ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Карункавыя трусы ўзбудзілі палітыкаў і журналістаў. Ненадоўга

В фокусе

Такія інфармацыйныя нагоды — проста цымус! На тле нарад у пытаннях дрэваапрацоўкі ды мёртвых мясцовых выбараў раптам выбухнула тэма подлага замаху Мытнага звязу на карункавыя трусы. Рэдакцыі вэб-рэсурсаў тут жа разгарнулі спаборніцтва, хто болей дасціпна абыграе тэму. Ну проста клуб вясёлых і знаходлівых!

“Мытны звяз можа пакінуць жанчын без трусоў” — гэта яшчэ не самы фрывольны варыянт загалоўка. Увогуле ж гумар, прадэманстраваны шэрагам медыяў з гэтае нагоды, пакідае ўражанне лёгкай пашляціны. Трусы, ды яшчэ жаночыя, хе-хе…

Зрэшты, тэма адразу ж і палітызавалася. Бо Мытны звяз апрыёры ёсць раздражняльнікам для апазіцыйных палітыкаў: ну як тут не патаптацца лішні раз!

У простага ж люду ўвогуле назапасілася багата прэтэнзій да аўтарытарных кіраўнікоў-інтэгратараў. Так, СМІ ахвотна распавялі пра акцыю ў Алматы “Трусы для елбасы”, хоць там галоўнай прычынай пратэстаў была дэвальвацыя тэньге, а пікантныя дэталі жаночага гардэробу ўдзельніцы нацягнулі на галовы хутчэй дзеля эпатажу.

Так ці іначай, але ў медыях галоўнай мішэнню для кпінаў сталі чыноўнікі, якія выдумляюць у сваім адыёзным Мытным звязе нялюдскія рэгламенты.

Адзін беларускі палітык, майстар піяру, забамбіў з гэтае нагоды ў фэйсбуку эратычнае фота аголеных кабет ды выступіў іх абаронцам ад падступнай еўразійскай інтэграцыі. Лайкаў было багата.

 

Павяліся на спекуляцыю ІТАР-ТАСС

Але адна рэч — палітыкі, якія піярацца з любой нагоды, іншая рэч — журналісты, місія якіх — інфармаваць ды аналізаваць.

Дык вось, у пытанні карункавых трусоў абедзьве журналісцкія задачы выкананыя збольшага на двойку. Амаль што ўсе анлайнавыя СМІ проста скопіпасцілі ці скарысталі для рэрайту матэрыял ІТАР-ТАСС “Карункавыя трусы ўжо забароненыя ў краінах Мытнага звязу”.

Агенцыя, канечне, салідная, але загаловак выразна спекуляцыйны. Бо ўжо ў лідзе ідзе гаворка пра “карункавыя трусы з сінтэтычных матэрыялаў”, а далей тлумачыцца, што і сінтэтыка не ўся падпадае пад забарону, а толькі тая, гіграскапічнасць якой меней за 6%.

Перадрукоўшчыкі павяліся на дзве рэчы — рэпутацыю ІТАР-ТАСС і не вельмі дакладную (ці не зусім дакладна працытаваную) фразу міністра ў пытаннях тэхрэгулявання Еўразійскай эканамічнай камісіі Валерыя Карашкова (дарэчы, былога кіраўніка беларускага Дзяржстандарта) пра тое, што “карункавыя трусы ўжо забароненыя”.

 

Небараку Карашкова ніхто ужо не слухаў

Калі ўзнялося інфармацыйнае цунамі, той самы Карашкоў спахапіўся ды стаў даводзіць адваротнае: “Ніхто забароны на карункавыя трусы не ўсталёўваў”. Яшчэ болей, з яго слоў вынікала, што ў тэхрэгламенце няма ні згадкі пра карункі, ні гаворкі асобна пра трусы (патрабаванні агульныя для ўсёй нацельнай бялізны), ні нават самога паняцця “забарона”! А адпаведнае патрабаванне да гіграскапічнасці існуе аж з 2003 года!

Нарэшце, небарака Карашкоў заявіў, што ЕЭК гатовая разгледзець прапановы наконт унясення змен у тэхрэгламент аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці што да патрабаванняў да нацельнай бялізны, аднак такіх прапаноў на сёння няма.

Але ў такіх “дробязях” медыі, за рэдкім выключэннем, разбірацца не захацелі. Тэхрэгламенты — сумная рэч, куды цікавей зладзіць відэаапытанку “Як выжыць без трусоў?”.

І толькі ў лічаных рэдакцыях дадумаліся да элементарнай рэчы — пацікавіцца, што думаюць з гэтае нагоды айчынныя вытворцы адпаведнай прадукцыі.

У выніку ж высветлілася, што падстаў для панікі няма і блізка. Пра што засведчыў, у прыватнасці, рэпартаж Тамары Савіч на “Еўрарадыё”, выстаўлены на сайце пад красамоўным загалоўкам “Вытворца бялізны: Супакойцеся, трусы з карункамі будуць!”.

Падобнае расследаванне правёў Tut.by: “З карункавымі трусамі ўсё будзе добра. 3 факты, якія трэба ведаць”.

Прадстаўнікі вядомых беларускіх брэндаў — “Serge”, “Мілавіца”, “Марк Формель” — запэўнілі журналістаў, што патрабаванні тэхрэгламенту для іх не навіна, прадукцыя адпавядае нарматывам, сертыфікаты маюцца.

 

Чытача цікавіць не выскалянне

Я тут не заступаюся за бюракратаў з Мытнага звязу і не гарантую, што ў іх дакументах няма ніякіх пастак, але хачу падкрэсліць: любую праблему варта даследаваць.

Гумар, жарт — у прынцыпе, добрая рэч. Без перчыку медыі сумныя. Аднак не трэба ператвараць асвятленне тэм у суцэльны КВЗ. У гэтым канкрэтным выпадку чытача цікавіць не наша выскалянне з нагоды таго, што гаворка ідзе пра інтымны атрыбут адзення, а дакладная інфа і прагноз, чаго насамрэч тут чакаць.

Калі ж парадзіраваць згаданую хвалю фрывольных жарцікаў, то рэзюмуем так: тэма трусоў з карункамі хоць і ўзбудзіла журналістаў, але ненадоўга. На акт расследавання імпэту ў большасці не хапіла.

Фота з FreeDigitalPhotos.net

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: