ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Журналістыка не памерла, ёй проста замінаюць жыць

В фокусе

Таленавіты чалавек заўжды абвострана адчувае фальш штучных канструкцый. Сяргей Плыткевіч, выдатны фотамайстар і журналіст, якога я ведаю “стопяццот” гадоў, па поўнай высцябаў прымітывізм тых айчынных медыяў і аўтараў, што ўляглі ў аднабокае, схематычнае асвятленне ўкраінскіх падзей на ўзроўні “чырвоныя супраць белякоў”.

Прачытаўшы Сяргееў артыкул “Украінскі тупік, або Чаму памерла беларуская журналістыка?”, я найперш пацешыўся, што не адзін дзяру ляпу на гэту тэму: калегі, годзе гуляць у адны вароты, гнаць рамантычны (а хто і цынічны) прапагандос!

З іншага боку, засвярбела і запярэчыць. Нязгоду выклікаў ужо сам загаловак. Бо і на Украіне не тупік, і беларуская журналістыка не памерла.

 

Сам сябе не пахваліш…

Увогуле Сяргей паспрабаваў спалучыць у сваім тэксце паліталагічны аналіз з медыякрытыкай, і як на маю думку, дык на абодвух кірунках сам збіўся на залішні суб’ектывізм.

Не буду ўлягаць тут у паліталогію, зазначу сцісла: пры ўсіх цяжкасцях украінскага шляху няслушна падаваць яго як хаджэнне па зачараваным коле. Такога ў прынцыпе не бывае. Жыццё — гэта дыялектыка, развіццё праз супярэчнасці, і нашы паўднёвыя суседзі — не выключэнне.

А дзеля канкрэтыкі раю прачытаць хаця б развагі Юрыя Зісера на TUT.BY“Не за перамену імёнаў, а за змену сістэмы”. Гэта цвярозы аналіз з высновамі, што ўкраінцам варта перайначыць прынцыпова, каб займець людскую перспектыву. Гэта цяжка, але магчыма. Няма тупіка.

Дарэчы, калі ўжо казаць пра TUT.BY, то я на іх тэлебачанні з задавальненнем падыскутаваў у выпуску “Амплітуды” на ўкраінска-беларускую тэму. І сам загаловак над выстаўленымі потым на сайце матэрыяламі — “Нават калі Януковіча скінуць сёння, светлая будучыня ва Украіне заўтра не надыдзе” — сведчыць пра тое, што гаворка ішла ў праблемным, а не павярхоўна-рэвалюцыйным ключы. Паглядзі, Сяргей, там хай не ўсё, але многае з таго, што ты хацеў пачуць ;).

Ну і калі ўжо рэкламаваць сябе, дык спашлюся на некалькі артыкулаў на Naviny.by:

“Майдан не зваліў Януковіча. Як мяняць уладу ў Беларусі?”

“Украінскі раздрай даў козыры Лукашэнку”

“Беларускі Майдан будуць душыць у зародку”.

І гэта далёка не ўсё, што напісана мною ды іншымі аўтарамі “Навінаў” за апошні час на ўкраінскую тэму з праекцыяй на нашы рэаліі і перспектывы.

Агляд медыйнага эксперта Паўлюка Быкоўскага “Еўрамайдан у люстэрку беларускіх журналістаў”, пры тым што аналіз рабіўся яшчэ на першых этапах тамтэйшай калізіі, таксама сведчыць, што айчынныя СМІ ў асвятленні ўкраінскай тэматыкі ад пачатку выглядалі як мінімум не зусім ужо правальна.

Ва ўсякім разе, выснова Сяргея Плыткевіча, што “ў Беларусі няма ніводнага СМІ, якое давала б рэальны малюнак аб супрацьстаянні ў Кіеве, прадстаўляла розныя пункты гледжання на тое, што адбываецца, дапамагала людзям знайсці ісціну”, выглядае занадта катэгарычнай.

А што праблема ёсць, дык гэта бясспрэчна. Я сам напісаў на Mediakritika.by два артыкулы з крытыкай павярхоўнага, аднабокага асвятлення драматычных украінскіх падзей у шэрагу айчынных СМІ — “Няма Плошчы, дык хоць Еўрамайдан!”, “Як мы спрытна выкрываем Януковіча”. І ўдзячны Сяргею за тое, што ён дэ-факта мяне падтрымаў.

 

Не трэба спяшацца з дыягназам

Што ж да хвосткага “Чаму памерла беларуская журналістыка?”, то, па-першае, аўтар так і не патлумачыў, чаму, на яго погляд, яна аддала канцы.

Па-другое, давайце разбярэмся з самім дыягназам “памерла”. То бок жыла, развівалася, мо нават квітнела — і раптам склеіла ласты? Згарэла на Майдане? Я з такой трактоўкай абсалютна не згодны.

Зробім сціслую рэтраспекцыю. Ну вось скажыце, калі наша журналістыка дыхала на поўныя грудзі?

Мо пры СССР? Не стану казаць, што тады яна толькі абслугоўвала камуністаў. Пры тым што быў жорсткі ідэалагічны кантроль, лепшыя пёры і рэдакцыі (мне пашчасціла пачынаць прафесійную працу ў “Знамени юности”, дзе сабраўся моцны, крэатыўны калектыў) імкнуліся рабіць нестандартны, жывы прадукт. Са смакам шліфавалі стыль (вось гэту літаратурную кампаненту цяперашняя хуткая клавіятурная журналістыка ў значнай ступені страціла).

Перабудова — так, яна стала сапраўды зорным часам для “Знамени юности”. У 1988–1991 гадах я быў яе галоўным рэдактарам. Мы адваёўвалі плацдармы галоснасці, пісалі на раней табуяваныя тэмы: ад прастытуцыі і дзедаўшчыны ў войску да неабходнасці шматпартыйнай сістэмы. Па газету, што дасягнула накладу блізу 800 тысяч асобнікаў, выстройваліся чэргі ў шапікі.

І разам з тым наша тагачасная журналістыка была ў значнай ступені барыкаднай. Фармальна газета “Знамя юности” заставалася камсамольскім выданнем, і можна сказаць, што на практыцы мы павярнулі супраць сістэмы яе ж ідэалагічную зброю.

Іначай у той кароткі фантасмагарычны перыяд імклівага злому старой фармацыі і быць не магло. Нас ніхто не вучыў заходняй плюралістычнай, аб’ектывізаванай журналістыцы, ды і попыт быў на іншае — на кінжальную антыкамуністычнасць.

Ці возьмем пачатак 1990-х, кароткую пару адноснай свабоды слова пры мяккім аўтарытарызме Кебіча. Тады мы з Сяргеем Плыткевічам працавалі ў “Народнай газеце” Іосіфа Сярэдзіча. Гэта было прагрэсіўнае, даволі дзёрзкае выданне, але, зноў жа, кладучы руку на сэрца — з відавочным ухілам у прапаганду (найперш нацыянальна-дэмакратычнага кшталту), са спрошчанай трактоўкай калізій, моднай тады антыкамуністычнай задзірыстасцю, пэўнай міфалагізацыяй беларускай гісторыі і г.д.

У рэдакцыі не было ўстаноўкі на выразны падзел між журналістыкай фактаў і журналістыкай меркаванняў. Апошняя часта цягнула коўдру на сябе. Нярэдка звышзадачай той ці іншай публікацыі было не раскласці праблему па палічках, а даць па зубах “ворагам Адраджэння”, “чырвоным дырэктарам”, “кебічаўцам” і г.д.

Эпоха ж Лукашэнкі саштурхнула шмат якія недзяржаўныя медыі ў нішу антырэжымнай прапаганды.

Таму я б сказаў так: у беларускай журналістыкі ніколі не было нармальных, спрыяльных умоў для развіцця. Іншая рэч, што яна цудам выжывала і выжывае, хаця і не без выдаткаў.

 

Ёсць запыт на якасны кантэнт

Улада і па сёння стрымлівае развіццё медыйнага рынку. Менавіта неспрыяльнымі палітычнымі ды эканамічнымі ўмовамі ў немалой ступені акурат і тлумачыцца тое, што нашы недзяржаўныя медыі працягваюць пакутаваць на хваробы андэграўнду — аднабокасць, ідэалагізаванасць, павярхоўны радыкалізм.

Дзяржава “наязджае” на “нячэсную” прэсу — і ў выніку азлабляе, прымушае агрызацца, сцірае мяжу між журналістам-профі і апазіцыйным актывістам.

Ціск з боку дзяржавы, адсяканне ад інфармацыі вядуць да маргіналізацыі СМІ. Такое існаванне адвучвае ад акуратнай, карпатлівай працы з крыніцамі, стараннага выбудоўвання сюжэту, даследавання праблемы з розных бакоў. Замест гэтага на ўзбраенне бяруцца спрошчаныя, а часам вульгарныя схемы, жыццё Беларусі зводзіцца да супрацьборства “дэмсіл” з “антынародным рэжымам”.

Улада не дае абсягу для нармальнай канкурэнцыі медыйных брэндаў, развіцця медыябізнесу, у выніку дзяржаўную прэсу псуюць датацыі, недзяржаўную — гранты.

Мэйнстрымная заходняя журналістыка з яе збалансаванасцю кшталтавалася многія дзесяцігоддзі. Дзеля яе існавання, акрамя рынкавых умоў (калі прапагандос не купляюць, то хоцькі-няхоцькі трэба прапаноўваць адэкватную інфу і аналітыку), патрабуецца яшчэ і ўстойлівая дэмакратычная традыцыя.

Нічога гэтага ў нас і блізка няма. Таму здзіўляцца відавочным хібам айчыннай незалежнай прэсы не варта. Гэта — заканамерныя хваробы існавання ў неспрыяльных умовах, спёртай атмасферы “беларускай мадэлі”.

Але не варта і ўпадаць у алармізм. Сёння мы бачым дзве тэндэнцыі: з аднаго боку, сеціва падштурхоўвае да пажаўцення, з іншай — фармуецца запыт на рэдакцыйную палітыку, якая б давала чытачам арыенціры ў віраванні фрагментарнай інфы ўпярэмешку са злівамі і дэзай. То бок — запыт на якасную журналістыку. І ў Беларусі ёсць медыі, якія імкнуцца да яе насуперак неспрыяльнаму палітычнаму ды бізнес-клімату.

Менавіта ў апошнія гады пытанне якасці журналістыкі ў нашай прафесійнай супольнасці ставіцца ўсё болей паслядоўна. Адпаведны лозунг узняў БАЖ. Паўстала сістэма трэнінгаў, выдаецца добрая профільная літаратура. Ды і з’яўленне такога рэсурсу, як Mediakritika.by, таксама сімптаматычнае.

 

Быць профі насуперак абставінам

Што ж да асвятлення Майдана, то варта ўзяць пад увагу і такі момант. У Беларусі многія журналісты недзяржаўных СМІ адчуваюць фрустрацыю ад нерухомага, панылага антуражу палітычнага балота. Таму Майдан стаў допінгам, трохі закружыў галовы.

Тым болей лёгка патлумачыць небесстароннасць многіх украінскіх калег і тамтэйшых медыяў у сітуацыі грамадскага разлому. Яны ж — жывыя людзі, грамадзяне.

У пераломныя моманты прэса непазбежна палярызуецца, журналісты палітызуюцца. Я сам апынуўся ў сітуацыі жорсткага выбару, калі кіраваў выпускам нумара “Народнай газеты” 19 жніўня 1991 года, у першы дзень сумна вядомага путчу. Мы паставілі матэрыялы, за якія ў выпадку перамогі ГКЧП мала, мусіць, не здалося б. Але ўвесь час рабіць газету на барыкадзе немагчыма, гэта ўжо будзе баявы лісток.

Прыкладна тое ж самае тлумачыў нядаўна сваім маладым украінскім калегам у кіеўскай студыі “Громадське ТБ” мацёры Аляксей Венедыктаў, галоўны рэдактар “Эха Москвы”. Ён пераканаўча расклаў па палічках, чым журналіст-профі мусіць адрознівацца ад грамадзянскага актывіста з мікрафонам: пры тым што пад кулямі снайпераў непазбежны “эмацыйны складнік”, але ж — “выбачайце, гэта прафесія!”, і таму ты мусіш заўжды імкнуцца да збалансаванай падачы сюжэту.

Адметна, што само “Эхо Москвы” стала папулярным дзякуючы мужнаму выступу супраць ГКЧП падчас путчу 1991 года, але потым, застаючыся ліберальным брэндам, прайшло прыкметную эвалюцыю ў кірунку плюралізму, аб’ектывізаванасці.

Калі праект “Громадське ТБ” перажыве забурэнні і захоча развівацца, то перад ім таксама паўстане праблема ператварэння з барыкаднага ў паўнавартаснае СМІ.

Што ж да ўмоў, то яны доўга яшчэ будуць не надта спрыяльнымі для развіцця журналістыкі ні на Украіне, ні ў Расіі, ні ў нас. Але гэта не падстава, каб, прыкрываючыся прымаўкай “на вайне як на вайне”, гнаць аднабокі павярхоўны прымітыў.

Мы мусім імкнуцца да цывілізаваных стандартаў журналістыкі нават у неспрыяльных умовах. І завостраны артыкул Сяргея Плыткевіча, паважанага калегі з прыстойным бэкграўндам — карысны штуршок, каб лішні раз над гэтым задумацца.

Фота Антона Сурапіна, nn.by

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: