"Казёл!" – можа напісаць усяго адно толькі слова блогер, і атрымаць 100500 лайкаў. Альбо наадварот, хвалебнае: "Малайчына!"
Усё залежыць ад кантэкста: тут і цяпер. Блогер ведае, што разам з ім за нейкай падзеяй сочаць тысячы людзей. Суддзя на футбольным полі прыняў ня тое рашэнне, палітык у жывым эфіры даў ня тое азначэнне, ці наадварот, зрабіў нечакананы для многіх ўчынак.
Адно слова ў сваім блогу, і тваю эмоцыю падзяляюць дзясяткі, а то і сотні, фрэндаў!
"Вы ж, Севярын, не па-журналістску дыскутуеце", – наракае ў маім блогу малазнаёмы фрэнд, якому не падабаецца мой катэгарычны недыскусійны стыль выказвання. Альбо яшчэ больш: "Які ж вы дэмакрат?!" Гэта ў выпадку больш жорсткіх, ды проста бязлітасных, захадаў, калі ты развітваешся з суразмоўцам – расфрэнджваешся.
Гэта прыблізна як бы ад артыста-клоўна патрабаваць, каб ён увесь час хадзіў у грыме, і рабіў смешныя трукі. А капітан падводнай лодкі размаўляў з вамі толькі гледзячы ў перыскоп.
Благасвера звяла разам людзей, многія з якіх ніколі б у рэальным жыцці не пресякліся. Мала верагодна, што капітан трапіў бы ў грымёрку клоўна, і ўжо зусім фантастычна выглядае перспектыва клоўна трапіць ў капітанскую рубку падлодкі, якая выйшла на баявое дзяжурства. Як не магчыма сабе ўявіць на сайце афіцыйнага СМІ артыкул, які б складаўся з аднаго слова.
Праблема грамадскага і прыватнага ў Беларусі ня вырашаная ад савецкіх часоў, калі прыватнага было зусім мала. Рэгулярна бачу, як у запале спрэчкі ў блогера, які працуе журналістам, пытаюцца, ці ёсць ягонае меркаванне пазіцыяй СМІ, дзе той працуе? Далучэнне чалавека да блогасферы – свайго кшталту экзамен на павагу да прыватнасці.
Ёсць такі польскі анекдот, якія з'явіўся адразу з прыходам дэмакратыі ў канцы 1989 году: У таксі сядае пасажыр. Таксіт пытаецца: "Куды едзем?" Пасажары адказвае: "Пра што гаворка?" Так яны паўтараюць свае словы ўсё больш нэрвова. Урэшце такіст выгукае: "Я польскі таксіст, маю права запытаць – куды едзем?!" Пасажыр парыруе: "А я польскі пасажыр – маю права адказаць "пра што гаворка?!"
Маю права – ключавыя словы непаразумення. З пукту гледжання звычайнай логікі абодва маюць права на свае словы. Як і блогеры падчас сваіх дыскусій у сеціве.
Тыя правы, якіх ня мае журналіст, які рыхтуе матэрыял. Журналіст мусіць кіравацца юрыдычнымі, прафесійнымі і этычнымі нормамі. Даваць пункт гледжання ўсім бакам канфлікту, спраўджаць дакладнасць інфармаці, ствараць кантэкст гісторыі, даваць бэкграўнд.
Журналіст мае права на збор і распаўсюд пацверджанай інфармацыі. У той час як блогер – на рэтрансляцыю свайго "я".
Важна гэтым розным "я" навучыцца чуць адзін аднаго. Тут ніхто не дапаможа, апроч шматгадовай практыкі, якой беларускае грамадзтва так доўга было пазбаўленае – публічнай дыскусіі.