ОБ АВТОРЕ

Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Прафесійна працуе ў медыях з 1978 года.

Рэдагаваў моладзевы часопіс “Парус” з накладам мільён асобнікаў, газету “Знамя юности” часоў перабудовы (800 тысяч асобнікаў).

Быў адным з распрацоўшчыкаў канцэпцыі і першым галоўным рэдактарам інтэрнэт-газеты Naviny.by.

Шэсць гадоў выкладаў майстар-клас сучаснай журналістыкі ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце (Вільня)

Цяпер — кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, палітычны аглядальнік, медыйны трэнер.

Лаўрэат прэміі імя Святланы Навумавай 2013 года ў намінацыі “Палітычная аналітыка”, прэміі імя Герда Буцэрыуса “Свабодная прэса Усходняй Еўропы” 2014 года.

Вы здесь

Задзяўблі вашы туманныя Альбіёны

Ремесло

Моцная, свежая метафара, нечаканае, парадаксальнае параўнанне даюць чытачу эстэтычны кайф. І наадварот: аж зубы пачынаюць ныць ад натужлівага “ажыўляжу”, калі аўтар валачэ ў матэрыял абрыдлыя штампы з прэтэнзіяй на метафарычнасць. Гэта як вульгарныя бліскаўкі на танным рыззі з блышынага рынку.

Вось патрапіў пад раздачу Альгерд Бахарэвіч за свой скепсіс датычна моды на вышыванкі. Тэкст на “Будзьма беларусамі”  мо і спрэчны, пэўна ж правакатыўны, але што напісаны смачна — гэтага не адбярэш: “…Апрануліся ў вышыванкі і так радуюцца, быццам ім толькі што замянілі расстрэл на катаргу”.

Іншым разам можа зайграць у новым кантэксце і нібыта зацяганы ўжо вобраз: так, пасля трагедыі з малайзійскім “боінгам” у небе над Данбасам медыі запярэсцілі выразам пра малпу з гранатай.

 

Не браты мне гэтыя кракадзілы

Але, на жаль, часцей сустракаеш у журналісцкіх тэкстах безгустоўную цягу да штампаў. Некаторым здаецца, што так прыгажэй. І хвароба гэта не новая.

Яшчэ Пушкін высмейваў аўтараў, якія замест таго, каб напісаць рано поутру, пішуць едва первые лучи восходящего солнца озарили восточные края лазурного неба…

Шмат якія штампы некалі, за часамі цара Гароха, былі метафарамі, але страшэнна зашмальцаваліся. Сёння ўсе гэтыя людзі ў белых халатах, гарачыя сэрцы ды туманныя Альбіёны ў прыстойным выданні недарэчныя. Маветон.

Псеўдавобразнасць, хвароба штампаў былі надта характэрныя для савецкай прэсы. Яшчэ Ільф і Пятроў склалі сцёбны “Урачысты камплект” для газетчыкаў эпохі сталінскай індустрыялізацыі: клики, трудящиеся, заря, маяк, пылать, рдеть, вперед! і да т.п.

Памятаю, калі я працаваў зменным сакратаром у “Знамени юности” (канец 70-х), там была рубрыка “О братьях наших меньших”. Пад яе ляпілі любыя публікацыі пра жывёл. Ну, розныя там птушачкі-коцікі пракочвалі без эксцэсаў. Аднойчы ж, калі завярсталі фотарэпартаж пра кракадзілаў — брыдкія зубатыя пысы буйным планам, адзін з масцітых журналістаў на планёрцы ўзбунтаваўся: “Не браты яны мне!”. У выніку рубрыку ціха пахавалі.

Дарэчы, сённяшнія беларускія раёнкі ў масе сваёй недалёка адышлі ад таго самага “Урачыстага камплекту”. Пафас штампаў выглядае карыкатурна. Так, “Воранаўская газета” распавядае пра абітурыентаў, якія грызлі граніт навукі не адзін год, а цяпер штурмуюць бюджэтныя месцы.

А вось як гутарыць з хлопцам-шахматыстам карэспандэнт “Нашай Талачыншчыны”: “Аляксей, — з павагай звяртаюся да юнага спартоўца, — хто прывіў табе любоў да ўсіх гэтых гульняў? — Бацька, — шмаргануў носам падлетак”.

Ну, вядома ж, “хто цябе навучыў” — несалідна. Трэба толькі так: прывіў любоў, запаліў сэрца, натхніў на здзяйсненні. Урачысты камплект.

 

Ці могуць калегі гаўкаць?

Псеўдавобразнасць часта стварае эфект, адваротны таму, на які нацэлены аўтары. Патэтычнае становіцца камічным.

“Чацвераногія “калегі” ўкраінскіх байцоў” — так названы фотарэпартаж (дакладней, перадрук здымкаў) на “Хартыі”, якая відавочна сімпатызуе тым, хто змагаецца супраць сепаратыстаў-тэрарыстаў.

Сабачкі ды коцікі ў зоне антытэрарыстычнай аперацыі побач з людзьмі ў камуфляжы — гэта, канечне, кранальна, жывенька, але ж…

Пры тым што хацелі як лепей — падаць сюжэт вобразна, атрымалася безгустоўна, на мяжы абразы.

Ну як можна такім загалоўкам ставіць на адну роўніцу людзей ды жывёл, хай сабе і сімпатычнага выгляду (калі, як вядома, нават гусь свінні не таварыш)? Якія высновы чытач мусіць рабіць з такой паралелі? Што ў байцоў сабачая служба? Ці што інстынкты звярыныя?

Слова ж “калегі” ўвогуле пасуе толькі тады, калі вядзецца пра інтэлектуальную працу. Зрэшты, у якасці жарту згаджуся: і калегі бываюць злосныя як сабакі.

 

Чума двукоссяў

Адной з хваравітых праяў псеўдавобразнасці стала ўжыванне двукоссяў там, дзе яны абсалютна не патрэбныя. Я ўжо некалі пісаў на гэту тэму, але ж зноў, як той класік, не магу маўчаць.

“У Мінску шукаюць мужчыну, які “абчысціў” кватэру на 30 тысяч долараў”, — паведамляе Tut.by.

Аднак жа двукоссі заведзена ставіць тады, калі слова ўжываецца ў новым, незвычайным значэнні. Між тым абчысціць у сэнсе абакрасці даўно замацавана ў слоўніках. Тут мы маем справу са звычайнай полісеміяй, або шматзначнасцю слова.

Напрыклад, з незапамятных часоў кажуць: сонца ўстае. Нябеснае свяціла, натуральна ж, не ўзнімаецца з ложка, як чалавек. Дык што, будзем браць “устае” у двукоссе? Зрэшты, не дзіўлюся, калі неўзабаве ўбачу і такое: эпідэмія двукоссяў распаўсюджваецца, як афрыканская чума свіней.

Праўда, трэба зазначыць, што набірае моц і адваротная заганная тэндэнцыя: перастаюць ставіць двукоссі там, дзе яны абавязковыя. Напрыклад, калі гаворка ідзе пра назвы фірмаў, марак прадуктаў, тэхнікі і да т.п.

Сёння нярэдка даюць так: крама Еўраопт, хлеб Барадзінскі. А ў звязку з вайной на Данбасе часта пішуць: Грады, Букі. Магчыма, тут уплывае і англійская мова, у якой стандарт менавіта такі.

Ну, мы ўсё ж не англічане, і зусім адмаўляцца ад двукоссяў — гэта перабор. Але маё рэдактарскае перакананне — іх мусіць быць мінімум.

Дарэчы, гэта карысна нават з гледзішча пошукавай аптымізацыі ў сеціве: меней баласту.

Між тым згаданы ўжо Tut.by бярэ ў двукоссі чорныя скрыні ў матэрыяле пра катастрофу алжырскага самалёта. Многія рэсурсы рабілі аналагічна, калі пісалі пра бартавыя самапісцы малайзійскага “боінга”, што ўпаў на Данбасе.

Але мовазнаўцы даўно ўжо настойліва раяць пісаць і чорныя скрыні, і шэраг іншых падобных слоў ды словазлучэнняў (чорнае золата — нафта, бронза як узнагарода, зорка — вядомы артыст; а таксама гарачая лінія, мяшкі пад вачыма, тэлефон даверу ды інш.) без двукоссяў. Бо яны ўжо цалкам страцілі нейкую метафарычнасць, не нясуць чытачу моманту здзіўлення.

 

* * *

Банальнасці, заезджаныя вобразы, непатрэбныя двукоссі — бы пустазелле. Раз-пораз заўважаю, як яны вытыркаюцца і ў маіх уласных тэкстах. Таму перад друкам стараюся праполваць іх, як грады.

З гадамі я пераканаўся: чым прасцей пішаш, чым меней накручваеш вербальных прыбамбасаў ды ставіш розных эмацыйных знакаў, тым лепей. Журналістыка моцная фактам і думкай. Астатняе — бразготкі.

Ілюстрацыя: renjith krishnan, Freedigitalphotos.net.

Оценить материал:
Средняя: 5 (1 оценка)
распечатать Обсудить в: