хлопцам”

Днямі на фуршэце мяне адклікаў ўбок адзін калега. І стаў высвятляць: ці не маю я зуба на іх рэсурс? Бо, маўляў, некалькі разоў крытычна прайшоўся па ім у сваіх артыкулах на Mediakritika.by.

Давялося даводзіць, што я не вярблюд: ніякага зуба, заўжды іду ад выбранай тэмы, а прыклады медыйных хібаў, памылак бяру самыя выразныя з тых, што пад руку трапляюць. Ну вось і вы пару разоў трапілі. За раскрутку вашага сайта ганарар спаганяць не буду, дадаў я жартам.

 

Хто нас “замовіў”?

Карацей, з тым калегам, здаецца, паразумеліся. Але такога кшталту высвятленне стасункаў — не першае. Апублікаваўшы ўжо некалькі дзясяткаў артыкулаў на “Медыякрытыцы”, я для цэлага шэрагу асоб з нашага прафесійнага цэха стаў, кажучы па-амерыканску, кепскім хлопцам.

Ведаю, што асобныя рэдакцыі, зачэпленыя публікацыямі (і не толькі маімі) на “Медыякрытыцы”, увогуле ўлягаюць у канспіралогію: хто нас “замовіў”?

Здараецца, што спрабуюць закрануць струну карпаратыўнай салідарнасці: “Ну што ты нас абняславіў? Мы ж калегі…”. Маўляў, хіба цяжка проста патэлефаваць ды параіць, каб выправілі нейкую хібу?

Шмат якія калегі не дадуць схлусіць: нярэдка менавіта так я і раблю. Але ўсіх такім чынам проста нават фізічна не пракансультуеш. Ну а галоўнае, пэўныя заганы прафесійнага цэха найлепей лекаваць менавіта праз публічнасць. Проста да яе варта прывыкнуць.

Глядзіце, чамусьці нікога не здзіўляе, калі вострую, нават разгромную рэцэнзію піша тэатральны або кінакрытык. У гэтых сферах разбор палётаў даўно стаў звыклай з’явай. Наадварот, творца пачынае камплексаваць, калі крытыкі абыходзяць увагай. І ніводзін рэжысёр не скажа аўтару жорсткай рэцэнзіі: лепей бы ты мне на вушка…

Медыйная ж крытыка — адносна новая рэч. Хаця ва ўсім свеце яна набірае папулярнасць. І журналістам варта адвыкаць ад псіхалогіі закрытай касты ці, калі хочаце, сярэднявечнага ордэна.

 

І Класкоўскаму даюць дыхту!

У Беларусі ж фактычна склаліся два журналісцкія ордэны — дзяржаўны і недзяржаўны, якія мала між сабой перасякаюцца, варацца ва ўласным соку.

І дзяржаўнай, і недзяржаўнай прэсе не стае канкурэнцыі, здаровага медыярынку. Першую псуюць датацыямі, другую — грантамі. У выніку збіваюцца крытэры: дзеля каго і дзеля чаго мы працуем. Забываем пра аўдыторыю. Бракуе стымулаў рабіць якасныя матэрыялы. Ды і ў пытаннях прафесійнай этыкі конь не валяўся.

Пра ўсё гэта варта гаварыць уголас. Гэта пытанні, якія “званкамі сябру” не вырашаюцца. Тут патрабуецца высвятленне дачыненняў паводле гамбургскага рахунку.

І я бачу пэўны прагрэс за тыя паўтара года, што існуе Mediakritika.by: шэраг рэсурсаў стаў болей культурна абыходзіцца з перадрукамі, лепей думаць над загалоўкамі, адыходзіць ад барыкаднасці, надаваць болей увагі аналітыцы. Канечне, гэта не ёсць заслугай выключна “Медыякрытыкі”, але — у тым ліку.

Дарэчы, нікому не забаронена прапаноўваць на сайт свае матэрыялы. Чым шырэйшае кола аўтараў, чым часцейшыя дыскусіі, тым далей прасунемся мы ў асэнсаванні нашых медыйных праблем.

Асабіста ж я не прэтэндую выглядаць нейкім гуру. Класкоўскаму, дарэчы, таксама рэгулярна даюць прачуханца. Што такое зваротная сувязь у сеціве, калі шлейф каментаў можа не пакінуць ад твайго шэдэўра каменя на камені, я напоўніцу зведаў яшчэ у тыя часы, калі быў блогерам на сайце “Нашай нівы”. Там адны толькі адэпты Пазьняка моглі сем шкур спусціць за неабачлівую фразу на адрас іх куміра.

І па сёння, паколькі публікуюся збольшага ў сеціве, амаль што кожны мой артыкул ці іншы выступ цягне кішку каментаў, многія з якіх аўтару супраць шэрсці. Каб я тыя наскокі прымаў надта блізка да сэрца, то даўно б звар’яцеў.

 

“Вузкае іх кола…”

А вось некаторыя нашы палітыкі, бывае, крыўдзяцца як дзеці. Становяцца ў позу, пачынаюць трактаваць крытыку ў журналісцкіх матэрыялах як замах на святую справу змагання з антынародным рэжымам.

Я шмат пішу на палітычныя тэмы. І, прызнаюся, кожны раз узважваю, ці трэба зноў чапаць тую апазіцыю.

У нас адносна невялікая краіна. Звыш таго, праз спецыфіку рэжыму палітычнае поле сціснутае. Кола контрэліты вузкае. Праз нейкі час журналіст недзяржаўнага выдання ўсіх ведае як аблупленых, з шэрагам людзей узнікаюць і нефармальныя, таварыскія дачыненні.

З аднаго боку, гэта плюс: лягчэй дамовіцца аб інтэрв’ю, атрымаць нейкую інфу. З іншага боку, з’яўляюцца як мінімум дзве пасткі.

Па-першае, ёсць небяспека, што журналіста спакваля пачнуць выкарыстоўваць — дзеля піяру, зліваў, “унутрывідавай барацьбы” і г.д.

Па-другое, сам журналіст пачынае асцярожнічаць: калі напішу рэзка, то сапсую дачыненні і наступным разам не атрымаю нейкі эксклюзіў. А можна нарвацца і на абвінавачанні ў рэнегатстве. Рэжым, маўляў, нас дзяўбе — і ты туды ж.

Яшчэ адна папулярная контртэза: калі такі разумны, то лепей падтрымай, прапануй нам пераможную стратэгію. Пэўныя людзі настолькі ўжыліся ў ролю правадыроў светлых сіл у маніхейскай схеме змагання супраць “крывавай дыктатуры”, што проста не дапускаюць скептычнага погляду на сваю здольнасць перамагчы ўвогуле.

Яшчэ адна прафесійная цяжкасць палягае ў тым, што і незалежная экспертная супольнасць у Беларусі малалікая, у значнай ступені маргіналізаваная. Прычым эксперты нярэдка займаюцца яшчэ і апазіцыйнай, і журналісцкай дзейнасцю — усё ў адным флаконе.

У выніку пачынае панаваць міжсабойчык, гэтакае “перакрыжаванае апыленне”. У журналіста фармуецца нешырокае кола сваіх “гаваркіх галоў”, што ў патрэбны момант кажуць патрэбныя тэзы. Зноў жа, востра дыскутаваць з гэтымі аракуламі — рэч недальнабачная, бо наступным разам чорта ты атрымаеш ад пакрыўджанага мэтра каментар.

 

Як Кіплінгаў кот

Карацей, калі ты крытыкуеш і ўладу, і розныя групоўкі апазіцыі, чапляеш тых ці іншых персон з контрэліты, то для ўсіх становішся тым самым кепскім хлопцам. Прасцей прымкнуць да нейкай палітычнай тусоўкі, стаць сваім для пэўнага кола змагароў (каторыя сёння ваююць найперш у фэйсбуку), чым быць у журналістыцы кшталту Кіплінгавага ката, што гуляе сам па сабе.

Натуральна, не варта ўлягаць у крайнасць ды з усімі тачыць вайну. Журналісту не шкодзіць быць у пэўнай ступені дыпламатам.

Але калі ты пачнеш браць пад увагу ўсе дыпламатычныя опцыі: з тым лепей не сварыцца, гэтага не чапаць, бо ўскладніш сабе жыццё, — то твае матэрыялы ператворацца ў манную кашу.

І тут трэба выбіраць. Можна, канечне, трымацца канфармісцкай лініі ды спакойна збіраць нейкі плён са сваёй дзялянкі. Але гэта — непазбежная страта якасці і прынцыпаў.

Журналістаў (“журналюгаў”) шмат хто апрыёры недалюблівае, як і паліцыянтаў. Бо і тыя, і другія, каб выканаць сваю місію, часта мусяць зрабіць камусьці непрыемна. Але ж калі паліцыя ўратоўвае цябе ад злачынцы, стаўленне адразу мяняецца. Так і без журналістаў, якія вечна соваюць нос куды не трэба, выносяць смецце з хаты, замахваюцца на рэпутацыі, не было б сучаснай інфармацыйнай прасторы, цудадзейнай магчымасці ведаць пра ўсё (ну, амаль што ўсё) на свеце праз дотык да кнопкі кампа.

Па вялікім жа рахунку цябе будуць чытаць і паважаць (у тым ліку і ворагі) менавіта тады, калі ты не баішся быць “кепскім хлопцам” — дзеля таго, каб найлепей выканаць сваю прафесійную місію.

Ілюстрацыя з freedigitalphotos.net

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: