ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Як застацца журналістам на інфармацыйнай вайне?

В фокусе

Масква вядзе інфармацыйную вайну супраць Украіны — гэта тэза стала для многіх аксіёмай. А чым адказваюць украінскія медыі? І ўвогуле — які адказ у такіх умовах найлепшы?

Гэтыя пытанні цалкам актуальныя і для Беларусі, якая сёння таксама трапіла ў чорнае сілавое поле ахопленых імперскім імпэтам расійскіх СМІ.

Адказы на гэтыя пытанні я шукаў разам з украінскімі калегамі падчас вандроўкі ў Кіеў.

 

Змаганне пасля Майдана

Сам Майдан як з’ява фізічная сёння пакідае ўражанне бутафорыі. На гэтым пятачку адшумелай рэвалюцыі (які часовыя ўлады не чапаюць, хоць гэта і стварае перашкоды транспарту) цяпер дамінуе трэшавая стылістыка, разлічаная на турыстаў. Тут збіраюць ахвяраванні, прадаюць сувеніры ў выглядзе залатых батонаў, “візітовак Яраша”.

 

Сур’ёзныя людзі адсюль даўно сышлі, кажа мне суразмоўца з ліку тутэйшых грамадзянскіх актывістаў. Але, дадае яна, Майдан як з’ява духоўная не знік, загартаваныя вулічным змаганнем грамадзяне, калі што, возьмуць на цугундар і новую уладу.

Сёння ж змаганне ідзе на іншых франтах, і лініі падзелу зусім іншыя, чым гэта было мінулай зімой.

Расійская агрэсія памяняла і прыярытэты ўкраінскай журналістыкі.

“Калі быў Майдан, у Адэсе і Харкаве былі каналы, якія не проста выступалі супраць Майдана, а гэта быў згустак нянавісці. Тыя каналы і сёння працуюць, але яны не працуюць супраць краіны”, — тлумачыць мне Мустафа Наем. Гэты ўкраінскі журналіст афганскага паходжання, калумніст вэб-газеты “Українська правда” ды адзін з натхняльнікаў праекта анлайнавага тэлебачання “Громадське ТБ”, нядаўна стаў лаўрэатам прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы”.

 

Асіметрычны адказ

Што да расійска-украінскага канфлікту, то “мы не можам быць аб’ектыўнымі, бо гэта наша краіна”, кажа Мустафа. Мы праходзім па 13-м паверсе адміністрацыйнага будынка ў цэнтры Кіева, дзе “Українська правда” ды “Громадське ТБ” арэндуюць памяшканні.

Зазіраем у невялікі пакой, і я не адразу ўязджаю, што тут жывы эфір. Спахопліваюся, толькі калі хлопец, што забяспечвае трансляцыю, незадаволена касавурыцца пасля таго, як спрацаваў бліц майго фотаапарата. “Громадське ТБ” працуе ў спартанскіх умовах, кампактнай камандай энтузіястаў, эфектыўнасць якой у разы большая, чым у калег на вялікіх, традыцыйных каналах, кажа Мустафа.

 

Касцяк каманды гэтага анлайнавага тэлебачання склаўся з людзей, што за часамі Януковіча сышлі з іншых медыяў праз заціск свабоды слова. “Мы хацелі прадаць аўдыторыі сваю рэпутацыю”, — зазначае мой суразмоўца.

“Громадське ТБ” пачало вяшчаць мінулай восенню за тыдзень да пачатку пратэстаў у Кіеве. І раскруцілася менавіта на асвятленні жыўцом падзей на Майдане ды вакол яго. Сёння ў кадры — найперш тое, што робіцца на ўсходзе і поўдні Украіны.

Наем адзначае, што новыя рэаліі спарадзілі, у прыватнасці, спрэчкі наконт тэрміналогіі: “цітушкі”, антымайданаўцы, сепаратысты і г.д. Як найболей дакладна, карэктна маркіраваць тыя ці іншыя групоўкі, плыні, сілы? Адным са спосабам стала ўжыванне рэмарак кшталту “як іх называюць такія і такія”.

Пры гэтым, падкрэслівае Наем, украінскія СМІ не адказваюць сіметрычна на маскоўскую прапаганду: “Расійскія СМІ хочуць паказаць пэўную карцінку, мы ж хочам даведацца праўду”.

 

“Пасіянарныя медыі не абавязкова маргінальныя”

Іншая рэч, што такі падыход, на думку майго суразмоўцы, зусім не выключае грамадзянскай пазіцыі, пасіянарнасці. І “УП”, і “Громадське ТБ” — рэсурсы з выразнай лініяй, тут не саромеюцца экспрэсіі. Рэдакцыі не выпадкова месцяцца побач: у іх працуюць аднадумцы. У пэўным сэнсе гэтыя два СМІ — як злучаныя пасудзіны.

“На шчасце, пасіянарныя медыі ва Украіне, адрозна ад Расіі і Беларусі, не абавязкова маргінальныя”, — зазначае Наем.

Ягоны сябра і суаўтар шэрагу журналісцкіх расследаванняў Сяргей Лешчанка, намеснік галоўнага рэдактара “УП”, дадае, што за час Майдана наведванне інтэрнэт-выдання ўзнялося ўтрая, да мільёна унікальных наведнікаў за суткі. Але пасля прэзідэнцкіх выбараў 25 траўня паказчык можа ўпасці, прызнае Лешчанка.

Аднак хто б ні перамог на хуткіх выбарах, ён не стане для журналістаў гэтых СМІ святарнай каровай. Не выводзяць яны з-пад крытыкі і цяперашні часовы ўрад.

“Новая ўлада была б рада, каб мы адключыліся на пару месяцаў”, — усміхаецца Мустафа. З яго слоў, сёння ў “Громадське ТБ” ёсць выхад на першы нацыянальны канал, перспектыва стаць сапраўдным, вялікім грамадскім тэлебачаннем. Але ў кожным разе яны не збіраюцца ісці шляхам канфармізму.

Дарэчы, “вялікія” ўкраінскія тэлеканалы, на думку Наема, “таксама шмат чаму навучыліся за гэтыя месяцы”. Узрасла ўвага да таго, што адбываецца па-за межамі краіны. Набыты досвед працы ва ўмовах ваенных дзеянняў.

Напачатку журналісты ішлі на Майдан без засцерагальнай амуніцыі — акуляраў, бронекамізэлек; без прыкрыцця (“тут жа ўсе свае”); хто-кольвек праз гэта застаўся без вачэй, калі пачалі свістаць гумавыя кулі, выбухаць гранаты. Сёння “ў гэтым плане ўсе выраслі”, адзначае Мустафа.

І ўвогуле, сама праца ў гушчы падзей робіць кантэнт болей праўдзівым, “журналіст у полі ўсё ж стараецца даць аб’ектыўную карцінку”.

 

Добры аўтар шануе рэпутацыю

Паводле Наема, “пасля Майдана стала прыемна глядзець адзін аднаму ў вочы і не хлусіць. Ні ў каго няма жадання пераступаць мяжу і займацца прапагандай з гэтага боку. У нас іншыя мэты — інфармаваць пра тое, што адбываецца на ўсходзе, а не ваяваць супраць Пуціна”.

Але ёсць і іншы аспект праблемы. “Украіна аказалася абсалютна не гатовай да інфармацыйнай вайны. У нас адсутнічае дзяржаўная інфармацыйная палітыка”, — жорстка заявіла ў інтэрв’ю для Mediakritika.by Юлія Маставая, галоўны рэдактар выдання “Дзеркало тижня” (“Зеркало недели”).

Прыватныя ж СМІ, паводле яе слоў, вызначаюць сваю палітыку як могуць. Свой тыднёвік рэдактарка прылічвае да якаснай прэсы. Падкрэслівае: “Мы не друкуем палітычную джынсу. Ніколі”. Дадае: асаблівасць “Дзеркала тижня” не толькі ва ўменні здабываць эксклюзіўную інфармацыю, але і “ва ўменні счытваць трэнды, прагназаваць”.

Маставая кажа: “Дзеркало тижня” — гэта газета аўтарскай журналістыкі. Нашы аўтары — гэта людзі, якія разумеюць адказнасць перад грамадствам і дзяржавай. Яны заўжды будуць на баку цалкам відавочных фактаў”.

Рэдактарка пералічвае гэты набор відавочнасцяў з гледзішча выдання — ад расійскай анексіі Крыма да няздольнасці цяперашняй украінскай улады.

 

Беларусь на чарзе?

Трэба прызнаць: на Украіне таксама ёсць рэсурсы, што выглядаюць зусім аднабокімі, не цураюцца публікацыі неправераных звестак. І разам з тым у кантэксце сённяшняга супрацьстаяння між Масквой ды Кіевам пазіцыі медыяў дзвюх краін зусім не сіметрычныя.

Амаль што ўсе расійскія СМІ сталі інструментамі ці закладнікамі аўтарытарнай улады, якая зрабіла стаўку на агрэсію, раздзіманне імперскіх інстынктаў. Прынцыповая адрознасць украінскай сітуацыі ў тым, што, як зазначыў адзін з маіх суразмоўцаў, “у краіне ёсць якая-ніякая дэмакратыя, і таму ўлады ў прынцыпе не могуць арганізаваць інфармацыйную вайну”.

Калі існуе масіў адносна незалежных СМІ, то медыйная супольнасць не ходзіць шыхтом, не шчоўкае абцасамі. Многія выданні на Украіне за лепшы адказ на інфармацыйную агрэсію ўважаюць прафесіяналізм, якасную журналістыку. Пры тым што журналісты, безумоўна, пачуваюцца патрыётамі Украіны.

У беларускіх жа рэгіёнах (Гомель, Брэст) тым часам украінскія каналы адключаюць. А вось расійскае вяшчанне ўлады чапаць баяцца. Мазгі беларусаў апынуліся пад тэрмаядзерным уздзеяннем шавіністычнай маскоўскай прапаганды.

Вярхоўка беларускай ўлады пэўна адчувае небяспеку інфармацыйнай агрэсіі з расійскага боку, але пакуль што, паводле экспертаў, не надае ёй такога значэння, каб рабіць нейкія радыкальныя захады. Заўтра ж, аднак, можа быць позна.

Ды і захады ўлада ўмее рабіць збольшага забаронныя. Ну ці арганізаваць прапагандысцкае мачылава ў адказ. Але гэта не рашэнне. Трэба развіваць уласную медыйную прастору. Бо сапраўдным адказам на брудную, чорную плынь хлусні ды шалу мусіць быць якасная, сумленная журналістыка.

Фота аўтара.

Оценить материал:
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: