ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

На халеру чыстаплюі на інфармацыйнай вайне?

На вайне як на вайне. Гэта не тое месца, дзе журналісту варта занадта клапаціцца пра чысціню рызаў. Такая думка прагучала з залы падчас ток-шоў “Журналістыка ў эпоху інфармацыйных войнаў”.

Яно адбылося 18 траўня, у апошні дзень ІV фестывалю моладзевай журналістыкі “Твой стыль” у Гародні. У дыскусіі браў удзел і аўтар гэтых радкоў.

У прыватнасці, давялося у палемічным ключы, завострана адказаць метадолагу Уладзіміру Мацкевічу, з якім ужо выпадала спрачацца на гэту тэму і чый падыход да місіі СМІ я назваў інструментальным.

Калі сцісла, то гэтым разам тэзы апанента палягалі ў тым, што расійскай інфармацыйнай агрэсіі трэба даваць спланаваны моцны адказ цераз нашы незалежныя СМІ. І мусіць быць каардынацыя, мецца нейкі цэнтр, які б накіроўваў гэтае сустрэчнае змаганне.

 

Перазамбаваць зомбі?

Для пачатку прапаную пагадзіцца, што інфармацыйная вайна — гэта анамалія, яна дэфармуе псіхіку. Як зазначыў падчас ток-шоў Дзмітрый Сурнін, кіеўскі медыйны эксперт з багатым досведам працы ў Расіі, на такой вайне (як і на любой, зрэшты) “свет становіцца плоскім, бы манета”. Калі ты ўдзельнік, то ты можаш быць або на адным баку, або на іншым.

І ў такіх надзвычайных абставінах той, хто хоча праўды, будзе яе знаходзіць. Але многія пры гэтым не хочуць праўды, пануе “масавы неўроз”, адзначыў Сурнін.

Дадам: шмат хто (жывучы савецкі дух “пралетарскай нянавісці”?) менавіта ў такой істэрычнай атмасферы, у такой прымітыўнай сістэме каардынат (свой/чужы, мы/ворагі) пачуваецца як рыба ў вадзе. І з плыні інфы пра канфлікт вывуджвае толькі тыя факты, што адпавядаюць ягонаму светапогляду, ягонай маніхейскай трактоўцы супрацьстаяння (нашы — сілы дабра, не нашы — сілы зла).

Такіх цяпер багата ў фэйсбуку. Выдзіраюць нейкія жахлівыя фэйкі з вельмі мутных крыніц і шалёна посцяць з прыпіскамі: ну, што я вам казаў пра гэтых нягоднікаў?

І вось гэтая маса апантаных людзей, каторыя не хочуць чуць ды бачыць нічога, што не ўкладаецца ў іх ментальны пракрустаў ложак, — вялікая праблема для тых СМІ, што вызнаюць якасную, добрасумленную падачу інфармацыі, узважанае, па магчымасці бесстаронняе каментаванне. Бо кінжальная прапаганда ў кароткатэрміновым перыядзе можа быць значна болей эфектыўнай. На кані — крутыя байцы, прапагандысцкі спецназ.

І таму пытанне пра супрацьяддзе зразумелае. У мяне няма цудадзейнага рэцэпту. Перакананы толькі ў адным: нельга адну атруту перабіваць іншай.

Аператар “Белсата” Аляксандр Баразенка, які здымаў на ўсходзе Украіны ў гарачыя дні, на ток-шоў падкрэсліў: мы працуем на той слой, які хоча ведаць праўду.

Гэта прынцыповая тэза. Такой аўдыторыі трэба даваць звычайны медыйны прадукт — інфармацыю ды аналітыку. Ставіць жа задачу “перазамбаваць” на сваю карысць замбаваных іншым бокам — гіблая рэч.

 

Выкопваць праўду з-пад завалаў хлусні

Згадваецца, як нядаўна ў Кіеве я гутарыў са знакамітым тамтэйшым калумністам, натхняльнікам “Громадське ТБ” Мустафом Наемам. Ён падкрэсліў, што ўкраінскія журналісты, працуючы дэ-факта на вайне, шмат чаму навучыліся тэхнічна: надзяваць бронекамізэлькі ды іншую абаронную амуніцыю, забяспечваць сабе прыкрыццё і г.д.

Але і ва ўмовах форс-мажору задачы прэсы ў прынцыпе традыцыйныя. Проста здабываць інфу цяжэй. І вельмі цяжка адрозніваць яе ад дэзы.

“Адрозніваць зярняты ад шалупіння ў такі час — гэта вельмі цяжкая праца”, — падкрэсліла на ток-шоў Вольга Шастакова, беларуская журналістка, якая апошнія тры гады жыла і працавала на Украіне.

Вольга дала калегам-пачаткоўцам некалькі практычных парад, як працаваць ва ўмовах, блізкіх да вайны: дакопвайцеся да першакрыніцы інфармацыі, вызначайце, ці можна ёй давяраць; старайцеся аператыўна ўзяць каментар з нагоды той ці іншай падзеі ў эксперта; не паддавайцеся эмоцыям; дайце сабе дваццаць хвілін пагугліць; вучыце замежныя мовы.

Апошняе, на думку Вольгі Шастаковай, асабліва важна вось чаму: “Як чалавек не заўважае, што дыхае, так і мы не заўважаем, што знаходзімся ў рускамоўнай інфармацыйнай прасторы”.

 

Місія тая ж, толькі страляюць

Некаторыя прадстаўнікі трэцяга сектара, што ўдзельнічалі ў дыскусіі, даводзілі: ва ўмовах інфармацыйнай вайны (а ў гэтым вымярэнні Беларусь “ёсць часткай акупаванай тэрыторыі”) медыі мусяць адмовіцца ад “штампаў аб’ектывістыкі”. Іначай кажучы, на вайне як на вайне. Нам патрэбны медыі, якія б супрацьстаялі расійскай экспансіі. І патрэбен нейкі штаб, які б гэту місію каардынаваў.

Цікава, дзе будзе гэты штаб? У офісе нейкай партыі? У Варшаве? Вашынгтоне? Чаму асобна ўзяты журналіст Класкоўскі ці, напрыклад, інфармацыйная кампанія БелаПАН мусяць падпарадкоўвацца загадам (ну, скажам мякчэй, рэкамендацыям) з гэтага штаба?

Мне абсалютна не даспадобы імперская палітыка, але я не хачу, каб нейкія важныя дзеячы, стратэгі, функцыянеры мабілізоўвалі мяне на змаганне, вызначалі мне акоп. У мяне няма звышзадачы біцца супраць канцэпцыі “рускага свету”, як гэта гучала на ток-шоў.

Журналіст, якога мабілізуюць на змаганне супраць нечага варожага, — падыход, да болю знаёмы з савецкіх часоў. Гэта для моладзі, што сабралася на “Твой стыль”, інфармацыйная вайна вакол Украіны і ўнутры яе — мо першы ўзор такога кшталту. Нас жа ў часы маёй маладосці рыхтавалі на журфаку да перманентнай ідэалагічнай бітвы з сусветным імперыялізмам.

Так што ў мяне асабіста даўно выпрацавалася алергія на любыя мабілізацыі. І моладзі, якую я пабачыў на гарадзенскім фэсце, далібог, лепей не апранаць шынялі жаўнераў ідэалагічнай вайны.

 

Права на пазіцыю

Увогуле ж украінскія падзеі толькі падлілі алею ў агонь старой дыскусіі пра місію СМІ. Часта яна разгортваецца між палітыкамі, грамадскімі дзеячамі ды пасіянарнымі актывістамі, з аднаго боку, і прадстаўнікамі медыйнай супольнасці, з іншага.

Калі агаліць сутнасць, то інструментальны падыход (медыі як сродак змагання за нешта ці супраць нечага) так ці іначай сугучны тэзам ленінскай працы “Партыйная арганізацыя і партыйная літаратура”: прэса мусіць быць “колцам і шрубкай” агульнапралетарскай справы и г.д. (“агульнапралетарскую” можна замяніць любым патрэбным азначэннем, напрыклад — “антыімперскай”).

Пры гэтым хачу зрабіць дзве прынцыповыя рэмаркі.

Па-першае, я не перакрэсліваю права журналіста на грамадзянскую пазіцыю, патрыятызм, як і неабходнасць рэдакцыйнай палітыкі. І калі акінуць вокам беларускія недзяржаўныя СМІ, дык усе яны — з выразнай пазіцыяй. Пакажыце мне тых міфічных абсалютных нейтралаў, якіх вы выкрываеце!

Проста варта памятаць, што журналістыка — розная. Ёсць журналістыка фактаў і журналістыка меркаванняў. Факты — гэта святое: нельга хлусіць, замоўчваць, перакручваць. Ва ўмовах канфліктаў вельмі важная праблема карэктнай тэрміналогіі: як называць у заметках, рэпартажах прадстаўнікоў розных сіл (тых, у прыватнасці, што самі без дыпламатыі лепяць адзін на аднаго ярлыкі “бандэраўцаў” ды “каларадаў”).

Аўтарская ж аналітыка, публіцыстыка, блогерства і ў якасных СМІ даюць шырокі абсяг для суб’ектыўнага погляду, асабістых ацэнак, вострых азначэнняў, хаця і тут, на мой густ, варта ведаць меру.

Па-другое, для мяне несумненна, што і ў дзяржавы мусіць быць палітыка ў галіне інфармацыйнай бяспекі. Гэтаксама і партыі, грамадскія структуры могуць і павінны распрацоўваць свае медыйныя стратэгіі, ладзіць паводле іх уласныя дачыненні з медыямі, каб прасоўваць свае ідэі.

Аднак ідэалогіяй саміх СМІ мусіць быць выключна прафесійны падыход да сваёй місіі — інфармаваць, аналізаваць, даваць палітру меркаванняў.

Калі журналіст, рэдакцыя становяцца ў шэраг байцоў ідэалагічнага фронту — капец прафесіяналізму.

Дзмітрый Сурнін параўнаў місію журналіста з місіяй доктара, які пры патрэбе павінен апераваць салдат з абодвух бакоў. На яго думку, “журналіст не ёсць суб’ектам вайны. Калі ён удзельнічае — гэта ўжо іншая прафесія”.

 

Бракуе акурат занудаў-профі

У спрэчках на гэту тэму я выкарыстоўваю просты прыём. Прапаную паказаць прыклады, калі б журналісты, медыі, што сталі ваярамі інфармацыйнай вайны, паказвалі узоры сапраўднай журналістыкі, давалі кандыцыйны медыяпрадукт.

Няма такіх узораў. Зацятае змаганне на адным з бакоў, хай сабе і нібыта святое, так ці іначай ператвараецца ў мачылава, баі без правіл. На любой вайне першай ахвярай становіцца праўда.

Паглядзіце, ува што ператварыліся многія расійскія медыі, якімі адыёзнымі фігурамі выглядаюць сёння некаторыя тамтэйшыя мэтры, што мелі колісь рэпутацыю моцных, таленавітых профі!

Інфармацыйныя войны рана ці позна канчаюцца, а вось прафесійная рэпутацыя — або яна ёсць, або яе няма.

Ды і ўвогуле, на мой погляд, праблема зусім не ў тым, што мала ахвотных пазмагацца на інфармацыйнай вайне. Па мне дык наадварот: зашмат байцоў ідэалагічнага фронту і бракуе акурат тых занудаў-прафесіяналаў, у якіх толькі і знойдзеш дакладную, чыстую, вывераную на 100% інфу, узважаны аналіз з мінімумам суб’ектывізму. Бракуе “чыстаплюеў”, якія імкнуцца ў форс-мажорных абставінах датрымліваць каноны прафесіі.

Калі некаму хочацца “ўкалоцца і забыцца”, атрымаць дозу прапагандысцкага наркотыку, лішні раз пераканацца, “якія сволачы” на іншым баку канфлікту, то хай уключае адпаведныя каналы, чытае адпаведныя сайты — іх да халеры.

Калі ж вы хочаце ведаць, што адбылося там і там насамрэч — вы будзеце шукаць інфу ад медыйных занудаў-чыстаплюеў. Такіх яшчэ трохі засталося.

Фота аўтара і з сайта 3sektar.by.

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (2 оценок)
распечатать Обсудить в: