ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

“Кейс Кібальчыч”: мова і кава, Майдан і анексія

“Культура з-пад палкі?” — гэты выпуск белсатаўскай праграмы “Чорным па белым” атрымаўся дакладна не сумным. У студыі звялі, можна сказаць — сутыкнулі лбамі намесніка старшыні КХП-БНФ Юрася Беленькага і маскоўскую журналістку беларускага паходжання Кацярыну Кібальчыч.

Інтарэс да сюжэту відавочна падаграваўся той акалічнасцю, пра якую вядоўцы Юлія Рымашэўская ды Валярына Кустава не згадалі: акурат днямі Кібальчыч апынулася ў цэнтры палемічных жарсцяў у фэйсбуку. Але пра гэта пазней.

 

“Вы Беленькі, я чорненькая”

Беленькі жа летась нарабіў шуму сваёй фразай пра рускую мову на мітынгу ў Курапатах: “…Калі ты гаворыш па-расейску, ты ў акупацыйным войску і страляеш у свой народ”.

З адпаведнага відэасюжэту і пачаўся разбор палётаў у стыльна, мінімалістычна аформленай чорна-белай студыі.

Калі коратка, то Беленькі, які раз-пораз збіваўся на пракламаванне праграмных тэзаў сваёй партыі, абвінавачванне антыбеларускага рэжыму, расійскага імперыялізму і г.д., відавочна прайграў двубой журналістцы і грамадскай дзяячцы, вядомай, у прыватнасці, праз арганізацыю ў Мінску суперпапулярных курсаў “Мова ці кава”.

Кібальчыч, у якой непараўнальна большы досвед паводзін перад тэлекамерай, спрытна троліла прадстаўніка КХП-БНФ. Той быў занадта сур’ёзны, зашпілены на ўсе гузікі і не здолеў гнутка, адэкватна, з доляй гумару рэагаваць на іранічныя фразы кшталту “Вы Беленькі, я чорненькая”.

Гэта, дарэчы, лішні раз сведчыць, што маргінальны стан айчыннай апазіцыі не спрыяе прамоўніцкаму майстэрству яе лідараў. Згадаем тыя рэдкія моманты, калі апазіцыянерам давалі эфір падчас выбарчых кампаній: ладная частка выступаў была няўдалай, а то і бездапаможнай.

Самае ж галоўнае: прадстаўнік КХП-БНФ, які шмат разважаў пра барацьбу за мову, не здолеў ураўнаважыць нічым канкрэтным галоўны козыр Кібальчыч: маўляў, я раблю для мовы тое, што магу сёння, і найперш арганізавала папулярныя курсы, а што такога зрабілі вы? У адказ гучалі збольшага зноў жа агульныя развагі пра неабходнасць найперш зваліць рэжым (нібыта апазіцыя мае такі патэнцыял).

Кладучы руку на сэрца, вядоўцы не цалкам датрымлівалі нейтралітэт ці баланс, а Валярына Кустава дык і ўвогуле фактычна стала на бок Кібальчыч ды пачала бамбаваць палітыка па поўнай.

Але гэта можна патлумачыць тым, што Беленькі выбраў на рэдкасць няўдалы канфрантацыйна-дыдактычны тон, які міжволі выклікаў псіхалагічны супраціў. Недарэчна, напрыклад, гучалі ягоныя настаўленні, што для сына Кібальчыч (увага: сям’я жыве ў Маскве, муж рускі) беларуская мова мусіць быць першай, а не другой.

Увогуле ж для стваральнікаў праграмы (асобныя выпускі якой мне падаліся занадта штучнымі, тэатральнымі, пастановачнымі) гэты выпуск аказаўся творчай удачай. Палітыкам жа карысна разабраць гэту дыскусію з гледзішча таго, як не варта будаваць гаворку на далікатную тэму, нават калі ты ўпэўнены, што змагаешся за святое.

 

Ад “імперскай журналісткі” не трэба ні мовы, ні кавы?

Зрэшты, дыскусія з Беленькім пэўна аказалася для Кацярыны Кібальчыч куды меншым выпрабаваннем, чым скандал у фэйсбуку.

Абурэнне шэрагу беларускіх калег (і не толькі калег) выклікалі яе рэпартажы на расійскім Першым канале, дзе яна працуе. А менавіта — створаныя ў даволі з’едлівай манеры партрэты двух украінскіх палітыкаў: “Юлія Цімашэнка афіцыйна стала адным з кандыдатаў на пасаду прэзідэнта Украіны”, “Шакаладны кароль” меціць у прэзідэнты Украіны” (у другім выпадку героем ці, хутчэй, антыгероем стаў Пётр Парашэнка).

“Вось заснавальніца “Мовы ці кавы” Каця Кібальчыч робіць на ОРТ гадкі матэрыял пра Парашэнку. Я перакананы, што калі б яна нейкім спосабам адмовілася — ніхто б яе не звольніў. Ва ўсякім разе, Дугіна навошта было цытаваць, гэта таксама начальства прымусіла?” — рытарычна запытаўся ў фэйсбуку Віталь Цыганкоў з беларускай службы “Радыё Свабода”.

“А так вельмі зручна — езьдзіць на фэстывалі з дэмакратычным і антырасейскім фільмам “Беларуская мара”, у Беларусі весьці “Мову ці каву”, а на ОРТ рабіць антыўкраінскія сюжэты з удзелам Дугіна”, — рэзюмаваў Цыганкоў.

Выбухнула гарачае абмеркаванне. Некаторыя баранілі аўтарку, але той-сёй прапанаваў нават байкатаваць моўныя курсы за тое, што яна, маўляў, такая двурушная і ўвогуле дэ-факта вораг Украіны.

Наконт байкоту курсаў скажу адразу: поўнае глупства. Не варта мяшаць боб з гарохам.

Сама ж Кібальчыч у інтэрв’ю на той самай “Свабодзе” наўпрост заявіла: маўляў, рэпартажы пра Цімашэнку і Парашэнку былі яе свядомым выбарам. Яна прызнала: “Так, гэта рэпартажы суб’ектыўныя, але яны супадаюць з маёй пазіцыяй, вось і ўсё”.

 

Ці этычна прымяраць касу Цімашэнкі?

Наўрад ці хто ўважае Парашэнку ды Цімашэнку за такіх ужо белых ды пухнатых персанажаў. Але адна рэч — крытычнасць, іншая — прапагандысцкія прыёмы, выхад за межы прафесійнай этыкі. На гэта і звярнулі ўвагу апаненты Кібальчыч у сацыяльных сетках.

Нейкія рэчы ў тых рэпартажах зачапілі і мяне. Напрыклад, фрагмент, калі аўтарка прымярае парык, што імітуе фірмавую касу Цімашэнкі. А потым яшчэ гэтую ж касу віртуальна надзелі ў кадры па чарзе на галовы яе паплечнікаў — Турчынава, Яцанюка, Авакава.

Ведаеце, я напісаў безліч крытычных матэрыялаў пра беларускага афіцыйнага лідара, але ніводнага разу не ўзнікала спакусы пакпіць з ягонай прычоскі. Спробы ж гумарыць у гэтым духу на некаторых рэсурсах выклікаюць лёгкую грэблівасць: усё ж не трэба пераходзіць мяжу.

Аднак ці варта ладзіць такую экзекуцыю праз хібы асобных рэпартажаў? Вазьмі амаль што любы матэрыял любога з нас — пры жаданні можна раздраконіць па поўнай.

Праблема глыбейшая, і мне яна бачыцца ў тым, што сёння дэградацыя так ці іначай падпарадкаваных Крамлю СМІ ўвайшла ў новую фазу. На расійскіх тэлеканалах практычна не засталося месца для паўнавартаснай палітычнай журналістыкі. Яны сталі інструментам шавіністычнай прапаганды, інфармацыйнай вайны супраць Украіны. І таму не варта надта здзіўляцца, што сёння сам факт працы на расійскім тэлеканале ў вачах многіх прыхільнікаў беларускай незалежнасці — як кляймо.

 

Бальшавікі ў абліччы нацыяналістаў

Тут можна казаць пра асабістую драму тых нашых калег, што ў свой час перабраліся працаваць у Маскву.

Памятаю, быў перыяд, калі мы ў Беларусі зайздросцілі ступені свабоды расійскіх СМІ: у нас Лукашэнка ўжо закруціў гайкі, а там па інерцыі яшчэ працягвалася вольніца з часоў Ельцына. Я ўжо не кажу, што журналісцкія заробкі ў Маскве не параўнаць з мінскімі.

Але Пуцін ціха, па-чэкісцку выправіў гэты “прагал” са свабодай слова. І сёння ўжо там, у Расіі, улада здаецца болей дзікай, дыктатарскай у дачыненні да медыйнай сферы. А куды падзецца канкрэтнаму журналісту, калі ўжо ўрос каранямі ў сваю рэдакцыю, у тамтэйшы побыт?

Гэту сітуацыю можна зразумець. Не так проста перці на ражон, ламаць кар’еру. Хаця мо ў кагосьці і думак такіх няма?

“Зрэшты, хто ўвогуле прыпісаў Kati нейкае незалежніцтва, нейкую нацыянальную свядомасць? З самага пачатку яна прэзентавала сябе як супрацоўніца рас. канала, як удзельніца рас. жыцця, нехта гэтага не чуў?” — зазначае ў фэйсбуку Віталь Станішэўскі. Ён перасцерагае ад дыскрэдытацыі “праз прыпісванне няісных пераваг дзеля пазнейшага выкрыцця іх адсутнасці”. І прапануе падзяляць папулярызацыю мовы ды палітычныя погляды.

Фактычна пра гэта ж сказала ў іншым сюжэце на “Белсаце” і сама Кацярына: маўляў, хіба калі я падтрымліваю беларускую мову, то мушу абавязкова падтрымліваць і Майдан, і ягоных вылучэнцаў? Што, майданная тэматыка — гэта святарная карова?

Пратэст зразумелы. Сапраўды, у айчынным апазіцыйным коле ёсць людзі з бальшавіцкім мысленнем, якія патрабуюць ад усіх адзінадумства, пракламавання змагарнай патэтыкі. Нядаўна я сам напісаў у фэйсбуку (у адказ на закіды аднаго актывіста, што мой артыкул шкодніцкі з гледзішча барацьбы з рэжымам і такіх артыкулаў не мусіць быць): “Калі скінуць Лукашэнку хочуць тыя, хто ўжо сёння імкнецца заткнуць іншым рот, то закрадваецца здрадніцкая думка, што Лукашэнка — гэта мо яшчэ не найгоршы варыянт”.

 

Маральнага выбару не пазбегнеш

Але разам з тым для мяне відавочна: не варта, працуючы ў падпарадкаваных недэмакратычнай дзяржаве медыях (і ў Расіі, і ў Беларусі), падманвацца на глебе таго, што ў дачыненні да нейкай тэмы існуе выратавальная гармонія між тваімі поглядамі і чаканнямі начальства.

Заўтра ўзнікне дысгармонія — і давядзецца выбіраць між роляй “чего изволите” ды сыходам на вольныя хлябы (з усіх наборам дыскамфортных акалічнасцяў).

Дарэчы, не так ужо і мала журналістаў, якія зрабілі выбар на карысць другога варыянта. Ім бывае нясоладка, і яны бываюць занадта катэгарычнымі, але па вялікім рахунку я іх паважаю ўжо за сам выбар.

Бо колькі б мы ні разважалі пра чыста прафесійны бок нашай справы, пра ідэальную аб’ектыўнасць, пазіцыю над схваткай, на недэмакратычным постсавецкім абсягу перад журналістам непазбежна паўстае маральная дылема.

Калі рэжым душыць свабоду, альтэрнатыву, іншадумства — гэта апрыёры агідна, і сумленне кліча быць на баку тых, каго душаць. Калі імперыя рве на кавалкі суседнюю краіну, карыстаючыся яе слабасцю, памылкамі яе палітыкаў — з майго гледзішча гэта таксама апрыёры агідна, і гэта таксама сітуацыя, якая вымагае маральнага выбару.

Заўтра тое, што здарылася з Крымам, можа здарыцца з Беларуссю. І тады не стане ні мовы, ні кавы (як не дастаць было сапраўднай кавы у СССР).

Оценить материал:
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: