ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Як пісаць пра “востраў Крым”?

В фокусе

Беларускія СМІ збольшага не ўцягнуліся ў расійска-украінскую інфармацыйную вайну, і дзякуй богу. Такая выснова стала, бадай, кансэнсуснай на чарговым пасяджэнні Клуба журналістаў пры Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры 4 сакавіка.

“Беларуская інфармацыйная прастора аказалася адной з нешматлікіх у свеце, якая змагла вытрымаць у гэтай сітуацыі адносны нейтралітэт у плане падачы інфармацыі — як дзяржаўныя, так і недзяржаўныя СМІ”, — адзначыў, у прыватнасці, намеснік старшыні Беларускага саюза журналістаў Вадзім Гігін.

Прэзентацыя медыйнага эксперта Паўлюка Быкоўскага засведчыла, што львіная доля паведамленняў пра Украіну двух інфармацыйных агенцтваў — БЕЛТА і БелаПАН — мела нейтральны характар. Адметна пры гэтым, што недзяржаўны БелаПАН даў такіх паведамленняў за разгляданы перыяд амаль удвая болей.

Стрыманасць — добра, вяласць — не

Аднак па-за межамі дакладаў засталіся важныя пытанні. Наколькі комплекснай, багатай аказалася інфа беларускіх крыніц пра гарачыя ўкраінскія падзеі, што выклікаюць кіпенне ў сацыяльных сетках? Наколькі гэтая плынь інфармавання наталяла інфармацыйны голад беларусаў, спрыяла лепшаму разуменню таго, што адбываецца ў нашых паўднёвых суседзяў ды іх дачыненнях з Расіяй?

Так, намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец звярнуў увагу на тое, што калі канал “Еўраньюс” пачынае выпускі навін масіраваным блокам менавіта на ўкраінскую тэму, то на беларускіх каналах у анонсах яе ўвогуле няма, а самі сюжэты хаваюцца недзе ў глыбіні выпускаў.

У выніку, як мяркуюць некаторыя ўдзельнікі дыскусіі, беларускія медыі ў пэўнай ступені аддалі айчынную аўдыторыю пад уплыў багата прадстаўленых у нас расійскіх тэлеканалаў, якія зладзілі відавочную гульню ў адны вароты. “Беларускі глядач бачыў сітуацыю праз расійскія акуляры”, — зазначыў той жа Андрэй Бастунец. Палітычны аглядальнік “Звязды” Арсень Сівіцкі заўважыў, што “большасць з нас рэтранслюе чужыя інтэрпрэтацыі”.

Так, беларускія журналісты могуць паставіць сабе ў заслугу стрыманасць у асвятленні гарачай тэмы, але не вяласць.

 

Патрэбен беларускі погляд

Другі момант палягае ў тым, што для медыяў мала даваць толькі плынь інфармацыі. Тым болей што пры адпаведным спрыце можна нават пры інтэнсіўным асвятленні тэмы замоўчваць, адсякаць тую інфу, што не пад нос пэўнай рэдакцыі. І гэтая “паўпраўда” — асобная праблема. Як зазначыла кіраўніца БАЖ Жанна Літвіна, мы дасюль расплочваемся за ўтойванне інфармацыі пра Чарнобыль.

Калі ж казаць пра цяперашні “чарнобыльскі выбух” дзікіх спекуляцый на ўкраінскую тэму ў медыях шэрагу суседніх (і не толькі суседніх) краін, то важна дапамагчы нашай аўдыторыі, што шалее ад тэрмаядзерных дозаў прапаганды і проста дэзы, зарыентавацца ў трэндах сітуацыі, подбіўцы падзей, іх магчымых наступствах.

Гаворка не пра тое, каб апынацца ў ролі пікейных камізэлек, разважаючы ў духу “Пуцін — галава, я б яму палец у рот не паклаў” або “Яцанюк (Турчынаў, Яраш…) — галава…”.

Большасці беларускіх аналітыкаў цяжка прэтэндаваць на дэталёвае веданне закулісных спружын як унутрыўкраінскай сітуацыі, так канфлікту між Крамлём ды Кіевам. Але можна і трэба праецыраваць гэты сюжэт на нашы айчынныя рэаліі, нашы праблемы, нашы нацыянальныя інтарэсы.

У прыватнасці, што б там ні думалі сабе ў Крамлі, відавочна: Беларусі, хоць яна і ў хаўрусе з Расіяй, псаваць дачыненні з Украінай абсалютна недарэчы. Гэта тая тэза, вакол якой дэ-факта назіраецца рэдкі кансэнсус між беларускай уладай і апазіцыяй.

А вось далей трэба дыскутаваць. З майго гледзішча, тая грацыёзнасць слана ў пасуднай краме, з якой Масква дзейнічае на ўкраінскім кірунку, дае падставу задумацца над пасткамі еўразійскай інтэграцыі, дачыненнямі ў межах АДКБ (Крэмль не раіцца з партнёрамі, распачынаючы рызыкоўныя аперацыі), праблемай геапалітычнага манеўру для Беларусі і г.д.

У дзяржаўных медыях на гэты конт сёння ні гу-гу. Тэмы табуяваныя, пакуль няма адмашкі. І гэта відавочна, колькі б ні прыкрываліся прадстаўнікі дзяржСМІ спасылкамі на Гіпакрата з ягоным “Не нашкодзь”. Тут палягае сістэмная хіба дзяржаўных медыяў. Таму яны правальваліся на тэмах кшталту дэвальвацыі, плюшавага дэсанту.

Аднак і нашай недзяржаўнай прэсе надзвычай бракуе асэнсавання ўплыву ўкраінскіх падзей на беларускую сітуацыю. Ёсць аб’ектыўныя прычыны: цяжка арыентавацца ў даволі мутнай плыні супярэчлівай інфы, змяшанай з прапагандай; амаль што няма інсайдарскай інфы; мала талковых экспертаў.

Разам з тым, ёсць і прычыны суб’ектыўныя. Частка СМІ, найперш анлайнавых, як улягла ў прымітыўнае заўзенне за Майдан, што нагадвае мне экзальтаваныя паводзіны спартовага фаната перад тэлеэкранам, так і не можа выскачыць з гэтай каляіны. Апрыёрная пазіцыя “за Украіну супраць Расіі” перашкаджае цвярозаму асэнсаванню ўсіх перапляценняў супярэчлівага сюжэту.

Таму, мяркую, не выкарыстоўваецца як след і патэнцыял айчынных экспертаў. Іх, адрозна ад палітычных заўзятараў, небагата, але яны ёсць. Аднак жа расклады сур’ёзных экспертаў могуць сапсаваць маніхейскія карцінкі, да якіх маюць слабасць асобныя рэдакцыі. Таму ім зручней выкарыстоўваць абойму патэнтаваных гаваркіх галоў з загадзя вядомым наборам патрэбных ідэалагем.

 

Не замбаваць, але арыентаваць

Пры гэтым хачу падкрэсліць, што сам я не веру ў нейкую дыстыляваную аналітыку, якая цалкам па-над схваткай. Так ці іначай выяўляецца і пазіцыя эксперта, і пазіцыя аўтара.

Для мяне, аднак, вызначальны крытэр, што адрознівае медыйную аналітыку ад прапаганды, — сумленны пошук ісціны, па магчымасці бесстаронняе даследаванне праблемы. І калі выказваеш сваю пазіцыю, то важна, каб яна была як след падсілкаваная фактамі ды аргументамі.

Праз гады акадэмічныя даследчыкі, канечне ж, усё раскладуць па палічках значна лепей (хаця і яны, бывае, ламаюць дзіды дзесяцігодзямі), але нашаму чытачу важна атрымаць як мага болей цвярозыя, неангажаваныя развагі тут і цяпер. Хай сабе матэрыял трохі і шурпаты, не агаляе ўсіх слаёў праблемы — але ён дае рацыянальную глебу для роздуму ўсхваляванай, а часам і збітай з панталыку аўдыторыі. Чым болей тая з дапамогай медыяў уключае мазгі — тым цяжэй ёй маніпуляваць.

Як напісаць яскрава, востра, каб чапляла, і пры гэтым не падліць алею ў агонь, — у тым і палягае майстэрства журналіста, моцная рэдакцыйная палітыка. А класічнае “кабы чего не вышло” — гэта слабая рэдакцыйная палітыка.

Ілюстрацыі: IBBFreedigitalphotos.net

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: