ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Расстраляць аналітыкаў імем рэвалюцыі!

Я лішні раз пераканаўся, якая магутная рэч вэб 2.0. На маіх вачах (і, раскалюся, у пэўнай ступені пад маім уплывам) адна з публікацый на сайце nn.by 26 лютага некалькі разоў трансфармавалася, ды так, што змянілася непазнавальна.

На момант, калі пішуцца гэтыя радкі, яна мае бяскрыўдны загаловак “Што гаварылі беларускія аналітыкі пра Майдан месяц і два месяцы назад?”. Дадаліся гіперспасылкі на першакрыніцы, зменены (памякчэлі) аўтарскія рэмаркі.

У першым жа варыянце чытачам прапаноўвалася зведаць “шок ад прагнозаў”. Вось, пабачце, маўляў, як селі ў лужыну тыя, хто не верыў у перамогу Майдана. У тым ліку “попал под лошадь” і я.

 

Як зрабіць апанента дурнем пры дапамозе Ctrl+X

Я не святарная карова. Крытыкуйце. Але рабіце гэта пісьменна, па ўсіх правілах дыскусіі. Першае з якіх — адэкватна падаць пункт гледжання апанента. Так, як гэта робіць, напрыклад, палітолаг Валер Карбалевіч у сваёй фірмавай рубрыцы “Рыкашэт” на сайце “Радыё Свабода”.

Тут жа, на nn.by, у першапачатковым варыянце тэксту падавалася ад імя Класкоўскага цытата: “Майдан не зваліў Януковіча”. Кропка.

Гэта быў… кавалак загалоўка майго матэрыялу, надрукаванага на Naviny.by 17 студзеня (sic!), задоўга да крывавых падзей у Кіеве — тады, калі акурат прыхільнікі радыкальных рашэнняў дружна крытыкавалі Майдан за бясплённасць, “карнавальнасць”.

Цалкам жа загаловак такі: “Майдан не зваліў Януковіча. Як мяняць уладу ў Беларусі?”. Няцяжка здагадацца, што мэта тэксту — зусім не прагноз развіцця ўкраінскай сітуацыі, а роздум пра магчымыя шляхі перамен у нашай краіне.

Увогуле цягам гэтых месяцаў — пасля адмовы Кіева падпісаць пагадненне з Еўразвязам — я не гуляў ва ўкраінскі таталізатар (там процьма сваіх аналітыкаў, якія лепей ведаюць кантэкст), а выкарыстоўваў тамтэйшыя гарачыя інфармацыйныя нагоды дзеля аналізу айчыннай сітуацыі.

Гэта ж тычыцца і прыведзенага “Нашай нівай” наступнага майго выказвання: “На Майдан выйшла больш людзей, чым на беларускую Плошчу, і Януковіч застаецца пры ўладзе. Лозунг пра тое, што вуліца вырашае ўсё, патрабуе пераасэнсавання. Плошча можа быць толькі апошнім акордам пераможнай выбарчай кампаніі”.

Па-першае, цытата “адрэдагаваная”, у тэксце па спасылцы (пры тым што і ён ёсць прыблізным пераказам, а зусім не першакрыніцай) ідзе “…і пакуль што Януковіч застаецца пры ўладзе”. Адчуваеце розніцу?

Па-другое, насамрэч гэта фрагмент гутаркі ў “Гарачым каментары” з двума вядоўцамі “Белсата”. І для адэкватнага ўспрымання кантэксту трэба як мінімум прагледзець ролік. У прыватнасці, тады высветліцца, што я сказаў “пераможным акордам кампаніі” без слова “выбарчай”. І гэта таксама мяняе сэнс.

Галоўнае ж — і ў гэтым фрагменце гаворка ішла не пра перспектывы Майдана, а пра чыннікі перамен у нас, магчымыя стратэгіі беларускай апазыцыі.

 

Нагуглілі “кампрамату”

Таксама “попали под лошадь” “Нашай нівы” намеснік кіраўніка кампаніі “Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў ды супрацоўнік BISS Дзяніс Мельянцоў.

Што да Дзмітрыева, то ён увогуле не аналітык, а палітык. У якасці ж “кампрамату” выскублі кавалак яго фразы з дыскусіі ў эфіры “Радыё Свабода”: “Майдан даказвае, што сёння Плошча не працуе, нават калі выйдзе мільён і будзе кідацца “кактэйлямі Молатава”.

Але гэта 100% падтасоўка! Фірмавы стыль дзяржаўных прапагандыстаў. Бо насамрэч Дзмітрыеў класіфікуе настроі розных катэгорый беларускага электарату, грунтуючыся на сваім абыходзе кватэр, і яго фраза пачынаецца так: Другая катэгорыя — гэта людзі, якія кажуць, што Майдан даказвае, што сёння Плошча не працуе…” — і далей па тэксце. Разумееце: гэта не погляды Дзмітрыева, а рэтрансляцыя поглядаў часткі нашых грамадзян!

Што ж да Мельянцова, то цытуюцца зусім не артыкулы на сайце BISS, а найперш фразы, якімі ён троліў апанентаў у сваім акаўнце фэйсбука. Наколькі карэктна выдзіраць адтуль асобныя рэплікі — вялікае пытанне. Мы з фэйсбука столькі адзін у аднаго можам навыдзіраць, што тушы святло.

 

Форум, кусі!

Гаворка не пра тое, што аналітыкі святыя, не памыляюцца. Але ў гэтым выпадку рэдакцыю “Нашай нівы”, на мой погляд, падвёў сверб патаптацца па тых, хто, маўляў, не выяўляў падчас развіцця ўкраінскіх падзей дастатковага рэвалюцыйнага энтузіязму.

У выніку (пры тым што ўжо пасля выстаўлення на сайт сыры, паспешлівы тэкст некалькі разоў ліхаманкава перарабляўся, і гэта ёсць відавочным парушэннем журналісцкай этыкі) тэма якасці айчыннай аналітыкі і блізка не раскрыта, публікацыя атрымалася непрафесійная, аглабельная. Натуральна, прашарсціць масіў аналітычных публікацый ды адэкватна падаць пазіцыі іх аўтараў — улом (ды яшчэ і высветліцца, што яны дастаткова разумныя, каб як мінімум прагназаваць варыянтна). Прасцей нагугліць за пяць хвілін “кампрамату” ды яшчэ і перакурожыць цытаты.

Падаўшы аналітыкаў дурнямі, форуму прапанавалі дэ-факта біць іх за “памылкі”. Добра што не пакаяцца як ворагам народа.

Хаця і на форуме не ўсе сталі з асалодай лупцаваць прывязаных да ганебнага слупа ахвяр. Вось адзін з каментаў: “Вы ў сваім розуме? Масавыя забойствы пачаліся 18 лютага, нашмат пазней за паданыя вышэй цытаты… Мірны Майдан, калі б ён заставаўся без ахвяр, мог бы скончыцца як у Мінску, калі б толькі янык дацярпеў да таго, як натоўп стоміцца”.

 

СМІ — гэта не баявыя лісткі

Дзеля справядлівасці адзначу: калі я выказаў рэдакцыі НН свае пярэчанні, тэкст за некалькі заходаў істотна падкарэктавалі, а потым яшчэ і прапанавалі мне даць інтэрв’ю.

Пры жаданні я мог бы наскубці багата цытат, якія б даводзілі, што ў маіх матэрыялах прагназаваліся розныя варыянты развіцця падзей на Украіне.

Але не буду рваць кашулю на грудзях. Важней зазначыць вось што. Памылка рэдакцыі “Нашай нівы”, на мой погляд, і ў тым, што не праводзіцца мяжа між аўтарскімі каментарамі ды аб’ектывізаванай медыйнай аналітыкай, якую практыкуюць тыя ж Naviny.by.

Маё творчае правіла — каб у артыкуле былі эксклюзіўныя каментары як мінімум двух экспертаў. Плюс россып меркаванняў з іншых крыніц. Звышзадача — не накінуць нейкі пункт погляду, а даследаваць праблему і спрагназаваць яе з улікам варыянтнасці.

Таму мае артыкулы — гэта звычайна не пляскатая дэкларацыя аўтарскіх поглядаў, а спроба паказаць праблему стэрэаскапічна. Выдзіраючы ж асобныя фразы, можна з аднолькавым поспехам выставіць аўтара як “застабілам”, так і радыкалам (некаторыя на форумах акурат і прапануюць прыцягнуць Класкоўскага да адказнасці за “распальванне” ды “падбухторванне”).

Калі ж мяне пачынаюць папракаць, што з тэксту цяжка зразумець, дык аўтар “за чырвоных ці за белых”, то ўважаю гэта за камплімент, прыкмету прафесіяналізму. Бо імкнуся не ўбіць у мазгі іншым свае меркаванні, а запрасіць да супольнага роздуму, да асэнсавання таго, што развіццё падзей залежыць ад складанага набору опцый, што ў гісторыі прысутнічаюць пункты біфуркацыі.

На жаль, у многіх гэта спараджае дыскамфорт. Частцы нашай дэмакратычнай супольнасці (назва ўмоўная) пастаянна патрэбны дозы заклінанняў. І хто лепей іх генеруе — той герой, той прынцыповы і маральны, а вось хто пачынае сумнявацца ў маніхейскай схеме, узважваць “за” і “супраць” — той белая варона і, пэўна ж, агент рэжыму.

Калі браць украінскія падзеі, то і частка беларускіх медыяў, на мой погляд, улягла ў палітычнае заўзенне, высвятленне стасункаў на ўзроўні “ты за чырвоных або за белых?”.

Я разумею: дваццаць год балотнай “стабільнасці” спараджаюць фрустрацыю, хочацца нейкага драйву, і падзеі ў суседзяў становяцца пэўным наркотыкам, абуджаюць рэвалюцыйную эйфарыю.

Але медыі мусяць найперш усебакова інфармаваць ды ўзважана аналізаваць. Некаторыя ж нашы рэсурсы ператварыліся ў ротныя баявыя лісткі.

 

Уключаць мазгі для многіх дыскамфортна

У гэтым тэксце я не стаўлю мэтаў зрабіць паліталагічны аналіз як украінскіх, так і беларускіх перспектыў. Адзначу толькі, што не варта спяшацца з патэтыкай пра перамогу волі ўкраінскага народа. Там ужо была памаранчавая рэвалюцыя 2004–2005 гадоў. Януковіч стаў прэзідэнтам менавіта пасля яе, калі “памаранчавая” каманда сябе дыскрэдытавала.

Дарэчы, Януковіч мог бы і па сёння заставацца пры ўладзе, хай сабе і цаной саступак, каб не нарабіў столькі глупстваў. Гэта адзін момант. Другі палягае ў тым, што патэнцыял баявога крыла Майдана і яго гатоўнасць ужыць жорсткія сродкі таксама былі чыннікам шмат у чым латэнтным.

У каментарах аналітыкаў, што гучалі да крывавай фазы Майдана, гаворка ішла — гэта важна — пра магчымасці мірнага пратэсту. Калі ж сітуацыя скочваецца фактычна ў фазу грамадзянскай вайны, пачынаюць дзейнічаць зусім іншыя законы. На Украіне з мінулай восені было некалькі пунктаў біфуркацыі, а ў выніку спрацаваў кумулятыўны эфект цэлага шэрагу чыннікаў. Ніякай прадвызначанасці не было. Таму казаць: вось я верыў — і яны перамаглі, несур’ёзна.

Увогуле ж нашым медыям лепей не зацыклівацца на Майдане, а ставіць пытанні нашай, беларускай перспектывы. Бо за жаданнем укусіць “песімістычных” аналітыкаў адчуваецца дзіцячы спадзеў на цуд: а раптам і ў нас неяк атрымаецца а-ля Майдан? Тых, хто кажа, што цуду не будзе, б’юць як разбуральнікаў ілюзій.

Між тым калі адносна вузкаму колу пасіянараў ахвярны Майдан дае энергетыку, то беларускі абываталь у масе сваёй ставіцца да крывавага шляху перамен адмоўна. Менавіта ў гэтым сэнсе я кажу пра дэсакралізацыю Плошчы. Клікаць на яе ў агляднай перспектыве апазіцыйным лідарам будзе цяжэй, чым у 2010-м.

Хаця і тут ёсць варыянтнасць, ёсць шэраг пераменных опцый: ступень расійскай патрымкі Лукашэнкі, здольнасць уладаў да апгрэйду эканамічнай мадэлі і г.д. І ў беларускім сюжэце будуць пункты біфуркацыі.

Мо знойдзецца аналітык, які спрагназуе беларускую рэвалюцыю? Пажадана з храналогіяй, канкрэтыкай: адкуль тут возьмуцца алігархі, што ўкладаюцца ў палітычную альтэрнатыву, як пад носам у Лукашэнкі сфармуецца нейкі аналаг “Правага сектара” (варыянты: высадзіцца дэсант зялёных чалавечкаў, прыляцяць знішчальнікі НАТО), колькі трупаў будзе маральна пакласці на алтар змены ўлады і г.д.

Канечне, утрырую — каб падкрэсліць: у нас свая сітуацыя, украінскую матрыцу не накладзеш.

Я б з задавальненнем пабачыў і ў “Нашай ніве”, і ў іншых недзяржаўных медыях сапраўды якасную дыскусію пра шляхі перамен у нашай краіне. Але пакуль што — практычна голы васэр. Чым уключаць мазгі, канечне ж, лягчэй гуртом біць “недастаткова рэвалюцыйных” аналітыкаў.

Ілюстрацыя: Сцюарт Майлз, Freedigitalphotos.net

Оценить материал:
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: