ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Чым СМІ адрозніваюцца ад зліўнога бачка?

В фокусе

Гісторыя, калі ў медыі трапіў запіс гутаркі пранкера Вавана з Аляксандрам Лукашэнкам, — дзіцячы лепет у параўнанні з тым скандалам вакол праслухоўкі важных службовых персон, што скалануў Польшчу.

Калі браць пад увагу чыста медыйны аспект, то для журналісцкай супольнасці пытанне палягае ў наступным: як мусяць сябе паводзіць рэдакцыі СМІ, калі праз іх спрабуюць зліць кампрамат? Публікацыя такіх зліваў — гэта святая барацьба за ачышчэнне ўлады ці ўдзел прэсы ў брудных гульнях?

 

Жучкі ў рэстарацыі

Раздрукоўкі аўдыязапісаў, патаемна зробленых падчас абедаў ды вячэраў палітыкаў у рэстарацыі, нядаўна стаў порцыямі выкідаць у друк тыднёвік “Впрост”.

У прыватнасці, на адным з запісаў нібыта міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі ў хвосткіх выразах бэсціць галоўнага хаўрусніка Польшчы — Злучаныя Штаты. “Польска-амерыканскі альянс бескарысны, нават шкодны, паколькі ён надае Польшчы фальшывае пачуццё бяспекі”, — гэта яшчэ адзін з самых вытанчана сфармуляваных пасажаў. Далей Сікорскі (ці нібыта ён) параўноўвае дачыненні Варшавы і Вашынгтона з сексуальнымі паслугамі…

Шэраг іншых знаных персон польскай грамадска-палітычнай сцэны паўстаюць праз гэтыя злівы таксама не ў найлепшым святле: абмяркоўваюць, як спрытней спляжыць праціўнікаў, шырока ўжываюць вульгарную лексіку.

Рэдакцыя “Впрост”, якую абвінавачваюць у парушэнні этыкі, закону, падкопе пад нацыянальныя інтарэсы, адбіваецца ад наскокаў, цвердзячы, што трэба казаць пра ўладу праўду, якой бы горкай яна ні была, менавіта каб дзяржава станавілася мацнейшай.

 

І тут рука Масквы?

У рэдакцыі “Газеты выборчэй”, дзе мне з калегамі давялося днямі пабываць, падыход “Впрост” не падзяляюць, называюць яго цынічным, скіраваным на ўздым накладу любым чынам.

Нашы суразмоўцы найперш зважаюць на тое, што запісы прыватных гутарак зроблены незаконна (дарэчы, польская пракуратура з гэтае нагоды ўзбудзіла справу). Па-другое ж, маўляў, за злівам відавочна стаяць нейкія гульцы, напэўна замежныя, якія хочуць дэстабілізаваць сітуацыю у Польшчы.

Найболей папулярная версія, што скандал з праслухоўкай ёсць справай рук расійскіх спецслужб, бо Крамлю важна выбіць Варшаву з актыўнага ўдзелу ва ўкраінскім пытанні.

У прыватнасці, такі погляд выкладае Якуб Карэйба на старонках выдання “Ньюсуік Польска”.

Ён са скрухай зазначае, што як у былыя часы, так і цяпер “сумежным дзяржавам дастаткова даць палякам у рукі сякеры ды трохі справакаваць, каб потым спакойна назіраць, як яны самі адзін аднаго забіваюць, чарговы раз разбураючы сваю дзяржаву”.

 

“Газета выборча”: не толькі інфармаваць, але і тлумачыць

Каб выкінуць кампрамат на публіку, сёння, у эпоху інтэрнэту, увогуле не патрэбны традыцыйныя медыі, адзначае першы намеснік галоўнага рэдактара “Газеты выборчэй” Яраслаў Курскі, другі ў рэдакцыі чалавек пасля легендарнага Адама Міхніка.

Такім чынам, калі тое ці іншае выданне скарыстоўваецца дзеля зліву, то выключна з мэтай яго легітымізаваць, падкрэслівае суразмоўца.

“І тут мы мусім быць вельмі абачлівымі”, — кажа Курскі. Іначай, на яго думку, выданне можа лёгка стаць аб’ектам маніпуляцыі.

“Мы — і журналісты, і грамадзяне, прычым грамадзянскі складнік моцны. Гэта ідзе ад нашай этыкі падпольнай барацьбы”, — так тлумачыць прафесійныя прынцыпы “Газеты выборчэй” першы намеснік галоўнага рэдактара.

Нагадаю: Адам Міхнік, легендарны шэф гэтага выдання, за часамі камунізму ў Польшчы быў дысідэнтам, актывістам “Салідарнасці”. У рэдакцыі з гонарам падкрэсліваюць, што створаная у 1989 годзе “Газета выборча” стала першым незалежным перыёдыкам ва ўсім камуністычным лагеры, які тады пачаў калапсаваць.

І тут я задаю пану Курскаму правакацыйнае пытанне: а ці не могуць адбівацца на рашэнні, які кампрамат друкаваць, а які не, палітычныя сімпатыі ці антыпатыі кіраўніцтва рэдакцыі?

Мой суразмоўца згаджаецца: так, нейкай матэматычнай формулы тут няма. Ключавым у гэтым пытанні, са слоў Курскага, ёсць чыннік грамадскага інтарэсу. У кожным канкрэтным выпадку мусіць быць унутраная дыскусія, а канчатковае рашэнне прымае галоўны рэдактар. І ён тут дзейнічае, як сапёр, зазначае пан Курскі.

Што да скандалу з праслухоўкай, то “Газета выборча”, як падкрэсліваюць у рэдакцыі, робіць акцэнт не на смакаванні пікантных момантаў, а на ўласным расследаванні з галоўным пытаннем: каму гэта выгадна?

“Журналістыка, як ні пафасна гэта гучыць, па-ранейшаму ёсць нашай місіяй, — кажа сакратар рэдакцыі “Газеты выборчай” Раман Мірскі. — А гэта азначае, што мы мусім не толькі інфармаваць, але і тлумачыць”.

Пры гэтым пан Мірскі падкрэслівае: галоўнай функцыяй медыяў ёсць кантроль над уладай.

 

Ваван і Лукашэнка: хто прасек маралітэ?

Спрэчкі аб прафесійнай этыцы, прынцыпах якаснай журналістыкі, што разгарэліся ў польскай медыйнай супольнасці ў звязку з гэтым “касетным скандалам”, цалкам актуальныя і для беларускай журналістыкі.

Айчынныя медыі, асабліва анлайнавыя, нярэдка вядуцца не толькі на злівы, але і на фэйкі, дэзу. У выпадках сумнеўнай інфы часта ігнаруецца правіла дзвюх крыніц. І потым, калі высвятляецца ісціна, не многія СМІ вяртаюцца да тэмы, лухта так і застаецца вісець на сайтах.

У гэтым сэнсе павучальным ёсць адносна нядаўні польскі прыклад, калі Томаш Урублеўскі на сваю ініцыятыву сышоў з пасады галоўнага рэдактара “Рэчы Паспалітай” пасля скандалу з публікацыяй, у якой фігуравалі непраўдзівыя звесткі пра наяўнасць выбухоўкі на борце самалёта польскага прэзідэнта Леха Качыньскага, што разбіўся пад Смаленскам. Сваю адстаўку Урублеўскі патлумачыў клопатам пра рэпутацыю выдання.

У нас жа не толькі адставак пасля публікацыі качак, але і абвяржэнняў часта не пабачыш.

Не так даўно мне, напрыклад, давялося пісаць на “Медыякрытыцы” пра тое, як масава нашы сайты павяліся на непраўдзівае паведамленне, нібыта расійскія самалёты пакінулі Беларусь.

Ды і тую ж гісторыю са званком нібыта сына Януковіча Лукашэнку большасць нашых анлайнавых СМІ рэтранслявалі ў рэжыме копіпасту, не ўключаючы мазгі самой рэдакцыі, не спрабуючы зладзіць уласнае даследаванне. У лепшым выпадку дадавалі трохі сцёбу.

Так, спачатку за чыстую манету выдавалася, што званіў сын Януковіча, потым распачалася стадыя выскаляння на тэму, як расійскі жартаўнік пасадзіў у галёш беларускага кіраўніка ды яго атачэнне. Да аналізу, што гэта была за гульня і які званочак ды ад каго насамрэч атрымаў Лукашэнка, амаль што ніхто не дайшоў.

Якаснай прэсе сёння цяжка ўтрымацца і ў Польшчы: жаўцізна імкнецца весці рэй, прычым сеціва надае ёй другое дыханне. “Прэса дурнее ва ўсім свеце”, — зазначае Раман Мірскі.

Мне ж асабіста блізкі “нямодны” падыход калег з “Газеты выборчэй”: забароненых тэм няма, але над любой тэмай трэба працаваць, датрымліваючы закон, этыку ды памятаючы пра комплексную місію журналістыкі — не толькі інфармаваць, а яшчэ і тлумачыць.

І мой прагноз: праз нейкі час, калі публіка наесца вэб-папсы, лухты з сацыяльных сетак, запыт грамадства на якасную прэсу ўзмоцніцца. Так што трэба трымаць планку.

На здымках: планёрка ў адным з аддзелаў “Газеты выборчэй”; Яраслаў Курскі, правая рука легендарнага Адама Міхніка.

Фота аўтара.

Варшава — Мінск.

Оценить материал:
5
Средняя: 5 (2 оценок)
распечатать Обсудить в: