ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Як Мілінкевічу прышылі левы ухіл

В фокусе

Усё ж фэйсбук — сіла. Варта было мне ў сваім акаўнце напісаць пра тое, што адзін беларускамоўны медыйны сайт, уляпіўшы недарэчную ілюстрацыю, выставіў у двухсэнсоўным святле палітыка Аляксандра Мілінкевіча, як праз нейкі час тую фотку ў матэрыяле замянілі.

Зрэшты, адкіну манію велічы: магчыма, паўплываў не мой пост, а нейкі іншы сігнал. Так ці іначай, гэты прэцэдэнт адлюстраваў вострую праблему. Часта ілюстрацыі да тэкстаў у анлайнавых медыях лепяць паводле прынцыпу “абы карцінка была”. І гэта можа спараджаць як этычныя, так і прававыя калізіі.

 

Калякін супраць “фашызацыі Беларусі”

Гаворка ў згаданым матэрыяле вялася пра міжнародную канфэрэнцыю супраць усіх форм фашызму, нацыяналізму і дыскрымінацыі, якая прайшла ў Мінску 5–6 ліпеня.

Старшыня партыі “Справядлівы свет” Сяргей Калякін адзначыўся на тым экзатычным, з майго гледзішча, мерапрыемстве, што сабрала левых з некалькіх краін, заявамі пра небяспеку “фашызацыі Беларусі”.

У прыватнасці, былы камуністычны лідар выказаў трывогу з нагоды таго, што ў нашай краіне “сталі часцей гучаць словы пра выключнасць беларускай нацыі, яе шляху развіцця, а таксама негатыўныя выказванні ў дачыненні да расійцаў, што абвастрылася на тле падзей ва Украіне”.

“Гэта можа быць вельмі небяспечным для развіцця беларускага грамадства”, — перасцярог Калякін.

“Ага, а татальная русіфікацыя і ўступленне ў Азіёпскі звяз, канечне ж, выключна спрыяльныя “для развіцця беларускага грамадства”, — іранічна напісаў я з гэтай нагоды ў фэйсбуку.

Мяркуючы па рэакцыі сеціўнай публікі, не ў аднаго мяне выклікалі іронію і нават абурэнне разважанні Калякіна пра ўяўныя жахі беларускага нацыяналізму, у той час калі пасля Крыма стала відавочна, што менавіта русіфікаванасць беларускага грамадства павялічвае пагрозу інкарпарацыі нашай краіны і таму варта прывіваць тутэйшаму люду хаця б мінімум нацыянальнай самасвядомасці.

 

Здымак з іншай оперы

Зрэшты, Калякін мае поўнае права на свае меркаванні. І я тут не выкрываю яго, а вяду гаворку пра медыйную этыку.

Бо пікантнасць сюжэту палягала ў тым, што яго праілюстравалі здымкам, на якім размаўляюць між сабой Калякін і лідар руху “За Свабоду” Аляксандр Мілінкевіч, вядомы падкрэслена нацыянальнай пазіцыяй. І частка чытачоў відавочна вырашыла, што апошні таксама браў удзел у дзіўнаватым мерапрыемтве левых, заклапочаных “фашызацыяй”.

“Вельмі сімвалічна бачыць у “адной звязцы” Калякіна і Мілінкевіча — “блізняты-браты”?!” — напісаў у каментах адзін з наведнікаў сайта.

Пазней я даведаўся, што ў руху “За Свабоду” ілюстрацыя выклікала абурэнне, хто-кольвек рваўся высвятляць стасункі з рэдакцыяй, але памяркоўны Мілінкевіч астудзіў імпэт.

Тым часам здымак на сайце ціха замянілі проста партрэтам Калякіна. Ну што ж, лепей позна, чым ніколі. Інцыдэнт нібыта вычарпаны.

Але Мілінкевіч ды ягоныя паплечнікі ў гэтай сітуацыі цалкам могуць казаць пра пэўны ўрон палітычнай рэпутацыі як канкрэтнай персоны, так і арганізацыі. Бо рух на чале з Мілінкевічам усяляк падкрэслівае менавіта важнасць беларусізацыі, уздыму нацыянальнага духу. Ідэалогія гэтай структуры найхутчэй што правацэнтрысцкая, яна актыўна кантактуе з Еўрапейскай народнай партыяй.

Злашчасны жа здымак не меў дачынення да згаданай канферэнцыі. Прыгледзеўшыся да фону, можна зразумець, што аб’ектыў выхапіў двух палітыкаў падчас нейкай іншай імпрэзы ў мінскім офісе БНФ. Але ж у гэта ўедзе далёка не кожны.

“Чытач успрымае тэкст і ілюстрацыю як нешта адзінае”, — адзначыў у каментары для Mediakritika.by намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў юрыст Андрэй Бастунец. Менавіта таму, падкрэсліў суразмоўца, у прафесійных этычных кодэксах адзначаецца, што ілюстрацыі мусяць адпавядаць зместу матэрыялу, мець адпаведныя подпісы.

Калі здымак архіўны, то гэта таксама мусіць быць пазначана, мяркуе эксперт. У канкрэтным выпадку, калі казаць пра “кейс Калякіна — Мілінкевіча”, першапачатковы варыянт ілюстравання “не адпавядаў журналісцкай этыцы”, перакананы прадстаўнік БАЖ.

 

Урок ад Шпілеўскага

А яшчэ Андрэй Бастунец нагадаў выпадак, калі старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Аляксандр Шпілеўскі выйграў суд у “Комсомольской правды в Белоруссии”. Праз тэхнічную памылку выданне надрукавала фота галоўнага мытніка краіны побач з цытатай ягонага аднафамільца, які быў агентам футбаліста Аляксандра Глеба.

У выніку суд прызнаў, што аўтару пазову была такім чынам нанесена маральная шкода. Рэдакцыя мусіла выплаціць вялікую кампенсацыю.

У нашым выпадку Мілінкевіч пэўна ж не стане спаганяць кампенсацыю з беларускамоўнага сайта, які хоцькі-няхоцькі выставіў лідара руху “За Свабоду” ў непажаданым для яго святле.

Але маралітэ з гэтай гісторыі нашым рэдакцыям варта вынесці. Бо часта, асабліва ў сеціўных выданнях, ілюстрацыі да тэкстаў прысабачваюць абы пляма была.

Прычым гэту справу могуць даручыць, умоўна кажучы, тэхнарам, якія, бывае, увогуле не надта арыентуюцца ў палітычных нюансах. У выніку можна і чалавека падставіць, і самім непрыемнасці займець.

На здымку: Аляксандр Мілінкевіч падчас анлайнавай канферэнцыі ў офісе БелаПАН.

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: