ОБ АВТОРЕ

Постоянный корреспондент Mediakritika.by.

Журналист-фрилансер. SMM'щик.

Экс-редактор ныне замороженного проекта 'Belarusian News Photos'.

В 2014 году окончил Институт журналистики БГУ.

Член БАЖ

Вы здесь

Аляксандр Баразенка пра працу ў гарачых кропках

Ремесло

Журналіст тэлеканала Белсат Аляксандр Баразенка з пачатку украінскіх падзей працаваў і на Майдане, і ў паўднёва-ўсходняй частцы Украіны. На семінары па бяспецы журналісцкай дзейнасці Баразенка распавёў пра працу ў гарачых кропках і даў пэўныя парады, як зрабіць сваё знаходжанне ў такіх месцах больш бяспечным і камфортным.

Mediakritika.by прыводзіць некаторыя тэзісы з выступу Баразенкі.

 

ЭКІПІРОЎКА

Экіпіроўка і тое, што мы бярэм, павінны быць практычнымі. Склад нашых рэчаў залежыць ад таго, куды мы едзем.  Асноўнае — заплечнік, бо для журналіста важна мець свабодныя рукі.

У рызыкоўных вандроўках абавязкова мець з сабою ўлетку: лёгкую куртку з матэрыялу, які не прапускае ваду і не прадзьмухваецца ветрам; лёгкі джэмпер, які будзе вас саграваць; некалькі футболак і джынсаў; капялюш, які абароніць і ад спёкі, і ад холаду, і ад ападкаў; нейкую бандану, якая можа абараніць таксама і ад газу, калі той будзе ўжывацца; добра разношаны абутак, які вы даўно ведаеце і ў якім вам камфортна; як мага больш батарэй, акумулятараў, картак памяці і г.д.; ліхтарык, тэрмас, пляшку з вадою, можна ўзяць спальны мяшок; аптэчку; карты мясцовасці.

 

ПРА КАМУФЛЯЖ

Вельмі шмат журналістаў у зоне баявых дзеянняў выбірае камуфляж. Гэта спрэчнае пытанне. З аднаго боку, вас могуць прыняць за вайскоўца і пачаць страляць як па вайскоўцу. Але з іншага боку, гэта нейкая маскіроўка. Мы апраналіся проста ў звычайную камфортную вопратку.

 

ПРА СРОДКІ АБАРОНЫ

Добрая бронекамізэлька каштуе каля $2000. Добры шлем, які можа выратаваць хоць ад якой кулі, каля $600. Акуляры, якія выратуюць вочы хаця бы $300. На двух чалавек выйдзе прыкладна $6000. Ёсць выйсце: браць у арэнду. У Кіеве тыднёвая арэнда бронекамізэлькі будзе каштаваць каля 500 даляраў.

Журналіст у праве адмовіцца ехаць у камандзіроўку, калі рэдакцыя не можа забяспечыць яго такімі сродкамі абароны. Ніхто не мусіць вас прымушаць рызыкаваць сваім жыццём.

Гіпатэтычна, можна звярнуцца да вайскоўцаў па сродкі абароны. Практычна — украінскім, напрыклад, вайскоўцам самім не хапае гэтага.

 

ПРА ДАКУМЕНТЫ

З сабою вам трэба мець як мага больш дакументаў. Акрамя рэдакцыйнага пасведчання абавязкова мець рэдакцыйнае заданне, пасведчанні нацыянальнай і міжнароднай асацыяцый журналістаў. Пажадана мець лісты-рэкамендацыі ад тых людзей, якія вядомы ў краіне куды вы едзеце. Як мага раней трэба заладзіць нейкія фармальнасці, напрыклад, звярнуцца па акрэдытацыі. Можна ўзяць невялічкі наклад ці раздрукоўкі таго СМІ, на якое вы працуеце.

Ні ў якім выпадку нельга браць з сабою фотаздымкі, дзе вы са зброяй у руках. Непажадана браць з сабою спісы ці фотаздымкі ўдзельнікаў боек, генералаў і г.д. - могуць падумаць, што вы шпіён. Непажадана браць з сабою графік кантактванняў з рэдакцыяй.

ДЗЕ НОЧЫЦЬ

Вельмі важна, каб гэта было надзейнае месца. Некаторыя калегі любяць жыць вялікай группай журналістаў. Тады прасцей «забраць» усіх і адразу. Надзейней абіраць невялічкія прыватныя гатэлі ці ўвогуле прыватныя кватэры — мала хто даведаецца, дзе вы жывеце, калі не будзе нейкага спецыяльнага сачэння.

 

ПА ПРЫЕЗДЗЕ

Калі прыязджаеце працаваць у гарачую кропку, зарэгіструйцеся ў нейкім мясцовым органе. Нават калі не прадугледжаны інстытут акрэдытацыі. Гэта можа быць штаб войска ці проста мясцовая адміністрацыя. Такая працэдура ўзаконіць ваша знаходжанне і вы фактычна будзеце пад абаронай органа, які зараз кантралюе тэрыторыю.

 

АСНОЎНЫЯ ПРЫНЦЫПЫ ПРАЦЫ Ў ГАРАЧЫХ КРОПКАХ

Па-першае, ніколі нельга расслабляцца. Любое сказанае вамі слова можа быць зразумела незвычайным чынам і вы атрымаеце праблемы. Па-другое, небяспечна губляець пачуццё страху падчас працы. Тады ты губляеш адчуванне рэчаіснасці. Лепш з'ехаць на тыдзень-два, «перазагрузіцца». Па-трэцяе, жыццё чалавека каштуе шмат даражэй за любы матэрыял. Варта гэта заўсёды трымаць у галаве.

 

ПРА ПЕРАСОЎВАННЕ НА АЎТАМАБІЛЯХ

Пазначце на сваёй машыне, што вы журналісты. Мы, пасля таго, як упершыню трапілі пад абстрэл, проста ізалентай наляпілі вялікія літары TV. Нельга перасоўвацца на вялікай хуткасці, бо гэта заўжды падазрона. На блок-пастах мусіце адкрыць усе вокны, кіроўца трымае рукі на стырне, пасажыры таксама навідавоку, каб было бачна, што ніякай небяспекі не ўяўляеце. Потым у вас правераць дакументы і ўжо тады можна зноў пачынаць рухацца.

 

ПРА КАНТАКТЫ З ВАЙСКОЎЦАМІ

Важна ўсталяваць кантакт не толькі з кіраўніцтвам, якое дае дазвол на працу, але і з асабістым складам. Для гэтага можна ўзяць з сабою мінімальныя сувеніры, якія спатрэбяцца на вайне — запальнічкі, папіросы, аднаразовы станок для галення... Такім чынам можна атрымаць кантакт з вайскоўцам, які будзе шмат больш карысным для журналіста, чым афіцыйная сухая статыстыка ад прэс-афіцэра.

 

ПРА МЯСЦОВЫХ

Калі яшчэ перад вандроўкай вы наладзіце кантакты з мясцовымі жыхарамі, нейкімі аўтарытэтамі, то будзеце забяспечаны лепшым і больш бяспечным прыёмам у гэтай кропцы. А таксама лепшымі ўмовамі для працы. Людзі будуць больш адкрыта ісці на кантакт з вамі.

 

ПРА ПАРАНЕННІ

Калі вас паранілі лепш за ўсё звяртацца па вайсковых лекараў. Яны лепш за ўсё разумеюць спецыфіку, яны скардынаваны з Цэнтрам, таму найбольш аператыўная медычная дапамога можа быць зроблена менавіта вайсковымі лекарамі. Паралельна трэба перадаць інфармацыю і звярнуцца па дапамогу да Міжнароднага Чырвонага Крыжа, бо яны могуць забяспечыць вашу транспартыроўку на радзіму, калі параненне вельмі сур'ёзнае.

 

ПРА СУВЯЗЬ

Трэба мець графік, па якім вы будзеце кантактавацца з рэдацыяй і роднымі. Пажадана мець некалькі тэлефонаў: ваш сталы тэлефон, які будуць ведаць сябры, родныя і рэдакцыя, і тэлефон у той мясцовасці, у якой вы працуеце. Мясцовы тэлефон будзе ведаць невялікае кола людзей, якія разумеюць, калі вам тэліць і што казаць. Калі ёсць інтэрнэт, безумоўна, трэба праводзіць сувязь праз яго. Паралельна трэба мець нейкія экстраныя каналы сувязі — мабільны тэлефон. Канешне, мабільнік — дорага, але рэдакцыі лепш патэлефанаваць на яго, чым чакаць, калі журналіст з'явіцца ў Skype.

 

Гл. таксама: «Я не испытывала ненависти к Брейвику» і «Юрист Олег Агеев о правах журналистов в Беларуси» 

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: