ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Абаронцы Славянска ці тэрарысты?

В фокусе

“Абаронцы Славянска збілі два верталёты ўкраінскіх ВПС…”, — паведаміла днямі БЕЛТА. Трэба думаць, шмат каго чаплянула гэтае “абаронцы Славянска”. Апаненты такога азначэння горача запярэчаць: ды тамтэйшыя жыхары сталі фактычна закладнікамі людзей у камуфляжы, чыё паходжанне як мінімум цьмянае!

Патэтычная, суб’ектыўная лексіка, закліканая адсякаць сумневы, на чыім баку праўда, шырока выкарыстоўваецца расійскімі СМІ і палітыкамі. Днямі віцэ-прэм’ер Дзмітрый Рагозін напісаў у фэйсбуку, што хацеў бы памяняць “усе свае пасады на шчасце быць цяпер у адным акопе з абаронцамі Славянска!” (што выклікала хвалю кпінаў у духу: дык наперад!).

На іншым полюсе — азначэнні кшталту “тэрарысты” (і нават болей хвосткія, бязлітасныя), што шырока ўжываюццца датычна ўдзельнікаў выступаў на ўсходзе Украіны рэсурсамі, пазіцыю якіх можна акрэсліць так: апрыёры за Майдан, Захад і апрыёры супраць Расіі.

 

Сам чорт нагу зламае

З тэксту згаданай заметкі БЕЛТА лёгка вызначыць, адкуль растуць ногі ў, мякка кажучы, спрэчнай тэрміналогіі: “Пра гэта паведаміў ІТАР-ТАСС па тэлефоне прадстаўнік народнага апалчэння”.

Ну вось, бачыце, тут жа, следам — новы ўзорчык сумнеўнай лексікі: шмат каго зачэпіць і гэтае “народнае апалчэнне”. Што і адчулі ў рэдакцыі Naviny.by. Там заметку беларускага ўрадавага агенцтва выкарысталі з ужываннем двукоссяў ды характэрнай рэмаркай: “Абаронцы” Славянска (фармулёўка БелТА) збілі два верталёты ўкраінскіх ВПС…”. Далей у двукоссі ж ідзе і “народнае апалчэнне”.

Зрэшты, “і з двукоссямі ў такіх выпадках варта быць асцярожнымі”, адзначыў у каментары для Mediakritika.by медыйны аналітык Паўлюк Быкоўскі.

Сапраўды, гэта таксама надае адпаведным азначэнням, выразам элемент яскравай ацэначнасці, экспрэсіўнасці (нярэдка — з’едліва-іранічнае адценне). І тут ужо імаверныя закіды з іншага лагеру — тых, чые сімпатыі на баку… стоп, дык як жа сказаць? Антымайданаўцаў? Сепаратыстаў? Прыхільнікаў федэралізацыі?

Тут сам чорт нагу зламае, бо нейкіх выразных агульных патрабаванняў, ідэйнай платформы ў тых, хто часткова мірна, а часткова са зброяй у руках выступае на ўсходзе Украіны супраць палітыкі кіеўскіх улад, няма.

Быкоўскі адзначае, што ў заходніх СМІ маецца дастаткова адпрацаваны набор максімальна строгіх, нейтральных азначэнняў для асвятлення падзей, згадак пра дзейныя сілы ў сітуацыях падобных канфліктаў. Напрыклад, у нейкіх выпадках могуць казаць пра “незаконныя ўзброеныя фармаванні”.

Беларуская ж прэса, у якой досвед асвятлення канфліктаў ў гарачых пунктах не надта багаты, спрабуе намацаць адэкватную лексіку па ходу. Калі спрабуе. Бо ёсць рэсурсы, што як занялі ад пачатку радыкальную пазіцыю “за Майдан”, так і цяпер гуляюць у адны вароты, не дапускаючы паўтонаў ды не шкадуючы моцных ярлыкоў для тых, хто супраць цяперашніх улад у Кіеве.

Зрэшты, ярлыкі — яшчэ паўбяды. Часта ж мы бачым відавочна спекуляцыйныя, нават фэйкавыя загалоўкі (пра “масавыя расстрэлы”, непазбежнае уварванне войскаў Пуціна ў пэўны тэрмін і г.д.), закліканыя любым коштам ударыць па мазгах чытача, узвінціць наведванне рэсурсу.

 

У віры інфармацыйнай вайны

Адна з праблем для айчынных СМІ палягае ў тым, што сваіх карэспандэнтаў у гарачых пунктах (у нашым выпадку — ахопленых узброенымі сутыкненнямі рэгіёнах Украіны) яны амаль што не маюць. Ці не адзіным доўгачасовым выключэннем ёсць знаходжанне там журналіста “Новага часу” Дзмітрыя Галка. На сайце выдання нават вывешаны банер “Наш журналіст у гарачай кропцы” (дарэчы, спадарожнае пытанне філолагам: а чаму не “пункце”?).

“Ён ангажаваны, але разам з тым стараецца апісваць тое, што бачыць”, — мяркуе Паўлюк Быкоўскі. Дадам: Зміцер сам неяк зазначыў, што асабістыя эмоцыі стараецца выносіць у фэйсбук. Ягоная мужная місія апрыёры заслугоўвае высокай прафесійнай адзнакі.

У большасці ж выпадкаў айчынныя медыі мусяць задавальняцца зыходнай інфой з замежных крыніц. І калі гэта крыніцы з Расіі, дзе медыйная сфера ахопленая ўра-патрыятызмам, шавінізмам, антыўкраінскімі настроямі, то лёгка трапіць у пастку, як тыя, хто рыхтаваў згаданую заметку БЕЛТА пра “абаронцаў Славянска”.

Зрэшты, дзеля справядлівасці варта зазначыць, што ўвогуле і БЕЛТА, і іншыя беларускія дзяржаўныя СМІ пры асвятленні ўкраінскага сюжэту ў навіновым ключы стараюцца “прычэсваць”, адаптаваць тэрміналогію, датрымліваць нейтральнасць, даваць звесткі з розных крыніц.

Тая ж БЕЛТА актыўна выкарыстоўвае і кіеўскія крыніцы, напрыклад, цытуе в.а. міністра ўнутраных спраў Арсена Авакава. Зрэшты, сам па сабе прынцып цытавання двух бакоў канфлікту можа і не надта наблізіць да ісціны. Бо інфармацыйная вайна точыцца з абодвух бакоў.

Так што ў любым выпадку беларускім журналістам, рэдактарам варта мець сваю галаву на плячах, “фільтраваць базар”.

 

Права на пазіцыю і пачуццё меры

Але ж ёсць журналістыка фактаў і журналістыка меркаванняў, скажаце вы. Хіба той ці іншы аўтар, выданне не маюць права на пазіцыю?

Маюць. Аднак тут істотныя два моманты. Па-першае, важна выразна аддзяляць факты ад каментароў. У нашай жа журналістыцы яшчэ з савецкіх часоў прывыклі падносіць усё ў адным флаконе: не проста даць зрэз падзеі, але і тут жа наляпіць ярлыкі — хто герой, а хто нягоднік.

Па-другое, і пры суб’ектыўных ацэнках, асабліва калі гаворка ідзе пра такі клубок супярэчнасцяў, як цяпер на Украіне і вакол яе, не шкодзіць мець пачуццё меры. Бо калі ў некаторых расійскіх СМІ кіеўскую уладу без ваганняў маркіруюць як фашысцкую, бандэраўскую, тут ужо не спішаш на грамадзянскую пазіцыю аўтара ці выдання: гэта відавочна па-за мяжою фолу.

З іншага боку, не выпадае маляваць забурэнні на ўсходзе і поўдні Украіны толькі як вынік дзейнасці некіх дыверсантаў Крамля. Відавочна, што і настроі насельніцтва там далёка не цалкам на карысць новай кіеўскай улады, і сама гэтая ўлада паспела нарабіць шмат памылак ды і сёння ў шмат якіх аспектах выглядае, мякка кажучы, непераканаўча.

Мне ўжо даводзілася адзначаць, што мінулай зімой асвятленне Майдана ў шэрагу нашых недзяржаўных медыяў выглядала спрошчаным, чорна-белым, ідэалагізаваным. Пры тым што Майдан быў неаднародны, не цалкам укладваўся ў канцэпцыю мірнага пратэсту яшчэ да таго, як пачалася страляніна па ўдзельніках выступаў, у пэўнай ступені інспіраваўся лялькаводамі, далёкімі ад ідэалаў еўраінтэграцыі.

Сёння гэты аднабокі падыход працягвае ў шэрагу выпадкаў адбівацца і на падачы падзей на паўднёвым усходзе Украіны, у дачыненнях між Масквой і Кіевам.

Хаця ёсць і ўдалыя прыклады. У прыватнасці, “Наша Ніва”, “Радыё Свабода”, на мой погляд, цікава і разнастайна асвятляюць ды аналізуюць украінскі сюжэт, пры тым што сімпатыі да аднаго з бакоў супрацьстаяння відавочныя. Прычым згаданыя СМІ цягам апошніх месяцаў на вачах прагрэсавалі што да прафесійнай падачы гэтай гарачай тэмы.

 

Нацыянальныя медыі як складнік інфармацыйнай бяспекі

Іншая рэч, што ахоп аўдыторыі з боку недзяржаўных (ды, зрэшты, і дзяржаўных!) беларускіх медыярэсурсаў відавочна меншы, чым з боку расійскіх каналаў, якія сёння выліваюць на галовы беларускіх абывацеляў цыстэрны атрутнай шавіністычнай, антыўкраінскай прапаганды.

І тут ужо справа ўпіраецца ў вялікую палітыку. Шмат гадоў дзяржаўныя мужы з Мінска гулялі ў “братнюю інтэграцыю”, “адзіную інфармацыйную прастору Саюзнай дзяржавы”. Паспрабуй сёння адсячы ці хаця б пачні строга фільтраваць тыя маскоўскія каналы — тут жа атрымаеш прад’яву: уціск рускамоўных, антырасійскі выпад, здрада і г.д.

Улада апынулася між молатам і кавадлам. І на жаль, мала спадзеваў, што будзе дадзена болей волі прафесійным недзяржаўным СМІ, якія на сёння выглядаюць між тым важным складнікам інфармацыйнай бяспекі незалежнай Беларусі.

Фота УНІАН.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: