ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Качка маркі Су-27: разбор палётаў

В фокусе

“Расійскія знішчальнікі пакінулі Беларусь” — такога кшталту гучныя загалоўкі з’явіліся 5 чэрвеня на шэрагу айчынных вэб-рэсурсаў. Але назаўтра БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Мінабароны паведаміў, што расійскія самалёты працягваюць несці баявое дзяжурства на беларускіх аэрадромах.

Першапачатковую ж навіну вэб-медыі (сайт “Еўрарадыё”, nn.by, charter97, UDF.BY ды іншыя) разнеслі са спасылкай на babruisk.by. Прычым некаторыя “ўзмацнілі” загаловак, які на рэгіянальным партале ад пачатку выглядаў так: “Расійскія знішчальнікі пакінулі Бабруйск” (пастфактум гэта публікацыя пачала падчышчацца).

Рэдактар БелаПАН Вячаслаў Будкевіч, які стала вядзе вайсковую тэматыку, паведаміў Mediakritika.by, што быў здзіўлены гэтымі паведамленнямі і таму звярнуўся па ўдакладненне ў прэс-службу Міністэрства абароны, а таксама камандаванне Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны. Там абверглі некарэктныя звесткі.

Як вынікае з тлумачэнняў людзей у пагонах, блытаніну спарадзіла тое, што месцы размяшчэння расійскіх лётчыкаў наведваў на гэтым тыдні камандуючы ВПС-СПА Беларусі генерал-маёр Алег Двігалёў. Але той пабываў у Баранавічах і Бабруйску дзеля таго, каб выказаць лётчыкам з суседняй краіны падзяку за дапамогу ў арганізацыі паветранай бяспекі падчас чэмпіянату свету па хакеі.

Уручэнне расійскім пілотам у звязку з гэтым сувеніраў ды каштоўных падарункаў хто-кольвек, відаць, успрыняў як развітанне назаўсёды — і пайшла пісаць губерня.

 

“Дзякуй за службу!” зразумелі як “Бывайце назаўсёды!”

Дарэчы, у гэтым канкрэтным выпадку і партал babruisk.by не быў першакрыніцай. Як я высветліў, заметку зрабілі на падставе публікацыі на… партале Саюзнай дзяржавы. Прычым на гэты рэсурс не спаслаліся, а паставілі пад навіной туманны радок “Па матэрыялах СМІ”.

Пры далейшых перадруках на гэты падазроны радок, відаць, не зважалі (во, навіна з самога Бабруйска, дзе аэрадром!), а дарэмна.

Вы будзеце доўга смяяцца, але і партал Саюзнай дзяржавы, у сваю чаргу, перадрукаваў (таксама некарэктна, без гіперспасылкі) тэкст “Дзякуй за службу, сябры!” з сайта… “Белорусской военной газеты”.

Уф-ф! Здаецца, мы дакапаліся да першакрыніцы. І ў ёй — ні слова пра тое, што Су-27 пакідаюць Беларусь. Магчыма, аўтараў псеўдасенсацыі ўвяла ў зман фраза генерала Двігалёва пры ўручэнні падарункаў расійскім лётчыкам: “Спадзяюся, у вас застануцца самыя добрыя ўспаміны аб знаходжанні на беларускай зямлі”.

Але ж фішка ў тым, што расійскія звёны з Петразаводска знаходзяцца тут на ратацыйнай аснове. Так што гэтыя адляцяць — іншыя прыляцяць. Ніякай сенсацыі.

Анекдот яшчэ і ў тым, што ў выніку Міністэрству абароны давялося зняпраўджваць навіну, ногі якой растуць са скажонай трактоўкі паведамлення, надрукаванага органам самога Міністэрства абароны!

 

Першародны грэх копіпасту

Медыйныя качкі сёння, на жаль, не рэдкасць, асабліва ў інтэрнэт-СМІ. Корань зла ў тым, што многія з іх арыентаваныя на прымітыўны копіпаст ды паспешлівы павярхоўны рэрайтынг.

На здабычу сваёй інфы ці элементарную праверку фактуры бракуе штату, часу ды і ахвоты. Нашто ўпірацца рогам, калі здыманне вяршкоў з іншых рэсурсаў можа даваць большы плён?

Сапраўды, некаторыя сайты-агрэгатары (у прыватнасці, за кошт хітрыкаў SEO) маюць большае наведванне, чым тыя нешматлікія рэсурсы, якія і цягаюць для астатніх каштаны з агню — сваімі сіламі здабываюць факты, прадукуюць арыгінальны кантэнт.

За кошт злізвання такога кантэнту каму-кольвек можна жыць прыпяваючы. Але ў выніку дэфармуецца сама сутнасць журналісцкага рамяства (рэпарцёрства, даследаванне праблем адмірае, рэй вядзе спрытнае перапісванне чужога), дэградуе прафесійная этыка. У прыватнасці, іграруецца класічнае правіла дзвюх крыніц, скіраванае на тое, каб спраўджваць сумнеўныя звесткі, страхавацца ад фэйкаў, дэзы, плётак.

Тэлефанаванне рэдактара Будкевіча ў вайсковыя структуры акурат і ёсць ужытым на аўтамаце правілам дзвюх крыніц. Але ці многія сёння памятаюць ды хочуць ужываць такую прафесійную азбуку?

Яшчэ болей: нават калі нейкі факт абвяргаецца, далёка не кожны рэсурс ўважае за патрэбу даць абвяржэнне. Дзеля справядлівасці адзначу, што ў нашым выпадку абвяржэнне ад Мінабароны назаўтра далі амаль што ўсе.

 

Хто прадае кантэнт, той болей адказны

З сюжэту, які мы разбіраем, вынікае і яшчэ адзін урок: трэба мець у штаце людзей, якія спецыялізуюццца на пэўных тэматычных кірунках. Калі чалавек у тэме, то яго адразу мусіць таргануць дзіўная, нематываваная адмова расійцаў ад планаў узмацніць прысутнасць сваёй авіяцыі ў Беларусі (а менавіта так і выглядала ўчорашняя дзьмутая сенсацыя паводле гучных загалоўкаў).

Тыя, хто адсочвае тэму, ведаюць, у прыватнасці, што звяно, якое цяпер дзяжурыць у Баранавічах, ёсць ядром будучай расійскай авіябазы. Гэты праект Масква праціскае другі год, і было б надта нелагічна, каб расійскія дзеячы адмовіліся ад задумы менавіта цяпер, калі яны на нажах з Украінай, увайшлі ў клінч з усім Захадам.

Але на навіны (то бок на іх перадзіранне) у вэб-рэдакцыях часта садзяць даволі малапісьменных верхаглядаў, якім абы хутчэй скопіпасціць ды прышпіліць спекулятыўны загаловак.

Прасочваецца і такая заканамернасць. Тыя рэдакцыі, што жывуць з манетызацыі кантэнту, прадаюць інфармацыю ды аналітыку, — ставяцца да праверкі фактуры нашмат болей адказна, бо ад рэпутацыі залежаць продажы.

Але ж такіх рэдакцый вобмаль. Вэб-рэсурсы пераважна трымаюцца на спонсарстве, іншых крыніцах, не звязаных з якасцю прадукаванага кантэнту. Па вялікім рахунку інтэрнэт застаецца дурніцай, і паколькі чытач не плаціць, то не можа закінуць дзейсныя прэтэнзіі стваральнікам рэсурсу.

 

Абы трафік быў

Медыйны эксперт Паўлюк Быкоўскі наступным чынам пракаментаваў для Mediakritika.by сюжэт з расійскімі знішчальнікамі: “Гэты прыклад яшчэ раз яскрава сведчыць, што журналістам не варта грэбаваць прынцыпамі, трэба працаваць так, як трэба. У прыватнасці, зважаць на аўтарытэтнасць крыніцы, сачыць, каб у спрэчных выпадках гэта былі розныя крыніцы, якія не перакрыжоўваюцца”.

Звычайна цяжэй інфармацыйным агенцтвам, што канкуруюць між сабой і стараюцца даваць навіну як мага болей аператыўна, адзначыў суразмоўца. Але разам з тым, сказаў ён, менавіта агенцтвы іншым разам прытрымліваюць заметку да пацвярджэння, асабліва калі гаворка ідзе пра вельмі сур’ёзныя, напрыклад, тыя ж вайсковыя пытанні.

Па вялікім рахунку, мяркуе Быкоўскі, “вызначальным ёсць тое, ці працуе рэсурс паводле стандартаў якаснай журналістыкі, ці яму не вельмі важная рэпутацыя”.

Пры гэтым непраўдзівыя паведамленні могуць нават прыцягваць дадатковае наведванне, спрыяць камерцыйнаму поспеху. І нават калі частка чытачоў адвернецца ад рэсурсу, то “пошукавыя робаты ўсё адно будуць забяспечваць трафік”, канстатаваў эксперт.

 

Часта досыць аднаго званка

Зрэшты, заставаўся пікантны момант, які не дазваляў мне паставіць тут кропку.

У інтэрв’ю карэспандэнту “Свабоды” Алегу Грузділовічу начальнік упраўлення інфармацыі Мінабароны Уладзімір Макараў спачатку нібыта пацвердзіў адлёт самалётаў з Бабруйска: “Яны выканалі сваю задачу. Застаюцца толькі звёны. Пазней мы паведамім, колькі засталося расійскіх самалётаў”.

Такім чынам, напрошвалася версія, што прыбіраюцца самалёты, перакінутыя ў Бабруйск у сакавіку (іначай кажучы, Расія дэманструе зніжэнне напружання ў дачыненнях з Украінай), а тыя, што раней атабарыліся ў Баранавічах і заслупавалі месца пад авіябазу, застаюцца.

Але пазней службовец заявіў журналісту, што “не пра тое казаў”, ды параіў арыентавацца на сайт ведамства. На ім жа змешчана паведамленне, згодна з якім расійскія знішчальнікі — чатыры Су-27 у Баранавічах і шэсць у Бабруйску — “працягваюць нясенне супольнага баявога дзяжурства па супрацьпаветранай абароне Саюзнай дзяржавы”.

Сапраўды непаразуменне (“сапсаваны тэлефон”) — ці “вайсковая хітрасць”? Тут хоцькі-няхоцькі згадаўся класічны ўжо прыклад, калі людзі ў пагонах доўга аднекваліся ад плюшавага дэсанту. А раптам і гэтым разам нехта нешта недагаворвае? А раптам маюць месца нейкія манеўры Масквы, звязаныя са знаходжаннем Пуціна ў Нармандыі, і расійскую авіяцыю з Бабруйска прыбралі цішком, не надта тлумачачы нешта беларусам?

Аднак канспіралагічную версію развеяла маё тэлефанаванне ў Бабруйск калегу Анатолю Санаценку. Той засведчыў: “Чуваць, як гудуць турбіны на аэрадроме, і відаць аэразольны след у небе”. То бок расійскія Су-27, ва ўсякім разе на сённяшні дзень, сапраўды нікуды не падзеліся.

Каб упэўніцца ў гэтым, хапіла аднаго званка.

Фота з сайта ctv.by

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: