Вы здесь

“Пракуратура дала мне папярэджанне за артыкул, які я нават не пісаў”

Интервью

У беларускай журналістыцы часам лепшым піярцам становіцца сілавыя структуры. Імя журналіста з Бялаазерска Максіма Хлябца прагучала гэтай вясной – калі ім актыўна зацікавілась  берасцейская міліцыя і пракуратура.

Скончылася ўсё папярэджаннем ад пракуратуры за працу на замежнае СМІ без акрэдытацыі. Прыйшоў час пазнаёміца з Максімам. 

- Раскажы пра сябе?

- Звычайны хлопец, які, скончыўшы гістфак, вырашыў, што журналіст можа быць карысней для Беларусі ў сённяшніх умовах усеагульнага маўчання і часу фэйсбука з твітарам.

- Твае думкі пра прафесію журналіста?

- Журналіст – гэта чалавек, які піша артыкулы і зарабляе грошы. Беларускі журналіст – нейкі асобны від чалавека, залежнага ад меркавання “вялікага дзядзькі”, рэдактара (які часта проста карыстаецца табой, як рабом, і хутка хаваецца, пры любых праблемах) ці чалавека, які можа стварыць табе тых самых праблем. Заўсёды трэба азірацца. Няма незалежных журналістаў, як пішуць. Усе залежныя.

Хаця ўпэўнены, што журналісты прызвычаіліся да беларускіх рэалій, як і апазіцыянеры. Ёсць каго лаяць, Лукашэнку ці Лябедзьку, то і добра. Так і жывем, чытаючы сацсеткі сваіх аднадумцаў і лаючы ўсіх астатніх. Думаю, што сёння менавіта журналісты могуць стварыць адзінага кандыдата з народа, а не з апазіцыі праз “праймерыз” ды і шмат якіх праблем вырашыць. Аднак усе лаюць Хартыю, сварацца з НН, думаюць з большага пра тое, як зарабіць грошай. Стараюцца быць не беларускімі журналістамі, а звычайнымі, дэмакратычнымі, хаця ўсе ведаюць пра тое, дзе жывем і часта самі паўтараюць пра гэта.

- Пра тое, ці варта падпарадкоўвацца закону. Як ставішся да самацэнзуры?

- Мы мусім падпарадкоўвацца закону. Тут іншае пытанне: ці не пара змяніць некаторыя законы? Адказваю на пытанні і думаю, можа ўжо нешта нагаварыў не таго, то перапісаць трэба)…  Самацэнзура, а потым цэнзура і далей ужо няма вольнай журналістыкі. Дрэнна стаўлюся, але безумоўна яна часам перашкаджае жыць.

- Ці памятаеш свой самы-самы матэрыял, якім ганарышся.

- Ёсць, але не пад сваім прозвішчам.

- Якія ў цябе мэты ў жураністыцы і жыцці ў цябе?

- Быць незалежным.

- У каго вучышся прафесіі?

- Жанна Сідарук вучыла, потым Павал Шарамет. Зараз самаадукацыяй займаюся.

- Што думаеш пра сваю працу без акрэдытацыі і папярэджанне? Як да ўсяго гэтага  ставішся?

- Праца без акрэдытацыі спачатку падавалася звычайнай, пакуль не з’явіліся праблемы ў калег, а пазней і ў мяне. Зараз гэта нешта падобнае на партызаншчыну, калі табе нельга падпісваць сваім імём артыкулы, каб яшчэ не падумалі, што ты працуеш на замежнае СМІ. Гэта смешна, бо гэтыя  “замежнікі” карыстаюцца беларускай мовай. Папярэджанне за леташнія артыкулы здаліся мне нейкім дзівацтвам з боку пракуратуры.

- Распавядзі за што табе пракуратура дала папярэджанне?

- Што тычыцца папярэджання майго, то яно з разраду “абы палякаць”, таму што далі за два леташнія яшчэ артыкулы, прычым адзін нават не мой. Абсурдная сітуацыя. Артыкулы, у якіх апісваліся берасцейскія культурныя падзеі раптам сталі забароненымі толькі таму, што пішуць іх беларусы для беларускага СМІ, якое знаходзіцца за мяжой, а ў акрэдытацыі яму кожны год адмаўляюць.

- У Берасці ты не першы, хто атрымаў папярэджанне за працу з “Радыё Рацыя”. Чаму ўлады лічаць яго такім небяспечным?

- Калі казаць пра “Рацыю”, то гэта нейкая чырвоная ануча для спецслужбаў, бо нічога акрамя папярэджання (незаконнага) фрылансерам, якія робяць матэрыялы для гэтага радыё, не могуць зрабіць. Але вельмі ж хочуць ведаць, што робіцца ў Беластоку. Карціць нешта ім, што там ёсць беларусы, якія могуць уплываць неяк на беларускіх беларусаў хаця б праз радыё ў двух абласцях. Хутка выбары, і калі беларускія СМІ можна неяк прыціснуць, асабліва зарэгістраваныя, то з астатнімі – складаней. За радыё сачыць можна толькі калі свае там ёсць (мне такое “супрацоўніцтва” прапаноўвалі ў міліцыі). А сайты незалежныя можна блакаваць, не дарма ж Белтэлекам – манапаліст. Ды й досвед такі ёсць.  

- І што ў такім выпадку збіраешся рабіць? Што кажуць-раюць твае сваякі і сябры?

- Працаваць збіраюся. Нехта працуе на імя, а нехта – на псеўданімы.Сябры ды блізкія разумеюць, што робіцца ў краіне, таму проста просяць быць акуратней. Але цяжка сказаць, што такое акуратнасць, і як тут можна нешта раіць.

- Ці не думаў з'ехаць?

- Думаў, вядома. Але пакуль няма вялікага жадання пакідаць межы роднага краю. Я не асуджаю людзей, якія з’яджаюць. Саша Філіпенка ў сваёй выдатнай кніге “Бывший сын” дакладна акрэсліў прычыны, па якіх маладыя, разумныя, амбіцыёзныя людзі пакідаюць межы Беларусі.

- А можа змяніць працу?

- Працаваць журналістам мне падабаецца. Можа і змяніў бы, стаў настаўнікам у школе, але шкада, што мала плацяць там. Ды і сёння ў школах працуюць тыя людзі, якія робяць выбары ў краіне самымі “празрыстымі”, а потым да наступных выбараў плачуць пра маленькі заробак. У школе мне вельмі падабалася, калі практыкаваўся там.

- Што можаш параіць тым, хто працуе, як і ты?

- Чытаць кнігі. Не згубіць сумленне. І старацца выконваць сваю работу як мага якасней.

Алесь Ляўчук, Мілана Харытонава (фота)

Оценить материал:
Голосов еще нет
распечатать Обсудить в: