Я захапляюся "ГромадськимТВ"
Ад самага пачатку Майдану я зачаравана сачыў за камерамі журналістаў, якія сталіся вачыма і вушамі для тысяч і тысяч гледачоў з усяго свету. Вось ідуць два журналісты, адзін здымае, другі звяртаецца да мінакоў: міні-інтэрв'ю - і шлях далей. А вось - адзін журналіст, які і здымае, і размаўляе. Вось - проста карцінка, а вось - журналіст рэфлексуе, ці дадае ўласны камент, ці пераказвае гарачую навіну з іншага боку Майдану, атрыманую па тэлефоне з рэдакцыі.
Гэта сапраўдны лайф. Гэта тое, пра што я марыў. Гэта тое, што і ёсць ўласна Інтэрнэт-тэлевізіяй. Не відэа-ролікі, выстаўленыя ў Сеціва, не трансляцыя класічнага каналу яшчэ і ў Сеціве, увесь той вінегрэт азначэнняў для "інтэрнэт-ТВ". Гэта Сецявізія. І ў рэдакцыі, і на вуліцы ўсё адбываецца жыўцом.
Тут непатрэбная складаная тэхніка: можна падлучыць да Сеціва невялікую паўпрафесійную камерку, ці нават проста скарыстацца планшэтам. Тут не губляецца час на мантаж, і складаныя графічныя эфекты.
І самае галоўнае - глядач прысутнічае тут і цяпер на месцы падзеі.
Я вельмі хвалююся за "ГромадськеТВ"
За празмерную эмацыйнасць карэспандэнтаў. За тое, што на вачах у гледачоў інтэрв'ю можа перарасці ў спробу журналіста даказаць штосьці запрошанаму ў студыю. Ці нават з'явіцца гнеўная парада гэтаму запрошанаму "вяртаццца да сябе". А яшчэ і "фак" яму ў бок ад вядоўцы эфіру. Ці калі гутарка з прадстаўніком улады перарастае ў допыт, часам ўзаемны. Ці дастача журналістам "цітушкі" на мітынгу рэгіяналаў, які ня хоча адказваць на пытанне, ці адказвае аднаскладна, ці проста ўхіляецца ад тэмы.
Наконт "дастачы". Я перажываю, калі чую ад журналістаў процьму слэнгу, прычым таго самага разліву, якім між сабою стасуюцца "крэпкія хлопцы ў спартовай форме". Мне няёмка, калі я бачу, што журналіст паралельна пачынае тлумачыць, што ён хацеў сказаць, бачыць, што апанент яго пераігрывае, і ўжо сам шкадуе, што сарваўся.
Я разумею "ГромадськеТВ"
Калісьці я быў у Кіеве на майстар-класе Георгія Гангадзэ - бескампраміснага адважнага ўкраінскага журналіста, якога ўлада забіла, і з чыёй смерці пачаўся крах тагачаснага прэзідэнта Леаніда Кучмы.
Сярод іншага абмяркоўвалі пытанне прафесійнай журналісцкай этыкі. Тое ж самае, якое адзін госць студыі "ГромадськогоТВ" параіў аднаму журналісту вырашыць для сябе: ты - грамадскі актывіст, парпагандыст ці журналіст?
Я разумею, як гэта складана быць адасобленым, калі разумееш, што твая радзіма ў небяспецы. Не твая партыя, за якую ты галасаваў, а менавіта краіна.
На палову грузін, на палову ўкраінец Георгі Гангадзэ нам распавёў, як падчас вайны ў Абхазіі ў адной руцэ ён трымаў тэлекамеру, а ў другой - аўтамат Калашнікава. Пытанне лёсу радзімы для яго было больш важным. На фронце Георгі быў ваенным карэспандэнтам, лічы - хранікёрам.
Ці можа ваенны журналіст быць аб'ектыўным, тобок даваць слова абодвум бакам канфлікту? Тэарэтычна можа, калі журналіст з трэцяга боку. Калі ж з супрацьлеглага, то на баку ворага яго заб'юць, ці возмуць у палон.
Я разумею, што пакуль ва Ўкраіне не вайна. Але ўкраінскі журналіст памятае, што проста ў тую хвіліну, калі ён гаворыць з прыхільнікам улады, можа адбывацца чарговае забойства, выкраданне, калецтва, і дакладна ведае, што проста цяпер кагосьці катуюць у міліцэйскіх засценках. І ягоны суразмоўца на баку тых, хто робіць злачынства.
Я не магу асуджаць ці раіць нешта журналісту ва Ўкраіне.
Але я магу даць сваю дэфеніцыю.
Магчыма, з таго боку манітору не TV-журналіст, а TV-блогер. Незаўважна для сябе прадстаўнік новай з'явы - блогерства жывога эфіру.