ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Фэйспалм: БЕЛТА “забылася” пра Беларусь

В фокусе

“Генасамблея ААН не прызнала вынікі рэферэндуму ў Крыме” — паведаміла ўвечары 27 сакавіка БЕЛТА. У тэксце даецца ўся арыфметыка. Чытач даведаецца, што за дакумент, скіраваны супраць расійскай анексіі паўвострава, прагаласавала сто краін, устрымалася 58, супраць выказалася 11. Нестае “дробязі”: як прагаласавала Беларусь.

І гэта ў заметцы беларускага ўрадавага агенцтва! Натуральна, ніхто не паверыць, што тамтэйшыя прафесіяналы далі маху, празяпілі тое, што, зыходзячы са статусу агенцтва, мусіць быць соллю інфы.

 

Чаму спатрэбілася фігура змаўчання

Фігура змаўчання ўжытая таму, што афіцыйны Мінск, які дагэтуль заяўляў пра падтрымку тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны і ўвогуле відавочна не зацікаўлены псаваць дачыненні з Кіевам, у гэтым выпадку прагаласаваў дэ-факта ў падтрымку расійскай агрэсіі.

З краін СНД Расію падтрымала аналагічным чынам толькі Арменія (яе Масква цяпер узяла на цугундар, адгаварыла ад падпісання дамовы пра асацыяцыю з Еўразвязам і цягне ў Мытны звяз). Увогуле ж Беларусь па выніках галасавання апынулася проста ў феерычнай кампаніі: Балівія, Куба, КНДР, Нікарагуа, Судан, Сірыя, Венесуэла, Зімбабвэ... Так і просіцца на язык: “Верной дорогой идете, товарищи!”.

Такое галасаванне пасля ранейшых спроб балансаваць, дыстанцыявацца ад высвятлення дачыненняў між Крамлём і Кіевам выглядае відавочнай здачай пазіцый пад маскоўскім ціскам. Натуральна, што кіраўнік Беларусі, які любіць падкрэсліваць сваю “ненахіляльнасць”, паўстае перад публікай ў нявыгадным святле. І таму дзяржаўныя медыі не знаходзяць нічога лепшага, як ужыць метад савецкай прэсы: няма інфы — няма праблемы.

Гэтая стравусіная поза смешная ў эпоху інтэрнэту. Натуральна ж, палітызаваная беларуская публіка ўсё адно ведае, як прагаласавала Беларусь. Гарачыя каментары на гэту тэму дадалі пунктаў недзяржаўным рэсурсам.

Дарэчы, паводле снежаньскіх звестак НІСЭПД, рэйтынг даверу недзяржаўнай прэсе — 41,1%, дзяржаўнай — 31,6%.

 

Адмашка зверху мацнейшая за кодэксы гонару

Журналісты дзяржаўных і недзяржаўных СМІ раз-пораз сустракаюцца на дыскусійных пляцоўках, найперш у Клубе журналістаў Мінскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра. Вядуць правільныя размовы аб прафесійным майстэрстве, этыцы і г.д.

І сустракацца, дыскутаваць варта. У дзяржаўнай прэсе нямала добрых профі ды проста прыстойных людзей. Але такія вось выпадкі, калі азы прафесійнай этыкі прыносяцца ў ахвяру “палітычнай мэтазгоднасці”, як яе разумеюць кіроўныя вярхі, падсякаюць пад корань усю прыгожую рыторыку ў нашых цэхавых клубах.

Я зведаў гэта на ўласнай шкуры: сустракаешся, паціскаеш руку “нармальным пацанам” з дзяржаўных рэдакцый (з кім-кольвек некалі слухалі адны і тыя ж лекцыі па журналістыцы, гулялі ў футбол, пілі піва), а потым у выданнях, дзе працуюць на высокіх пасадах гэтыя “пацаны”, запускаюць хвалю скіраваных супраць цябе брудных пасквіляў. Бо ты, напрыклад, напісаў артыкул супраць шэрсці вялікаму начальству пасля знакамітага выбуху ў мінскім метро.

Ці ўзяць мой нядаўні ўдзел у ток-шоў “Пазіцыя” на АНТ: я бачыў, што вядоўцу як журналісту хочацца паліфаніі, драматызму, але ў выніку пасля мантажу-кастрацыі з выступаў тых, хто апаніраваў прарасійскаму, шавіністычнаму мэйнстрыму, выкідаюць соль. Бо наверсе, відаць, вырашылі не цвеліць Крэмль, ад якога наўпрост залежыць, дыхаць ці не дыхаць анахранічнай “беларускай мадэлі”.

 

Несвабодны друк бывае толькі кепскім

Так што гэтыя клубныя дыскусіі — збольшага размовы на карысць бедных. Да болю зразумела: калі будзе адмашка зверху, што, вось, трэба кагосьці ухваляць/мачыць, або проста ўстаноўка маўчаць як мыла з’еўшы ў пытанні, што паставіла на вушы ўсю краіну (згадаем навагоднюю дэвальвацыю 2009 года, “плюшавы дэсант”), то ў рэдакцыях дзяржаўных СМІ шчоўкнуць абцасамі і выкінуць у сметніцу ўсе этычныя кодэксы.

Таму не трэба гэтага лепету, які чуеш іншым разам на такіх клубных пасядзелках: вы, “незалежныя”, таксама ад нечага/некага залежныя. Не трэба параўноўваць быка з індыкам.

Тысячны раз пераконваюся, наколькі трапны мой улюбёны афарызм Альбера Камю: “Свабодны друк можа быць добрым ці кепскім, гэта слушна. Але яшчэ болей слушна тое, што несвабодны друк бывае толькі кепскім”.

Што ж да заметкі ўрадавага агенцтва, якое, паведамляючы пра галасаванне ў ААН, “забылася” пра родную краіну, то для каментару дастаткова аднаго сеціўнага слоўца: фэйспалм!

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: