ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Зубны боль рэдактара: неахайны аўтар

Ремесло

Атрымаўшы ад аўтара чарговы неахайны тэкст без загалоўка і разбіўкі на абзацы, я вырашыў: час напісаць гэты артыкул.

Вядома, генію даруюць многае. Але аўтару-пачаткоўцу (ды і не толькі пачаткоўцу) варта памятаць: па пер’і птушку пазнаюць. Не ў сэнсе, што вы апранеце, ідучы ў рэдакцыю, а ў сэнсе, як вы “апранеце” свой твор.

Рэдактар, які прафільтраваў за жыццё дзясяткі тысяч тэкстаў, адразу ацэньвае, наколькі акуратна, пісьменна, стыльна аформлены матэрыял, і робіць свае высновы наконт персоны аўтара.

Некалі рэдактары працавалі з рукапісамі, потым — з надрукаванымі на машынцы тэкстамі, цяпер — з электроннымі файламі. Але прынцыповай розніцы няма (хіба што кепскі почырк ужо не мае значэння): калі мазоліць вока неахайнасць тэксту, калі адчуваецца падыход “цяп-ляп” ці безгустоўнасць, то вашы шанцы замацавацца ў гэтай рэдакцыі адразу зніжаюцца.

Што ж менавіта, калі казаць пра афармленне матэрыялаў, адразу торгае, а то і прыводзіць у ціхую лютасць рэдактара?

 

Няма загалоўка

Адсутнасць загалоўка найчасцей сігналізуе пра тое, што аўтару элементарна ўлом уключаць мазгі. Ат, рэдактар нешта прыдумае, нікуды не дзенецца. Канечне, рэдактару болей рабіць няма чаго, як за ўсіх прыдумваць загалоўкі.

Іншым разам аўтар не хоча траціць час на загаловак таму, што пераканаўся: усё адно заменяць. Але калі вашы загалоўкі раз-пораз бракуюцца, то трэба не складаць лапкі, а лепей варушыць глуздамі.

І яшчэ: не лянуйцеся праманіторыць выданне, для якога пішаце, каб падсекчы традыцыі падачы. Бо, магчыма, вашы варыянты не тое што апрыёры кепскія, але не пасуюць стылістыцы канкрэтнага СМІ. Ці проста не адпаведныя рубрыцы, жанру матэрыялу.

Напрыклад, калі гэта заметка на стужку інфармацыйнага агенцтва, то квяціста-метафарычны загаловак (кшталту “Колеры іх мараў”), канечне ж, недарэчы — варта даць строгі, разгорнуты і канкрэтны: “Больш за 150 дзіцячых малюнкаў прэзэнтаваныя на выставе ў гарадскім Палацы культуры”. І, наадварот, лабавы “дурнеўстойлівы” загаловак не пасуе тэксту, які прэтэндуе на публіцыстычнасць, мастацкасць. У кожным разе не збівайцеся на жаўцізну.

Мяне асабіста (раскрываю страшную таямніцу) найболей торгаюць два забойча банальныя варыянты.

Першы — калі аўтар, не жадаючы грузіцца, называе матэрыял прыблізна так: “Яшчэ раз пра…” (каханне, пагрозу дэвальвацыі, адзінага кандыдата — патрэбнае падкрэсліць). Ну хто павядзецца на такую ўбогасць, асабліва ў сеціве?

Другі бездапаможны варыянт — калі ў загалоўку ідзе пералік сэнсава не звязаных між сабой рэчаў, кшталту: “Вася, агуркі і еўрапейскі выбар”. Дарэчы, часта гэта сведчыць пра тое, што матэрыял проста сыры — гэтакая плынь свядомасці без выразнай тэмы, сюжэту, стрыжнявой ідэі.

Абмазгоўваць загаловак карысна, нават калі яго ў выніку заменяць, бо гэта само па сабе дысцыплінуе аўтарскую думку.

 

Памылка на памылцы

Вядома, ёсць такая хвароба — дыслексія, калі чалавек паталагічна не здольны пісаць па правілах, атрымліваецца нешта кшталту “мовы падонкафф”.

Але ў большасці выпадкаў адсутнасць паловы патрэбных косак, жахлівыя арфаграфічныя памылкі сведчаць пра тое, што кліент кепска вучыўся або проста прывык пісаць левай нагой.

Вам можа здавацца, што коскі — гэта дробязі, галоўнае — геніяльныя думкі. Але рэдактар, які мусіць вылізваць тэкст (тым болей што ў анлайнавых медыях часта няма карэктараў, стыль-рэдактараў), паверце, прытрымліваецца іншага меркавання. І тэкст, за які школьны настаўнік ўляпіў бы кол, рэдактар успрымае як непавагу да сябе, сваёй працы.

Дзве практычныя парады: па-першае, наладзьце праверку арфаграфіі ў сваім тэкставым рэдактары (хаця цалкам давярацца тупой машыне небяспечна); па-другое, зазірайце, блін, у слоўнікі, лінгвістычныя даведнікі! Тым болей што сёння не абавязкова купляць дарагія фаліянты — усё ёсць у сеціве.

Я сам пастаянна шастаю па слоўніках і пераконваюся, што пераацэньваю сваю пісьменнасць. Але толькі так, зануднай метадычнасцю, можна яе ўдасканальваць. Калі ж малады аўтар відавочна не грузіцца моўнай падрыхтоўкай, то якая рэдакцыя захоча трымаць недавучку?

Тым болей што памылкі арфаграфічныя, граматычныя, стылістычныя наводзяць на думку, што і да фактуры ў гэтага пісьменніка падобны падыход. Рэдактар пачынае напружвацца, пераправяраць кожную лічбу, цытату і г.д. Куды болей камфортна мець справу з аўтарам, у якім ты ўпэўнены на ўсе сто.

 

Структураванне, шрыфты, тыпаграфіка

Тыповая памылка аўтараў-пачаткоўцаў — тэкст-цагліна. Практычна няма разбіўкі на абзацы, на раздзелы з падзагалоўкамі. Між тым такое структураванне мае вялікае, а ў інтэрнэце — каласальнае значэнне, іначай тэкст проста не стануць чытаць.

Калі матэрыял патрэбен да зарэзу, рэдактар, канечне, збольшага зробіць гэта сам, але “дзякуй” вам не скажа. Ды і хто лепей за аўтара адчувае будову свайго твору, ключавыя моманты, якія варта вылучыць, падкрэсліць, “прадаць даражэй”? Чужая рука наўрад ці будзе болей клапатлівай, чым свая. Зноў жа: звычка структураваць тэкст дысцыплінуе думку, прывучае пісаць лагічна, сцісла, строга па тэме.

Вялікі плюс, калі ў тэксце ёсць гульня шрыфтамі: вылучаны загаловак, падзагалоўкі, іншым разам — прозвішчы, цытаты (тут варта паглядзець, як гэта заведзена падаваць у тым ці іншым выданні). Разам з тым, не ганіцеся за экстравагантнымі шрыфтамі, якія цяжка чытаць, і не ператварайце тэкст у шрыфтавы вінегрэт пераборам вылучэнняў.

Калі вы пішаце для інтэрнэт-выдання, то дарэчы будуць гіперспасылкі. Толькі, заклінаю вас, не давайце лінкаў на “Вікіпедыю”, гэта жахлівы маветон!

Дарэчы, а ці многія з вас чулі тэрмін “тыпаграфіка”? Вось тут зазірніце хаця б у тую ж “Вікіпедыю” ці прачытайце папулярныя парады расійскага гуру вэб-дызайну Арцемія Лебедзева.

Для значнай часткі тых, хто ўжо нібыта з’еў зубы на пісанні для медыяў, будзе вялікім адкрыццём, што ёсць розныя стандарты двукоссяў; што дэфіс, мінус і працяжнік мусяць адлюстроўвацца асобнымі знакамі; што разрады лікаў не трэба адбіваць кропкамі, бо існуе непарыўны прабел; што маюцца чароўныя камбінацыі клавішаў, якія дазваляюць устаўляць у тэкст мудрагелістыя казюлькі-сімвалы (кшталту знака капірайту ці градуса), і г.д.

Рэдактар, іншыя рэдакцыйныя адмыслоўцы марнуюць багата часу, каб прывесці ваш твор у боскі выгляд толькі з гледзішча тыпаграфікі (вядома, калі сама рэдакцыя шануе адпаведны канон, на многіх рэсурсах так і ідзе на публіку цяп-ляп). Асабіста я распрацаваў макрасы, якія рацыяналізавалі гэту працу, але ўсё адно куды болей прыемна, калі аўтар сам сячэ фішку ў такіх рэчах.

Чым меней даводзіцца чысціць ваш тэкст, тым болей вас будуць любіць у рэдакцыі.

 

* * *

Натуральна, маім пералікам далёка не вычэрпваецца спіс таго, што раздражняе рэдактараў, якія мусяць штодня чысціць аўгіевы стайні дзясяткаў тэкстаў.

Але, бадай, і сказанага дастаткова дзеля закліку: пашкадуйце гэтых ціхіх герояў!

Оценить материал:
4
Средняя: 4 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: