ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

“Чарнобыльскі шлях”: на сайтах ярчэйшы, чым у рэале

В фокусе

Вы заўважалі: на добрых фотах нейкая падзея часам атрымліваецца прыгажэйшай, ярчэйшай, чым у рэале? Прыкладна тое ж можна сказаць пра апошні “Чарнобыльскі шлях”. Пры тым што колькасцю ўдзельнікаў ці арыгінальнай рэжысурай арганізатары не могуць пахваліцца, медыі ў сваіх анлайнах падалі падзею ад душы, у сакавітых фарбах, асобах, галасах і дынаміцы.

Яшчэ гадоў пяць таму анлайнавы рэпартаж у нашых СМІ быў рэдкасцю, экзотыкай. Рэгулярна практыкавалі гэты жанр лічаныя рэсурсы. Мне даводзілася на пальцах тлумачыць, што гэта такое, удзельнікам трэнінгаў па вэб-журналістыцы.

Сёння магу пацешыцца: “Чарнобыльскі шлях”, што прайшоў у сталіцы 26 красавіка, быў яскрава адлюстраваны ў цэлым шэрагу разгорнутых, насычаных мультымедыйнасцю анлайнаў.

 

Людзей мала, бо медыі гультаяватыя?

Між тым у дзень акцыі сустаршыня стваранай БХД Віталь Рымашэўскі не прамінуў кінуць камень у гарод СМІ.

Палітык заявіў на “Хартыі”: “Я хачу падзякаваць і адзначыць працу вашага сайта, таму што гэта быў, напэўна, адзіны незалежны сайт, дзе можна было знайсці інфармацыю аб пераносе часу “Чарнобыльскага шляху” і напамін людзям пра тое, што ён сёння адбудзецца. У прэсе было не шмат інфармацыі, таму і людзей няшмат — недзе блізу тысячы”.

Просяцца адразу чатыры рэмаркі.

Па-першае, інфармацыю аб канчатковым фармаце акцыі, часе і месцы збору далі і іншыя рэсурсы. У прыватнасці, Naviny.by зрабілі гэта 18 красавіка пад загалоўкам “Маршрут “Чарнобыльскага шляху” выбраў гарвыканкам”.

Па-другое, калі ўжо на тое, дык блытаніну ўнеслі самі арганізатары, выбраўшы напачатку не ўсім зразумелы, а для многіх і занадта працяглы маршрут у Курапаты, які гарадскія ўлады потым скасавалі.

Па-трэцяе, слаба верыцца ў канспіралогію, кшталту: сабраліся рэдактары незалежных сайтаў і вырашылі акружыць ЧШ-2014 змовай маўчання.

Відаць, пытанне ў іншым. Усё ж рэсурсы хоць і недзяржаўныя, але не ёсць органамі апазіцыі. Таму арганізатарам той ці іншай акцыі варта стукацца ў рэдакцыйныя дзверы, дамаўляцца аб прамоцыі.

У некаторых жа нашых партыях, рухах існуе перакананне: калі мы займаемся высакароднай справай, то медыі мусяць піярыць нас на аўтамаце. Не, даражэнькія, вучыцеся ладзіць элементарны піяр, сістэмную ды аператыўную супрацу з прэсай!

Ну і, па-чацвертае, не трэба спісваць малалікасць акцыі на гультаяватыя медыі. Вожыку зразумела, што прычыны іншыя.

 

“Меня нету. Я не хожу на мирные протесты с 2010 года”

Неабыякавасць жа да акцыі незалежныя рэсурсы прадэманстравалі дружнай, спорнай працай сваіх брыгад падчас мерапрыемства.

Тыя ж Naviny.by далі шматаспектны, сінтэтычны анлайн-рэпартаж: тут вам і хроніка, і фота, і відэа, і скрыны цікавых твітоў, і мапа, і гіперспасылкі на веер матэрыялаў, у тым ліку аналітычных, па тэме дня. Асобны анлайн рабіў БелаПАН.

Жывы рэпартаж на сайце “Радыё Свабода” адметны, у прыватнасці, тым, што змяшчае поўнае, амаль што дзвюхгадзіннае відэа акцыі, падборку лінкаў па тэме. Асобна — відэа затрымання некалькіх удзельнікаў.

Анлайнавы рэпартаж на TUT.BY, вядома ж, па-за канкурэнцыяй паводле колькасці каментаў — пад шэсць соцень (кінулася ў вочы рэмарка: “Меня нету. Я не хожу на мирные протесты с 2010 года”).

Дарэчы, сам матэрыял на момант, калі пішуцца гэтыя радкі, сабраў болей за 67 тысяч праглядаў, што прыкладна ў сто разоў перавышае колькасць удзельнікаў акцыі. Так што апошнім на маштаб асвятлення, далібог, не выпадае скардзіцца!

Варта таксама адзначыць анлайны на сайце “Нашай нівы” (са здымкамі Сяргея Гудзіліна), “Салідарнасці”, “Радыё Рацыя”, аператыўныя матэрыялы “Еўрарадыё”, “Новага часу”, “Белорусского партизана”, “Еўрабеларусі” ды шэрагу іншых рэсурсаў.

У сваю чаргу, сайт Партыі БНФ зрабіў змястоўны агляд рэпартажаў СМІ пра акцыю.

 

Рэпарцёраў болей, чым удзельнікаў

Такім чынам, недзяржаўныя медыі ўпэўнена асядлалі жанр анлайнавага рэпартажу. Прычым практыкуюць яго не толькі “чыстыя” інтэрнэт-СМІ, але і сайты радыё, друкаваных выданняў. Праца на вулічных акцыях — добры спосаб абстраляць маладых рэпарцёраў.

Рэпарцёрскія брыгады цэлага шэрагу айчынных СМІ навучыліся спраўна перадаваць ў рэдакцыю матэрыял з акцый, знаходзячыся не ў самых камфортных умовах, пад апекай сілавікоў. Добрым было, напрыклад, і асвятленне ў сакавіку чарговага Дня Волі.

Тут, канечне, могуць заўважыць, што частку апазіцыйна настроенай публікі такі сэрвіс з падачай у крэсла перад кампом размагнічвае: нашто перціся некуды і рызыкаваць, калі вось яна, сакавітая карцінка з дэталямі. Але гэта ўжо не праблема СМІ. Апошнія ў гэтым кантэксце робяць сваю справу ўсё болей прафесійна, сучасна.

Дадам, што недзяржаўныя рэсурсы цікавей падаюць у рэальным часе нават афіцыёз кшталту выступу афіцыйнага лідара з пасланнем народу і парламенту. Дзяржаўныя СМІ традыцыйна кормяцца тым, што распаўсюджвае БЕЛТА. Незалежныя медыі ў анлайнавых рэпартажах прапануюць па гарачых слядах нарэзку самых смачных цытат, завастраюць увагу на казусах, ляпах і скандальных момантах, увёрстваюць каментары экспертаў, хутка даюць аналітыку па матывах афіцыйных заяў.

Шкада, што палітычнае жыццё ў краіне зводзіцца да такіх вось шоў першай асобы ды усё болей малалюдных шэсцяў апазіцыі па дазволеным маршруце ў пункт, які крытыкі грэбліва называюць сабачай пляцоўкай.

Калі так пойдзе і далей, то рэпарцёрскія брыгады неўзабаве займеюць колькасную перавагу над самімі ўдзельнікамі.

Фота Вольгі Кляшчук (БелаПАН), Сяргея Гудзіліна (“Наша Ніва”).

Оценить материал:
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: