ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Як “распрануць” Лукашэнку?

Фармат нядаўняй сустрэчы Лукашэнкі са СМІ шэраг маіх калег падалі як абсалютна новы. Гэта не зусім так. Я сам удзельнічаў у падобным мерапрыемстве 8 жніўня 2001 года.

Тады, як разумею, была першая спроба прэзідэнцкіх піяршчыкаў зладзіць гэтакую камерную размову з удзелам у тым ліку і прадстаўнікоў “нячэснай” прэсы. Адразу скажу: задума з трэскам правалілася.

 

“Пра жонку, каханак, пра ролікі”

У той далёкі ўжо дзень гаспадар рэзідэнцыі напачатку быў вальяжны і нават гуллівы: “Задавайце любыя пытанні — пра жонку, каханак, пра ролікі”. Але па ходу сарваўся, пачаў гневацца і рабіць выпады. Тут яшчэ трэба мець на ўвазе, што ў ліку запрошаных апынуліся такія пасіянарныя прадстаўніцы незалежнай журналістыкі, як Марына Коктыш, Ірына Халіп, каторыя за словам у кішэнь не лезлі.

Дыскутаваць жа было цяжка ўжо таму, што пасля зададзенага пытання ў цябе адключалі мікрафон. Запомніўся момант, калі Лукашэнка паказаў сябе адмысловым маніпулятарам. Горача даводзячы нешта адной з журналістак, ён раптам нібыта зрабіў мяне сваім хаўруснікам: “А ты вось у Сашы спытай, калі не верыш…”. Пры гэтым я ну ніяк не мог уставіць свае тры грашы.

Заўважце: фамільярнасць, зварот па імені — таксама фірмавы прыём, каб псіхалагічна наблізіць да сябе журналістаў і такім чынам раззброіць іх. Хоць я, напрыклад, ніколі не быў ягоным таварышам. Праўда, перасякаліся яшчэ падчас яго дэпутацтва, і аднойчы будучы прэзідэнт нават падвозіў мяне на сваёй саўгаснай “Ніве” на рэдакцыйнае заданне. Во былі часы!

Варта дадаць, што ў 2001 годзе інтэрнэт у нас толькі пачынаў развівацца, і сведчанняў той сустрэчы ў сеціве сёння амаль што не знайсці. Баюся, неўзабаве ў маладзейшых сфармуецца ўражанне, нібыта да эпохі масавага інтэрнэту ўвогуле нічога не было, толькі блукалі дыназаўры.

 

Вось каб я там быў, я б яму ўрэзаў!

Натуральна, з тае сустрэчы 2001 года ў Лукашэнкавым атачэнні зрабілі высновы. Таму, вырашыўшы адрадзіць камерны фармат, невыпадкова запрасілі гэтым разам менавіта кіраўнікоў недзяржаўных медыяў.

Пралетарам пяра асабліва няма чаго страчваць (хоць і гэта адносна, у нашай краіне любога лёгка прыціснуць), для кіраўнікоў жа іх медыйныя праекты — гэта яшчэ і бізнес. Гэта дзясяткі супрацоўнікаў, якія могуць апынуцца на вуліцы, дастаткова дзяржаве-левіяфану зрабіць адзін рэзкі рух.

Так што гульня з уладнага боку апрыёры не зусім сумленная. Ісці або не ісці? Маё меркаванне: журналіст, прадстаўнік пэўнай рэдакцыйнай каманды мусіць выкарыстоўваць практычна любую магчымасць атрымаць унікальныя ўражанні і эксклюзіўную інфу.

Між тым хто-ніхто ў сацыяльных сетках паспяшаўся засведчыць удзельнікам гэтай сустрэчы з боку недзяржаўных СМІ сваё “фэ”. Маўляў, нічога новага не прагучала, дыктатар скарыстаў вас як статыстаў і г.д. Найболей далі дыхту заснавальніку Tut.by Юрыю Зісеру, які на сваю галаву назваў Лукашэнку “лідарам нацыі”.

Тут можа быць нагода для паліталагічна-філалагічнай дыскусіі, але ўвогуле канатацыі — рэч суб’ектыўная. І не трэба рабіць кагосьці здраднікам на падставе таго, што вось, Лукашэнка — не мой лідар. Хаця б таму, што светаадчуванне палітызаванай тусоўкі і масы вельмі адрозныя.

Між іншым, прафесар Алег Манаеў, знаны сацыёлаг, днямі ў інтэрв’ю “Салідарнасці” зазначыў: “Лукашэнка як у 1994 годзе, так і сёння выказвае не толькі погляды і спадзевы велізарнай колькасці беларусаў, але нават іх культурны код”. Давайце і на Манаева сабак вешаць, што неяк не па-змагарску ацэньвае!

Калі вяртацца да сустрэчы 21 студзеня, то, мяркую, многім змагарам з фэйсбука здавалася: вось каб я там быў, я б яму ўжо ўрэзаў!

Але па-першае, часта бывае, што смеласць у віртуальных барацьбітоў толькі завочная. Лёгка быць героем, калі заўзееш на канапе (сёння, напрыклад, модна заўзець за Майдан).

Па-другое, хібай такога падыходу, на мой погляд, ёсць тое, што журналістам, прадстаўнікам СМІ апрыёры надаецца роля палітычных байцоў. Прычым кожнаму прадстаўніку палітызаванай публікі хочацца, каб яны адлюстроўвалі менавіта ягоную ідэалогію.

Кепска, што ў нас практычна няма дэбатаў падчас выбарчых кампаній, у парламенце і г.д. Змагацца трэба за тое, каб у грамадстве быў абсяг для палітычнай дыскусіі. Але не варта фрустрацыю пераносіць на журналістаў, якія не ваююць за ўладу, а інфармуюць грамадства.

 

Не блытаць інтэрв’ю з палітычнымі дэбатамі

У прыватнасці, ёсць пэўныя законы, паводле якіх ладзіцца інтэрв’ю. Тут прафесіяналізм палягае і ў тым, каб вострае пытанне пабудаваць нейтральна, без таго “наезду”, які найхутчэй што справакуе толькі сустрэчную агрэсію. Бо задача журналіста — раскруціць суразмоўцу на шчырасць, прызнанні, выціснуць максімум эксклюзіўнай інфы. Тут іншым разам працуе тэхніка дзюдо: паддацца, каб перамагчы.

Так, пытанні могуць быць непрыемнымі для візаві, але пры гэтым мусяць быць карэктнымі. Не трэба блытаць задачу інтэрв’юера з місіяй палеміста ці апазіцыйнага палітыка на дэбатах. У нас, аднак, медыйнага працаўніка часта хочуць бачыць палітычным гладыятарам.

Між тым згадайце інтэрв’ю, якія бралі ў Лукашэнкі прадстаўнікі аўтарытэтных заходніх медыяў. Прыехаўшы з самых дэмакратычных краін, госці ўсё ж называлі суразмоўцу панам прэзідэнтам, а не ўзурпатарам ці дыктатарам. Ёсць нормы прафесійнай этыкі, межы амплуа.

Зрэшты, у нашых умовах нават нейтральна пабудаваныя пытанні могуць справакаваць раздражненне ці выбух гневу кіроўнай асобы. Чаму мы не раз былі сведкамі на вялікіх прэс-канферэнцыях для айчынных медыяў. У Беларусі незалежнаму журналісту без зараду грамадзянскай мужнасці апрыёры не абысціся.

Згадваю, як у свой час мая калега Тацяна Каравянкова годна, паслядоўна ставіла перад Лукашэнкам пытанне пра лёс асуджанай за Плошчу да пазбаўлення волі з адтэрміноўкай Ірыны Халіп. І калі той у выніку дазволілі выехаць за мяжу, яна заявіла: “…Я ўпэўнена: сустрэча з мужам стала магчымай дзякуючы журналістам. Спачатку Яўген Лебедзеў з The Independent, потым Тацяна Каравянкова з БелаПАН, якія задавалі Лукашэнку нязручныя пытанні, змаглі “разгайдаць” сітуацыю”.

На сустрэчы 21 студзеня Лукашэнка, зноў жа з падачы БелаПАН, быў вымушаны даць даручэнне разабрацца з лёсам Алеся Бяляцкага, не выключыў ягонага вызвалення паводле амністыі. Так што і грамадзянскі складнік у працы маіх калег відавочны.

 

Разумнаму дастаткова

Калі ж вяртацца да пытання пра складнік змястоўны, то з вызначэннем гутаркі 21 студзеня як пустой я не згодны. Што вы хацелі пачуць? “Я устал, я ухожу”? Ну, тады яшчэ пачакайце.

Адметны момант: хаця ва ўдзельнікаў сустрэчы адабралі дыктафоны, дырэктар БелаПАН Алесь Ліпай запісваў Лукашэнкавы выказванні ад рукі. І менавіта БелаПАН у выніку даў шэраг смачных кавалкаў, якіх не знойдзеце ў афіцыёзе і якія потым пачалі шалёна копіпасціць іншыя рэсурсы.

Напрыклад, пра тое, што, акрамя афіцыйных ЗВР, у прэзідэнта ёсць на чорны дзень і яшчэ нейкія сродкі ў таямнічым загашніку: “Калі вайна пачнецца, я ў панчосе іх трымаць не буду, гэта я вобразна кажу”. Я, напрыклад, на гэтай фразе пабудаваў цэлы артыкул.

Таксама дзякуючы БелаПАН пайшлі гуляць экспрэсіўныя фразы пра ўкраінскую сітуацыю, пра тое, што “як толькі ў жонак ды каханак з’яўляюцца кароны на галаве, чакай бяды”.

У вечаровай тэлеверсіі, дзяржаўных медыях, справаздачы на сайце прэзідэнта шмат што падчысцілі, павыразалі, але ж у эпоху інтэрнэту тэхналогіі з оруэлаўскай антыўтопіі “1984” малаэфектыўныя: фрагменты-апокрыфы ўжо вырваліся як джын з пляшкі.

Так, можна махаць кулакамі пасля бойкі, казаць, што варта было б спытаць яшчэ і пра тое, і пра гэта, і пра пятае, і пра дзясятае. Я не кажу, што ўсё было ідэальна. Але і ў адказах на прагучалыя пытанні афіцыйны лідар зрабіў шэраг гучных, нават сенсацыйных заяў. Ці, ва ўсякім разе, такіх, на якіх яго можна лавіць і разбіваць па поўнай праграме. Проста трэба трошкі ўключаць мазгі.

Вось, напрыклад, ён валіў на “пятую калону” раздзіманне дэвальвацыйных фобій, але потым прагаварыўся, што калійная вайна нанесла айчыннай эканоміцы ўрон 1,5-1,7 мільярда долараў (што дэ-факта ўжо ёсць абвяржэннем тэзы дзяржаўных СМІ пра ягоную трыўмфальную перамогу над расійскімі алігархамі).

У выніку ж кіраўнік дзяржавы пахваліўся, што прымушаў летась штучна наганяць заробкі. То бок фактычна прызнаў, што пад ягоным ціскам друкаваліся пустыя грошы. Дык ці дзіва, што на гэтыя паперкі спрактыкаваныя беларусы паспяшаліся прыкупіць іншых, болей надзейных паперак з партрэтамі заакіянскіх прэзідэнтаў?

Вось вам і адказ на пытанне, хто насамрэч абвастрыў фінансавыя дысбалансы, справакаваў ажыятажны попыт на валюту, дэвальвацыйныя чаканні. У давяральнай размове, казыраючы сваёй усемагутнасцю ды клопатам пра даходы простага чалавека, Лукашэнка сам сябе распрануў.

Але каб адсачыць гэты ланцужок і паказаць яго аўдыторыі, журналіст мусіць трохі паварушыць глуздамі. Менавіта тут і пачынаецца сапраўдная, якасная журналістыка. Праца медыяў не мусіць зводзіцца да копіпасту заметак з прэс-канферэнцыі. Але менавіта змагарныя рэсурсы далей перадрукаў з дадаваннем экспрэсіўных загалоўкаў звычайна і не ідуць. На большае пораху няма.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: